Расследаванні

Сёння

Ландрамат пад «крышай» у пагонах. Як і хто ў менскім казіно адмывае мільёны ад нелегальных ставак

Уладальнікі казіно звязаныя з беларускімі чыноўнікамі, палітыкамі і сілавікамі.

Аляксандр Лукашэнка, Халіль Фальялы, Озгэ Фальялы, Мустафа Шэнэр, Віталь Матыс
Крыніца: president.gov.by, Facebook, Pixabay.com, «Кіберпартызаны» / Аляксандр Лукашэнка, Халіль Фальялы, Озгэ Фальялы, Мустафа Шэнэр, Віталь Матыс. Калаж створаны з выкарыстаннем ШІ
Забойства бізнесоўцы, ландрамат пад «крышай» сілавікоў, нерухомасць у Дубаі на мільёны долараў — у гэтым расследаванні крыецца мноства элементаў заблытанай дэтэктыўнай гісторыі. Журналісты БРЦ выявілі іх, калі прыгледзеліся да дзейнасці паспяховага менскага казіно. Дзякуючы сведчанням экс-супрацоўніка верхавода злачыннай арганізацыі мы разабраліся, як працуе схема па адмыванню грошай ад нелегальных онлайн-ставак. І знайшлі сувязь яе аўтараў з КДБ і Мінабароны Беларусі.

Расследаванне падрыхтаванае ў партнёрстве з Цэнтрам па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці OCCRP і пры падтрымцы «Кіберпартызанаў».

Улетку 2021 года ў шматфункцыйным цэнтры Galleria Minsk адкрылася самае буйное, як яго прэзентавалі ўладальнікі, казіно ў Беларусі — H Casino. За першыя шэсць месяцаў яно зарабіла больш, чым сталічныя старажылы рынку: прыбытак перавысіў $7,5 млн. А ў 2023-м H Casino зрабілася самым прыбытковым казіно Беларусі. Хоць перадумоваў да гэтага не было — галіна ў канцы мінулага дзесяцігоддзя перажывала спад.

Цягам пяці гадоў — з пачатку 2015-га — колькасць установаў для азартных гульняў у краіне скарацілася прыкладна на 25%, распавяла журналістам у кастрычніку 2019 года старшыня Асацыяцыі абароны інтарэсаў арганізатараў азартных гульняў Беларусі Алеся Пахоменка.

Пагоршыць сітуацыю сярод іншага мог рост падаткаў. Да прыкладу, падатак на гульнявы слот з 2016-га па 2021 год вырас на 12,5%, а на касу букмекерскай канторы — на 230%.

У 2020-м здарылася пандэмія каронавіруса, што таксама негатыўна адбілася на рынку. Аб гэтым сведчыць сума сплачаных падаткаў на гульнявы бізнес — з 47,3 млн беларускіх рублёў у 2018 годзе (у папярэднія чатыры таксама было больш) скарацілася да 39,6 млн. Акрамя таго, частка гульцоў праз COVID-19 з рэальных пляцовак перамясціліся ў онлайн.

БРЦ высветліў, як у такіх умовах H Casino дамаглося поспеху і пры чым тут КДБ.

Турэцкі барон

Гісторыя беларускага H Casino пачалася ў Турцыі. Мясцовыя медыі ў лютым 2022 года паведамілі пра забойства бізнесоўцы Халіля Фальялы (Halil Falyalı) ў паўночным Кіпры. Пісалі, што ягоны аўтамабіль абстралялі ўзброеныя людзі. Кіроўца загінуў на месцы. Фальялы атрымаў 16 раненняў і памёр у больніцы.

Забіты бізнесовец быў багатым чалавекам і меў крымінальную рэпутацыю. Фальялы валодаў казіно і гатэлем Les Ambassadeurs у паўночным Кіпры, жыў з жонкай і трыма дзецьмі ў асабняку каля Міжземнага мора.

Халіль Фальялы, Озгэ Фальялы
Крыніца: Facebook / Халіль Фальялы, Озгэ Фальялы. Калаж створаны з выкарыстаннем ШІ

У 2015 годзе ЗША выдалі ордар на ягоны арышт паводле абвінавачвання ў адмыванні даходаў, атрыманых злачынным шляхам, у тым ліку ад гандлю наркотыкамі. [*] [*] А ў справаздачы турэцкай Рады па расследаванні фінансавых злачынстваў MASAK, падрыхтаванай у 2022 годзе, гаварылася аб дзейнасці злачыннай арганізацыі Фальялы, якая кантралявала сетку сайтаў для нелегальных ставак. Там ішла гаворка пра незаконна атрыманыя прыкладна $50 млн, якія захоўваюцца на крыптагаманцах. [*]

Якое дачыненне Халіль Фальялы меў да казіно ў цэнтры беларускай сталіцы? У 2022 годзе крыніцы БРЦ распавялі, што менавіта ён — інвестар менскага H Casino. Хоць у дакументах бізнесоўца не значыўся, а юрыдычная асоба — ТАА «Ігральны картэль», якое валодае ўстановай, належыць грамадзяніну Турцыі Мустафе Эгемэну Шэнэру (Mustafa Egemen Şener). [*] [*]

Мустафа Эгемэн Шэнэр да H Casino валодаў рэстаранным бізнесам у Кіеве, меў там праблемы праз нявыплату падаткаў.

На радзіме праславіўся шчодрасцю: аплочваў выступы турэцкіх артыстаў у Менску. Медыі пісалі пра ганарары ў мільёны долараў.

Журналістам OCCRP удалося знайсці яшчэ адзін доказ сувязі Фальялы з Шэнэрам і менскім H Casino. Гэта пацвердзіў ягоны былы фінансавы дырэктар Джэміль Онал (Cemil Önal), які знаходзіцца ў галандскай турме. Расследавальнікі звязаліся з ягоным адвакатам у сакавіку 2024 года, пасля таго, як знайшлі аўдыязапісы, як мяркуецца, з голасам Онала на YouTube-канале турэцкага рэпарцёра ў выгнанні. Каб атрымаць дазвол на інтэрв’ю са зняволеным, спатрэбілася пяць месяцаў. Першая размова адбылася ў жніўні мінулага года.

Джэміль Онал быў фінансавым дырэктарам у кампаніях Фальялы, паводле ягоных словаў, з 2014-га па лістапад 2021 года. 

Журналісты змаглі пацвердзіць, што ён афіцыйна працаваў там прынамсі з 2016-га да 2020 года. У 2018-м турэцкія пракуроры абвінавацілі Онала ў адмыванні грошай для злачыннай арганізацыі, якая займаецца нелегальнымі онлайн-стаўкамі. У 2022-м ён апынуўся сярод падазраваных у забойстве Фальялы. А ў снежні 2023 года Онала арыштавалі ў Нідэрландах па запыце Турцыі.

Зняволены настойвае, што не датычны да смерці свайго начальніка, а праз вядомы яму кампрамат на некаторых уплывовых асобаў ён стаў мішэнню для турэцкага ўраду. Таму Онал і ягоны адвакат спрабуюць пазбегнуць экстрадыцыі ў Турцыю. Дакументы з такім запытам ёсць у распараджэнні БРЦ.

«Гэты Мустафа Эгемэн Шэнэр — сябра і партнёр Халіля Фальялы. Казіно F (Н — рэд.) у Менску, Беларусь, належыць Мустафе Эгемэну Шэнэру. У рэальнасці. Але група Фальялы — гэта 50% партнёр (інвеставала палову сумы на адкрыццё казіно — рэд.)», — патлумачыў Онал.

Халіль Фальялы, Озгэ Фальялы, Мустафа Шэнэр
Крыніца: Facebook, «Кіберпартызаны» / Халіль Фальялы, Озгэ Фальялы, Мустафа Шэнэр. Калаж створаны з выкарыстаннем ШІ

Ускосныя пацверджанні словаў Онала аб тым, што Шэнэр і Фальялы былі кампаньёнамі ў менскім H Casino, знайшлі і журналісты БРЦ. «Кіберпартызаны» перадалі нам дадзеныя аб перасячэнні Шэнэрам беларускай мяжы. Ён ездзіў з Беларусі ва Украіну і назад разам з супрацоўнікам гатэля-казіно Les Ambassadeurs сям'і Фальялы Айханам Бююксары. [*] [*] [*] [*] Мяркуючы па фотаздымках у сацсетках жонкі Бююксары, ён не раз наведваў H Casino. А паводле словаў дырэктара ўстановы Андрэя Прахарэнкі, Бююксары не проста бываў у менскім казіно: «Айхан Бююксары працаваў у нас у казіно і з'ехаў з Беларусі, па-мойму, у чэрвені мінулага года. І больш не з'яўляўся. Звольніўся і з'ехаў», — сказаў суразмоўца падчас час тэлефоннай гутаркі з журналістам БРЦ. Мы спрабавалі датэлефанавацца і да Бююксары — ён не зняў слухаўку. [*]

Бізнес-партнёрства Шэнэра і Фальялы на правах ананімнасці БРЦ пацвердзіла яшчэ адна крыніца, якая працавала ў сферы казіно ў Беларусі.

Фіктыўная выручка

Чаму казіно адкрылі менавіта ў нашай краіне? «Беларусь не закрылася падчас пандэміі. Каранціну не было», — распавёў былы фінансавы дырэктар Фальялы журналістам. І патлумачыў, дзеля чаго: «Навошта трэба казіно? Таму што вы можаце адмываць грошы».

Гэта не першае сведчанне таго, што ўладальнікі менскага H Casino зарабляюць на абароце «брудных» грошай. Яшчэ да адкрыцця ўстановы ў КДБ прыйшоў ліст:

«У мяне ёсць некаторыя файлы пра дырэктара кампаніі IGOR KAREL (ТАА “Ігральны картэль” — рэд.), Мустафу Эгемэна Шэнэра, у якіх паказана, як ён пераводзіць нелегальныя грошы і біткойны. Я хачу на яго паведаміць», — напісаў сілавікам у снежні 2020-га чалавек пад нікам yatko. Гэтае паведамленне мы знайшлі сярод апублікаваных «Кіберпартызанамі» дакументаў, атрыманых пасля ўзлому сайту Камітэту дзяржбяспекі Беларусі. Разбіральніцтва ў дачыненні да турэцкага бізнесоўцы, наколькі мы ведаем, праз гэтую скаргу не было. Аб верагоднай прычыне гэтага распавядзем ніжэй.

Грошы, якія адмываюць у H Casino, — гэта даходы ад нелегальных ставак з Польшчы, Нямеччыны, Чэхіі і іншых еўрапейскіх краінаў, распавёў Джэміль Онал:

«Скажам, яны паступаюць з Польшчы ў Беларусь. Яны паступаюць у выглядзе наяўных. Вы паказваеце больш выручкі ў казіно, чым вашыя фактычныя даходы. Мустафа ... адмывае іх у сваім казіно ў Беларусі. Затым ён адпраўляе іх у Дубай».

Шэнэр часта карыстаўся самалётамі для перавозкі буйных сумаў, дадаў Онал. Паводле звестак з незалежнай авіяцыйнай базы, якія атрымаў БРЦ, бізнес-джэт, які належыць Шэнэру, зрабіў 41 рэйс у Беларусь з верасня 2021-га да студзеня 2022 года. [*]

Грашовае павуцінне

Журналісты БРЦ і OCCRP разабраліся, як, верагодна, арганізавана і функцыянуе сістэма, якая дазваляе турэцкім бізнесоўцам зарабляць, абыходзячы законы. Апісваючы яе функцыянаванне, мы абапіраемся перадусім на словы Джэміля Онала, дакладнасць якіх не можам пацвердзіць цалкам. Аднак мы знайшлі мноства доказаў праўдзівасці дэталяў ягонай гісторыі.

Кампанія, аформленая на няпоўнагадовых дзяцей Халіля Фальялы, Larsen Technologies у 2017 годзе атрымала ліцэнзію ад турка-кіпрскай адміністрацыі на арганізацыю ставак на сайце BetCyp.com. [*] Але, як распавёў Джэміль Онал, Larsen Technologies — гэта прыкрыццё для шырокай сістэмы прыёму нелегальных ставак, у якой удзельнічае менскае H Casino.

Міжземнаморская выспа Кіпр пяць дзесяцігоддзяў падзеленая калючым дротам і міннымі палямі. Паўночная частка Кіпру акупаваная Турцыяй з 1974 года.

Турэцкае войска ўварвалася на выспу ў адказ на пераварот, які арганізавалі Афіны, каб далучыць увесь Кіпр да Грэцыі.

У выніку непрызнаная тэрыторыя на поўначы перастала падпарадкоўвацца міжнароднаму праву і глабальным банкаўскім правілам ды зрабілася прывабнай для аперацыяў з «бруднымі» грашыма. Пасля забароны казіно ў Турцыі ў 1996 годзе, а ў 2006-м — онлайн-гэмблінгу, паўночны Кіпр ператварыўся ў мясцовы Лас-Вэгас.

Журналісты OCCRP высветлілі, што сайт BetCyp.com зарэгістравала фірма Total Gaming Solutions. [*] Яна ж кіруе дзясяткамі сайтаў для онлайн-гэмблінгу без ліцэнзіяў. Некаторыя з іх для рэгістрацыі выкарыстоўвалі асабісты імэйл супрацоўніка кампаніі сям'і Фальялы Ібрагіма Таккана. [*] У гэты спіс таксама ўваходзіць сайт Betebet з рознымі варыяцыямі назвы. У Турцыі яго занеслі ў чорны спіс. [*] Ўэб-рэсурс згадваецца ў справаздачы пракурора Аданы (горад у Турцыі) за 2018 год. [*]

Як распавёў Онал, сетка Фальялы фармуе каманды куратараў па ўсім свеце, якія шукаюць жадаючых зарабіць. Для гэтага ім прапануюць прыняць плацеж на іх банкаўскую карту, крыптагаманец або рахунак плацежнай платформы. Такім чынам атрымліваюць грошы ад гульцоў неліцэнзіяваных онлайн-казіно. Паводле дадзеных фінансавай выведкі Турцыі, у сетцы налічваецца больш за сто тысячаў такіх рахункаў, праз якія толькі за адну хвіліну праходзіла больш за 10 тысячаў трансакцыяў. [*] 

«Рахункі адкрываюцца на імёны студэнтаў, хатніх гаспадынь, пенсіянераў і тых, хто атрымлівае мінімальную заработную плату», — паведаміла дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва Турцыі Anadolu Ajansı, цытуючы абвінаваўчае заключэнне ў дачыненні да сеткі Фальялы за снежань 2024 года.

Калі гулец на нелегальным сайце ў інтэрнэце робіць стаўку, грошы паступаюць не ў казіно, а на рахунак чалавека са створанай сеткі. Затым ён павінен зняць наяўныя грошы ў банкамаце і аддаць іх куратару — чалавеку, які наладзіў працу гэтай схемы. Уладальнік рахунку і куратар атрымліваюць па 5% ад сумы. Астатнія 90% стаўкі сыходзяць Фальялы. Толькі праз прыкладна сотню крыптагаманцоў такім чынам перамясцілі каля $1,4 млрд. Гэта вынікае з дадзеных справаздачы следчага па фінансавых злачынствах Турцыі і іх аналізу OCCRP.

Мустафа Шэнэр, Халіль Фальялы
Крыніца: Facebook, «Кіберпартызаны», Pixabay.com / Мустафа Шэнэр, Халіль Фальялы. Калаж створаны з выкарыстаннем ШІ

Потым наяўныя прывозяць, напрыклад, у Беларусь і ўносяць у касу менскага H Casino. Быццам гулец прыйшоў туды, зрабіў стаўку і прайграў. Нелегальны даход выдаюць за прыбытак гульнявой установы, і грошы фармальна робяцца «чыстымі».

Калі ў гульца ўзнікаюць якія-небудзь пытанні ці праблемы з аплатай, тэхнічнае падтрыманне яму надаюць турэцкія студэнты, якія працуюць у тым ліку ў H Casino. Іх скіравала сюды Larsen Technologies.

«Мустафа [Эгемэн Шэнэр] не зарабляе сапраўдныя грошы ў казіно. Мустафа знаходзіць гэтых людзей з крэдытнымі картамі. Ён бярэ 10% сабе і 5% (палову ад 10% — рэд.) аддае хлопцам. Калі ён здымае 1-2 мільёны еўра ў дзень, ён зарабляе 100 тысячаў еўра, нічога не робячы», — патлумачыў Онал.

Са словаў былога фінансавага дырэктара, яўных пацверджанняў якім у нас няма, даход Халіля Фальялы ад незаконнай дзейнасці па ўсім свеце складаў ад €50 да €60 млн у месяц. Яшчэ €10 млн ён атрымліваў за нелегальную працу на Кіпры.

Крыніца: Pixabay.com. Калаж створаны з выкарыстаннем ШІ

Апісаную Джэмілям Оналам схему пацвярджаюць справаздача пракурора Аданы, справаздача турэцкай Рады па расследаванні фінансавых злачынстваў MASAK і абвінаваўчае заключэнне Галоўнай пракуратуры Анкары.

«Крыша» ў пагонах

Гульнявы бізнес у Беларусі строга кантралюецца дзяржавай. Да прыкладу, касы букмекерскіх кантораў, гульнявыя сталы, гульнявыя аўтаматы падлучаныя да спецыяльнай камп’ютарнай касавай сістэмы, з дапамогай якой адпаведныя органы сочаць за фінансавымі патокамі. У казіно вядзецца відэаназіранне, у тым ліку каля касаў. У гульнявых установах абавязковая ідэнтыфікацыя гульца па пашпарце. Акрамя таго, казіно, залы з аўтаматамі перыядычна правяраюць. Падатковая і сілавікі не раз раскрывалі незаконныя схемы заробку ў гэтай сферы.

БРЦ знайшоў тлумачэнне, чаму пры такім строгім падыходзе дзейнасць H Casino да гэтага часу не прыцягнула ўвагу органаў. Верагодна, беларускія праваахоўнікі ведаюць аб незаконных схемах, але ягонай працы не перашкаджаюць. Пра гэта сведчыць у тым ліку згаданы вышэй зварот у КДБ чалавека пад нікам yatko.

Джэміль Онал заявіў у размове з журналістам OCCRP, што H Casino «крышуе» былы супрацоўнік беларускіх сілавых структураў. Ягонае прозвішча ён назваць не змог. Аднак распавёў, што бачыў гэтага чалавека, калі размаўляў з Мустафой Шэнэрам праз відэасувязь.

Высветліць, хто гэта быў, узяліся расследавальнікі БРЦ. Мы знайшлі сярод кантактаў уладальніка і дырэктара H Casino спіс людзей, звязаных з КДБ і Міністэрствам абароны Беларусі. Да прыкладу, Мустафа Шэнэр у лістападзе 2019 года ездзіў у Літву на аўтамабілі разам з Ігарам Наркевічам. [*] Паводле дадзеных «Кіберпартызанаў», ён працаваў начальнікам медычнай службы вайсковай часткі 43194, якая адносіцца да разведвальнага батальёну. [*] [*]

Дырэктар H Casino Андрэй Прахарэнка 232 разы перасякаў мяжу на аўто разам з уплывовымі сілавікамі. [*] [*] Сярод ягоных спадарожнікаў — былы суддзя Беларускага вайсковага суда Аляксей Шчэпетаў, пенсіянеры Мінабароны Мікалай Канкаловіч і Аляксандр Шлеверда. [*] [*] [*] [*] [*] [*] [*] З вышэйпералічанымі Прахарэнка аб'ядноўваюць не толькі паездкі, але і праца ва ўжо зачыненай гульнявой установе «Алімпік Казіно Бел».

Прахарэнка знаёмы і з Віктарам Марахіным, пенсіянерам Мінабароны, які займаў пасады ў Адміністрацыі прэзідэнта, Палаце прадстаўнікоў Нацсходу і «Белаэранавігацыі». [*] [*] На гэта таксама паказваюць сумесныя паездкі за мяжу. Іншым спадарожнікам дырэктара H Casino быў Святаслаў Савіцкі — галоўны лекар санаторыя «Беларусачка», дзе перад прэзідэнцкімі выбарамі 2020 года затрымалі групу «вагнэраўцаў». Раней Савіцкі быў начальнікам Галоўнага вайсковага клінічнага шпіталя. [*] [*]

Андрэй Прахарэнка, Святаслаў Савіцкі
Крыніца: «Кіберпартызаны» / Андрэй Прахарэнка, Святаслаў Савіцкі. Калаж створаны з выкарыстаннем ШІ

Яшчэ адзін спадарожнік Андрэя Прахарэнкі, з якім ён 62 разы перасякаў мяжу і працаваў у «Алімпік Казіно Бел», — былы супрацоўнік Службы бяспекі Аляксандра Лукашэнкі Віталь Матыс. [*] [*] [*] Нам падалося, што гэты чалавек з найбольшай верагоднасцю можа быць задзейнічаны ў прыкрыцці нелегальнай дзейнасці Н Casino. Праз журналістаў OCCRP мы перадалі фота Матыса і некалькіх пералічаных вышэй асобаў адвакату, каб ён паказаў іх свайму кліенту. І Джэміль Онал менавіта ў Матысе пазнаў уплывовага сілавіка-заступніка.

«Гэта агент КДБ у Беларусі, які знаходзіцца побач з Мустафой 24/7 і выязджае за мяжу па даручэннях Мустафы. <...> Гэты чалавек заўсёды быў побач з Мустафой, калі мы размаўлялі па відэа. [Калі я спытаў], хто ён, што ён за чалавек, [Мустафа сказаў]: “Гэта былы агент КДБ, які забяспечвае маю бяспеку ў казіно, у гэтым гатэлі (DoubleTree by Hilton — рэд.), абараняе мяне ва ўсім. Ён вельмі добры чалавек. Калі ты прыедзеш, я папрашу яго прыняць цябе, уладзіць твае справы і нават дапамагчы табе з грамадзянствам“», — распавёў Онал.

Віталь Матыс, Аляксандр Лукашэнка
Крыніца: ВКонтакте, Одноклассники.ру, president.gov.by / Віталь Матыс, Аляксандр Лукашэнка. Калаж створаны з выкарыстаннем ШІ

У адказ на пытанне журналіста, чым займаўся Матыс — «адміністрацыйныя і папяровыя справы, ці гэта чалавек, які, напрыклад, мог бы заплаціць прэзідэнту?», суразмоўца ўдакладніў, што Матыс рабіў «выплаты дзяржаўным чыноўнікам».

Дачыненне ахоўніка Лукашэнкі да казіно — гэта «сувязь рэжыму Лукашэнкі з усімі гэтымі справамі», сказаў у каментары БРЦ прадстаўнік ініцыятывы BelPol Уладзімір Жыгар:

«Каму як не ахоўніку Лукашэнкі, супрацоўніку СБП (Службы бяспекі прэзідэнта — рэд.), праверанаму гадамі, давяраць такога кшталту дзейнасць. <...> Гэта тое самае, як мы паказвалі пра рэзідэнцыю “Усход” і тое, што там былы асабісты ахоўнік — ад'ютант Лукашэнкі — кантралюе гэтую рэзідэнцыю “Усход”. Так і тут. Гэты прынцып пабудовы лукашэнкаўскай сістэмы, калі толькі правераным, толькі надзейным, з пункту гледжання менавіта Лукашэнкі, людзям, давяраюць тое, што можа прыносіць грошы».

Журналіст БРЦ датэлефанаваўся да Віталя Матыса. Ён кінуў слухаўку. Аб ролі былога супрацоўніка Службы бяспекі Лукашэнкі ў працы H Casino мы запыталіся дырэктара ўстановы Андрэя Прахарэнку. У тэлефоннай размове з журналістам БРЦ ён адзначыў, што Матыс «ніколі ў жыцці не працаваў» у іх. І дадаў, што той не можа ўсюды суправаджаць Мустафу Шэнэра, бо «Шэнэр у Беларусі не быў ужо больш за год».

Таксама Прахарэнка заявіў, што не ведае аб адмыванні грошай ад нелегальных ставак у H Casino, а імя Халіль Фальялы ўпершыню чуе: «Ні з якімі бэтынгавымі платформамі H Casino не звязанае. У нас ёсць ліцэнзія на гульнявы бізнес у Беларусі. Мы ставак ніякіх ні ад каго не прымаем. Тым больш ад нейкіх бэтынгавых кантораў. <...> Вы мяне пытаецеся аб тым, чаго не існуе».

У гэтай жа размове Прахарэнка распавёў, што працуе ў H Casino з 11 лістапада 2023 года, і ўскосна пацвердзіў свае сувязі з уплывовымі ў Беларусі людзьмі. Ён сказаў, што быў дырэктарам ТАА «Сiцi Iнтэртэймент Груп» — юрыдычнай асобы, якой належала казіно ў «Прэзідэнт-Гатэлі» ў Менску. Гэтая гасцініца адносіцца да Кіраўніцтва справамі прэзідэнта, якое да сярэдзіны 2021 года ўзначальваў паплечнік Аляксандра Лукашэнкі Віктар Шэйман.

«Сiцi Iнтэртэймент Груп» у 2022 годзе далучылі да «Ігорнага картэля» — гэта ўласнік H Casino.

Вялікія сувязі

Паказаў Джэміль Онал і на іншых магчымых заступнікаў уласнікаў H Casino. Паводле ягоных словаў, у Мустафы Шэнэра ёсць агульныя бізнес-інтарэсы з уладальнікамі шматфункцыйнага цэнтру Galleria Minsk, у якім месціцца H Casino. Яны звязаныя з уплывовымі людзьмі. Мы знайшлі гэтаму пацверджанне. Прычым у кампаніі СТАА «Галерэя Канцэпт», юрыдычнай асобы ўласніка Galleria Minsk, могуць быць высокапастаўленыя заступнікі не толькі ў Беларусі, але і ў Расеі.

У дакументах з кіпрскага рэестру кампаніяў пазначана, што фірма DG Galleria Minsk Limited — уладальніца СТАА «Галерэя канцэпт» — у 2018 годзе атрымлівала пазыкі ад бізнес-партнёра Мустафы Шэнэра Зубаіра Аліева. [*] [*] [*]

Бенефіцыярам «Галерэя Канцэпт» з'яўляецца Цімур Муртузаліеў — праз зарэгістраваныя на Кіпры кампаніі Galleria Concept Blr Limited, DG Galleria Minsk Limited і на Нэвісе Oceans Solutions Limited. [*] [*] [*] [*] [*] Гэта сын расейскага бізнесоўцы Амара Муртузаліева — чалавека з узнагародай ад Уладзіміра Пуціна і з палітычнымі сувязямі ў тым ліку і ў Беларусі. Мяркуючы па шматлікіх фота на сайце агульнарасейскай грамадскай арганізацыі «Федэрацыя спартыўнай барацьбы Расеі», у Муртузаліева-старэйшага сяброўскія адносіны з Уладзімірам Хейфецам, былым чальцом Савету дэпутатаў Менску. Да прыкладу, у 2015 і 2016 гадах Хейфец удзельнічаў у забегах на лонданскім паўмарафоне ў камандзе TIKO Foundation — на той момант фонду Амара і Цімура Муртузаліевых.

Крыніца: galleria-minsk.by. Калаж створаны з выкарыстаннем ШІ

Уладзіміра Хейфеца мы таксама знайшлі ў рэгістрацыйных дакументах «Галерэя Канцэпт». Ён — мінарытарны акцыянер DG Galleria Minsk і дырэктар «Галерэя Канцэпт». [*] [*]

У Хейфеца, паводле звестак «Кіберпартызанаў», была супольная паездка за мяжу з Уладзімірам Сулімскім, былым амбасадарам Беларусі ў ААЭ, чалавекам, набліжаным да сям'і Лукашэнкі. Пра гэта сведчаць Сумесныя падарожжы з чальцамі яго сямʼі. [*]

Мы таксама даведаліся, што Хейфец наведаў разам са Змітром Лукашэнкам, сярэднім сынам Аляксандра Лукашэнкі, святкаванне юбілею беларускага барца Аляксандра Мядзведзя. Апроч таго, знайшлі ягоны профіль у базе людзей, якія маюць дачыненне да палітычных рэпрэсіяў у Беларусі.

На сувязь уладальнікаў «Галерэя Канцэпт» з уплывовымі людзьмі паказвае і тое, што пры будаўніцтве гандлёвага цэнтру ў 2012 годзе Аляксандр Лукашэнка ўказам надаў кампаніі падатковыя і мытныя ільготы, частка якіх была засакрэчаная. [*] [*] [*]

Наколькі вялікая верагоднасць таго, што ў дзейнасці H Casino замяшаныя сілавікі або чыноўнікі, ацаніў у каментары БРЦ Ілля Шуманаў, які на момант запісу інтэрв’ю займаў пасаду дырэктара няўрадавай арганізацыі па барацьбе з карупцыяй «Транспэрэнсі Інтэрнэшнл — Расея ў выгнанні». Ён адзначыў, што нават у іншых сферах, менш прыбытковых, чым казіно, уплыў дзяржавы заўсёды вялікі.

«Няма ніводнай сферы дзейнасці ў Беларусі, якая тым ці іншым чынам не звязаная з сям'ёй Лукашэнкі ці сілавым апаратам. То бок які-кольвек высокі даход як генеравальная галіна, яна робіцца прадметам цікавасці дзяржавы ў шырокім сэнсе. Ну, у прыватнасці, гэта або сямʼя Лукашэнкі, або блізкае кола Лукашэнкі, то бок ягоныя кішэні», — патлумачыў Шуманаў, але дадаў, што не зʼяўляецца экспертам па Беларусі.

Дзе грошы?

«Дывідэнды» ад гульнявога бізнесу, як мы высветлілі, Мустафа Шэнэр інвестуе ў Дубаі — скупляе нерухомасць. Паводле звестак дубайскага зліву, яму маглі належаць 90 кватэраў. 70 з іх сумарна каштавалі прыкладна $177,6 млн. Мы спраўдзілі ў Зямельным дэпартаменце Дубая, хто цяпер валодае гэтымі аб'ектамі нерухомасці. На момант публікацыі расследавання Шэнэр — уласнік толькі адной кватэры. Астатнія належаць Султану Рашыду Абдуле Рашыду Аль Шэнэ (Sultan Rashid Abdullah Rashid Al Shene).

Прозвішча Аль Шэнэ нагадвае прозвішча Шэнэр. У нас ёсць падставы меркаваць, што гэта можа быць новым імем уладальніка H Casino у эмірацкім пашпарце. Па-першае, нумар тэлефону Аль Шэнэ прывязаныя да ўліковага запісу Microsoft на імя «Эгемэн Шэнэр» з ягоным фотаздымкам. Па-другое, гэты нумар таксама звязаны з ягоным імем у сэрвісе GetContact.

У абвінаваўчым заключэнні галоўнай пракуратуры Анкары адным з 35 кіраўнікоў злачыннай бізнес-імперыі пазначаная жонка Халіля Фальялы — Озгэ Ташкер Фальялы (Özge Taşker Falyalı). У 2023 годзе Озгэ Фальялы набыла тузін аб'ектаў нерухомасці ў Дубаі сукупным коштам не менш за $53 млн. Некалькі яе кватэраў знаходзяцца ў тым жа доме, што і жыллё Мустафы Шэнэра.

Грамадзянская жонка Халіля Фальялы, беларуска Вольга Котава валодае кватэрай у 67 кв.м у Менску і аўтамабілем Porsche 2020 года выпуску.

Мы скіравалі запыты Озгэ Ташкер, Амару і Цімуру Муртузаліевым і Уладзіміру Хейфецу з просьбай пракаментаваць пералічаныя ў расследаванні факты. Таксама мы даслалі запыт у КДБ з пытаннем, ці было вядома спецслужбам аб незаконнай дзейнасці ўладальнікаў казіно і дапамозе Віталя Матыса ў яе ўтойванні. На момант публікацыі расследавання адказаў мы не атрымалі. Мы таксама датэлефанаваліся да Мустафы Шэнэра — ён кінуў слухаўку.

Іншыя Расследаванні