Журналіст пад прыкрыццём атрымаў зніжку на дастаўку гемастатыка расейскім вайскоўцам на акупаваныя тэрыторыі Украіны.

«З павагі да 33-га», — так супрацоўнік расейскага прадстаўніцтва беларускай «Таллмін Медыкал» патлумачыў зніжку журналісту БРЦ, які прадставіўся збіральнікам рыштунку для расейскіх вайскоўцаў. 33-і полк удзельнічае ў баях на Данеччыне. Гемастатыкі кампаніі трапляюць да расейскіх падраздзяленняў ва Украіне, а вайсковыя медыкі публічна дзякуюць «рабятам», звязаным з вытворцам, за бясплатную прадукцыю. Мы высветлілі, што кантрольны пакет беларускага прадпрыемства належыць кампаніі з Эстоніі.

Расследаванне падрыхтаванае дзякуючы «Рабочаму Руху», пры падтрымцы «Кіберпартызанаў».

«Таллмін Бел — самы эфектыўны сродак ва ўмовах пункта стабілізацыі, таму [грошы] збіралі менавіта на яго набыццё. Заказ фармавалі наўпрост праз прадстаўніка кампаніі ў Расеі, вельмі прыемныя людзі, адказныя, уваходзяць у сітуацыю (робяць зніжкі, і дадаюць зверху ад сябе на славу Айчыны). Цісну руку».

Такое паведамленне з’явілася ў ліпені ў тэлеграм-канале валанцёрскага руху, які падтрымлівае 33-і гвардзейскі мотастралковы полк 20-й дывізіі Узброеных сіл Расеі. Падраздзяленне ў той час, улетку 2026-га, удзельнічала ў баях на Дабрапольскім напрамку — ключавым абаронным вузле на заходнім флангу Краматорска-Славянскай лініі ўмацаванняў. Гэтыя расейскія вайскоўцы не адзіныя, хто карыстаецца беларускім гемастатычным сродкам «Таллмін-Бел». У сеціве мы знайшлі абвесткі фондаў у Маскве, Ніжневартаўску, Камышыне, Цюмені і іншых гарадах і рэгіёнах РФ пра зборы медыкаментаў для фронту і прыфрантавых шпіталяў, у якіх згадваўся «Таллмін-Бел» [*]

Навошта вайскоўцам гемастатыкі

Гемастатычныя сродкі выкарыстоўваюць для спынення масіўных крывацёкаў — адной з асноўных прычын смерці параненых на полі бою. 

«Пры значным пашкоджанні [артэрый] літаральна на працягу некалькіх дзясяткаў секунд чалавек ... губляе здольнасць самастойна аказаць сабе дапамогу, а праз некалькі хвілін з-за значнай страты крыві надыходзіць смерць», — распавёў у каментары БРЦ баец палка Каліноўскага, які служыў у медычным падраздзяленні. 

Каб спыніць такі крывацёк, рану тампануюць бінтамі або сурвэткамі, прасякнутымі гемастатычным рэчывам, і ўтрымліваюць іх пад ціскам. Гемастатыкі сталі асабліва важнымі ва ўмовах вайны дронаў, калі эвакуацыя параненых можа зацягвацца. 

Крывацёк пры раненні канцавіны можна часова спыніць турнікетам. Паводле суразмоўцы БРЦ, яго накладаюць не больш чым на дзве гадзіны ў цёплы час года і на адну — у халодны. Больш працяглае выкарыстанне павялічвае рызыку адмірання тканак і страты канцавіны. Калі стан параненага дазваляе, турнікет замяняюць тампанадай з гемастатычным бінтам — гэта называецца канверсіяй турнікета.

«Пры паспяховым правядзенні гэтая працэдура дазваляе захаваць байцу канцавіну», патлумачыў баец ПК.

«З павагі да 33-га» 

Гемастатык «Таллмін-Бел» выпускае прыватная беларуская кампанія «Таллмін Медыкал». Яна зарэгістравала сродак у 2020 годзе і наладзіла вытворчасць уласных гемастатычных бінтоў і сурвэтак. Дзяржаўныя арганізацыі абвесцілі пра ўласныя аналагічныя распрацоўкі пазней: БДУ прадставіў свой гемастатык у 2024 годзе, а РНПЦ трансфузіялогіі і медычных біятэхналогіяў — у 2025-м. 

Пра тое, што прадукцыя «Таллмін Медыкал» трапляе да расейскіх вайскоўцаў, сведчаць не толькі публічныя паведамленні. БРЦ выявіў пастаўку «Таллмін-Бел» фонду «Помощь Своим». Гэтая татарстанская арганізацыя збірае і дасылае рыштунак расейскім вайскоўцам ва Украіне [*]. У жніўні 2024-га беларускі вытворца даслаў фонду 17 кг прадукцыі коштам каля $2,5 тыс. 

Выяўленая БРЦ пастаўка — не адзінае сведчанне гатовасці кампаніі працаваць з тымі, хто забяспечвае расейскіх вайскоўцаў. У гэтым пераканаўся журналіст БРЦ. Ён патэлефанаваў па нумары, указаным на сайце расейскага дыстрыб'ютара «Таллмін Медыкал», кампаніі «Авион» [*]. Суразмоўца пацвердзіў, што гаворыць ад імя «афіцыйнага і адзінага прадстаўніка [беларускага вытворцы] ў Расеі»:

«Я вам шчыра скажу: што “Таллмін”, што мы — гэта адно і тое ж».

Расследавальнік БРЦ прадставіўся збіральнікам рыштунку для расейскіх вайскоўцаў і спаслаўся на 33-і полк, які ваюе на Дабрапольскім напрамку. У адказ на гэта прадстаўнік «Авион» прапанаваў гемастатык «Таллмін-Бел» па 850 расейскіх рублёў за ўпакоўку з сурвэткай 13,5х20 см, адзначыўшы, што рынкавая цана пачынаецца ад тысячы. Ён патлумачыў, што робіць зніжку «з павагі да 33-га», і прапанаваў за кошт кампаніі даставіць тавар у любы зручны пункт аднаго з папулярных кур’ерскіх сэрвісаў. Са словаў суразмоўцы вынікае, што кампанія мае досвед высылкі тавару нават на акупаваныя тэрыторыі: 

«У Дэбальцава СДЭК хадзіў, дапусцім, яшчэ ў “ЛНР”».

Прапанаваная журналісту цана амаль супадае з той, па якой гемастатыкі збіралі для медыкаў 33-га палка: паводле паведамлення ў тэлеграм-канале афіляванага з палком валанцёрскага руху — 866 расейскіх рублёў за ўпакоўку. Для параўнання, на Wildberries такая ж упакоўка каштуе 1705 расейскіх рублёў (каля €13,7).

Але сведчанні супрацы не абмяжоўваюцца продажам са зніжкай. Мы знайшлі публічныя паведамленні прадстаўнікоў арганізацый, якія перадаюць рыштунак расейскім вайскоўцам і вайсковым медыкам, пра атрыманне прадукцыі «Таллмін Медыкал» бясплатна. У сакавіку 2025 года санкт-пецярбургскі «Центр специальной подготовки и тактической медицины „Сварог“» падзякаваў «сябрам з Таллмін-Бел» за атрыманую пасылку з гемастатыкамі. У сацсетцы «ВКонтакте» прадстаўнікі цэнтру паведамілі, што гемастатыкі пойдуць у складзе «гуманітарнай медычнай дапамогі ў зону СВА» [*].

Пра бясплатныя пастаўкі непасрэдна вайсковым медыкам пісалі і самі атрымальнікі. Аўтары тэлеграм-каналу «Какие-то медики» дзякавалі «Таллмін Медыкал» за тое, што «рабяты» з кампаніі «дармова і ўжо на працягу доўгага часу прысылаюць нам свае гемастатычныя матэрыялы для нашай працы». 

Кампанія «Авион», расейскі прадстаўнік «Таллмін Медыкал», не хавае кантактаў з гэтай аўдыторыяй. У профільных суполках яе супрацоўнікі адказваюць на крытыку, параўноўваюць «Таллмін-Бел» з прадукцыяй канкурэнтаў і прапануюць даслаць гемастатык «Таллмін-Бел» на пробу [*].

Эстонскі ўласнік

«Таллмін Медыкал» узначальвае чалавек з досведам працы ў беларускіх вайсковых структурах — былы вайсковы лекар Алег Бобрык. У розныя гады ён кіраваў вайсковым шпіталем у Барысаве і працаваў у Ваеннай акадэміі Беларусі ды Рэспубліканскім шпіталі Міністэрства ўнутраных спраў. 

Амаль палова кампаніі належыць двум беларусам. 10% — Юрыю Кудзіну, былому супрацоўніку Упраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС, папярэдніка ГУБАЗіК. 39% — бізнесоўцу Мікалаю Чарнышову, былому намесніку дырэктара «Энерга-Оіл» у перыяд, калі кампанія належала сямʼі Аляксея Алексіна, вядомага ў Беларусі як «тытунёвы кароль», які ў 2021 годзе трапіў пад санкцыі ЗША і Еўразвязу. Да ліпеня 2024-га Чарнышоў таксама сувалодаў кампаніяй «Авион», якая прадае «Таллмін-Бел» у Расеі.

Кантрольны пакет кампаніі належыць не беларусам. 51% «Таллмін Медыкал» валодае зарэгістраваная ў 2014 годзе ў Эстоніі New Century Holding [*]. Яе мажарытарны ўласнік — грамадзянін Эстоніі Алег Саўчанка.

Крыніца: Сайт Эстонскай асацыяцыі бокса. Алег Саўчанка (у цэнтры), рэферы на Чэмпіянаце Эстоніі па боксе 2022 года. Акрамя вядзення бізнесу, ён – суддзя спаборніцтваў у Эстоніі і, паводле выдання dknews.kz, майстар спорту па боксе.

Да з’яўлення «Таллмін Медыкал» у 2019-м New Century Holding фактычна не вяла гаспадарчай дзейнасці: у яе справаздачнасці не было звестак пра даччыныя кампаніі або інвестыцыі. Беларуская «Таллмін Медыкал» прынамсі да 2024 года была яе адзінай даччынай кампаніяй паводле даступнай справаздачнасці. 

Цяпер «Таллмін Медыкал», паводле яе прадстаўніка, рыхтуецца пашыраць бізнес у Расеі. Пра гэта журналісту БРЦ даведаўся падчас той жа размовы, калі прадставіўся патэнцыйным пакупніком:

«Крыху пазней у нас будзе іншы брэнд ужо ў РасеіГэта даслоўна, я думаю, што месяц-два і будзе ў Расеі. Гэта будзе адно і тое ж, якасць тая ж самая».

Еўрапейскі бізнес

Сувязь паміж эстонскім уласнікам і беларускімі саўладальнікамі «Таллмін Медыкал» не абмяжоўваецца гэтай кампаніяй. Алег Саўчанка і Мікалай Чарнышоў разам удзельнічаюць і ў іншым бізнесе ў Еўразвязе. Чарнышоў — чалец праўлення і адзіны ўласнік эстонскай Fivecrew, якая валодае паловай іншай эстонскай кампаніі Inccom. Апошняй, у сваю чаргу, належыць французская Gelyne SAS, што вырабляе сельскагаспадарчую прадукцыю. У лютым 2026 года другім чальцом праўлення Fivecrew стаў Саўчанка.

Звесткі аб арганізацыях, якія фігуруюць у расследаванні

Пад «Таллмін Медыкал» у гэтым матэрыяле разумеецца ТАА «Таллмін Медыкал». Краіна рэгістрацыі — Беларусь, УНП 193269404.
Пад фондам «Помощь Своим» у гэтым матэрыяле разумеецца Дабрачынны фонд «Помощь своим». Краіна рэгістрацыі — Расея, ИНН 1684014233.
Пад кампаніяй «Авион» у гэтым матэрыяле разумеецца ТАА «Авион». Краіна рэгістрацыі — Расея, ИНН 7734386745.
Пад кампаніяй «Энерга-Оіл» у гэтым матэрыяле разумеецца СЗАТ «Энерга-Оіл». Краіна рэгістрацыі — Беларусь. УНП 800011806.
Пад кампаніяй New Century Holding у гэтым матэрыяле разумеецца New Century Holding . Краіна рэгістрацыі — Эстонія. Рэгістрацыйны код 12653411.
Пад кампаніяй Fivecrew у гэтым матэрыяле разумеецца Fivecrew . Краіна рэгістрацыі — Эстонія. Рэгістрацыйны код 11695086.
Пад кампаніяй Inccom у гэтым матэрыяле разумеецца Inccom . Краіна рэгістрацыі — Эстонія. Рэгістрацыйны код 12370162.
Пад Gelyne SAS у гэтым матэрыяле разумеецца аднайменная кампанія. Краіна рэгістрацыі — Францыя. Нумар Siren 807583539.

Такім чынам, кантрольны пакет беларускага вытворцы, прадукцыяй якога забяспечваюць расейскіх вайскоўцаў, належыць кампаніі з Эстоніі — краіны Еўразвязу. Яе ўласнік адначасова вядзе іншы бізнес у ЕЗ разам з адным з беларускіх саўладальнікаў «Таллмін Медыкал». Каб высветліць, ці могуць апісаныя сувязі і пастаўкі мець прававыя наступствы для эстонскай кампаніі і яе ўласніка, БРЦ звярнуўся да эстонскага эксперта па камплаенсе ў фінансавым сектары Дзімтрыя Кураўкіна.

Паводле адмыслоўца, сам факт валодання эстонскай кампаніяй 51% «Таллмін Медыкал» аўтаматычна не азначае парушэння санкцыйнага рэжыму. Аднак New Century Holding як мацярынская структура абавязаная, паводле прававых нормаў Еўразвязу, прыкладаць максімальныя намаганні, каб кантраляваная ёй кампанія не парушала санкцыйныя абмежаванні. 

«Магу сказаць, што нават гіпатэтычная магчымасць такога парушэння або сам факт супрацы з расейскім ваенным бокам можа мець для кампаніі сур'ёзныя негатыўныя наступствы незалежна ад таго, ці будзе ў выніку ўстаноўлена фармальнае парушэнне санкцыйнага заканадаўства. Гэта датычыцца перш за ўсё рэпутацыйных рызык, грамадскай рэакцыі, а таксама адносін з банкамі, якія, як правіла, ацэньваюць падобныя сувязі значна шырэй».

Паводле Кураўкіна, істотна ўсталяваць, ці ведала эстонская кампанія пра дзейнасць беларускай дачкі і яе расейскага дыстрыб’ютара, ці атрымлівала інфармацыю аб кліентах і пастаўках. Каб высветліць гэта, журналіст БРЦ патэлефанаваў мажарытарнаму ўладальніку эстонскага холдынгу Алегу Саўчанку. Расследавальнік прадставіўся збіральнікам рыштунку для расейскіх вайскоўцаў і прапанаваў выпісаць Саўчанку грамату з падзякай. Той назваў тэму «далікатным пытаннем» і нагадаў, што жыве ў Эстоніі. Падзяку Саўчанка прапанаваў накіраваць Алегу Бобрыку — беларусу, дырэктару «Таллмін-Медыкал».

Праз 7 хвілін пасля заканчэння размовы Саўчанка даслаў паведамленне, у якім адмовіў сказанае раней, падкрэсліў, што ніяк не звязаны з апісаным намі бізнесам і «не вельмі зразумеў», пра што казаў суразмоўца. Апроч размовы пад прыкрыццём БРЦ накіраваў журналісцкія запыты Алегу Саўчанку, Алегу Бобрыку і дырэктару расейскага дыстрыб’ютара «Таллмін-Медыкал» Міхаілу Любушкіну з просьбай пракаментаваць факт пастаўкі гемастатыка «Таллмін-Бел» расейскім вайскоўцам. На момант публікацыі мы не атрымалі ніводнага адказу.

Іншыя Расследаванні
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць