Кітайскі вытворца спецтэхнікі Zoomlion развіваў бізнес у Беларусі разам з МАЗам і пасля ўвядзення санкцыяў супраць беларускага аўтагіганта. БРЦ высветліў: калі МАЗ трапіў пад абмежаванні ЗША, плацяжы па раней падпісаных дамовах накіравалі праз іншае беларускае прадпрыемства, а адзін з грашовых пераводаў карпарацыі прыцягнуў увагу камплаенс-службы банку ў Лондане.

Матэрыял падрыхтаваны ў партнёрстве з міжнародным кансорцыумам журналістаў-расследавальнікаў ICIJ, пры падтрымцы ініцыятывы «Рабочы Рух».

Дакументы, атрыманыя БРЦ ад Міжнароднага кансорцыума журналістаў-расследавальнікаў ICIJ, сведчаць, што брытанская «дачка» кітайскай Zoomlion Heavy Industry Science and Technology пераводзіла мільёны долараў у Беларусь. Грошы накіроўваліся беларускай кампаніі «Зумліон бел-рус», саўладальнікам якой тады быў Менскі аўтамабільны завод (МАЗ).

Падсанкцыйны саўладальнік

Беларусь стала адным з апорных пунктаў Zoomlion у межах кітайскай ініцыятывы «Адзін пояс, адзін шлях». У 2015 годзе «Зумліон бел-рус» увайшло ў лік першых рэзідэнтаў індустрыяльнага парку «Вялікі камень», а да пачатку 2022-га інвеставала ў кітайска-беларускі праект не менш за $45 млн. У карпаратыўных справаздачах Zoomlion беларускае прадпрыемства называлі плацдармам для выхаду на рынкі Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі.

Схема валодання «Зумліон бел-рус» на 31 снежня 2025 года
Крыніца: БРЦ / Графіка створаная з выкарыстаннем ШІ. Схема валодання «Зумліон бел-рус» на 31 снежня 2025 года.

Кітайская карпарацыя валодае «Зумліон бел-рус» праз ланцужок кампаніяў: брытанскую Zoomlion Powermole і гон-конгаўскую Zoomlion H.K. Holding. Але з кастрычніка 2021 года па ліпень 2023-га саўладальнікам беларускага прадпрыемства быў і МАЗ. [*] Завод не толькі ўваходзіў у капітал кампаніі, але і пастаўляў шасі для спецтэхнікі Zoomlion, якую выпускалі ў Беларусі. Менавіта ў гэты перыяд — у лістападзе 2021 года — Zoomlion Powermole перавяла «Зумліон бел-рус» пазыку на $10 млн.

За чатыры месяцы да гэтага Еўразвяз увёў санкцыі супраць МАЗу. Пры правядзенні планавай праверкі Zoomlion Powermole на гэты факт звярнула ўвагу камплаенс-служба банку ICBC (London), якая сочыць за выкананнем санкцыяў і спраўджвае аперацыі на прадмет адмывання грошай і іншых парушэнняў. З дакументаў ICIJ вынікае, што банк аналізаваў сувязі «Зумліон бел-рус» з падсанкцыйным дзяржпрадпрыемствам і разглядаў магчымасць пераводу кліента ў катэгорыю высокай рызыкі або спынення абслугоўвання, нягледзячы на тое што санкцыі ЕЗ у дачыненні да МАЗу не мелі юрыдычнай моцы ў Вялікай Брытаніі.

Новыя пасярэднікі

У сакавіку 2023 года МАЗ трапіў і ў санкцыйны спіс Міністэрства фінансаў ЗША. Праз некалькі месяцаў завод выйшаў са складу ўласнікаў «Зумліон бел-рус», аднак супраца не спынілася. Дакументы, атрыманыя ад ініцыятывы «Рабочы Рух», паказваюць: плацяжы «Зумліон бел-рус» МАЗу за пастаўку шасі па раней падпісаных кантрактах пачалі праводзіць праз Жыткавіцкі маторабудаўнічы завод. Дзеля гэтага выкарыстоўвалі дамовы цэсіі — механізм, пры якім права спагнаць пазыку перадаюць ад аднаго ўдзельніка ўгоды іншаму.

Пазней пастаўкі шасі МАЗ для тэхнікі Zoomlion паспрабавалі захаваць ужо з удзелам беларускіх уладаў. У ліпені 2024 года на прадпрыемстве прайшла рабочая нарада з удзелам тагачаснага віцэ-прэм'ера Пятра Пархомчыка. Згодна з дакументамі ад ініцыятывы «Рабочы Рух», на сустрэчы абмяркоўвалі арганізацыю вытворчых магутнасцяў па зборцы шасі МАЗ на «Зумліон бел-рус». [*] З іншых дакументаў вынікае, што кіраўніцтва МАЗу і «Зумліон бел-рус» зацвердзіла дарожную мапу супрацы, згодна з якой пастаўкі шасі вырашылі арганізаваць праз «Бабруйскаграмаш». [*] Аўтакраны Zoomlion на базе шасі МАЗ на момант публікацыі прадстаўленыя на сайце кампаніі.

Узаемадзеянне «Зумліон бел-рус» з беларускай дзяржавай не абмежавалася закупам шасі падсанкцыйнага МАЗу. Кампанія пастаўляе прадукцыю Міністэрству абароны краіны. Аналіз базы дзяржзакупак паказаў, што «Зумліон бел-рус» як мінімум двойчы — у красавіку 2023-га і лістападзе 2025 года — падпісала кантракты на пастаўку аўтакранаў з Камандаваннем ваенна-паветраных сілаў і войскаў СПА Беларусі без правядзення конкурсу. У адным выпадку, паводле звестак Электроннай гандлёвай пляцоўкі для дзяржаўных закупак, пастаўшчыка вызначыў Савет міністраў — па рашэнні або даручэнні Аляксандра Лукашэнкі.

Звесткі аб арганізацыях, якія фігуруюць у расследаванні:

Пад кампаніяй Zoomlion Heavy Industry Science and Technology у гэтым матэрыяле разумеецца Zoomlion Heavy Industry Science and Technology Co., Limited, краіна рэгістрацыі — Кітай, USCC 914300007121944054.

Пад кампаніяй Zoomlion Powermole у гэтым матэрыяле разумеецца Zoomlion Powermole Limited, краіна рэгістрацыі — Вялікая Брытанія, рэгістрацыйны нумар кампаніі 04154844.

Пад кампаніяй Zoomlion H.K. Holding у гэтым матэрыяле разумеецца Zoomlion H.K. Holding Co., Limited, краіна рэгістрацыі — Гон-Конг, рэгістрацыйны нумар BNR 39443904.

Пад ICBC (London) у гэтым матэрыяле разумеецца ICBC (London) plc., краіна рэгістрацыі — Вялікая Брытанія, рэгістрацыйны нумар кампаніі 04552753.

Пад кампаніяй «Зумліон бел-рус» у гэтым матэрыяле разумеецца ТАА «ЗУМЛІОН БЕЛ-РУС», краіна рэгістрацыі — Беларусь, УНП 691700069.

Пад Менскім аўтамабільным заводам у гэтым матэрыяле разумеецца ААТ «Менскі аўтамабільны завод» — кіруючая кампанія холдынгу «БЕЛАУТАМАЗ», краіна рэгістрацыі — Беларусь, УНП 100320487.

Пад Жыткавіцкім маторабудаўнічым заводам у гэтым матэрыяле разумеецца ААТ «Жыткавіцкі маторабудаўнічы завод», краіна рэгістрацыі — Беларусь, УНП 400049955.

Пад прадпрыемствам «Бабруйскаграмаш» у гэтым матэрыяле разумеецца ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Бабруйскаграмаш», краіна рэгістрацыі — Беларусь, УНП 700067572.

Рызыкі для кампаніі

Zoomlion Heavy Industry Science and Technology уваходзіць у лік найбуйнейшых вытворцаў спецтэхнікі ў Кітаі. Акцыі кампаніі гандлююцца на біржах Шэнь-Чжэня і Гон-Конгу, а таксама даступныя для пазабіржавага гандлю ў ЗША.

«Кітайская кампанія, якая працягвае весці гандлёвую дзейнасць або афармляць угоды з беларускай арганізацыяй, якая знаходзіцца пад санкцыямі ЗША, рызыкуе трапіць пад другасныя санкцыі ЗША, — распавёў у каментары БРЦ кіраўнік праекту State Capture Accountability Project, адвакат Алекс Прэзанці. — <...> Акцыі гэтай кітайскай кампаніі гандлююцца ў ЗША, а значыць увядзенне другасных санкцыяў можа нанесці ёй сур'ёзныя фінансавыя страты. Апроч таго, калі разлікі па ўгодах паміж кітайскай кампаніяй і падсанкцыйнай беларускай фірмай ажыццяўляліся ў доларах ЗША праз амерыканскі банк-карэспандэнт, гэта кваліфікавалася б як парушэнне заканадаўства ЗША і магло б пацягнуць за сабой грамадзянска-прававыя санкцыі».

Таксама эксперт звярнуў увагу, што раскрыццё інфармацыі аб такіх угодах само па сабе можа стаць рызыкай для кампаніі: міжнародныя банкі і фінансавыя арганізацыі могуць прэвентыўна спыніць абслугоўванне кліента, калі ягоныя сувязі з падсанкцыйнымі структурамі могуць стварыць для іх праблемы.

У адказ на запыт БРЦ у Zoomlion Powermole пацвердзілі, што да чэрвеня 2023 МАЗ валодаў 3,03% «Зумліон бел-рус», але на момант публікацыі завод не з'яўляецца акцыянерам, партнёрам або афіляванай асобай кампаніі. У адказе падкрэслілі, што гэтая мінарытарная доля не падпадала пад «правіла 50%» і не давала кантролю ў разуменні санкцыйнага заканадаўства Вялікай Брытаніі, ЕЗ і іншых санкцыйных рэжымаў, якія ўжываюцца. Паводле прадстаўнікоў кампаніі, банкаўскія дачыненні і фінансавыя аперацыі з удзелам Zoomlion Powermole і ICBC London ажыццяўляліся законна і ў адпаведнасці з брытанскімі нарматыўнымі і фінансавымі патрабаваннямі. У кампаніі таксама заявілі, што праз абавязацельствы па захаванні камерцыйнай таямніцы не могуць каментаваць канкрэтныя ўгоды і дачыненні з кліентамі.

БРЦ таксама скіраваў журналісцкія запыты кампаніям «Зумліон бел-рус», «Бабруйскаграмаш», Менскаму аўтамабільнаму заводу, Жыткавіцкаму маторабудаўнічаму заводу. На момант публікацыі мы не атрымалі ад іх адказу.

Іншыя Расследаванні
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць