Беларуская АЭС – адзін з самых спрэчных айчынных праектаў. Пытанні выклікае як якасць будаўніцтва атамнай станцыі, так і эфектыўнасць далейшай яе эксплуатацыі

Беларуская АЭС –  адзін з самых спрэчных айчынных праектаў. Пытанні выклікае як якасць будаўніцтва атамнай станцыі, так і эфектыўнасць далейшай яе эксплуатацыі. У 2021 годзе першы энергаблок АЭС у Астраўцы функцыянаваў з рэгулярнымі аварыйнымі спыненнямі, што яшчэ больш дадало да яе недаверу. Расследавальнікі праграмы «Давайце разбірацца» высвтлялі, што станцыю запусцілі з тысячамі неадпаведнасцяў, у выніку дні прастою і ліквідацыя дэфектаў спавадавалі страты на сотні мільёнаў долараў. У выпадку, калі лішкі электраэнергіі з АЭС не атрымаецца экспартаваць, то выдаткі на ўтрыманне станцыі лягуць падвойным цяжарам на плечы звычайных беларусаў.

Аляксандр Лукашэнка 7 лістапада 2020 года даў афіцыйны старт запуску першага энергаблока АЭС у Астраўцы. Але ўжо праз дзень пасля гэтага новая станцыя спынілася.

«У ходзе праведзеных выпрабаванняў, выяўлена неабходнасць замены асобнага электратэхнічнага вымяральнага абсталявання. Работы па замене дадзенага абсталявання ажыццяўляюцца згодна з тэхналагічным рэгламентам» – паведамілі ў Мінэнерга. 

За першы год працы станцыю адключалі ад сеткі як мінімум 8 разоў. Сумарна яна прастойвала прыкладна 40% ад усяго свайго працоўнага часу або 149 дзён з 365. Самае працяглае спыненне станцыі – амаль на тры месяцы – адбылося гэтым летам-восенню. 

Калі першы энергаблок уключылі ў сетку, то чыноўнікі толькі растлумачылі, што праводзілі дыягностыку тэхналагічных сістэм і вузлоў турбагенератара. Пра прычыны інцыдэнту ніхто не распавёў.

Расследавальнікі атрымалі дакументы ад «Кібер-партызанаў», у якіх прапісаныя 18 тысяч выяўленых недахопаў па першым энергаблоку. Па стане на кастрычнік 2021 года 5 тысяч з іх не былі ліквідаваны. У пачатку снежня спіс дэфектаў па АЭС аднавіўся. Зараз гэта каля 3 тысяч заўваг. Па тэрмінах праблемы павінны быць ліквідаваныя да канца зімы.

Недахопы зафіксавалі Дзяржбуднагляд, Дзяржатамнагляд, МНС і іншыя органы кантролю. Эксперты адзначаюць, што дакумент выглядае толькі як частка заўваг, якія тычацца пераважна пусканаладачных прац і дапаможных сістэм першага энергаблоку і не закранаюць сам рэактар.

«Некаторыя дэфекты і неадпаведнасці выяўляюцца па некалькі разоў у адным і тым жа месцы. Гэта сведчыць аб нізкім узроўні культуры бяспекі, нізкай якасці абсталявання, якое пастаўляецца, і мантажных прац, жаданні як мага хутчэй увесці энергаблок у эксплуатацыю, да канца не вырашыўшы ўсе наяўныя тэхнічныя праблемы», – лічыць загадчык аддзелу ацэнкі бяспекі Дзяржаўнай інспекцыі па атамнай бяспецы Літвы Эвальдас Кімціс, які азнаёміўся з матэрыяламі.

На думку экспертаў, сярод неадпаведнасцяў ёсць малазначныя – такія як няправільна аформленыя дакументы або перагарэлыя лямпачкі, аднак хапае і больш сур'ёзных дэфектаў. У прыватнасці, пытанні меліся да сістэм пажаратушэння, не выпрабаваная сістэма кіравання станцыяй, не працуюць вымяральныя прыборы. Больш за 60 заўваг – па рэзервовай дызельнай электрастанцыі. Як раней выявілі расследавальнікі, яе будаўніцтва, як і ўстаноўку сістэм пажаратушэння, вяло ААТ «Будаўнік», якое займалася працамі вышэйшай катэгорыі небяспекі, не маючы належнай кваліфікацыі. Пажарнікі зафіксавалі недапрацоўкі і ў самім будынку рэактара. Так, у прыватнасці, неабходна правесці работы на сістэме аўтаматычных установак вадзянога пажаратушэння (сістэма SGD) у міжабалонкавай прасторы.

«Сістэма SGD мае прамое стаўленне да супрацьпажарнай бяспекі сістэм бяспекі, таму нефункцыянаванне гэтай сістэмы абсалютна недапушчальна. Згодна з прадстаўленай Вамі інфармацыяй, некаторыя кампаненты гэтай сістэмы не толькі не ўсталяваныя, але нават яшчэ не набытыя. У Літве ці іншай краіне Еўрапейскага Звязу, само сабой зразумела, у выпадку выяўлення такой неадпаведнасці патрабаванням супрацьпажарнай бяспекі, дазволу на эксплуатацыю ядравай устаноўкі органам рэгулявання не было б выдадзена», – запэўніў Эвальдас Кімціс.

У адной з апошніх даступных справаздач Міжнароднае агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ) наракае на працу Дзяржатамнагляду. Эксперты кажуць, што гэты орган рэгулявання не валодае дастатковай незалежнасцю, што перагукаецца з рэзалюцыяй Еўрапарламенту па беларускай АЭС. 

Разам з тым апытаныя эксперты адзначаюць, што пералічаныя дэфекты не здольны прывесці да ядравай катастрофы. Але рэгулярныя аварыйныя спыненні кладуцца дадатковымі выдаткамі, з-за чаго станцыя не можа паўнавартасна функцыянаваць і адпрацоўваць расейскі шматмільярдны крэдыт, за які пабудавана. Паводле ацэнкі беларускага эколага-эканаміста Таццяны Новікавай і эксперта «Экадому» Паўла Гарбунова, кожны дзень прастою аднаго рэактара Астравецкай АЭС абыходзіцца ў 2,34 млн долараў. Атрымліваецца, аварыйныя спыненні на беларускай станцыі на працягу апошняга года сумарна абышліся ў 348,7 млн долараў.

Але нават калі ў будучыні станцыя будзе працаваць без частых адключэнняў, то галоўнае пытанне – куды прадаваць электрычнасць, якую яна будзе выпрацоўваць?

Беларусь апошнія пяць гадоў вырабляе каля 40 мільярдаў кілават-гадзін электраэнергіі за год. У асноўным гэтыя абʼёмы спажываюцца ўнутры краіны, невялікая частка электрычнасці сыходзіць на экспарт. Пасля таго, як АЭС паўнавартасна запрацуе, яна зможа выпрацаваць яшчэ 18 мільярдаў кілават-гадзін электраэнергіі. Што прывядзе да лішку вытворчых магутнасцяў, лічыць міжнародны аналітык па энергетычнай і ядравай палітыцы Майкл Шнайдэр.

Беларускія ўлады разлічвалі вырашыць пытанне, у прыватнасці з дапамогай экспарту

Асноўным пакупніком беларускай электрычнасці за мяжой у апошнія гады была Літва.

З 2016 да 2020 года яна купіла ў Беларусі 3,3 мільярда кілават-гадзін на 170 мільёнаў долараў. 

Сёлета Літва адмовілася ад беларускай электрычнасці. 

З 3 лістапада 2020 года, калі першы энергаблок Беларускай АЭС быў падключаны да сеткі, Вільня заблакавала пастаўкі электраэнергіі з Беларусі. У Літве незадаволеныя тым, што Беларуская АЭС знаходзіцца блізка да іх мяжы і лічаць атамную станцыю пагрозай нацыянальнай бяспекі ў выпадку цяжкай аварыі

У лютым гэтага года міністр энергетыкі Літвы Дайнюс Крэйвіс прызнаваў, што чвэрць імпартаванай электраэнергіі ўсё ж трапляе ў Літву з Беларусі – праз Латвію

Але ў верасні літоўскі рэгулятар ухваліў план па скарачэнні прапускной здольнасці на лініях электраперадач з Беларусі ў Літву, каб электрычнасць з Астравецкай АЭС не трапляла на Балтыйскі рынак. І Крэйвіс запэўніў, што з тых часоў у Літву яно не паступае. Да 2025 годзе краіны Балтыі плануюць цалкам адключыцца ад адзінага энергетычнага кола з Беларуссю і Расеяй і пераключыцца да сеткі ў Заходняй Еўропе. У такім выпадку балтыйскі рынак будзе цалкам зачынены для Беларусі.

Яшчэ адзін напрамак збыту для беларускай электраэнергіі – Украіна. З 2016 да 2020 года туды паставілі адзін мільярд кілават-гадзін на 50 мільёнаў долараў. 

Са студзеня па верасень 2021 года паставак не было. 

Справа ў тым, што ва Украіне перыядычна ўводзяць забароны на імпарт электрычнасці з Беларусі, каб падтрымаць мясцовага вытворцу і па палітычных меркаваннях, распавёў аналітык кансалтынгавай кампаніі «EXPRO» Дзмітрый Сідараў. Апошняя такая забарона дзейнічала з чэрвеня па кастрычнік гэтага года. З лістапада на фоне росту попыту на электраэнергію ў зімовыя месяцы пастаўкі аднавіліся.

У цэлым, па словах аналітыка, Украіна – не асабліва стабільны рынак збыту для беларускай электрычнасці. Яно трэба зімой, калі ўзрастае спажыванне, а летам краіна здольная забяспечыць сябе сама. І наогул  Украіна плануе адлучыцца ад электрасеткі з Беларуссю і Расеяй да канца 2023 года. 

Што тычыцца Расеі і Польшчы, то на польскі рынак Беларусь ужо даўно не пастаўляла электрычнасць. На мяжы ёсць лінія электраперадачы, але яна не працуе. Там няма ўстаўкі пастаяннага току. А ў планах расейскага ўрада да 2035 года імпарт беларускай электрычнасці не прадугледжаны. 

Калі электраэнергію не экспартаваць, то для таго, каб загрузіць АЭС, трэба кардынальна павялічыць энергаспажыванне ўнутры краіны. Лукашэнка даручыў ураду стымуляваць спажыванне электрычнасці сярод насельніцтва для ацяплення і прыгатавання ежы. 

Акрамя таго, улады плануюць зрабіць так, каб у краіне спажывалі больш электрычнасці за кошт устаноўкі на ЦЭЦ і ў кацельнях электрычных катлоў замест вадагрэйных і паравых, карыстацца электробусамі і электрамабілямі, будаваць жыллё з электрычным ацяпленнем. У гэтым выпадку рэальны сектар Беларусі зможа дадаткова спажыць 11 мільярдаў кілават-гадзін у год.

«Але гэта трэба змяняць тэхналогіі, на што патрабуюцца рэсурсы. Па маіх адчуваннях, гэта значныя ўкладанні», – лічыць навуковы кіраўнік Інстытута энергетыкі Аляксандр Міхалевіч. 

Акрамя значных укладанняў ва ўсіх гэтых планаў ёсць яшчэ адна вялікая рызыка - у перспектыве беларуская эканоміка можа і не расці, а значыць і не будзе дадатковага попыту на электрычнасць. І калі ў дадатак да гэтага суседнія краіны перастануць купляць беларускую электраэнергію, то яе выпрацоўка ў Беларусі скароціцца, а электрычнасць стане даражэйшай, мяркуе Майкл Шнайдэр. За гэта, па яго думку, давядзецца расплачвацца насельніцтву.

«Інвеставанне ў атамную станцыю патрабуе шмат рэсурсаў, таму лагічна хацець, каб станцыя працавала круглы год на поўную магутнасць і як мінімум акупілася. Такім чынам, падаткаплацельшчыкі плацяць», – сказаў Шнайдэр.

Беларускія чыноўнікі запэўнівалі, што пасля ўводу АЭС у эксплуатацыю, электрычнасць для насельніцтва стане танней. «Сёння па энергасістэме сярэдні сабекошт выпрацоўкі адной кілават-гадзіны на генеруючых магутнасцях - каля 4,2 цэнта. На АЭС, па разліках, будзе каля 3,5 цэнта», – лічыць намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк.

Але разлікі тых жа дзяржаўных навукоўцаў паказалі іншыя лічбы. З улікам крэдытнай нагрузкі кошт электраэнергіі з БелАЭС можа скласці не 3,5, а 8,26 цэнта за кілават-гадзіну. 

Яшчэ адным аргументам уладаў на карысць будаўніцтва станцыі было зніжэнне залежнасці ад Расіі і паставак газу з гэтай краіны. Аднак 2021 год паказаў, што ў дадзеным пытанні ўсё можа быць не так адназначна. Беларусь штогод спажывае каля 20 млрд кубаметраў газу. Беларускія ўлады заяўлялі, што пасля ўводу другога энергаблока БелАЭС ( у першай палове 2022 года), спажыванне газу можа скараціцца на 4,5 млрд кубаметраў. Падчас прастою першага энергаблока спажыванне прыроднага газу перавысіла ўзгодненыя аб'ёмы паставак. Беларускія ўлады хацелі дакупіць звышпланавы аб'ёмы газу на біржы ў Расіі, але не змаглі гэта зрабіць з-за абмежаванняў у рамках двухбаковых міжурадавых пагадненняў аб умовах пастаўкі газу, паведаміў намеснік міністра энергетыкі Беларусі Дзяніс Мароз. У выніку ў верасні Беларусь была вымушаная імпартаваць з Расеі прыкладна 300 млн кілават-гадзін электраэнэргіі

Аўтары Вольга Ратмірава, Аляксандр Ярашэвіч, рэдактар Станіслаў Івашкевіч

Іншыя Расследаванні