Расследаванні

27 жніўня

У вывазе рапсу з акупаваных тэрыторыяў Украіны замяшаная Беларусь. Дэталямі ўгодаў падзяліліся іх удзельнікі

Вывозяць аграпрадукцыю кампаніі, звязаныя з асяроддзем Рамзана Кадырава і партыяй «Единая Россия».

Яна Ціхамірава, Антон Ціхаміраў, Сяргей Верхашынскі, Тамерлан Берыкханаў, Роза Малаева. Калаж зроблены пры дапамозе ШІ
Крыніца: БРЦ/ Яна Ціхамірава, Антон Ціхаміраў, Сяргей Верхашынскі, Тамерлан Берыкханаў, Роза Малаева. Калаж зроблены пры дапамозе ШІ
Сельгаспрадукцыю, вывезеную з акупаваных тэрыторыяў Украіны, перапрацоўваюць у Беларусі, высветліў БРЦ дзякуючы ўцечцы дакументаў. Нашыя журналісты даказалі, што экспартам насення рапсу з Херсоншчыны займаюцца кампаніі, звязаныя з асяроддзем Рамзана Кадырава, партыяй «Единая Россия» і іх партнёрамі ў РБ. Пра дэталі гэтага бізнесу нам распавялі непасрэдныя ўдзельнікі рапсавых угодаў.

Матэрыял падрыхтаваны пры падтрымцы супольнасці ўкраінскіх хакераў KibOrg, беларускіх «Кіберпартызанаў» і праекту ўкраінскай службы «Радыё Свабода» «Схемы».

Гэты матэрыял — другая частка расследавання аб вывазе збожжа з акупаваных тэрыторыяў Украіны. У першай мы распавялі, як і куды расейскія кампаніі вывозяць украінскае збожжа і пры чым тут палац Пуціна.

Вываз аграпрадукцыі з акупаваных тэрыторыяў парушае нормы міжнароднага гуманітарнага права. Нягледзячы на гэта, Расея збожжа і іншыя сельгаскультуры, выгадаваныя на ўкраінскіх землях, скіроўвае на свае экспартныя рынкі пад выглядам расейскіх.

Геаграфія паставак прадукцыі, вывезенай з акупаванай часткі Украіны, шырокая. Як херсонская пшаніца трапляла ў Азербайджан і Турцыю, кукуруза — у Сірыю, ячмень — у Іран, а крымскі гарох — у Іспанію, мы распавялі ў першай частцы расследавання аб незаконным экспарце ўкраінскага ўраджаю.

Частку збожжавых і алейных у Расеі набывалі краіны Балтыі, Грэцыя, Бельгія і некаторыя іншыя дзяржавы-чальцы ЕЗ. Паводле дадзеных Еўрастату, за 2023 год Еўразвяз імпартаваў з РФ гэтай прадукцыі на больш чым €5 млн. [*] Каб спыніць такія пастаўкі, Еўракамісія з 1 ліпеня 2024 года ўвяла забароннае мыта на ўвоз збожжавых, насення алейных і прадуктаў іх перапрацоўкі з Расеі і Беларусі. Яно, згодна з заявамі арганізацыі, дазволіць спыніць імпарт гэтай прадукцыі ў ЕЗ.

У другой частцы расследавання мы раскажам пра пастаўкі насення рапсу — асноўнай стратэгічнай алейнай культуры ў РБ — з акупаваных раёнаў Херсонскай вобласці ў Беларусь. Украінскія хакеры KibOrg перадалі журналістам БРЦ дадзеныя Федэральнай дзяржаўнай інфармацыйнай сістэмы «Зерно» (у гэты рэестр паводле расейскага заканадаўства таваравытворцы абавязаныя ўносіць звесткі аб угодах). З іх вынікае, што таварасуправаджальных дакументаў аформілі на 4,9 тыс. тонаў рапсу. Гэта пастаўкі ў Беларусь, якія зарэгістраваныя на афіцыйным сайце Міністэрства сельскай гаспадаркі РФ або згадваліся пры размовах з прадстаўнікамі кампаніяў-экспарцёраў.

Да поўнамаштабнага расейскага ўварвання Херсонскую вобласць называлі ўкраінскай жытніцай. Тут збіралі рэкордныя ўраджаі, а мясцовыя ўлады планавалі развіваць агратурызм.

У 2022 годзе некалькі раёнаў Херсоншчыны захапіла войска РФ, і частка ўрадлівых зямель апынулася пад кантролем расейскай адміністрацыі. Мясцовую сельгаспрадукцыю новыя ўлады пачалі экспартаваць у трэція краіны. Улетку таго ж года ўкраінская пракуратура пачала расследаванне вывазу ўкраінскага збожжа з тэрыторыяў, занятых расейскімі войскамі.

Добраахвотна-прымусовая супраца

ТАА «Світанок» працавала ў пасёлку гарадскога тыпу Сівашскае Херсонскай вобласці Украіны з 1997 года. Ягоны кіраўнік і сузаснавальнік Сяргей Максіменка пасля пачатку вайны на ўсходзе краіны ў 2014-м заняўся валанцёрствам. [*]

Падчас поўнамаштабнага ўварвання ён раздаваў жыхарам вёскі Наватроіцкае Херсонскай вобласці малако са сваёй фермы. У красавіку 2022 года фермера і ягонага сына ўзялі ў палон расейскія вайскоўцы.

«Ён трапіў у палон падчас акупацыі, шмат дзён там правёў, выйшаў пасля катаванняў вельмі змучаным», — распавяла журналістам БРЦ знаёмая Сяргея Максіменкі Маргарыта Чарапаха. [*]

З яе словаў, пасля вызвалення фермера не выпусцілі з акупаванай тэрыторыі. Ён пачаў супрацоўнічаць з расейскай уладай і, згодна з выпіскай з АДРЮА (Адзіны дзяржаўны рэестр юрыдычных асоб), стаў грамадзянінам Расеі. 

Цяпер ТАА «Свитанок» зарэгістраванае ўжо паводле законаў РФ. [*]

Гаспадарка прадавала насенне рапсу расейскаму ТАА «Торгтрейд». Усяго ў 2023 годзе гэтая кампанія вывезла 113 партыяў насення азімага рапсу агульнай вагой 2,6 тыс. тонаў, большая частка якіх прызначалася для паставак беларускаму ААТ «Наваельнянскі міжрайаграснаб».

Мяркуючы па лічбах з дэкларацыяў, якія ёсць у распараджэнні БРЦ, кошты на ўкраінскі рапс для беларускіх кампаніяў былі істотна ніжэйшыя за рынкавыя. Да прыкладу, ТАА «Велес-Агро», пра які падрабязней мы раскажам ніжэй, у жніўні 2023 года прадавала насенне гэтай культуры па $330-350 за тону. Кошт перавозкі, па звестках некалькіх транспартных кампаніяў, — каля $20 за тону. Паводле дадзеных панеўрапейскай фондавай біржы Euronext, кошты на рапс у той перыяд былі значна вышэйшыя — €450-460 за тону.

Крыніца: БРЦ

Нізкая закупка выгадная трэйдарам і іх кліентам (у нашым выпадку — расейскім і беларускім кампаніям), але не ўкраінскім фермерам, якія апынуліся ў акупацыі. Збываць ураджай танней за сярэднерыначны кошт іх могуць прымусіць экстраная неабходнасць продажу або ціск.

Чачэнскі бізнес

Звязацца з фермерам Сяргеем Максіменкам у нас не атрымалася. Аднак журналіст БРЦ здолеў паразмаўляць з дырэктарам ТАА «Торгтрейд» Вадзімам Аляксеевым, прадставіўшыся кіраўніком аднаго з дэпартаментаў адміністрацыі Херсонскай вобласці.

«Крым, Херсоншчына, Запарожжа — вось асноўнае [насенне сланечніка і/або рапсу] усё роўна ў мяне адтуль. Так, ёсць Таганрог, ёсць дзесьці Мінеральныя воды... Асноўнае ўсё роўна, ну мы як бы адтуль вось бярэм», — распавёў ён. 

Падчас тэлефоннай размовы Аляксееў не хаваў асаблівасцяў вядзення бізнесу на Херсоншчыне, скардзіўся на сістэму пропускаў і хабарніцтва на выездзе з вобласці:

«Вайсковая нейкая паліцыя ці хто яны? Яны спыняюць машыну і патрабуюць дакументы, яны патрабуюць дакументы на груз і кажуць: павінен быць пропуск, — тлумачыць Аляксееў. — Як бы ў нас па вывазе збожжавых культураў у Расейскай Федэрацыі, скажам так, такога няма, што я павінен даць нейкія пропускі на вываз з вобласці, з раёну… З бедных беларусаў спрабуюць выцягнуць апошнія 2000-3000 рублёў. Або спыніць гэтую машыну, і вось яна стаіць і тупіць, і проста... Вымушаюць яго, беднага ісці на нейкі кампраміс».

Суразмоўца не ўдакладніў, калі такое адбывалася. Таксама ён не адказаў на ўдакладняючае пытанне, на якім канкрэтна пункце пропуску патрабуюць дакументы. Сказаў толькі, што «гэта даўнютка адносна было» і «гэта не частая з'ява, але бывае». На пытанне пра рынкі, на якія кампанія працуе, Вадзім Аляксееў адказаў: «У мяне — Рэспубліка Беларусь».

«Торгтрейд» — маладая кампанія, якой валодае 77-гадовая жыхарка Чачэніі Роза Ахмедаўна Малаева. [*]

Крыніца: Спарк

Фірму зарэгістравалі ў 2022 годзе ў Грозным, а ўжо праз год яе выручка павялічыліся з 50 тыс. да 200,6 млн расейских рублёў (€693 і €2,16 млн адпаведна, згодна з сярэднім курсам за 2022 і 2023 гады). 

Мы не змаглі пацвердзіць, што Роза Ахмедаўна — рэальная ўласніца бізнесу. Журналіст БРЦ патэлефанаваў па адным з нумароў тэлефона, які, паводле дадзеных з расейскіх базаў, належыць Малаевай. Адказаў мужчына, якога завуць Тамерлан. Падчас размовы ён назваўся «гаспадаром непасрэдна ўсяго гэтага, і Беларусіі ў тым ліку».

У дакументах з уцечкі расейскага сэрвісу «Госуслуги» пазначана, што Тамерлан Султанавіч Берыкханаў быў прапісаны з Розай Малаевай па адным адрасе ў Грозным. Ягоная кампанія ТАА «Мир услуг» зарэгістраваная ў адным будынку з офісам «Торгтрейд» на вуліцы Ляпідзеўскага ў чачэнскай сталіцы. [*]

Крыніца: Спарк
Крыніца: Спарк

На старонцы Берыкханава ў LinkedIn напісана, што ён скончыў Грозненскі Нафтавы інстытут імя Мільёншчыкава і працаваў у Дэпартаменце фінансаў Грознага. Магчыма, там ён наладзіў сувязі з уплывовымі людзьмі. Ва ўцечцы інфармацыі з сістэмы «Сирена-Трэвел», дзе захоўваецца інфармацыя аб пасажырах авіякампаніяў і іх страхоўках, мы знайшлі забраніраваныя Тамерланам Берыкханавым авіябілеты для Розы Ахмедаўны Малаевай і Ісаева Зураба Салаўдзінавіча — гэта чалец вядомай чачэнскай сям'і Ісаевых. [*]

Рамзан Кадыраў узнагародзіў яго медалём «За заслугі перад Чачэнскай Рэспублікай». Ісаева з Берыкханавым аб'ядноўвае таксама праца ў Дэпартаменце фінансаў Грознага і сумеснае паломніцтва ў Меку. [*]

Бацька Зураба — Салаўдзін Абубакаравіч — родны брат Элі і Хусэйна Ісаевых.

Элі Ісаеў — высокапастаўлены расейскі чыноўнік, намеснік кіраўніка Федэральнага казначэйства Расеі, які пачынаў сваю карʼеру ў Чачэніі ў часы прэзідэнцтва бацькі Рамзана Кадырава Ахмата Кадырава. Іншы ягоны брат — Хусэйн Ісаеў — загінуў разам з Ахматам Кадыравым падчас выбуху 9 траўня 2004 года на грозненскім стадыёне «Дынама».

Ці было знаёмства Тамерлана Берыкханава з Зурабам Ісаевым акалічнасцю, якая дазволіла нядаўна створанай кампаніі заняць нішу ў бізнесе па вывазе ўкраінскага збожжа, нам на момант выхаду матэрыялу пацвердзіць не ўдалося. Ісаеў на тэлефанаванні журналістаў не адказаў.

Загадкавы банкрут

Мы спыталі ў Тамерлана Берыкханава, каму ў Беларусі пастаўляе рапс кампанія «Торгтрейд».

«У Беларусі мы вязем да сябе на прадпрыемства, — адказаў ён. — Мы вязем не для продажу-перапродажу. Мы вязем да сябе на прадпрыемства..., наш завод, „Трыял Эксперт”».

БРЦ / Аляксей Багуцкі, Ігар Якубовіч. Калаж створаны з выкарыстаннем ШІ
Крыніца: БРЦ / Аляксей Багуцкі, Ігар Якубовіч. Калаж створаны з выкарыстаннем ШІ

Адрас вытворчасці расліннага алею, пазначаны на сайце ТАА «Трыял Эксперт», супадае з юрыдычным адрасам ААТ «Наваельнянскі міжрайаграснаб» (Дзятлаўскі раён, пасёлак Наваельня, Чапаева 21). На момант выхаду матэрыялу апошняе знаходзілася ў працэдуры банкруцтва.

У Адзіным дзяржаўным рэгістры юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў уласнікам кампаніі «Трыял Эксперт» прапісаны не Тамерлан Берыкханаў, а двое беларусаў: экс-грузчык Аляксей Багуцкі і былы намеснік дырэктара па будаўніцтве ў «Еўрагандлі» Ігар Якубовіч. У 2023 годзе апошні займаў такую ж пасаду ў ТАА «Кастом-сэрвіс». [*]

Журналістка БРЦ, выкарыстоўваючы легенду з чыноўніцай з Херсонскай вобласці, патэлефанавала Якубовічу, нібыта каб запрасіць яго на канферэнцыю. Сузаснавальнік «Трыял Эксперт» адказаў, што інтарэсы кампаніі «можа прадставіць» Тамерлан Берыкханаў.

Ігар Якубовіч таксама распавёў аб супрацы з кітайскай кампаніяй, планах нарасціць магутнасці па вытворчасці алею і пра тое, у якія краіны «Трыял Эксперт» ужо яго экспартуе: «Мы хочам магутнасці павялічыць там да ў чатыры, пяць разоў, супраць таго, што ёсць. <...> Мы возім у розныя краіны: у Ізраіль і ў Малайзію. Так што тут, і па Беларусі ў нас шмат купляюць».

Бізнесоўца-чыноўнік і патрыёт-здраднік

У 2015 годзе тагачасны старшыня ўраду РФ Дзмітрый Мядзведзеў у суправаджэнні кіраўніка Крыму Сяргея Аксёнава наведаў Ялту. МЗС Украіны назваў візіт парушэннем дзяржаўнага суверэнітэту. 

Тады Мядзведзеў і Аксёнаў схадзілі ў ялцінскую кандытарскую «Трэ Джойе». Кіравала ёй у той час Яна Крупко. Пасля замужжа — Ціхамірава. [*]

Дзмітрый Мядзведзеў
Крыніца: БРЦ / Дзмітрый Мядзведзеў

Яна Ціхамірава на момант публікацыі гэтага расследавання займае кіруючыя пасады ў растоўскай агракампаніі ТАА «Монолит» і маскоўскім ТАА «Основа» (рознічны гандаль нехарчовымі таварамі). Ейны муж — Антон Міхайлавіч Ціхаміраў, генеральны дырэктар ТАА «Агротрейд». Гэтая маскоўская кампанія, згодна з інфармацыяй з Федэральнай дзяржаўнай інфармацыйнай сістэмы «Зерно», у 2023 годзе таксама зарабляла на вывазе рапсу з акупаваных украінскіх рэгіёнаў у Беларусь. [*]

Міхаіл Ціхаміраў, верагодна, бацька Антона — афіцыйны ўласнік «Агротрейда». Сам Ціхаміраў-малодшы да анексіі Крыму Расеяй быў гендырэктарам ТАА «Тихомиров». Кампанія аказвала паслугі па прыборцы і экспарце збожжавых культур.

У часы прэзідэнцтва ва Украіне Віктара Януковіча фірма атрымала званне «Прадпрыемства года 2010». Антона Ціхамірава ўзнагародзілі ордэнам «Зорка эканомікі Украіны» і ўручылі сертыфікат «Кіраўнік года 2010». У 2014 годзе Ціхаміраў пачаў супрацоўнічаць з расейскай адміністрацыяй паўвыспы — стаў кіраўніком рэспубліканскага прадпрыемства «Крымский зерновой элеватор». Потым два гады ён быў дарадцам кіраўніка гарадской адміністрацыі Ялты, а з красавіка 2015 года да лістапада 2016 года — сакратаром ялцінскага мясцовага аддзялення партыі «Единая Россия». З 2016-га каля года займаў пасаду намесніка кіраўніка адміністрацыі гораду Ялта, курыраваў пытанні транспарту, сувязі, моладзі і спорту. Ва ўкраінскай базе «Миротворець» Ціхаміраў пазначаны як здраднік радзімы.

ТАА «Агротрейд» фігуруе ў дакументах на 30 паставак насення рапсу агульным абʼёмам 671,8 тыс. тонаў для «Навабеліцкага камбінату хлебапрадуктаў» і ТАА «Аграпрадукт». Адно з месцаў паходжання прадукцыі — Херсонская вобласць, Каланчакская муніцыпальная акруга, сяло Гаўрылаўка Другая (населены пункт захоплены расейскім войскам).

«Агротрейд» Ціхаміравых зарэгістраваны ў 2023-м. За той жа год выручка кампаніі склала 163,4 млн расейскіх рублёў (амаль €1,77 млн па сярэднім курсе за 2023), а чысты прыбытак — 7,4 млн (€80,2 тыс. па сяреднегадавым курсе). [*]

Журналіст БРЦ звязаўся з Антонам Ціхаміравым, прадставіўшыся чыноўнікам з Херсонскай вобласці, каб пагаварыць пра пастаўкі збожжа з акупаванай тэрыторыі ў Беларусь. Прадпрымальнік адказаў коратка: маўляў, не патрабуе дапамогі мясцовых уладаў, з бізнесам усё нармальна, праблемаў на блокпастах няма.

Звычайны перакуп

Сярод пастаўшчыкоў сельгаспрадукцыі ў дадзеных сістэмы «Зерно» фігуруе яшчэ адна кампанія, якая займалася вывазам рапсу з акупаваных тэрыторыяў Украіны ў Беларусь — ужо згаданае вышэй ТАА «Велес-Агро». Мы знайшлі 53 партыі збожжа алейнай культуры агульнай вагой 1171 тона, якія прызначаліся для беларускіх прадпрыемстваў ТАА «Аграпрадукт» і ЗАТ «Аблрапсаграсэрвіс».

Кіраўніком і адзіным заснавальнікам «Велес-Агро» лічыцца грамадзянін Кыргызстану Сяргей Віктаравіч Верхашынскі. [*]

Датэлефанавацца па кантактным нумары «Велес-Агро» ў нас не атрымалася. 

Журналіст БРЦ згадаў кампанію ў размове з дырэктарам «Торгтрейд» Вадзімам Аляксеевым. Ён аб дзейнасці кампаніі-канкурэнта ведае і не стаў пярэчыць, калі расследавальнік назваў працу «Велес-Агро» «дзейнасцю звычайных перакупаў».

Крыніца: БРЦ

Рапс з Херсоншчыны вывывозілі не толькі кампаніі, але і індывідуальныя прадпрымальнікі. У 2023 годзе ІП Лукʼянчанка Аляксей Юрʼевіч з Барнаўлу мусіў паставіць дзевяць партыяў насення гэтай культуры агульнай вагой 289,3 тоны філіялу беларускага ААТ «Гомельхлебпрадукт» «Навабеліцкі КХП». Усе партыі сфармаваныя ў красавіку 2023 у пасёлку Наватроіцкае Херсонскай вобласці. [*]

Гандляваць збожжам у анексаваным Крыме Аляксей Лук'янчанка пачаў у 2022-м.

У дэкларацыі аб адпаведнасці на рапс за той год месцам, дзе ІП вёў дзейнасць, пазначана крымскае сяло Міхайлаўка. Збожжавы бізнес Лук'янчанкі праіснаваў нядоўга: у канцы 2023-га года ён закрыў ІП.

Лук'янчанку таксама належала кампанія ТАА «Агратрансрэсурс». У пачатку 2024-га яе выключылі з рэестру за ўнясенне недакладных звестак.

Паразмаўляць з Аляксеем Лукʼянчанкам у журналістаў не атрымалася: ніводзін з дзесяці звязаных з ягоным імем тэлефонных нумароў на час падрыхтоўкі матэрыялу не быў дзейным.

Нетэлефонная размова

Мы звярнуліся да юрыстаў, каб яны далі ацэнку дзеянням пастаўшчыкоў і пакупнікоў збожжа з акупаваных рэгіёнаў Украіны.

«Тыя прадпрыемствы, якія бяруць у гэтым удзел, яны безумоўна парушаюць міжнароднае гуманітарнае права, безумоўна парушаюць міжнародныя Жэнеўскія канвенцыі», — сказаў Міхаіл Кірылюк, юрыст Народнага антыкрызіснага ўпраўлення.

Вываз аграпрадукцыі з акупаваных тэрыторыяў Украіны можа казаць аб рабаванні маёмасці — то бок ваенным злачынстве, лічыць Кацярына Рашэўская, юрыстка Рэгіянальнага цэнтру правоў чалавека (RCHR). А выпадкі, калі ва ўкраінскіх фермераў на акупаваных Расеяй тэрыторыях прадукцыю не крадуць, а набываюць, паводле яе словаў, патрабуюць дадатковага аналізу:

«Для выяўлення супрацьпраўнасці варта ацаніць, па якім кошце набываецца збожжа ў фермераў — калі ён не з'яўляецца рынкавым, гэта можа сведчыць на карысць рабавання як ваеннага злачынства. А таксама абставіны, пры якіх фермеры пачалі супрацоўнічаць з расейцамі: прымус, запалохванне, адсутнасць альтэрнатыўных рынкаў для продажу збожжа, што можа быць растлумачана на карысць здзяйснення злачынства рабавання».

Аб маральна-этычным і прававым аспектах паставак збожжа з захопленых Расеяй рэгіёнаў Украіны мы спрабавалі паразмаўляць з дырэктарам ТАА «Трыял Эксперт», якое перапрацоўвае рапс у Беларусі, Ігарам Якубовічам.

«Такія пытанні я не хачу абмяркоўваць, ужо прабачце», — адказаў ён.

Таксама мы адправілі пытанні ТАА «Торгтрейд» на пошту Тамерлана Берыкханава, Міхаілу Ціхаміраву — уласніку ТАА «Агротрейд», ІП Лук'янчанка і ТАА «Велес-Агро». На момант выхаду расследавання нам не адказалі.

Іншыя Расследаванні