БРЦ выявіў пастаўкі «Ронтэк машын тулс» больш чым на $8 млн расейскім прадпрыемствам з арбіты ваеннай прамысловасці.

З верасня 2022 года па чэрвень 2025-га беларускае прадпрыемства «Ронтэк машын тулс» паставіла прадукцыі больш чым на $8,3 млн расейскім фірмам, звязаным з ваенна-прамысловым комплексам. Сярод атрымальнікаў — кампанія пад санкцыямі ЗША і партнёры вытворцаў узбраенняў і дэталяў да іх, у тым ліку з пераліку расейскага АПК. Пастаўкі ўключалі апрацоўчыя цэнтры і станкі. Еўразвяз забараніў экспартаваць у Расею такія тавары, паколькі яны могуць спрыяць умацаванню расейскага ваенна-прамысловага патэнцыялу.

Больш за $4 млн аднаму дыстрыб’ютару

Адным з найбуйнейшых пакупнікоў, якога выявіў БРЦ, стала расейская «Венде Групп». З верасня 2022 года па сакавік 2025-га «Ронтэк машын тулс» паставіла ёй прадукцыі на $4,23 млн.

У лютым 2024 года Міністэрства фінансаў ЗША ўвяло супраць «Венде Групп» санкцыі. У абгрунтаванні амерыканскага ведамства гаворыцца, што кампанія пастаўляе расейскім прадпрыемствам рэжучыя інструменты і металаапрацоўчае абсталяванне з лічбавым праграмным кіраваннем. Сама «Венде Групп» паведамляла, што выконвае дзяржаўныя замовы і забяспечвае патрэбы абаронных прадпрыемстваў. Яе супрацоўнікі таксама ўдзельнічалі ў ваенна-тэхнічным форуме «Армия», дзе прадстаўлялі станок «Ронтэк».

Крыніца: Інстаграм-акаўнт «Венде Групп». Ваенна-тэхнічны форум «Армия 2023»

Журналіст БРЦ звязаўся з «Венде Групп» і прадставіўся супрацоўнікам «Ронтэк машын тулс». У кампаніі пацвердзілі, што перапрадавалі станкі беларускага вытворцы ў 2022—2024 гадах. Паводле слоў суразмоўцы, сярод кліентаў дыстрыб’ютара ёсць прадпрыемствы машынабудавання і суднабудаўнічай галіны. Назваць канкрэтныя арганізацыі ён адмовіўся.

«Для якіх далей задач яны (станкі — рэд.) выкарыстоўваюцца, мы як бы не ў курсе. Нам дэталяў не паказваюць», — сказаў супрацоўнік «Венде Групп».

Прадукцыі на $2,7 млн ад «Ронтэк машын тулс» з верасня 2023-га па чэрвень 2025 года атрымала кампанія «СФ Урал». На сваім сайце яна называла сярод партнёраў прадпрыемствы расейскага ВПК. У прыватнасці, «Мотовилихинские заводы», якія выпускаюць артылерыйскія сістэмы, мінамёты і рэактыўныя сістэмы залпавага агню, і Аб'яднаную рухавікабудаўнічую карпарацыю, якая вырабляе ў тым ліку рухавікі для ваеннай авіяцыі і ракетна-касмічнай тэхнікі. БРЦ не ўстанавіў, ці пастаўляла «СФ Урал» атрыманае ад «Ронтэк машын тулс» абсталяванне менавіта гэтым прадпрыемствам.

З верасня 2022-га па сакавік 2023 года прадукцыю на $852 тыс. атрымала ніжагародскае «Рост НН». Паводле расейскага рэестра, адным з відаў дзейнасці прадпрыемства з’яўляецца вытворчасць боепрыпасаў. [*] [*]

У студзені-лютым 2023 года прадукцыі «Ронтэк машын тулс» на $245,6 тыс. атрымала кампанія «Металлмаш», якая пазней, у снежні таго ж года, трапіла пад санкцыі ЗША. У верасні 2022-га абсталяванне яшчэ прыкладна на $200 тыс. атрымаў Пецярбургскі трактарны завод. Прадпрыемства знаходзіцца пад санкцыямі Украіны і ўваходзіць у закрыты пералік арганізацый расейскага абаронна-прамысловага комплексу, апублікаваны ў 2025 годзе расейскім Цэнтрам «Досье». Прадукцыі на $79 тыс. атрымаў Электрастальскі завод цяжкага машынабудавання — арганізацыя таксама ўваходзіць у пералік расейскіх прадпрыемстваў АПК.

Крыніца: БРЦ

Пры гэтым сувязь пакупнікоў з расейскім абаронна-прамысловым комплексам сама па сабе не азначае, што пастаўленае ім абсталяванне выкарыстоўвалася непасрэдна для вытворчасці ўзбраенняў.

12 станкоў на прадпрыемстве расейскага АПК

БРЦ знайшоў і прыклад выкарыстання абсталявання «Ронтэк машын тулс» на прадпрыемстве, якое трапіла ў поле зроку ўкраінскай выведкі. Увесну 2026 года ГУР паведаміла, што на пецярбургскім «Ресурсе», які вырабляе абсталяванне і кампаненты для расейскай прамысловасці, усталяваны станок беларускага вытворцы. У адказе на запыт БРЦ Галоўнае ўпраўленне разведкі Украіны пацвердзіла, што гэта прадпрыемства супрацоўнічае з абароннымі арганізацыямі — «Обуховский завод», Карпарацыяй «Тактическое ракетное вооружение», Дубненскім машынабудаўнічым заводам імя Н.П. Фёдарава. Таксама ў ведамстве пацвердзілі, што на «Ресурсе» усталяваны станок Rontek VMC 60C. [*]

Крыніца: «Сайт Ронтэк машын тулс». Rontek VMC 60C

Журналіст БРЦ, прадставіўшыся супрацоўнікам «Ронтэк машын тулс», звязаўся з генеральным дырэктарам «Ресурса» Міхаілам Амасоўскім. Той распавёў, што на прадпрыемстве ўсталявана 12 станкоў Rontek VMC 60C. Паводле слоў Амасоўскага, іх паставіла «Венде Групп». Станкі выкарыстоўваюць для фрэзеравання і апрацоўкі корпусных дэталяў.

«Якасць [станкоў] задавальняе, машынкі працуюць. Так, там былі нейкія нюансы, але іх дастаткова аператыўна хлопцы, якія нам іх прадавалі, ліквідуюць… Для нас гэта рабочыя конікі, якія 24/7 працуюць», — расказаў Амасоўскі.

Ён таксама паведаміў, што амаль усе кліенты прадпрыемства звязаныя з расейскай абароннай прамысловасцю.

«Нават не большая частка, а 98%. Там рознае: прыборабудаванне, малое машынабудаванне і іншыя рэчы, якія з гэтым звязаныя, але ў асноўным ВПК. Ну і, адпаведна, наша кампанія ўваходзіць у аб'яднаны рэестр прадпрыемстваў АПК», — сказаў дырэктар «Ресурса».

Паколькі рэестр прадпрыемстваў расейскага АПК засакрэчаны, БРЦ не змог пацвердзіць словы Амасоўскага пра тое, што «Ресурс» у яго ўваходзіць.

Што могуць рабіць такія станкі

«Ронтэк машын тулс» вырабляе металаапрацоўчае абсталяванне: вертыкальныя, гарызантальныя, партальныя і пяцівосевыя апрацоўчыя цэнтры. Яны дазваляюць з высокай дакладнасцю фрэзераваць, свідраваць і апрацоўваць металічныя нарыхтоўкі і могуць выкарыстоўвацца як у грамадзянскай прамысловасці, так і пры вытворчасці ваеннай тэхнікі.

На сваім сайце «Ронтэк машын тулс» указвае, што гарызантальныя цэнтры серыі HMC падыходзяць для апрацоўкі корпусных дэталяў, кампанентаў рухавікоў і каробак перадач. Пяцівосевыя цэнтры VM прызначаныя ў тым ліку для вырабу складаных дэталяў — напрыклад, лапатак турбін. Партальныя цэнтры GMC могуць ужывацца ў суднабудаванні, авіябудаванні і ракетна-касмічнай галіне.

Паводле слоў дырэктаркі па аналітыцы, даследаваннях і расследаваннях Савету эканамічнай бяспекі Украіны Олены Юрчанкі, станкі з лічбавым праграмным кіраваннем «Ронтэк машын тулс» з'яўляюцца абсталяваннем падвойнага прызначэння.

«Гарызантальныя апрацоўчыя цэнтры — базавае абсталяванне серыйнай вытворчасці корпусных дэталяў. На іх вырабляюцца блокі і галоўкі блокаў дызеляў бранятэхнікі і суднавых установак, картары трансмісіяў і бартавых рэдуктараў, карпусы гідраразмеркавальнікаў і прыводаў. <...> Вертыкальныя цэнтры ўтвараюць найбольш масавы сегмент. На іх вырабляюцца кранштэйны, фітынгі, дробныя карпусы, дэталі ўзрывальнікаў і засцерагальна-выканаўчых механізмаў, а таксама тэхналагічная аснастка», — прывяла прыклады выкарыстання ў ваеннай вытворчасці Юрчанка.

Пяцівосевыя і партальныя цэнтры, паводле яе слоў, выкарыстоўваюцца сярод іншага ў вытворчасці малагабарытных рухавікоў крылатых ракет, БПЛА, шпангоўтаў і днішчаў бакаў ракет-носьбітаў, рам пускавых установак.

Кітайская тэхналогія ў «Вялікім камені»

«Ронтэк машын тулс» зарэгістравалі ў Беларусі ў кастрычніку 2017 года. Вытворчасць кампаніі знаходзіцца ў кітайска-беларускім індустрыяльным парку «Вялікі камень».

У кастрычніку 2023 года «Ронтэк машын тулс» і кітайская Shandong DEED Precision Machine Tool падпісалі пагадненне аб намерах па стварэнні вытворчасці высокадакладных станкоў. Тады ж пачалося будаўніцтва заводу.

На цырымоніі падпісання пагаднення прысутнічалі былы амбасадар Беларусі ў Расеі Уладзімір Сямашка, тагачасны кіраўнік «Вялікага каменя» Аляксандр Ярашэнка і мэр кітайскага гораду Цзінь-Ін. Пасля падпісання старшыня Shandong DEED Precision Machine Tool Чэнь Юн асобна адзначыў падтрымку беларускага ўрада.

Яшчэ на этапе будаўніцтва кіраўніцтва «Вялікага каменя» называла Расею асноўным рынкам для прадпрыемства. У 2024 годзе вытворчасць наведала намесніца міністра эканомікі Беларусі Алеся Абраменка.

Уладальнікам і дырэктарам «Ронтэк машын тулс» з'яўляецца беларус Валерый Шчурок. [*] [*] Кампанія ўваходзіць у групу «БАЗ» разам з «БАЗДорМАШ» і «БАЗцьюб». Гэтыя прадпрыемствы ўжо траплялі ў поле зроку журналістаў праз сувязі з расейскім ваенна-прамысловым комплексам. «БАЗДорМАШ» фігуравала ў расследаванні БРЦ аб пастаўках дэталяў расейскім абаронным прадпрыемствам. У 2024 годзе ЗША ўвялі санкцыі супраць «БАЗцьюб» за працу з расейскім ВПК.

Журналіст БРЦ звязаўся з дырэктарам «Ронтэк машын тулс» Валерыем Шчурком і спытаў яго пра выяўленыя намі пастаўкі расейскім кампаніям, звязаным з АПК.

«Мы ў Расею станкоў ніякіх не пастаўлялі. Мы пастаўлялі іх дылерам. Куды станкі прадаюцца, я, шчыра кажучы, не ведаю. Мы тут дамовы ніякія не падпісваем. У нас уся рэалізацыя ў Расею ідзе праз дылераў. <...> То бок яны падбіраюць інструмент, падбіраюць тэхналогію, разумееце, мы туды не лезем, гэта іх хлеб. Мы вырабляем станкі», — сказаў Шчурок.

Паводле яго слоў, кампанія не запытвае ў дылераў, ці звязаныя іх кліенты з расейскай абароннай прамысловасцю. Пры гэтым дырэктар «Ронтэк машын тулс» паведаміў, што цяпер кампанія ўжо не працуе з «Венде Групп» і «СФ Урал».

Станкі на замену заходнім

Пастаўкі «Ронтэк машын тулс» адбываюцца на фоне пераарыентацыі беларускага станкабудавання на расейскі рынак пасля пачатку поўнамаштабнай вайны супраць Украіны. З таго часу экспарт прадпрыемстваў станкабудаўнічай галіны сістэмы беларускага Мінпрама вырас прыкладна ўдвая ў параўнанні з узроўнем 2021 года. Паралельна беларускія і расейскія заводы пачалі выпускаць так званыя саюзныя станкі, якія павінны замяніць заходняе абсталяванне.

Звесткі пра арганізацыі, якія фігуруюць у расследаванні:

Пад «Ронтэк машын тулс» у гэтым матэрыяле маецца на ўвазе ТАА «Ронтэк машын тулс». Краіна рэгістрацыі — Беларусь, УНП 691700388.

Пад «Венде Групп» у гэтым матэрыяле маецца на ўвазе ООО «Венде Групп». Краіна рэгістрацыі — Расея, ИНН 7816580944, ОГРН 1147847063088.

Пад «СФ Урал» у гэтым матэрыяле маецца на ўвазе ООО «СФ Урал». Краіна рэгістрацыі — Расея, ИНН 5904370780, ОГРН 1195958005275.

Пад «Рост НН» у гэтым матэрыяле маецца на ўвазе ООО «Рост НН». Краіна рэгістрацыі — Расея, ИНН 5258126945, ОГРН 1155258007563.

Пад «Металлмаш» у гэтым матэрыяле маецца на ўвазе ООО «Металлмаш». Краіна рэгістрацыі — Расея, ИНН 9705075682, ОГРН 1167746860005.

Пад Пецярбургскім трактарным заводам у гэтым матэрыяле маецца на ўвазе АО «Петербургский тракторный завод». Краіна рэгістрацыі — Расея, ИНН 7805059867, ОГРН 1027802714411.

Пад Электрастальскім заводам цяжкага машынабудавання ў гэтым матэрыяле маецца на ўвазе ОАО «Электростальский завод тяжелого машиностроения» (ОАО «ЭЗТМ»). Краіна рэгістрацыі — Расея, ИНН 5053000564, ОГРН 1025007116100.

Пад кампаніяй «Ресурс» у гэтым матэрыяле маецца на ўвазе ООО «Ресурс». Краіна рэгістрацыі — Расея, ИНН 7813543768, ОГРН 1127847473533.

Пад «Мотовилихинскими заводами» ў гэтым матэрыяле маецца на ўвазе ПАО специального машиностроения и металлургии «Мотовилихинские заводы». Краіна рэгістрацыі — Расея, ИНН 5906009273, ОГРН 1025901364708. Кампанія была ліквідаваная 26 снежня 2025 года.

Пад Аб'яднанай рухавікабудаўнічай карпарацыяй у гэтым матэрыяле маецца на ўвазе АО «Объединенная двигателестроительная корпорация» (АО «ОДК»). Краіна рэгістрацыі — Расея, ИНН 7731644035, ОГРН 1107746081717.

Пад «Обуховский завод» у гэтым матэрыяле маецца на ўвазе АО «Научно-производственное объединение „Северо-Западный региональный центр Концерна ВКО „Алмаз-Антей“ — Обуховский завод“» (АО «НПО „Обуховский завод“»). Краіна рэгістрацыі — Расея, ИНН 7811144648, ОГРН 1037825058732.

Пад Карпарацыяй «Тактическое ракетное вооружение» ў гэтым матэрыяле маецца на ўвазе АО «Корпорация „Тактическое ракетное вооружение“». Краіна рэгістрацыі — Расея, ИНН 5099000013, ОГРН 1035003364021.

Пад Дубненскім машынабудаўнічым заводам імя М.П. Фёдарава ў гэтым матэрыяле маецца на ўвазе АО «Дубненский машиностроительный завод» имени Н.П. Федорова (АО «ДМЗ» им. Н.П. Федорова). Краіна рэгістрацыі — Расея, ИНН 5010030050, ОГРН 1045002200616.

Пад Shandong DEED у гэтым матэрыяле маецца на ўвазе кітайская кампанія Shandong DEED Precision Machine Tool Co., Ltd. (山东蒂德精密机床有限公司). Краіна рэгістрацыі — Кітай, адзіны код сацыяльнага крэдыту (USCC) 91370882MA3F13HQ0R.

Пад «БАЗДорМАШ» у гэтым матэрыяле маецца на ўвазе ТАА «БАЗДорМАШ». Краіна рэгістрацыі — Беларусь, УНП 691720090.

Пад «БАЗцьюб» у гэтым матэрыяле маецца на ўвазе ТАА «БАЗцьюб». Краіна рэгістрацыі — Беларусь, УНП 691738570.

БРЦ накіраваў запыт Shandong DEED Precision Machine Tool з просьбай пракаментаваць пастаўкі станкоў «Ронтэк машын тулс» кампаніям, звязаным з расейскай ваеннай прамысловасцю. Аналагічныя запыты БРЦ накіраваў і іншым прадпрыемствам, згаданым у матэрыяле. На момант публікацыі адказаў ад іх не паступіла.

Іншыя Расследаванні
«У Дэбальцава СДЭК хадзіў, у ЛНР». Беларуская кампанія з эстонскім капіталам пастаўляе крываспынныя сродкі на патрэбы расейскай арміі
Расследаванні «У Дэбальцава СДЭК хадзіў, у ЛНР». Беларуская кампанія з эстонскім капіталам пастаўляе крываспынныя сродкі на патрэбы расейскай арміі
Журналіст пад прыкрыццём атрымаў зніжку на дастаўку гемастатыка расейскім вайскоўцам на акупаваныя тэрыторыі Украіны.
24 жніўня 2026 Чытаць
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць