Расследаванні

18 кастрычніка

Шакуцін vs санкцыі. Як з Беларусі і Расеі вытворцы сышлі, а тэхніка засталася

Расследавальніку БРЦ удалося пагутарыць пад выглядам кліента з прадстаўніком беларускага офісу «СВ Машыны», які паведаміў пра навінку – трактары McCormick.

Аляксандр Шакуцін абыходзіць заходняе эмбарга і зарабляе на ім не толькі дзякуючы холдынгу «Амкадор». Патрапіўшы пад санкцыі ЕЗ як кашалёк Аляксандра Лукашэнкі, ён арганізаваў паралельны імпарт сельскагаспадарчай тэхнікі замежных вытворцаў, якія заявілі аб сыходзе з расейскага і беларускага рынкаў. Для гэтага бізнесовец выкарыстоўвае зарэгістраваную ў Нямеччыне кампанію SV Maschinen GmbH. У Расеі і Беларусі яна вядомая пад гандлёвай маркай «СВ Машыны».

Матэрыял падрыхтаваны ў партнёрстве з расейскім выданнем «Вёрстка», нямецкім Paper trail media, пры падтрымцы «Кіберпартызанаў».

Кампанія, звязаная з Аляксандрам Шакуціным, не хавае сваю дзейнасць. «СВ Машыны» ў якасці афіцыйнага дылера прэзентавала тэхніку CNH Industrial і Amazone у чэрвені на выставе «Белагра-2023». На афіцыйным сайце ў ліпені гэтага года кампанія паведаміла пра паступленне флагманскіх збожжаўборачных камбайнаў New Holland вытворчасці CNH Industrial на склад у Новым Двары.

Гэтыя падзеі адбыліся ўжо пасля таго, як вытворцы сельскагаспадарчай і будаўнічай тэхнікі абвясцілі аб сыходзе. Карпарацыя CNH Industrial, вядомая брэндамі Case IH і New Holland Agriculture, выпусціла афіцыйную заяву аб прыпыненні паставак на расейскі і беларускі рынкі адразу пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне і прадала расейскіх дачок. Кампанія Amazone заявіла, што прыпыніць пастаўкі ў Расею і Беларусь у сакавіку 2022 года.

У 2010 годзе ў Менску пачало працаваць даччынае Замежнае ўнітарнае прадпрыемства «СВ Машыны». [*][*] Расейская дачка SV Maschinen GmbH ТАА «СВ Машыны» існуе з 2014 года. [*] Інфармацыя пра абодва прадстаўніцтвы была даступная на рускамоўнай версіі афіцыйнага сайта SV Maschinen GmbH да верасня гэтага года, на момант публікацыі расследавання інфармацыя пра расейскі офіс выдаленая. [*]

Згодна з мытнымі таварнымі накладнымі за 2023 год, якія БРЦ змог вывучыць дзякуючы калегам з выдання «Вёрстка», SV Maschinen GmbH увозіла з ЕЗ у Расею тэхніку амерыкана-італьянскай CNH Industrial, нямецкай Amazone, шведскай Vaderstad AB, дацкай Samson Agro і амерыканскай Deere&Company. Апошняя таксама афіцыйна сышла з Расеі пасля пачатку вайны.

Санкцыйны мост

Расследавальніку БРЦ удалося пагутарыць пад выглядам кліента з прадстаўніком беларускага офісу «СВ Машыны», які паведаміў пра навінку — трактары McCormick. Гэта амерыканскі брэнд, якім валодае італьянская кампанія Argo, вырабляецца ў Іспаніі, Францыі і Нямеччыне. 

«У нас прыедуць у лістападзе месяцы, снежні месяцы McCormick 8-й, 7-й серыі, а [трактары вытворцы Case IH серыі] “Пума” (Puma) мы ... раней вазілі і цяпер будзем вазіць, нікуды мы ад гэтага не дзенемся», — паведамілі журналісту. 

З красавіка па канец чэрвеня 2023 года SV Maschinen GmbH паставіла ў Расею 50 тавараў агульным коштам больш за €12,5 млн. У 2021 годзе гэтая сума была ў 20 разоў менш і не перавысіла €630 тыс. Памяняўся асартымент тавараў, якія ўвозяцца. Калі ў 2021-м кампанія імпартавала ў асноўным сельскагаспадарчыя складнікі і запчасткі, то ў 2023-м — ужо сельскагаспадарчую тэхніку і абсталяванне.

Прадстаўніцтва ў Беларусі скончыла 2022 год з чыстым прыбыткам 3,4 млн беларускіх рублёў, амаль на мільён рублёў больш, чым годам раней. [*] Расейская дачка за апошні год зарабіла крыху больш за дзве тысячы еўра. [*]

Тавар, які звязаная з Шакуціным фірма імпартуе, вырабляецца ў Аўстрыі, Злучаным Каралеўстве, Нямеччыне, Швецыі, Польшчы, ЗША, Бельгіі і Даніі. У расейскія рэгіёны тэхніка ідзе ў асноўным праз Берасце — наўпрост фірмам-пакупніцам. Да сярэдзіны ліпеня 2022 года пастаўкі ажыццяўляліся ў асноўным праз Калінінград.

Перамены на заходнім рынку

CNH Industrial сапраўды спыніла пастаўкі ў Расею. Але яе прадстаўніцтва ў Еўропе — перш за ўсё ў Польшчы і Італіі — прадае тэхніку беларускаму прадпрыемству з нямецкай рэгістрацыяй, якое перапраўляе яе краіне-агрэсару. Напрыклад, у гэтым годзе SV Maschinen GmbH паставіла 18 новых трактароў фірмы CNH Industrial Italia S.P.A. вытворчасці Аўстрыі і Вялікай Брытаніі ў Расею фірмам «Тэхнатрэйд» і «Бізнес маркет».

Змяніліся і ўмовы пастаўкі SV Maschinen GmbH з Еўропы ў Расею.  Раней кампанія гарантавала падвоз да месца прызначэння. З сярэдзіны 2022 года пакупнік сам павінен забіраць тэхніку ў паказаным месцы і несці рызыкі, звязаныя з дастаўкай. 

З накладных, якія апынуліся ў распараджэнні БРЦ, вынікае, што ў апошнія тры гады кошт паставак у Расею расце ў геаметрычнай прагрэсіі: у 2020-м — $383,5 тыс., у 2021-м — $1,8 млн, у 2022-м — $9 млн.

10 кастрычніка БРЦ адправіў афіцыйныя запыты кампаніям-вытворцам з просьбай растлумачыць, як гэтая сітуацыя адпавядае іх рашэнню пакінуць расейскі і беларускі рынкі. Нашыя партнёры з Paper trail media у верасні 2023 года неаднаразова накіроўвалі аналагічныя запыты ў CNH Industrial і Deere&Company. На момант публікацыі ні мы, ні нямецкія калегі  не атрымалі адказаў. 

Шакуцін — пачатак

Аляксандр Шакуцін пасля заканчэння ў 1986 годзе сталічнага медінстытуту, дзе быў намеснікам сакратара камітэту камсамолу, спачатку ўзначаліў 1-е хірургічнае аддзяленне 10-й менскай гарадской клінічнай больніцы, потым — медычны цэнтр пры МТЗ.

Пасля атрымання Беларуссю незалежнасці Шакуцін выкарыстаў новыя магчымасці, абапіраючыся, з ягоных слоў, на сувязі з «сябрамі і былымі калегамі з камсамолу, медыцыны і Менскага трактарнага заводу». Пры гэтым ён не забываў «цесна ўзаемадзейнічаць з дзяржорганамі». Разам з Ігарам Субоціным, які па інфармацыі прэсы, адказваў за знешнеэканамічную дзейнасць на МТЗ, заснаваў прадпрыемства Навукова-вытворчае аб'яднанне «Праммедінвест» (цяпер ТАА «"Салео" — кіруючая кампанія холдынгу»), якое займалася пастаўкамі медычнай тэхнікі.

Ігар Субоцін і Аляксандр Шакуцін — даўнія бізнес-партнёры. Абодва працавалі на Менскім трактарным заводзе. У канцы 1997 года заснавалі Навукова-вытворчае аб'яднанне  «Праммедінвест», якое цяпер вядома як ТАА «"САЛЕО" — кіруючая кампанія холдынгу», і застаюцца яго сузаснавальнікамі па сённяшні дзень. [*][*]

Шакуцін і Субоцін разам бралі ўдзел у прыватызацыі прадпрыемства «Амкадор» у 2001 годзе. 

Ігар Субоцін быў памочнікам Аляксандра Шакуціна, калі той з'яўляўся чальцом Савету Рэспублікі, і, паводле інфармацыі tribuna.com, яго намеснікам у РГА «Беларуская тэнісная федэрацыя». 

Бізнесмены былі партнёрамі ў фірмах: ТАА «Амкадор-Цэнтр», ТАА «Амкадор-Сэрвіс», ТАА «Тэхпромімпэкс», ТАА «Іскамед», SV Maschinen GmbH, SIA «Anulatrans», UAB «Em System». [*][*][*][*][*][*]

Крыніца: Гандлёвы рэестр Нямеччыны
Крыніца: Дзяржаўнае прадпрыемства Літвы «Цэнтр рэгістраў»
Крыніца: База дадзеных прадпрыемстваў Літвы Lursoft
Крыніца: База дадзеных прадпрыемстваў Літвы Lursoft
Крыніца: Адзіны дзяржаўны рэестр юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў Беларусі

У нулявых пачалася шакуцінская эпоха ў «Амкадоры». Да яго акцыянерамі прадпрыемства былі супрацоўнікі, а кіраўніком яшчэ з савецкіх часоў — Васіль Шлындзікаў. Яны здолелі рэалізавацца ва ўмовах рынкавай эканомікі, у прыватнасці збіралі ў Беларусі аўтобусы Ikarus. Але ў 2001 годзе Шакуцін разам з групай непальскіх бізнесменаў пачалі скупляць акцыі «Амкадора». Ім удалося акумуляваць каля 60% акцый прадпрыемства. 

У 2011-м Аляксандр Лукашэнка ўказам дазволіў прадаць ААТ «Амкадор» тры заводы: «Дзяржынскі завод "Аграмаш"», лагойскі «Завод Эпас» і «Менскі прыборабудаўнічы завод» (цяпер «Амкадор-Белвар»). За іх заплацілі крыху больш за $1,8 млн. Праўда, з абавязаннем у выглядзе абяцання інвеставаць у развіццё вытворчасці і захаваць працоўныя месцы.

Таксама бізнесмен займаўся масавым рээкспартам кветак у Расею, карыстаючыся падатковымі ільготамі, якія Лукашэнка стварыў указам ад 11 жніўня 2011 года «Аб стымуляванні рэалізацыі тавараў». Да нашага расследавання сумесна з выданнямі «Праект» і Naviny.by «Як атачэнне Лукашэнкі зарабляе на расейцах» Беларусь лічылася адным з найбуйнейшых экспарцёраў кветак у Расею, але толькі на паперы. Пасля публікацыі расейскія мытнікі пачалі затрымліваць і накіроўваць грузавікі з кветкамі на склады часовага захоўвання.

Цяпер у Шакуціна праблемы з актывамі, па якіх ён браў на сябе абавязанні па рэальным імпартазамяшчэнні. На канец кастрычніка было прызначана судовае паседжанне па справе аб банкруцтве яшчэ аднаго падкантрольнага Шакуціну прадпрыемства — «"Салео" — кіруючая кампанія холдынгу», але ўрад падоўжыў санацыю (комплекс мерапрыемстваў для пазбягання банкруцтва) да 19 кастрычніка 2028-га. Пасля візіту на прадпрыемства Лукашэнкі ў 2014 годзе яго прэс-служба пісала, што «холдынг ... на працягу трох гадоў зможа цалкам замясціць імпарт гідраўлічных машын у Беларусь, на 100% забяспечыць патрэбы беларускіх машынабудаўнічых прадпрыемстваў у высакаякасных сучасных складніках. Акрамя таго, каля 40% прадукцыі плануецца пастаўляць на экспарт». Усяго ў холдынг уклалі больш за $160 млн, накіраваўшы асноўныя сродкі на мадэрнізацыю вытворчасці ў Дзяржынску і Гомлі, якія цяпер сутыкнуліся з фінансавымі складанасцямі.

Заблытваючы еўрапейцаў

Наша расследаванне паказала, як, нягледзячы на персанальныя санкцыі і іншыя абмежаванні, узбагачаецца бізнесмен, набліжаны да кіраўніцтва Беларусі. Шакуцін вядомы нефармальнымі сувязямі з Лукашэнкам. Яны разам збіралі бульбу, лёталі ў камандзіроўкі і вясельнае падарожжа бізнесмена, наведвалі цешчу нязменнага кіраўніка Беларусі. Ён падтрымаў Лукашэнку на выбарах 2020 года і ўзяў удзел у яго тайнай інаўгурацыі. У санкцыйным спісе ЕЗ бізнесмен значыцца як прадпрымальнік і кіраўнік кампаній UAB EM System, Anulatrans SIA, «Амкадор-цэнтр», «Іскамед», «ПМІ Інжынірынг», SV Maschinen GmbH і «Амкадор». Пра дзейнасць апошняга мы распавядалі ў расследаванні «Бульдозерам па санкцыях. Як уладальнік “Амкадора” Аляксандр Шакуцін зарабляе насуперак і дзякуючы эмбарга».

Праблема, якую выкрывае схема з кампаніяй SV Maschinen GmbH, палягае не толькі ў пастаўках у Расею прадукцыі вытворцаў, якія заявілі аб сыходзе з рынку праз расейска-украінскую вайну. Нямецкая рэгістрацыя дазваляе кампаніям спасылацца на яе еўрапейскае рэзідэнцтва, а прадпрымальніку, які патрапіў у спісы памагатых рэжыму Лукашэнкі, працягваць весці бізнес у Еўразвязе нягледзячы на санкцыі. 

У расследаванні БРЦ «Аляксандр Шакуцін зарабляе мільёны долараў у Еўропе ...» эксперты тлумачылі, што кампаніі ўдалося абысці санкцыйнае заканадаўства ЕЗ дзякуючы заблытанай структуры ўласнікаў. Яе змянілі ў верасні 2020-га, незадоўга да ўвядзення абмежаванняў супраць бізнесмена. На момант публікацыі 70% SV Maschinen GmbH валодае літоўская EM System, астатнімі 30% — бізнес-партнёр Шакуціна, дырэктар кампаніі Валянцін Ягораў. [*]

Крыніца: Гандлёвы рэестр Нямеччыны
Крыніца: Дзяржаўнае прадпрыемства Літвы «Цэнтр рэгістраў»
Крыніца: База дадзеных прадпрыемстваў Літвы Lursoft
Крыніца: База дадзеных прадпрыемстваў Літвы Lursoft
Крыніца: Адзіны дзяржаўны рэестр юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў Беларусі
Крыніца: Гандлёвы рэестр Нямеччыны
Крыніца: Дзяржаўнае прадпрыемства Літвы «Цэнтр рэгістраў»
Крыніца: База дадзеных прадпрыемстваў Літвы Lursoft
Крыніца: База дадзеных прадпрыемстваў Літвы Lursoft
Крыніца: Адзіны дзяржаўны рэестр юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў Беларусі

Літоўскай EM System валодаюць Аляксандр Шакуцін і яго даўні беларускі бізнес-партнёр Ігар Субоцін. Кампанія знаходзіцца пад нацыянальнымі санкцыямі Літвы, яе рахункі заблакаваныя, нерухомасць і іншая маёмасць замарожаныя. [*]

Каб зразумець, як абмежаванні супраць EM System паўплывалі на SV Maschinen GmbH, мы звярнуліся ў Службу расследаванняў фінансавых злачынстваў МУС Літвы. БРЦ адправіў афіцыйны запыт 16 кастрычніка. Тады ж мы напісалі Валянціну Ягораву, сузаснавальніку і па сумяшчальніцтве кіраўніку SV Maschinen GmbH, а таксама уласнікам EM System Аляксандру Шакуціну і Ігару Субоціну просьбу пракаментаваць дзейнасць SV Maschinen GmbH. На момант публікацыі мы не атрымалі адказаў ні ад еўрапейскіх чыноўнікаў, ні ад беларускіх бізнесоўцаў.

Партнёр БРЦ па гэтым расследаванні, нямецкі Paper trail media накіраваў пытанні ў адпаведныя ведамствы Нямеччыны, ці не парушае SV Maschinen GmbH санкцыйнае заканадаўства з улікам выяўленых журналістамі фактаў. Паводле словаў расследавальніцы выдання Элізы Шварцэ, Міністэрства эканомікі і абароны клімату ФРГ паведаміла, што  «кампаніям, якія часткова належаць асобам, якія знаходзяцца пад санкцыямі, тэхнічна дазволена весці бізнес у Нямеччыне да таго часу, пакуль нейкая персона, якая знаходзіцца ў топе санкцыйных спісаў, не пачне атрымліваць ад іх прыбытак». Журналістка адзначыла, што перапіска з дзяржаўнымі органамі працягваецца.

Аднаасобная адказнасць за любы кантэнт, створаны пры падтрымцы Еўрапейскага фонду медыя і інфармацыі (European Media and Information Fund, EMIF), ляжыць на аўтары(-ах), ён можа не адлюстроўваць пазіцыю EMIF і партнёраў Фонду — Фонду Галуста Гюльбенкяна (Calouste Gulbenkian Foundation) і Еўрапейскага універсітэцкага інстытута (European University Institute).

Іншыя Расследаванні