Навіны з Чалым

Учора

Якая задума ўладаў на найбліжэйшую пяцігодку і на кім павінен ажаніцца беларускі Аляксандр

Намёкі амбасадара ў Егіпце і Амане і незагойная рана 2020-га — разбор апошніх навін Беларусі з Сяргеем Чалым.

Аляксандр Лукашэнка 12 снежня на паседжанні Савету бяспекі зацвердзіў праект абароны Беларусі да 2030 года і сустрэўся з губернатарам Ніжагародскай вобласці. Незалежны эканамічны эксперт Сяргей Чалы пракаментаваў галоўныя навіны апошніх дзён у праграме «Навіны з Чалым». Публікуем некаторыя цытаты.
Змест
01:00 Дынастычны шлюб
02:20 Што аб'ядноўвае Беларусь і Аман
04:30 Сям'я Асада купіла 20 кватэр у цэнтры Масквы
07:30 Чысткі ў дзяржструктурах

Намёк на дынастычны шлюб

«Не хацеў працягваць тэму гульні тронаў дома Моцных, але яна, падобна, жыве ўжо ўласным жыццём. Вось і сам Лукашэнка ў чарговы раз пацвердзіў, што думкі пра дынастычную спадчыну яго не адпускаюць.

Губернатар Ніжагародскай вобласці Глеб Нікіцін на сустрэчы з Лукашэнкам паспрабаваў знайсці даўнія гістарычныя сувязі паміж Беларуссю і Ніжагародскай вобласцю. Логіка ягоных аргументаў была вельмі заблытанай, але Лукашэнка адразу ўлавіў сутнасць.

"Глеб Сяргеевіч, я намёк ваш зразумеў. Цяпер Аляксандр беларускі павінен ажаніцца з вашай прыгажуняй", — з гумарам, як піша ягоная прэс-служба, адказаў Лукашэнка.

І справа тут не ў тым, што яго прэс-службе ўсё часцей даводзіцца пісаць "адказаў з гумарам" <...>, а ў тым, што ў гэтых блытаных развагах Лукашэнка маментальна вычленіў намёк рускага пасланца на дынастычны шлюб. <...>

На самой справе мы разумеем, што ад самога Аляксандра ў дынастычным шлюбе ўжо няма ніякай карысці. І што гаворка можа ісці толькі пра спадчыннікаў. І адзін з такіх спадчыннікаў нават дэманстраваў гатовасць прытрымлівацца такога сцэнару <...>».

Пра плюсы і мінусы доўгага праўлення

«Беларускі амбасадар у Егіпце і па сумяшчальніцтве ў Амане Сяргей Цярэнцьеў падчас візіту Лукашэнкі вырашыў распавесці журналістам, як Беларусь і Аман радніць падобны гістарычны шлях: "На працягу жыцця аднаго-двух пакаленняў аманцаў, на працягу жыцця аднаго-двух пакаленняў беларусаў краіны змяніліся".

Хочацца завяршыць думку амбасадара: у абедзвюх дзяржавах была пабудавана паспяховая абсалютная манархія. І пасля гэтага амбасадар дазваляе сабе вельмі небяспечныя гістарычныя паралелі: "У сучаснай гісторыі сапраўдны росквіт дзяржавы адбыўся ў апошнія пяць дзесяцігоддзяў з прыходам да ўлады папярэдняга султана Кабуса бен Саіда. <...> Ён узначаліў султанат у 1970 годзе, адхіліўшы ад улады свайго бацьку, які быў ультракансерватыўным прыхільнікам забаронаў і абмежаванняў".

Здаецца мне, што амбасадар кажа пра падабенства гістарычнага шляху Беларусі і Амана не толькі ў мінулым, але і намякае на жаданае падабенства ў будучыні. <...> А ў гэты самы час нязменны Лукашэнка вырашыў расказаць пра перавагі працяглага знаходжання ва ўладзе: “Гадоў 15-17 таму я быў тут [у Амане]. <...> Кажуць, дрэнна, што прэзідэнт доўга ва ўладзе. Вось цяперашні султан тады мяне сустракаў, суправаджаў і гэтак далей. Таму мы ўжо з ім знаёмыя і нам лёгка было весці перамовы".

Лукашэнка сапраўды 17 гадоў таму наведваў Аман. Вось толькі султан Кабус, з якім ён сустракаўся, памёр у студзені 2020 года. І цяпер там іншы султан — Хейсам бен Тарык Аль Саід. Перавага доўгага праўлення ў тым, што ты не памятаеш, з кім сустракаўся калісьці. А тыя, каго памятаеш, даўно памерлі». 

Траўма 2020 года

«Незагойная рана 2020 года дае пра сябе ведаць у самыя нечаканыя моманты. 12 снежня на пасяджэнні Савету бяспекі Лукашэнка зацвердзіў праект абароны Беларусі на наступную пяцігодку, на перыяд да 2030-га. "Прадстаўлены праект быў распрацаваны на падставе глыбокага аналізу і падзей паводле вынікаў каляровай рэвалюцыі 2020 года", — цытуе [міністра абароны Віктара] Хрэніна прэс-служба <...>.

Гэта значыць тыя, хто чакаюць ад Лукашэнкі нармалізацыі, спынення або паслаблення рэпрэсій, спадзяюцца дарма. Лукашэнка недвухсэнсоўна чарговы раз дае зразумець, як словамі, так і справамі, што ніякай адлігі пры ім не будзе. Траўму 20-га зжыць немагчыма. Але яе немагчыма і выцесніць. Наадварот, на яе расчэсванні заснавана як мінімум сярэднетэрміновае планаванне ў краіне».

Шкло і старая зброя ў абмен на золата 

«Вы ж памятаеце, як Лукашэнка пры кожным візіце ў краіны далёкай дугі распавядаў, што мы прыйшлі не як каланізатары. Праўда, потым аказвалася, што сэнс прапанаванага раўнапраўнага супрацоўніцтва зводзіцца, як у выпадку з Зімбабвэ, да таго, што ў нас ёсць перадавыя беларускія тэхналогіі, а ў вас багатыя рэсурсы і працавітыя чорныя людзі для іх здабычы.

Гэта значыць ніякага каланіялізму. Вось і цяпер лукашэнкаўскі вяшчальнік Рыгор Азаронак з захапленнем распавядае: "Бацька дасягнуў вялікіх берагоў Блізкага Усходу і высадзіўся там не як заваёўнік, але як сябар".

І што мы маем па факце? Нейкі танны касплэй Картэса: састарэлая агнястрэльная зброя і шкляныя вырабы ў абмен на золата і ювелірныя вырабы».