Паводле рэйтынгу cable.co.uk, у хуткасці інтэрнэту Беларусь займае 92-е месца сярод 224 краінаў. У іншым аўтарытэтным рэйтынгу, Speedtest Global Index, нашая краіна ў хуткасці мабільнага інтэрнэту яшчэ ніжэйшая – на 119-м месцы з 138 краінаў. Беларусь абагналі Гаіці, Пакістан, Панама, Манголія, Куба, Эфіопія, Іран.
Тое, што ў Беларусі якасць інтэрнэту горшая, чым у многіх іншых краінах, можа тлумачыцца неразвітай інфраструктурай. Напрыклад, мабільны інтэрнэт і 4G раздаецца праз высокія часціні. Урады Расеі і Украіны прадалі гэтыя частоты на аўкцыёнах сваім найбуйнейшым мабільным аператарам, і кожны з іх пачаў будаваць вышкі, каб раздаваць інтэрнэт на гэтых часцінях.
У Беларусі «beCloud» атрымаў манапольнае права будаваць інтэрнэт-вышкі чацвёртага пакалення і затым прадаваць часціні, якія транслююцца з гэтых вышак, тром асноўным беларускім мабільным аператарам: «А1», «МТС» і «life:)»
«З улікам капітальных выдаткаў на будаўніцтва і стварэнне гэтай сеткі прынятае рашэнне: будзе адзін інфраструктурны аператар, астатнія аператары будуць мець права выкарыстання гэтай сеткі для надання паслуг канкрэтным абанентам. Канкурэнцыя тут – рэч адносная», – тлумачыў у 2013 годзе логіку ўладаў тагачасны міністр сувязі і інфарматызацыі Мікалай Панцялей.
Колькі каштавала «Беларускім воблачным тэхналогіям» манаполія на частоты 4G, невядома. Удзельнікі рынку лічаць, што сума была невялікай – $ 5–6 млн. Паводле былога кіраўніка Парку высокіх тэхналогіяў, палітыка Валерыя Цапкалы, калі б часціні для 4G у Беларусі прадавалі на аўкцыёне, то за іх маглі б выручыць некалькі сотняў мільёнаў долараў.
Што ж гэта за фірма, дзеля якой улады адмаўляюцца ад важкага даходу?
«Беларускія воблачныя тэхналогіі» з'явіліся ў канцы 2012 года і задумвалася як альтэрнатыва дзяржаўнаму манапалісту «Белтэлекаму».
Але на справе ўсё аказалася крыху інакш. «beCloud», са словаў Уладзіміра Валянцейчыка, былога работніка гэтай фірмы, атрымаў частку трафіку, які закупляецца за мяжой і пастаўляецца потым правайдарам і мабільным аператарам, а таксама палову трафіку, які праходзіць пры званках з аднаго мабільнага аператара іншаму.
Іншая прывілей кампаніі – гэта паслугі захоўвання звестак для дзяржустановаў. Для гэтых мэтаў у 2017 годзе «beCloud» пабудавала Рэспубліканскі цэнтр апрацоўвання звестак у Калодзішчах. Але дзяржорганы туды не спяшаліся пераходзіць. Таму пры канцы 2019 года пабачыў свет указ, які забавязваў дзяржструктуры размяшчаць свае сайты ды іншыя інфармацыйныя сістэмы толькі на магутнасцях «beCloud».
Выключэнне зрабілі толькі для арганізацыяў, якія маюць справу з дзяржаўнымі сакрэтамі і змагаюцца з адмываннем грошай, фінансаваннем тэрарызму. На сёння больш за 700 дзяржаўных арганізацыяў перайшлі на абслугоўванне да гэтай кампаніі.
Генеральны дырэктар «beCloud» Алег Сядзельнік патлумачыў гэта тым, што «трэба запэўніць інфармацыйную бяспеку дзяржарганізацыяў, зэканоміць на закупе абсталявання і ліцэнзійнага праграмнага забеспячэння, таксама пазбегчы карупцыі на месцах».
У 2021 годзе «beCloud» працягнула ўмацоўваць сваю пазіцыю на рынку. З пачатку наступнага года кампанія стане тэхнічным адміністратарам нацыянальнай даменнай зоны .by і .бел.
Хто ж стаіць за «beCloud»?
Палова долі ў «Беларускіх воблачных тэхналогіях», а дакладней 51 %, застаецца ў руках беларускай дзяржавы ў асобе Нацыянальнага цэнтру абмену трафікам. А гэтае дзяржпрадпрыемства было заснаванае Аператыўна-аналітычным цэнтрам пры прэзідэнту Беларусі, які называюць самай сакрэтнай спецслужбай краіны.
Віктар Лукашэнка ўзяў пад кантроль ААЦ, пра што казаў і ягоны бацька – Аляксандр Лукашэнка.
«У нас у Беларусі створаны кампактны Аператыўна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнту, у ім менш за сто чалавек. Яго кантралюе мой старэйшы сын. Ім паводле закону падкантрольная верхавіна спецслужбаў», – сказаў Лукашэнка-старэйшы.
А вось другая палова долі ў «beCloud», а дакладней 49 %, належаць афшорам з утоенымі ўладальнікамі. Намінальны трымальнік акцыяў беларускага аператара – гэта кампанія «Sabscissa Holding Ltd» («Сабсцыса Холдынг Лтд»), зарэгістраваная на Кіпры.
Ёю, у сваю чаргу, валодаюць яшчэ тры афшоры: «Lee Valley Ventures» з Белізу, «Pateras Corporation» з Сэйшэльскіх Астравоў і «Halo Services» з Брытанскіх Віргінскіх астравоў. Улады гэтых краінаў не раскрываюць уладальнікаў кампаніяў.
Чые ж інтарэсы схаваныя за афшорамі?
Калі запускаўся «beCloud», то сузаснавальнікам кампаніі называўся ўплывовы расейскі бізнесовец Канстанцін Нікалаеў. Сярод ягоных актываў – долі ў кампаніях «Globaltrans» і «Global Ports», якія займаюцца чыгуначнымі перавозамі і перавалкаю кантэйнераў у партах. Дарэчы, офісы дзвюх гэтых кампаніяў размешчаныя на адным адрасе з «Sabscissa Holding Ltd» на Кіпры.
Расейскае выданне «Forbes» называла Нікалаева дзелавым партнёрам Аркадзя Ратэнберга і Генадзя Цімчанкі – сяброў расейскага прэзідэнта, а «Washington Post» – таямнічым спонсарам расейскай шпіёнкі Марыі Буцінай.
У Расеі Нікалаеў таксама меў дачыненне да зброевага бізнесу. У пачатку 2010-х Нікалаеў інвеставаў у кампанію «Промтехнология», якая вырабляла снайперскія вінтоўкі пад брэндам «ORSIS», а затым стала суўладальніцаю Тульскага і Ульянаўскага патронных заводаў. Гэтым кірункам бізнесу Нікалаева захапіла жонка Святлана, якая ў той час займалася практычнай стральбой. Зрэшты, ва ўсіх зброевых праектах у бізнесу былі самавітыя партнёры.
У 2017 годзе Святлана Нікалаева пабывала ў Менску на міжнароднай выставе ўзбраенняў і вайсковай тэхнікі «MILEX». А стэнд кампаніі «Промтехнология» наведала вайсковае кіраўніцтва Беларусі, у тым ліку і тагачасны памочнік прэзідэнта Беларусі ў пытаннях нацыянальнай бяспекі, чалец Савету бяспекі Віктар Лукашэнка. Сілавым структурам былі цікавыя як вайсковыя, так і паляўнічыя вінтоўкі «ORSIS». Цікавіліся прадукцыяй Маскоўскага зброевага заводу дэлегацыі з Абʼяднаных Арабскіх Эміратаў, Саудаўскай Аравіі, Іраку, Судану, Нігерыі, Эфіопіі, Славакіі. У 2018 годзе зʼявілася інфармацыя, што вінтоўкі «ORSIS» добра зарэкамендавалі сябе ў шэрагу сілавых структураў Беларусі. На фоне гісторыі з Буцінай прадстаўнік Нікалаева заявіў, што бізнесовец ужо не мае дачынення да кампаніі «Промтехнология».
Генеральны дырэктар «beCloud» Алег Сядзельнік сказаў, што нічога не ведае пра Нікалаева:
«Я прыйшоў у кампанію ў 2017 годзе, таму магу сказаць, што я сам пра Нікалаева нічога не ведаю, ніколі з ім не сустракаўся, не кантактаваў з першага дня, як я прыйшоў працаваць на прадпрыемства».
Чалавек, які назваўся партнёрам Канстанціна Нікалаева, сказаў расследавальнікам праграмы «Давайце разбірацца», што бізнесовец не дае інтэрвʼю журналістам.
За што далі інвестарам прывілеі?
Фармальна – за абавязкі інвеставаць шмат грошай і ў сетку 4G, і ў воблачныя тэхналогіі, і ў іншыя інфраструктурныя праекты. Калі ствараўся «beCloud», то абʼём інвестыцыяў у праекты заяўляўся памерам $ 400 млн.
А як жа насамрэч? У снежні 2015 года тагачасны гендырэктар «beCloud» Сяргей Паблагуеў казаў, што ў стварэнне сеткі перадачы звестак інвеставалі $ 20 млн, а ў запуск сеткі «LTE Advanced» у Менску – $ 10 млн. Публічнай інфармацыі аб інвестыцыях у дэйта-цэнтр у Калодзішчах няма. Кампанія «Velcom» («А1») пабудавала падобны абʼект за $ 20 млн.
У фінансавых дакументах «Sabscissa Holding Ltd», якія даследнікі атрымалі пры дапамозе OCCRP, інвестыцыі кіпрскага афшора ў «beCloud» першапачаткова пазначаныя памерам амаль $ 40 млн,
а потым зніжаныя да $ 20 млн.
А ці былі ўкладзеныя ў праекты абяцаныя $ 400 млн? У «beCloud» адмовіліся назваць абʼём інвестыцыяў з боку замежных партнёраў.
«Я агучваць гэтыя лічбы паводле Закону аб камерцыйнай таямніцы нават не маю права, нават калі б я іх ведаў. Адзінае, што я ведаю дакладна, што ўсе абавязкі выкананыя ў поўным абʼёме», – сказаў гендырэктар.
З 2010 да 2019 года «Sabscissa Holding Ltd» атрымала агульную выручку памерам больш за $ 13 млн.
Гэтая выручка сфармаваная выключна за кошт атрыманых дывідэндаў. Чысты прыбытак кампаніі склаў амаль $ 12 млн.
Але гэта можа быць далёка не ўвесь прыбытак кампаніі. Валерый Цапкала лічыць, што расследаваннем гэтай гісторыі павінна заняцца Генеральная пракуратура.
Аўтар Аляксандр Ярашэвіч, рэдактар Станіслаў Івашкевіч