Амаль два дзесяцігоддзі малавядомы арабскі бізнесовец абслугоўвае шматмільённыя здзелкі ў інтарэсах Аляксандра Лукашэнкі і набліжаных да яго асобаў. Ён разам з беларускімі ўладамі будаваў жылыя кварталы ў Венесуэле, выконваў замовы для эмірацкай каралеўскай сям’і і Пентагону ды стаў актыўным гульцом на рынку нерухомасці Літвы. БРЦ распавядае пра першага вядомага эмірацкага «гаманца» Лукашэнкі. Разам з набліжанымі да іншай даверанай асобы беларускіх уладаў — Віктара Шаўцова, ён зарабляе ў Еўропе, застаючыся не пад санкцыямі. Пасля выхаду гэтага расследавання сітуацыя можа змяніцца, распавялі нам у літоўскім Сейме.
Матэрыял падрыхтаваны ў партнёрстве з літоўскім медыя 15min.lt, пры падтрыманні Research and Data каманды Цэнтру даследавання карупцыі і арганізаванай злачыннасці OCCRP і «Кіберпартызанаў».
Літоўская нерухомасць і «выдатная інвестыцыя»
Пасля масавых пратэстаў 2020 года ў Беларусі і пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне ў 2022-м Літва прыняла дзясяткі тысяч мігрантаў з гэтых краінаў. Іхняя доля сягае ўжо каля 5% насельніцтва, што магло падштурхнуць кошты на жыллё. Паводле дадзеных парталу The Global Economy, гаворка можа ісці нават пра 70% рост па краіне. Гэта зрабіла ўкладанні ў літоўскую нерухомасць яшчэ больш прыбытковымі. Сярод актыўных інвестараў БРЦ зацікавіў забудоўнік з красамоўнай назвай Puiki investicija — у перакладзе «Выдатная інвестыцыя».
У 2020 годзе пра кампанію загаварылі мясцовыя медыі з нагоды яе амбітнага праекту — будаўніцтва жылога комплексу ў гістарычнай частцы порта Клайпеды. Праект выклікаў пытанні ў сяброўкі гарадской рады Ніны Путэйкене.
«Наколькі я памятаю, у кампаніі было два ці тры супрацоўнікі, а прыбытак за 2018 год складаў усяго дзесяць ці дваццаць тысяч еўра. Што тычыцца ўласнікаў гэтай кампаніі, то ў той час, калі рада галасавала [за ўхваленне праекту забудоўніка], ужо хадзілі чуткі, што гэта беларускі капітал», — распавяла яна БРЦ.
Прадстаўніца гарадской рады ўдакладніла, што яе насцярожыла малая лічба супрацоўнікаў кампаніі — тры асобы на той момант — і надзвычай малы прыбытак, які яна параўнала з уласным заробкам за працу ў музеі.
Puiki investicija актыўная не толькі ў Клайпедзе, але і ў сталіцы. У Вільні яна між іншага пабудавала комплекс таунхаусаў і шматкватэрны дом. Паводле рэестраў, па ўсёй Літве гэтая структура валодае або валодала больш як 150 аб’ектамі нерухомасці. За гэтымі амбітнымі праектамі стаіць арабскі інвестар — Муҳамэд Ахмэд Салем Халіфа аль-Зарым аль-Суўаідзі. Ён кантралюе літоўскую кампанію праз дзве брытанскія фірмы — Dominum Financing і Dominum Europe, кожная з якіх валодае паловай акцыяў Puiki investicija.
Імя аль-Суўаідзі беларускім журналістам і чытачам БРЦ ужо знаёмае. Яно гучала ў нашым расследаванні побач з адным з самых даўніх «гаманцоў» Аляксандра Лукашэнкі — бізнесоўцам Віктарам Шаўцовым. Аль-Суўаідзі цесна звязаны з Шаўцовым і разам з ім кантраляваў надзвычай важнае для Беларусі прадпрыемства — будаўнічую кампанію «Белзамежбуд» (з 2022 года — «ВіяСЭТрэйд»). Каб зразумець ролю арабскага інвестара ў менеджменце фінансаў Лукашэнкі, варта ўзгадаць, кім з’яўляецца яго беларускі партнёр.
Віктар Шаўцоў: гады ў ценю і першыя санкцыі
Віктар Шаўцоў дзясяткі гадоў абслугоўвае фінансавыя інтарэсы Лукашэнкі на Блізкім Усходзе і ў Лацінскай Амерыцы. Толькі ў жніўні 2024-га, пасля выхаду расследавання БРЦ пра яго манаполію на выраб ахоўных галаграм, Шаўцоў трапіў пад санкцыі Еўразвязу і Швейцарыі. Аднак яшчэ дваццаць гадоў таму менавіта яго дзейнасць стала прычынай першых эканамічных абмежаванняў супраць Беларусі.
У пачатку 2000-х кампаніі Шаўцова — ТАА «Белметалэнэрга» і банк «Інфабанк» — удзельнічалі ў пастаўках беларускай тэхнікі ў падсанкцыйны Ірак. Злучаныя Штаты пасля зрынання Садама Хусэйна заявілі, што «Інфабанк» «удзельнічаў у адмыванні грошай для іракскага рэжыму». У 2004 годзе амерыканцы ўвялі санкцыі супраць гэтага банку. Праўда, праз дзесяць гадоў, у 2014-м, гэтыя абмежаванні знялі — на той момант «Інфабанк» перайменавалі ў «Трастбанк», а потым — у «Банк Рашэнне».
Валер Кавалеўскі ў 2001-2004 гадах працаваў у беларускай амбасадзе ў ЗША. Па яго словах, Шаўцоў у тыя часы быў, хутчэй за ўсё, галоўным прадстаўніком беларускіх уладаў у Іраку. Тады такіх асобаў яшчэ не называлі «гаманцамі» Лукашэнкі.
«У той час — гэта бізнесовец, які блізкі да Лукашэнкі. Гэта была бы такая формула. Зараз мы ўжо выводзім такую формулу, што ў Беларусі няма алігархаў, ёсць людзі, якія кіруюць актывамі Лукашэнкі. Менеджары нанятыя, умоўна кажучы, у якіх ёсць значныя рэсурсы», — згадвае былы дыпламат.
Не зважаючы на той скандал, даверу беларускіх уладаў Шаўцоў не страціў. З 2007 года ён рэгулярна лётаў у замежныя камандзіроўкі ў кампаніі наменклатуры найвышэйшага ўзроўню: напрыклад, са старшынём Рады Бяспекі Віктарам Шэйманам і віцэ-прэм’ерам Уладзімірам Сямашкам. [*] [*] [*] [*] [*]
Акурат тады для Беларусі пачаўся «венесуэльскі перыяд», цесна звязаны з кампаніяй «Белзамежбуд». Гэтае прадпрыемства заснавалі адмыслова пад праекты Лукашэнкі ў Венесуэле, і менавіта Шаўцова прызначылі старшынёй рады дырэктараў фірмы. Праз некалькі год пасля пачатку працы над кантрактамі ў Каракасе, Шаўцоў праявіў сябе настолькі, што ў медыях яго сталі называць адным з «гаманцоў дыктатара». [*]
Першы кантракт «Белзамежбуд» атрымаў у 2007 годзе пасля візіту Лукашэнкі да Уга Чавэса: кампанія ўзялася будаваць жылы комплекс у Венесуэле. Пазней з’явіліся новыя дамовы: заводы для рамонту і зборкі беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі і грузавікоў ды іншыя будаўнічыя падрады. Паводле злітых з Адміністрацыі прэзідэнта дакументаў, на 2012 год агульны партфель кантрактаў «Белзамежбуду» у Венесуэле перавышаў мільярд долараў. Для параўнання, апошнія дадзеныя па таваразвароце Беларусі з Венесуэлай — яшчэ за 2021 год — ледзь дасягаюць $2 млн, а ў часы дружбы Лукашэнкі і Чавэса гаворка ішла пра сумы да паўтара мільярда.
Дубайскія праекты: партнёр з каралеўскім размахам
Пра тое, чым скончылася авантура Беларусі ў Венесуэле, БРЦ распавёў у асобным расследаванні ўвесну 2023 года. Тады ж журналісты выявілі, што буйным бенефіцыярам «Белзамежбуду» з’яўляецца сям’я аль-Суўаідзі. У 2009 годзе, арабскі бізнесовец быў нават мажарытарным уласнікам «Белзамежбуду». [*] [*]
Аднак неўзабаве Мінархітэктуры пастанавіла, што дзяржаўная ўласнасць тут мусіць складаць прынамсі 51%. Такім чынам у яго засталіся 39% кампаніі. Яшчэ частку акцыяў у фірме атрымалі дзяржаўныя будаўнічыя трэсты. У 2021 годзе ў эквадорскім бізнес-рэгістры бенефіцыяр змяніўся на ягонага сына Султана. [*]
Акрамя ўдзелу ў беларускіх дзяржаўных праектах і будаўніцтва таунхаусаў у Вільні, аль-Суўаідзі меў бізнес у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах. Паводле карпаратыўных запісаў, якімі з БРЦ падзяліліся аналітыкі амерыканскага Цэнтру прасунутых абарончых даследаванняў C4ADS, ён кантраляваў будаўнічую фірму Future Metro Technical Contracting, якая працавала на вядомых аб’ектах у Дубаі. Сярод іх — Міжнародны аэрапорт Дубаю і раскошны комплекс Royal Atlantis Resort & Residences на штучным архіпелагу Пальма Джумейра.
Мы знайшлі шэраг пазоваў супраць гэтай фірмы, дзе фігуруе імя аль-Суўаідзі — аб нявыплаце заробкаў і парушэннях працоўнага заканадаўства. У 2020 годзе справы выйшлі за межы судовай залі. Індыйскія працоўныя з Future Metro паскардзіліся, што іх раптоўна звольнілі, два месяцы яны вымушаны жыць у намётах без грошай і ежы, а кампанія не вяртае ім пашпарты і нават не дапамагае хворым на COVID супрацоўнікам.
У матэрыялах судоў сярод прадстаўнікоў адказчыка нам трапіўся подпіс — «Victor Shift Soft». У іншых дакументах той жа адказчык ужо названы правільна: Віктар Шаўцоў. Гэта пацвярджае, што бізнесовец быў уладальнікам або кіраўніком Future Metro Technical Contracting разам з аль-Суўаідзі.
Больш за тое, на архіўнай версіі сайта Future Metro за 2016 і 2017 гады згадваецца, што кампанію набыў «Белзамежбуд», а ў закладцы «Заснавальнік» пазначаны сам Віктар Шаўцоў. Інакш кажучы, з 2016 года Future Metro прынамсі часткова належала беларускай дзяржаўнай структуры, але працягвала працаваць у ААЭ, дзе атрымлівала падрады.
Па звестках C4ADS, Шаўцоў і аль-Суўаідзі валодалі 51% і 49% акцый Future Metro Technical Contracting. Пры гэтым, як вынікае з інфармацыі на сайце кампаніі, сярод заказчыкаў Future Metro, былі vip-кліенты. Да прыкладу, праекты ў дубайскім аэрапорце курыравала дзяржаўная інжынірынгавая кампанія пад кіраўніцтвам чальца каралеўскай сям’і ААЭ. Іншы заказчык — холдынг Meraas, які належыць шэйху Махамаду бін Рашыду аль-Мактуму, віцэ-прэзідэнту і прэм’ер-міністру ААЭ. Але самым нечаканым аб’ектам у партфоліа Future Metro для нас стала амерыканская авіябаза Аль-Дафра пад Абу-Дабі. Кампанія Шаўцова і аль-Суўаідзі не пазней за 2016 год пракладвала там сетку кабеляў для выпрабавальнага ракетнага комплексу.
Пры гэтым, прынамсі з 2016 года Future Metro была даччынай структурай «Белзамежбуд». Атрымліваючы падрады ад Пентагону або эмірацкіх дзяржаўных фондаў, фірма працавала на карысць беларускіх уладаў.
Акрамя «Белзамежбуду», арабскі партнёр беларускіх уладаў задзейнічаны і ў іншых праектах. Яшчэ ў сакавіку 2010 года Лукашэнка разам з Уга Чавэсам падпісалі пакет кантрактаў на пабудову некалькіх заводаў у Венесуэле — ад зборачнай вытворчасці тэхнікі МАЗ да заводу па ўтылізацыі батарэй. Пра выкананне амаль ідэнтычнага спісу працаў паведамляе ў Венесуэле кампанія PSGT Middle East General Trading (раней называлася Premier Seguros General Trading). [*]
Уласнік PSGT Middle East General Trading — ізноў аль-Суўаідзі. З 2010 па прынамсі 2022 год PSGT Middle East General Trading мела камісійную дамову з «Белзамежбудам» на суправаджэнне праектаў, а таксама займалася пастаўкамі беларускіх тавараў у Венесуэлу. У спісе партнёраў PSGT Middle East General Trading значацца флагманы беларускай прамысловасці: «Белшына», «Волат» (МЗКТ), «Белаграмаш», «Амкадор», «Керамін». То бок аль-Суўаідзі, карыстаючыся ўдзелам і ў «Белзамежбудзе», і ў PSGT Middle East General Trading, сам сабе замаўляў выкананне прынамсі некаторых праектаў.
Сціплы «гаманец» і падзенне «Белзамежбуду»
Нягледзячы на ўсе гэтыя актывы і кантракты, жыве арабскі «гаманец» Лукашэнкі даволі сціпла. Аль-Суўаідзі валодае вілай у Дубаі, але тая знаходзіцца ў самым густанаселеным і далёка не самым дарагім раёне гораду, а яе кошт ацэньваецца да €4 млн. На гэтую вілу накладзены заклад (то бок яна ў іпатэцы), і яе гаспадар здае дом у арэнду. Сам жа Муҳамад, паводле звестак на верасень 2024 года, здымае кватэру ў звычайным спальным раёне сталіцы ААЭ. Абодва кантракты арэнды мы знайшлі ў дадзеных, што атрымала газета Le Monde і апрацаваў OCCRP. Такое жыццё выглядае падазрона сціплым для міжкантынентальнага бізнесоўца. [*]
Мы распавялі гісторыю аль-Суўаідзі Самуэлю Рамані, даследчыку Каралеўскага інстытуту аб’яднаных службаў — найстарэйшага ў свеце незалежнага брытанскага аналітычнага цэнтру, што кансультуе мясцовых палітыкаў. Эксперт адзначыў, што большасць прыкмет патэнцыйнай проксі-схемы — ад разыходжання даходаў і ўзроўню жыцця да сувязяў з асобамі пад санкцыямі і сеткі кампаній-абалонак — у гэтай гісторыі на відавоку.
Зрэшты, сам «Белзамежбуд» за апошнія гады моцна змяніўся. Пасля правалу часткі венесуэльскіх праектаў у 2022 годзе кампанію перайменавалі ў «ВіяСЭТрэйд». З будаўнічага гіганта з многімі сотнямі рабочых яна ператварылася ў праектна-інжынірынгавую фірму — цяпер там працуе толькі больш за 50 чалавек. [*]
З Персідскага заліву — на Балтыку
Будаўнічыя праблемы тандэму Шаўцоў–аль-Суўаідзі працягнуліся і за акіянам. На сайце адной з эмірацкіх кампаній згадвалася фірма B.Z.S. Invest FZ з філіяламі ў Перу, Эквадоры і Калумбіі. У Калумбіі гэты інвестар узяўся ўзводзіць 423 дамы сацыяльнага жытла ў партнёрстве з мясцовай кампаніяй Kromo Constructores. Аднак выглядае на тое, што праект пацярпеў крах: сайт калумбійскага партнёра цяпер недасяжны, а на іх старонцы ў фэйсбуку апошняе абнаўленне датавана 2023 годам. Пад тым допісам засталося больш за 170 каментароў, у якіх мясцовыя жыхары абвінавачваюць забудоўнікаў у махлярстве: пішуць, што «яны ашуканцы і зладзеі, не купляйце!», што офіс фірмы зачыніўся, грошы не вяртаюць і г.д.
Мы не знайшлі ні аднаго сур’ёзнага праекту аль-Суўаідзі, дзе б не прысутнічаў Віктар Шаўцоў. Падобная гісторыя і з літоўскай фірмай Puiki investicija, з якой мы пачалі расплятаць сетку бізнесаў эмірацкага прадпрымальніка. І сапраўды, там таксама не абышлося без Шаўцова, а дакладней — без ягоных людзей.
Віктар Шаўцоў са жніўня 2024 года знаходзіцца пад еўрапейскімі санкцыямі, таму кіраваць актывамі ў Еўропе наўпрост яму ўжо нельга. Але ў Літве дзейнічае цэлы шэраг звязаных з ім асобаў.
Адзін з іх — Аляксандр Грыбоўскі. Яшчэ з пачатку 90-х Грыбоўскі працаваў разам з Шаўцовым: быў супрацоўнікам «Інфабанку» і яго правапераемнікаў. У 2007 годзе ён ездзіў разам з Віктарам Шаўцовым у Літву, а да нядаўняга часу быў сябрам праўлення ўжо згаданай дэвелаперскай кампаніі Puiki investicija.
Ён мае ўдзел і ў іншых падобных фірмах — да прыкладу, у кампаніі Apex Group, якая забудоўвала элітнае жыллё на праспекце Гедыміна ў самым цэнтры Вільні, пад бокам у літоўскага Сейма.
Puiki investicija і звязаныя з ёй забудоўніцкія кампаніі нават былі зарэгістраваныя па суседстве: у бізнес-цэнтры на вуліцы Антано Тумена ў Вільні офіс Puiki investicija мяжуе з памяшканнем кампаніі Paremo Invest, чарговай будаўнічай фірмы ва ўласнасці Грыбоўскага. У тым жа будынку зарэгістраваная і фірма IVA Futurum, канчатковым бенефіцыярам якой з’яўляецца Грыбоўскі.
Беларускі і дубайскі сляды звязаных з Шаўцовам людзей пакрылі ледзь не ўсю Вільню.
Грыбоўскі працаваў таксама і ў Менску. Яшчэ з 2010 года ён кіраваў беларускім прадстаўніцтвам эмірацкай кампаніі Premier Seguros General Trading LLC — той самай, праз якую аль-Суўаідзі разам з «Белзамежбудам» будаваў заводы ў Венесуэле. У 2010 годзе Premier Seguros General Trading LLC (цяпер PSGT Middle East General Trading) стала дыстрыб’ютарам Менскага аўтазаводу (МАЗ) у Лацінскай Амерыцы. [*]
Сярод партнёраў Грыбоўскага ў літоўскім бізнесе бачны яшчэ адзін беларускі менеджар — Віталь Бандарык. Ён таксама да нядаўняга часу быў сярод дырэктараў Puiki investicija. Прынамсі да 2023 года — у шэрагах нагляднай рады ў праўленні «Банку Рашэнне», з траўня 2012 года да як мінімум 2020-га — генеральным дырэктарам «Белзамежбуду» і даверанай асобай аль-Суўаідзі ў Эквадоры (дзе фірмы Шаўцова вялі бізнес у 2010-я). [*]
Урэшце ў 2017 за «шматгадовую працу» ён атрымаў ад «Белзамежбуду» 80-метровую кватэру ў Менску. Узнагароду запісалі на жонку. [*]
Бандарык таксама сустракаўся з амбасадарамі лацінаамерыканскіх краін ад імя Беларусі, а ў 2017 годзе нават ляцеў у адным самалёце з Лукашэнкамі (старэйшым і малодшым), прэс-сакратаркай Наталляй Эйсмант і міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем — гэта была дзяржаўная дэлегацыя ў Індыю па пошуку новых рынкаў для беларускіх калійных угнаенняў.
Усе забыліся пра Віктара
Цягам расследавання мы намагаліся паразмаўляць з абодвума спадарамі. У тым ліку ўжывую. Аднак дзверы па ўсіх іхных адрасах, што былі пазначаныя ў літоўскіх рэгістрах як кантактныя, былі закрытыя. Падрабязней пра нашыя намаганні паразмаўляць з фігурантамі гісторыі і тое, як журналісты БРЦ прабраліся ў прэстыжны закрыты пасёлак пад Вільняй, дзе жыве Віталь Бандарык, глядзіце ў відэаверсіі расследавання.
Выглядае на тое, што нашыя спробы заўважылі. Праз два тыдні ад нашага няўдалага візіту ў Puiki investicija адбыліся структурныя змены. Ліквідаванае праўленне кампаніі: Бандарык, Грыбоўскі і аль-Суўаідзі туды ўжо не ўваходзяць. Але арабскі бізнесовец дагэтуль застаецца бенефіцыярам кампаніі.
Мы здолелі датэлефанавацца спадару Бандарыку, які на пытанне пра сувязі з Віктарам Шаўцовым коратка заявіў, што «не ведае такога», і кінуў слухаўку.
Таксама мы атрымалі ананімны ліст ад асобы, што назвалася адвакатам, які прадстаўляе інтарэсы Бандарыка і Грыбоўскага. Мы дасылалі просьбы адказаць на падобныя пытанні праз электронную пошту і ім, і ў самую Puiki investicija, аднак адказ прыйшоў асобным электронным лістом, а не як адказ на наш запыт. У лісце без подпісу зняпраўджваецца вусная заява нашага фігуранта:
«Дзелавыя адносіны з Віктарам Шаўцовым сапраўды мелі месца ў мінулым, аднак на сённяшні дзень цалкам спыненыя. Пры гэтым ні адзін з маіх кліентаў ніколі не выступаў яго намінальнай асобай. Дадаткова падкрэсліваю, што Віктар Шаўцоў ніколі не меў і не мае ніякага дачынення да дзейнасці кампаніі UAB “Puiki investicija”».
На просьбу пацвердзіць, ці сапраўды мы маем дачыненне з адвакатам ці юрыдычнай фірмай, адказаць на іншыя нашыя пытанні, ды ўрэшце назваць сябе, адказу не атрымалі.
На нашыя запыты адказаў цэлы шэраг фірмаў, звязаных з фігурантамі расследавання.
Ад імя UAB Puiki investicija нам адказала юрыдычная фірма. Прадстаўнікі забудоўшчыка падкрэслілі, што падчас падрыхтоўкі праекта па будаўніцтве ў порце Клайпеды кампанія не сутыкалася з пратэстамі мясцовых жыхароў і дзейнічала выключна ў межах закона. Яны таксама пацвердзілі нядаўнія змены ў структуры кіравання і зняпраўдзілі любую сувязь кампаніі з Віктарам Шаўцовым. Гэтак жа юрыстам фірмы не вядома пра якую-кольвек сувязь паміж аль-Суўаідзі і Шаўцовым.
Напрыканцы ліста юрысты, што прадстаўляюць інтарэсы Puiki investicija, выказалі занепакоенасць характарам журналісцкага запыту. Маўляў, фірма пакідае за сабой права прыняць адпаведныя захады для абароны сваіх законных інтарэсаў і рэпутацыі, калі ў публічнай прасторы з’явяцца некарэктныя або беспадстаўныя абвінавачанні ў яе адрас.
Іншы пісьмовы адказ прыйшоў ад Future Metro Tech Contracting LLC, якая папярэдзіла нас аб магчымых юрыдычных наступствах, калі яго змест будзе агучаны ў расследаванні. У лісце падкрэсліваецца, што «ніхто з названых асоб (Муҳамэд Ахмэд Салем Халіфа аль-Зарым аль-Суўаідзі, Віктар Шаўцоў) або юрыдычных асоб (ЗАТ “Белзамежбуд”) не з'яўляецца ўласнікам Future Metro Tech. Cont. LLC». Кампанія адзначае, што інфармацыю пра ўласнікаў у ААЭ можна атрымаць толькі праз адпаведны эканамічны дэпартамент або Міністэрства эканомікі, адначасова падкрэсліваючы, што журналісты не надзеленыя паўнамоцтвамі патрабаваць такія звесткі. Таксама Future Metro Technical Contracting зняпраўджвае звесткі з уласнай жа зархівізаванай старонкі пра ўдзел у будаўніцтве авіябазы Аль-Дафра (амерыканскі вайсковы аб’ект у ААЭ).
Адказала на наш запыт і RSI Middle East FZ-LLC (раней B.Z.S Invest FZE) — кампанія, што разам з Kromo Constructores S.A.S. не змагла збудаваць сацыяльнае жытло ў Калумбіі. У лісце зазначаюць, што ў 2019 годзе ў фірмы змяніўся ўласнік, а ў 2022 годзе быў праведзены рэбрэндынг, і падкрэсліваюць, што ні спадар аль-Суўаідзі, ні спадар Шаўцоў не з’яўляюцца бенефіцыярнымі ўласнікамі гэтай кампаніі і ніяк з ёй не звязаны — ні ў ролі партнёраў, ні дырэктараў, ні супрацоўнікаў. Акрамя таго, кампанія адзначае, што цяпер не мае ніякіх сувязяў з былымі калумбійскімі партнёрамі.
Акрамя вышэйпералічаных мы даслалі запыты таксама ў «Банк “Рашэнне”», ЗАТ «ВiяСЭТрэйд» (ЗАТ «Белзамежбуд»), Kromo Constructores S.A.S. і PSGT Middle East Trading LLC. Ад гэтых кампаній адказу не атрымалі.
Сам аль-Суўаідзі паразмаўляў з намі па тэлефоне. Арабскі бізнесовец адказаў, што, цытата, не ведае Віктара. Калі ж мы прыгадалі аль-Суўаідзі пра некаторыя іхныя супольныя праекты, ён заявіў, што нашая інфармацыя — «няправільная», і заклікаў кантактавацца з «ягонай амбасадай або адвакатам».
Віктар Шаўцоў на нашыя пытанні адказаў пісьмова: «Хачу паведаміць, што ў дадзены час у мяне няма бізнесу сумесна з паважаным спадаром М. аль-Суўаідзі. Таксама ў мяне адсутнічае якая-заўгодна роля ў ЗАТ “Банк Рашэнне”. [...] З 2012 года я не з’яўляюся ўдзельнікам ЗАТ “Банк Рашэнне” і ЗАТ “Белзамежбуд”. На просьбу новых уласнікаў я працягваў выконваць абавязкі старшыні назіральных саветаў гэтых кампаній. У сувязі з доўгай адсутнасцю мяне на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, я ўжо не мог фізічна выконваць гэтыя абавязкі, таму я сышоў з гэтых пасад».
Шаўцоў таксама сцвярджае, што не ў курсе якіх-заўгодна бізнес праектаў, што рэалізуюць Грыбоўскі і Бандарык.
Бізнесовец дадаў, што з 2019 года не вядзе бізнесу са спадаром аль-Суўаідзі, пасля таго, як прадаў Future Metro новым інвестарам. Адказаў датычна дзейнасці кампаніі, калі яна была ў ягонай уласнасці, мы не атрымалі. Шаўцоў сцвярджае, што будаўніцтвам у Калумбіі ўвогуле не займаўся. Ён «адказна заяўляе», што аль-Суўаідзі ня мае беларускіх актываў, а займаецца выключна прыватным бізнесам. Напрыканцы размовы Шаўцоў паведаміў, што летась у кастрычніку звярнуўся ў суд агульнай юрысдыкцыі ЕЗ з патрабаваннем выключыць яго з санкцыйнага спісу. Паводле яго словаў, там ён «рашуча і абгрунтавана» зняпраўдзіў усе абвінавачанні.
Рэакцыя Літвы
Гэтае расследаванне чакаюць у літоўскім Сейме. Прынамсі так нам заявіў экс-міністр абароны краіны, а цяпер дэпутат мясцовага парламенту Лаўрынас Кашчунас:
«Пасля вашага расследавання я звярнуся ва ўрад, у службы фінансавых расследаванняў, што адказваюць за санкцыі і іх захаванне. І пабачым, што яны скажуць, бо нам трэба прасачыць усе гэтыя залежнасці. Гэта не так проста, як вы разумееце, бо тут шмат узроўняў, шмат проксі і гэтак далей. Але калі мы бачым пункт прызначэння, хто канчатковы актар, і ёсць доказы, тады можна зрабіць пэўныя крокі».
Адметна, што адзін з гэтых «пунктаў прызначэння» — месца рэгістрацыі шэрагу літоўскіх кампаніяў, пра якія мы распавядалі вышэй, знаходзіцца літаральна праз дарогу ад месца працы спадара Кашчунаса.
Падрыхтоўку гэтага расследавання падтрымаў грант фонду Investigative Journalism for Europe.