На мяжы Беларусі і ЕЗ наспявае новы міграцыйны крызіс. Гэтым разам – пры садзейнічанні Расеі. За кожны выдаткаваны на перапраўку мігрантаў $1 млн арганізатары схемы атрымліваюць $5,5 млн чыстага прыбытку. У 2021 годзе, у разгар першага крызісу, плынь нелегальнай міграцыі кантралявалі беларускія ўлады. Яны надзялілі 12 фірмаў эксклюзіўным правам на выдачу запрашэнняў для афармлення беларускіх візаў грамадзянам краінаў Блізкага Усходу. Пяць з іх зарэгістраваныя на былых супрацоўнікаў органаў або на блізкіх і сваякоў сілавікоў.

Дадзенае расследаванне падрыхтаванае пры падтрымцы гранту фонду «Журналісцкія расследаванні для Еўропы» (IJ4EU).

Гэты матэрыял падрыхтаваны сумесна з Siena (Літва), Re:Baltica (Латвія), Fundacja Reporterów (Польшча) і пры падтрымцы «Кіберпартызанаў».

Егіпет – Расея – Беларусь – ЕЗ, смерць або калецтва

У студзені 2023 года журналіст БРЦ пагаварыў з мігрантам, які намагаўся трапіць у ЕЗ праз Беларусь. Ібрагім знаходзіўся ў больніцы ў Вільні. Ён родам з Егіпту, там працаваў тынкоўшчыкам. Восенню 2022 года прыляцеў у Маскву – з ягоных словаў, на заробкі. Праз месяц вырашыў прабірацца ў Еўразвяз.

«У Расеі я пазнаёміўся з чалавекам, які мне сказаў, што ведае куратара, які можа пераправіць мяне ў любую краіну ЕЗ. У мяне не было ў планах канкрэтна Літвы. Я заплаціў гэтаму кантрабандысту €6 тыс. – грошы мне бацькі даслалі. Мы ішлі праз лес па кропках GPS», – распавёў БРЦ Ібрагім.

Егіпцянін прабіраўся ў ЕЗ у складзе групы з васьмі чалавек. Са словаў мужчыны, мяжу перайшлі лёгка, не сустрэўшы нікога на сваім шляху. Але пасля гэтага «куратар» іх кінуў.

«Сказаў, што адправіць машыны, і нічога не адправіў. Мы чакалі дзень, два і тры, пакуль не адчулі, што нашыя органы перастаюць дзейнічаць, што мы паміраем. Мы выйшлі на дарогу, пачалі прыцягваць увагу, каб нас хоць хтосьці заўважыў. Машына патруля [літоўскага – рэд.] прыехала і заўважыла нас. У траіх з нас усё было добра, яны не былі знясіленыя, як іншыя. Іх выкінулі назад у лес. І так нас засталося пяцёра», – распавёў БРЦ Ібрагім.

З абмарожаннямі Ібрагім трапіў у больніцу. Паводле яго, медычную дапамогу ён не атрымліваў каля двух тыдняў. У выніку яму ампутавалі па тры пальцы на кожнай назе. Спадарожнік з імем Юсэф застаўся без часткі правай ступні і чатырох пальцаў левай нагі. Іншаму пацярпеламу, Ахмаду, ампутавалі палец. Яшчэ аднаму, Мохамаду, адрэзалі частку пальца.

Зараз Ібрагім знаходзіцца ў лагеры для бежанцаў і марыць, што зноў зможа хадзіць.

Арыфметыка нелегальнай міграцыі

Напрыканцы сакавіка 2023 года сітуацыя на мяжы Беларусі і краінаў ЕЗ зноў абвастрылася. Каля сотні спробаў яе незаконнага перасячэння фіксуюцца штодня, паведамляюць польскія памежнікі. Часта канчатковая мэта мігрантаў – Нямеччына. Міністры ўнутраных справаў зямель Брандэнбургу і Саксоніі запатрабавалі ўвесці стацыянарны кантроль на мяжы з Польшчай і Чэхіяй, каб спыніць іх плынь. У асноўным – гэта грамадзяне Афганістану, Сірыі, Емену і Турцыі. Спачатку яны прылятаюць у Расею, адтуль адпраўляюцца ў Менск або Берасце, затым – да беларуска-польскай мяжы. Плот вышынёй пяць з паловай метраў, які пабудавалі летась, яны пералазяць з дапамогай лесвіц, папярэдне пераканаўшыся, што паблізу няма польскіх памежнікаў. Затым сыходзяць у лес на некалькі кіламетраў, дзе іх падбіраюць загадзя нанятыя кіроўцы і вязуць у Нямеччыну.

Падпрацаваць такім шафёрам можа кожны ахвотны. Аб'явы размяшчаюць у адкрытых тэлеграм-супольнасцях праз ананімныя акаўнты. Журналісты БРЦ адгукнуліся на адну з такіх прапановаў і патрапілі ў чат, дзе размяшчаюцца замовы на перавозку мігрантаў.

Крыніца: БРЦ

За красавік яны налічылі больш за 1400 заказаў. Тады за транспартаванне аднаго чалавека прапаноўвалі ў сярэднім $650. Гэта значыць, што за месяц арганізатары нелегальных перавозак маглі заплаціць кіроўцам прыкладна $1 млн.

Крыніца: БРЦ

Прыкладна столькі ж, па падліках БРЦ, яны выдаткавалі на авіяквіткі ў Маскву з Афганістану, Ірану і Турцыі, а таксама дастаўку мігрантаў да беларуска-польскай мяжы. То бок, каардынатары гэтай плыні выдаткавалі за месяц каля $2 млн.

Каб ацаніць іх даходы, журналісты БРЦ пагаварылі з некалькімі мігрантамі, якія карысталіся гэтай схемай. У сярэднім на шлях да Нямеччыны са сваіх краінаў кожны плаціў $9,5 тыс.

Як высветліў БРЦ, за месяц арганізатары незаконных перавозак маглі даставіць у Нямеччыну 1400 чалавек. Гэта прынесла б ім прыкладна $13,5 млн. Пасля выліку $2 млн на квіткі для мігрантаў і ганарары кіроўцам у іх засталося амаль $11,5 млн. чыстага прыбытку.

БРЦ невядома, хто каардынуе цяперашнюю хвалю міграцыйнага крызісу. Аднак расследавальнікі высветлілі, хто стаяў каля яго вытокаў два гады таму. Дзеля гэтага яны вывучылі запісы праслухоўвання беларускіх сілавікоў, якую ім далі «Кіберпартызаны».

Ад дзяржаўнага злачынства да прыватнага

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі з ЕЗ пачаўся ў чэрвені 2021 года. Тады Аляксандр Лукашэнка заявіў, што больш не будзе перашкаджаць людзям, якія спрабуюць нелегальна трапіць у Еўразвяз. Гэта было пададзена як адказ на санкцыі ЕЗ за прымусовую пасадку самалёта «Ryanair» з Раманам Пратасевічам на борце. Аднак аналітыкі БРЦ лічаць, што правакацыю беларускія ўлады пачалі планаваць раней.

5 траўня 2021 года былы супрацоўнік Упраўлення МУС па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Дзмітрый Корабаў ад імя кампаніі «Оскартур» заключыў дамову з фірмай «Цэнтркурорт», якая ўваходзіць ва Упраўленне справамі Лукашэнкі. Прадмет пагаднення – супраца ў галіне міжнароднага турызму паміж краінамі арабскага свету і Беларуссю.

Ужо праз 5 дзён, 10 траўня прамы рэйс у Менск адкрыла авіякампанія «Fly Baghdad», і ў Беларусь пачалі з'язджацца «турысты» з Блізкага Усходу. Многія прыляталі па запрашэнні «Цэнтркурорту». БРЦ атрымаў хадайніцтвы за травень-чэрвень 2021 года, якія кампанія сотнямі адпраўляла ў беларускае МЗС для выдачы візаў грамадзянам Блізкага Усходу.

Большасць «турыстаў» прыязджалі ў Менск нібыта для палявання ў Рэспубліканскім аб’яднанні «Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў». Па рэкамендацыі Савету Міністраў яго старшынём напрыканцы кастрычніка 2021 года стаў экс-міністр МУС Ігар Шуневіч.

Размяшчаліся іракскія «паляўнічыя» ў гасцініцах Кіраўніцтва справамі прэзідэнта.

Пасля таго як інфармацыя пра гэта трапіла ў медыі, схема змянілася: запрашэнні ў Беларусь пачалі выдаваць не звязаныя з Лукашэнкам структуры, а прыватныя кампаніі.

Такое права атрымалі 12 фірмаў – іх пералік апублікавала амбасада Беларусі ў Дамаску. БРЦ прааналізаваў спіс уладальнікаў і кіраўнікоў кампаніяў. Большасць з іх звязаныя з сілавымі ведамствамі: памежны камітэт, МУС, армія.

0 / 2

У ваеннай форме пад прыкрыццём турфірмы

У спіс 12 манапалістаў беларускія ўлады ўключылі фірму «Нью флэт». На той момант яна належала Ірыне Равенцы – жонцы міліцыянта.

Крыніца: Адзіны дзяржаўны рэгістр юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў
Крыніца: Адзіны дзяржаўны рэгістр юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў
Крыніца: Дадзеныя з аўтаматызаванай сістэмы «Пашпарт»; прадстаўленыя «Кіберпартызанамі»
Крыніца: Дадзеныя з аўтаматызаванай сістэмы «Пашпарт»; прадстаўленыя «Кіберпартызанамі»
Крыніца: Дадзеныя з аўтаматызаванай сістэмы «Пашпарт»; прадстаўленыя «Кіберпартызанамі»

Куды больш важную пасаду займае яго брат Валерый Равенка. Ад сакавіка 2022 года ён з'яўляецца начальнікам Дэпартаменту міжнароднай ваеннай супрацы і памочнікам міністра абароны па пытаннях міжнароднай ваеннай супрацы. Да павышэння Валерый працаваў у гэтым жа Дэпартаменце на пасадзе намесніка начальніка.

У снежні 2021 года, калі міграцыйны крызіс урэгулявалі, Ірына Равенка прадала «Нью Флэт» Наталлі Шнітоўскай.

Крыніца: Адзіны дзяржаўны рэгістр юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў

Яе муж працуе камандзірам узвода роты патрульна-паставой службы міліцыі ГУУС Менгарвыканкаму.

Крыніца: Дадзеныя з аўтаматызаванай сістэмы «Пашпарт»; прадстаўленыя «Кіберпартызанамі»
Крыніца: Дадзеныя з аўтаматызаванай сістэмы «Пашпарт»; прадстаўленыя «Кіберпартызанамі»
Крыніца: Дадзеныя з аўтаматызаванай сістэмы «Пашпарт»; прадстаўленыя «Кіберпартызанамі»

З сацсетак Шнітоўскай БРЦ даведаўся, што яна мае зносіны з уладальніцай іншай фірмы са спісу ўпаўнаважаных на выдачу беларускіх візаў іракцам. Гаворка ідзе пра кампанію «Нью віза» і яе кіраўніцу Марыну Бабовік. Цяпер яна, хутчэй за ўсё, у разводзе, таму што ў новых бізнесах выкарыстоўвае дзявочае прозвішча Адамчук.

Крыніца: Адзіны дзяржаўны рэгістр юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў
Крыніца: Адзіны дзяржаўны рэгістр юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў
Крыніца: Дадзеныя з аўтаматызаванай сістэмы «Пашпарт»; прадстаўленыя «Кіберпартызанамі»

Разам са Шнітоўскай яны з 2022 года напалову валодаюць турфірмай у Смаленску.

Крыніца: Інфармацыйная група «СПАРК»
Крыніца: Інфармацыйная група «СПАРК»

У тым жа годзе жанчыны разам адпачывалі на Тэнэрыфэ.

Крыніца: Instagram-акаўнт Наталлі Шнітоўскай

Яшчэ адна турфірма, якая выдавала іракцам візы, – «Ксаман Трэвел». Яе суўладальніца Вольга Шарак была замужам за Дзмітрыем Шараком.

Крыніца: Адзіны дзяржаўны рэгістр юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў
Крыніца: Адзіны дзяржаўны рэгістр юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў
Крыніца: Дадзеныя з аўтаматызаванай сістэмы «Пашпарт»; прадстаўленыя «Кіберпартызанамі»
Крыніца: Дадзеныя з аўтаматызаванай сістэмы «Пашпарт»; прадстаўленыя «Кіберпартызанамі»

Ён служыў па кантракце ў вайсковай частцы 30151 у Фаніпалі.

Крыніца: Дадзеныя з аўтаматызаванай сістэмы «Пашпарт»; прадстаўленыя «Кіберпартызанамі»

Гэтая частка – пункт сталай дыслакацыі штабу 15-й зенітна-ракетнай брыгады Паўночна-Заходняга аператыўна-тактычнага камандавання ВПС і войскаў СПА. Дзмітрый працуе ў Вайсковай акадэміі. Да 2022 года даслужыўся да звання падпалкоўніка і ў Вайсковай акадэміі займае пасаду начальніка кафедры аўтаматызаваных сістэмаў кіравання войскамі факультэту сувязі і аўтаматызаваных сістэмаў кіравання.

У прывілеяваным спісе апынулася кампанія «Візак» пад кіраваннем іракца Шэрвані Гараха Абаса Куртаса.

Крыніца: Адзіны дзяржаўны рэгістр юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў
Крыніца: Адзіны дзяржаўны рэгістр юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў

У Беларусь яго запрасіў Аляксандр Паюкоў – кіраўнік фірмы «Байлінг тур». Яна таксама ўваходзіла ў лік 12 манапалістаў міграцыйнага трафіку.

Крыніца: Дадзеныя з аўтаматызаванай сістэмы «Пашпарт»; прадстаўленыя «Кіберпартызанамі»
Крыніца: Адзіны дзяржаўны рэгістр юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў
Крыніца: Адзіны дзяржаўны рэгістр юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў

Паюкоў – былы памежнік, афіцэр вайсковай часткі 1250.

Крыніца: Дадзеныя з аўтаматызаванай сістэмы «Пашпарт»; прадстаўленыя «Кіберпартызанамі»

Медыі паведамлялі, што менавіта там праходзіў тэрміновую службу Віктар Лукашэнка. У той жа частцы базуецца памежны спецназ АСАМ. У 2001 годзе Паюкова ўзнагародзілі медалём «За адзнаку ў ахове дзяржаўнай мяжы» асабістым указам Лукашэнкі. БРЦ мяркуе, што ён каардынаваў плыні незаконнай міграцыі 10 гадоў таму.

У 2012 годзе суд у польскім Любліне завёў крымінальную справу ў дачыненні да 47-гадовага маёра ДПК Беларусі Аляксандра П. Столькі ж гадоў тады было Аляксандру Паюкову, супрацоўніку памежнай службы РБ. Аляксандра П. падазравалі ў перапраўцы праз беларуска-польскую мяжу каля 1,3 тыс. мігрантаў пераважна з Азіі. Польскія следчыя высветлілі, што ён уваходзіў у склад арганізаванай злачыннай групы, якая дзейнічала на працягу 8 гадоў. Мігранты плацілі каардынатарам за дастаўку на тэрыторыю ЕЗ з В'етнаму $5 тыс., з Кітая – €6 тыс.

Паводле паведамленняў у медыях, падазраванага ў арганізацыі гэтай схемы беларускага памежніка Аляксандра П. затрымалі пры ўездзе ў Польшчу ў сакавіку 2011 года. Ад «Кіберпартызанаў» БРЦ даведаўся, што Аляксандр Паюкоў 15 сакавіка 2011 года акурат выехаў з Беларусі ў Польшчу праз берасцейскі пункт пропуску. Берасце – найбліжэйшы буйны беларускі горад да Любліна, у судзе якога разглядалі крымінальную справу Аляксандра П.

У тэлефоннай размове з БРЦ Аляксандр Паюкоў не змог выразна растлумачыць прыроду гэтых супадзенняў ці абвергнуць іх.

Крыніца: Дадзеныя з аўтаматызаванай сістэмы «Пашпарт»; прадстаўленыя «Кіберпартызанамі»

У кіраўнікоў кампаніі «Олірці» сувязяў з сілавымі структурамі БРЦ не знайшоў, аднак іх асобы не менш цікавыя. Бізнес запісаны на Ірыну Ціўнову і яе дачку Дар’ю.

У 2011 годзе Ірыну асудзілі па крымінальным артыкуле – ухіленне ад пагашэння крэдыторскай запазычанасці ў буйным памеры. Дар'я ж працавала на пракрамлёўскіх тэлеканалах «Расея 1» і «НТВ». Бацька сямейства, Алег Ціўноў, заслужаны артыст Беларусі. У 2015 ён выступаў у самаабвешчанай ДНР.

У ліку 12 візавых манапалістаў апынулася кампанія «Прэстыж Трэвел». Да жніўня 2021 года ёй кіравала Дарʼя Цёса.

У яе ёсць судзімасці за арганізацыю незаконнага ўезду ў Беларусь замежных грамадзянаў, падробку хадайніцтваў на выдачу візаў і фальсіфікацыю дамоваў аб аказанні турыстычных паслугаў.

З лістапада 2021 года, калі ЕЗ і ЗША абвясцілі падрыхтоўку новага пакета санкцыяў супраць Беларусі, усе фірмы са спісу 12 манапалістаў прыпынілі дзейнасць. Пра гэта БРЦ распавялі ўладальнікі дзвюх кампаніяў. Расследавальнікі спрабавалі звязацца з астатнімі фірмамі, аднак гэтыя тэлефанаванні засталіся без адказу. Ад блізкага да Дзмітрыя Корабава чалавека журналісты БРЦ даведаліся, што з лютага 2023 года ён знаходзіцца пад следствам у менскім СІЗА №1 за арганізацыю незаконнай міграцыі праз кампанію «Оскартур».

Рэальны кошт правакацыі

Цяпер незадакументаваныя мігранты трапляюць у Беларусь не наўпрост са сваіх краінаў, а праз Расею. Гэтая плынь узмацнілася летась – пасля таго, як Масква скасавала ковідныя абмежаванні на авіярэйсы з Блізкага Усходу.

Па стане на травень 2023 года польскія памежнікі знайшлі на мяжы з Беларуссю 26 ахвяраў міграцыйнага крызісу. Паводле ацэнак журналістаў і актывістаў, рэальная лічба – 45 загінулых па абодва бакі беларуска-польскай мяжы.

Іншыя Расследаванні