Улетку 2021 года расейскі алігарх Міхаіл Гуцэрыеў, багацце якога ацэньваецца ў 2,5 мільярда долараў,
спачатку патрапіў пад еўрапейскія, а потым пад брытанскія санкцыі.
ЕЗ матываваў гэта тым, што бізнесовец даўнішні сябар Аляксандра Лукашэнкі і дзякуючы гэтаму мае ўплыў у палітычнай эліце Беларусі. За мінулы час частка яго актываў пацярпела ад санкцыяў, але ільвіную долю маёмасці ён усё ж здолеў зберагчы.
Нядаўна былы працаўнік офісу Гуцэрыевых перадаў у СМІ спіс маёмасці ў Лондане, якую сям'я алігарха кантралявала праз афшорныя кампаніі. Беларускі расследвальніцкі цэнтр у партнёрстве з OCCRP, Transparency International і The Guardian праверылі гэтую інфармацыю.
Адзін з аб'ектаў Гуцэрыевых ў самым фешэнэбельным раёне Лондана – Паўднёвым Кенсінгтоне – трапіў у скандал у 2013 годзе. Справа ў тым, што сям'я расейскага алігарха вырашыла аб'яднаць два дамы на вуліцы Queen's Gate, набытых у 2009 годзе праз фірму на Брытанскіх Віргінскіх астравоў, у адзін шасціпавярховы асабняк з турэцкай лазняй, трэнажорнай залай і памяшканнямі для персаналу.
Але гэта былі не проста дамы, а помнікі архітэктуры. Таму перабудова выклікала шмат незадаволенасці. Эксперты галоўнага брытанскага выдання The Times ацанілі сумарныя ўкладанні ў гэтыя два дамы прыкладна на 47 мільёнаў даляраў - 40 на куплю і яшчэ 7,5 на перабудову.
Сям'я Гуцэрыевых праз афшорныя фірмы таксама валодае яшчэ адным асабняком у цэнтральным Лондане.
Ён знаходзіцца на Green Street у раёне Мэйфер, які лічыцца гандлёвым. У жніўні 2004 года нерухомасць купіла кіпрская фірма, сляды якой вядуць да Саіда Гуцэрыева – сына Міхаіла Гуцэрыева.
Самы дарагі будынак знаходзіцца на Fleet Street. Гістарычна тут базаваліся ўсе брытанскія газеты, але цяпер там дамінуюць юрыдычныя фірмы і банкі. Будынак складаецца з двух пабаў і офіснага блоку.
У красавіку 2012 года яго купіла афшорная фірма з Брытанскіх Віргінскіх астравоў, адным з бенефіцыяраў якой з'яўляецца Саід Гуцэрыеў, які тады толькі пачынаў сваю кар'еру. Ён заплаціў за будынак 70 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў ці больш за 110 мільёнаў долараў.
Пра адзін з аб'ектаў нерухомасці раней пісалі СМІ. Так, у кастрычніку 2017 года група кампаніяў «Сафмар» набыла офісны будынак Gloucester Building у прэстыжным лонданскім раёне Хамерсміт за больш чым 24 мільёны долараў.
На паперах актыў запісалі на афшорную кампанію з Брытанскіх Віргінскіх астравоў, адным з бенефіцыяраў якой з'яўляецца Саід Гуцэрыеў. Акрамя гэтага, пасля ўвядзення санкцыяў супраць Гуцэрыева, сям'я пазбавілася офіснага будынку на Hanover Square, яго прадалі за 92 мільёны долараў.
Калі першая інфармацыя аб нерухомасці Гуцэрыевых у Лондане ў кастрычніку мінулага года ўсплыла ў зліве Pandora Papers, прадстаўнікі сям'і заявілі The Guardian, што Міхаіл Гуцэрыеў не мае ніякага дачынення да актываў, набытых 15 гадоў таму, і што яго сын Саід Гуцэрыеў, прадпрымальнік і афшорны бенефіцыярны уладальнік большай часткі маёмасці, быў грамадзянінам Вялікай Брытаніі. Але Гуцэрыевы куплялі нерухомасць у Лондане ў асноўным з 2004 па 2009 год, калі Саід Гуцэрыеў яшчэ вучыўся, не працаваў і не вёў бізнес. Некаторыя аб'екты былі набытая кампаніямі, у канчатковым выніку кантраляванымі трастам, створаным Міхаілам Гуцэрыевым ў інтарэсах Саіда Гуцэрыева. Прадстаўнікі Саіда Гуцэрыева паведамілі Бі-Бі-Сі, што ў яго не было «ніякіх дзелавых сувязяў з бацькам».
Мы накіравалі запыт у брытанскі Мінфін, які сочыць за выкананнем санкцый, а таксама сям'і Гуцэрыевых, але не атрымалі адказу.
Як Гуцэрыеў апынуўся ў Беларусі
Міхаіл Гуцэрыеў стаяў у заснавання групы кампаній «Сафмар» – магутнай бізнес-імперыі з актывамі ў нафтавай, вугальнай, калійнай, фінансавай, гандлёвай, дэвелаперскай і медыйнай сферах. Але дзейнасць Гуцэрыева адной толькі Расеяй не абмяжоўваецца.
Даволі актыўны ён і ў Беларусі, куды стаў часта прыязджаць з 2000 года, калі ўзначаліў кампанію «Слаўнафта». Гэта было сумеснае прадпрыемства, створанае ў 1994 годзе ўрадамі Беларусі і Расеі. «Слаўнафта» атрымала долю ў Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе. Менавіта яго мадэрнізацыя стала адным з першых пачынанняў Гуцэрыева. Як пасля расказваў расейскі алігарх, гэты праект дапамог дасягнуць бізнесоўцу прыхільнасці ў Лукашэнкі.
Гуцэрыеў, сышоўшы ў 2002 годзе ў самастойны бізнес, не губляў сувязі з Беларуссю, працягваючы супрацоўнічаць у нафтанцы. Новы імпульс адносіны атрымалі праз 10 год. З таго часу мільярдэр пабудаваў у Менску гатэль «Рэнесанс», а таксама тэрмінал для бізнес-авіяцыі ў Нацыянальным аэрапорце «Менск». Упісаўся Міхаіл Гуцэрыеў і ў беларускія ІТ-праекты. У прыватнасці, у 2019 годзе беларускі прадпрымальнік Віктар Пракапеня, які апошнім часам пражывае ў Лондане, і Саід Гуцэрыеў, сын расейскага мільярдэра, стварылі і запусцілі першую ў СНД крыптабіржу Currency.com.
Разам з гэтым Міхаіл Гуцэрыеў узяў сацыяльную нагрузку – пабудаваў элітную школу ў Драздах, перабудаваў у гасцінічны комплекс сядзібу «Краснасельскае» пад Радашковічамі і ўзвёў праваслаўны храм у Менскім раёне.
Пры гэтым Міхаіл Гуцэрыеў будаваў бізнес у Беларусі, абслугоўваючы інтарэсы сям'і Лукашэнкі. Некаторыя «паслугі» Гуцэрыева выглядаюць як падарункі асабіста Лукашэнку. Аўтарытарны лідэр карыстаецца верталётам, які расейскі бізнесмен купіў за 14 мільёнаў долараў і пафарбаваў у колеры дзяржаўнага беларускага сцяга.
На борце двух асабістых самалётаў Гуцэрыева былі заўважаныя не толькі беларускія бізнесоўцы Уладзімір Пефціеў (21 і 25 верасня, 11 кастрычніка 2010 года) і Аляксандр Зайцаў (21 і 25 верасня, 16 кастрычніка 2010 года), якіх называюць «гаманцамі» Лукашэнкі, але і высокапастаўленыя чыноўнікі – цяперашні міністр замежных справаў Уладзімір Макей (27 лютага і 12 сакавіка 2011 года), былы кіраўнік Службы бяспекі прэзідэнта, а цяпер кіраўнік Аператыўна-аналітычнага цэнтру Андрэй Паўлючэнка (19 сакавіка 2013 года) і сыны Лукашэнкі Віктар (21 і 25 верасня, 11 і 16 кастрычніка 2010 года, 19 і 28 сакавіка 2013 года) і Дзмітрый (17 і 21 лютага 2020 года). [*] [*] [*] [*] [*] [*]
Вышэйшай мерай даверу можна лічыць удзел Гуцэрыева ў таемнай інаўгурацыі Лукашэнкі пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе. На «ўрачыстасці» не было нават расейскага амбасадара. У выніку летам 2021 года Міхаіл Гуцэрыеў трапіў у чарговы пакет заходніх санкцыяў супраць Беларусі, уведзеных ў тым ліку ў сувязі з вымушанай пасадкай рэйса Ryanair у Менску, на якім ляцеў апазіцыйны блогер Раман Пратасевіч.
Як санкцыі адбіліся на Гуцэрыеве
За дзесяць дзён да ўвядзення санкцыяў алігарх пакінуў узначалены ім савет дырэктараў «Руснафты», а каля 37% акцый сваёй ключавой структуры перадаў брату Саіт-Саламу Гуцэрыеву, які па выніку ператварыўся ў захавальніка ўсіх ключавых нафтавых актываў сям'і.
Сын Гуцэрыева таксама паспяшаўся скінуць актывы, якія звязвалі яго з бацькам ці Беларуссю. Ён пакінуў пасаду кіраўніка нафтагазавай кампаніі «Фортэінвест», якую ўзначальваў з 2014 года. Саід Гуцэрыеў таксама прадаў свае долі ў трох крыптабіржах кампаньёну Пракапеню і міжнароднай крыптабіржы FTX. У кастрычніку 2021 года Гуцэрыеў-малодшы адрокся ад беларускага Парытэтбанка на карысць малавядомага расейскага прадпрымальніка.
Тут нялішнім будзе нагадаць, як Міхаіл Гуцэрыеў ужо раставаўся з «Руснафтай» у 2007 годзе, калі быў вымушаны пакінуць Расею і прадаць кампанію Міхаілу Прохараву з-за крымінальнага пераследу, звязанага з абвінавачваннямі ў незаконным прадпрымальніцтве і нявыплаце падаткаў. Але ў 2010 годзе следчыя МУС знялі з Гуцэрыева ўсе абвінавачанні (гэта адбылося дзякуючы дэкрыміналізацыі асобных артыкулаў Крымінальнага кодэксу РФ), і бізнесмен вярнуўся ў Расею і выкупіў 49% «Руснафты». Да 2013 года ён аднавіў кантроль у кампаніі. Гэта значыць, у Міхаіла Гуцэрыева ўжо меўся досвед працы ва ўмовах абмежаванняў. Аднак нельга сказаць, што санкцыі зусім не закранулі Міхаіла Гуцырыева. Цяпер пад пытаннем аказалася рэалізацыя самага амбітнага праекту расейскага бізнесмена ў Беларусі – будаўніцтва Нежынскага горна-абагачальнага камбінату (ГАК), які ў бліжэйшыя гады павінен быў вырабляць да 2 млн тон калійных угнаенняў у год. Як сказаў Лукашэнка, Гуцэрыеў адзіны з нямногіх бізнесменаў, хто атрымаў доступ да беларускіх нетраў.
Узвядзеннем камбінату займаецца кампанія «Слаўкалій», у якой старшыняваў Міхаіл Гуцэрыеў. Для фінансавання праекту быў прыцягнуты крэдыт Банка развіцця Кітая ў памеры 1,4 млрд. долараў пад гарантыі беларускага ўрада. Сваіх грошай у Нежынскае радовішча Гуцэрыеў, паводле розных ацэнак, уклаў ад 250 да 600 мільёнаў долараў. Пры гэтым два расейскія банкі – Сбер і Траст – атрымалі долі ў «Слаўкаліі» ў межах фінансавання праекту. Будаўніцтва ГАКа ішло сваім парадкам, пакуль не былі ўведзеныя заходнія санкцыі ў дачыненні да Гуцэрыева і яго структураў. Не выратавала нават перадача Гуцэрыевым брату Саіт-Саламу кантролю над акцыянерам «Слаўкалія» – брытанскай GCM Global Energy. У выніку улетку 2021 года Банк развіцця Кітая не пералічыў чарговы транш «Слаўкалію», а еўрапейскія кампаніі адмовіліся працаваць з кампаніяй, якая і сама патрапіла пад санкцыі. Як яшчэ і «Беларусбанк», праз які кітайскія грошы ішлі на праект. У выніку будоўля новага калійнага камбіната застапарылася.
Аўтары Аляксандр Ярашэвіч, Аляксей Карпека, рэдактар Станіслаў Івашкевіч