Навіны

13 ліпеня 2023

Апсіт: адказ, якога не хацелі

Мы размаўлялі з Апсітам каля трох гадзін, прапаноўвалі яму даць нам разгорнуты каментар на камеру, але ён адмовіўся.

Шкада, што «Наша ніва» (НН) не дачакалася нашага адказу да выхаду публікацыі аб нашых раcследаваннях пра Эдуарда Апсіта. БРЦ папярэджваў, што нам спатрэбіцца на гэта некалькі дзён. Мы лічым неабходным пракаментаваць некалькі момантаў, якія згадваюцца ў нашых расследаваннях пра Эдуарда Апсіта. У сваіх матэрыялах мы нікога ні ў чым не абвінавачвалі, як гэта падае НН, а толькі прыводзілі факты з дзейнасці кампаній, падкантрольных бізнесоўцу.
Крыніца: YouTube / На фота Эдуард Апсіт

Кантракт з Берасцейскім вагонным участкам

НН піша, быццам Беларускі расследавальніцкі цэнтр (БРЦ) абвінавачвае кампанію «Чысты свет плюс» у крадзяжы пяці мільёнаў долараў на тэндары па абслугоўванні Берасцейскага лакаматыўнага дэпо. У нашым расследаванні няма такіх абвінавачванняў. Давайце адновім храналогію падзей па гэтым кейсе.

«Чысты свет плюс» заключыў дамову з Берасцейскім вагонным участкам 30 верасня 2015 года. Амаль праз тры тыдні, 20 кастрычніка 2015 года, было заключана дадатковае пагадненне, паводле якога кошт дамовы істотна павялічыўся. На гэта звярнуў увагу колішні майстар Берасцейскага вагоннага ўчастка Аляксандр Клачкоў. Ягоны каментар прыводзіцца ў матэрыяле «Народнага рэпарцёра». Па словах Клачкова, расцэнкі на некаторыя паслугі па дамове былі завышаныя ў тысячу разоў. Клачкоў паскардзіўся на дзеянні кіраўніка Берасцейскага вагоннага ўчастка ў дзяржаўныя органы. У лютым 2016 года кантрольна-рэвізійны аддзел Берасцейскага аддзялення Беларускай чыгункі правёў праверку. Яна выявіла, што кампаніі «Чысты свет плюс» згодна з актам прыёмкі-здачы выкананай працы ад 31 студзеня 2016 года неабгрунтавана выплацілі 9 363 500 рублёў. 

Берасцейская транспартная пракуратура таксама правяла праверку пасля звароту Клачкова і накіравала яму адказ. Гэты ліст прыводзіцца ў тым жа матэрыяле «Народнага рэпарцёра». Там сказана, што падставаў для ўзбуджэння крымінальнай справы няма, але кіраўніку Берасцейскага вагоннага ўчастка вынеслі папярэджанне і аб’явілі заўвагу за «здзяйсненне правапарушэння, якое стварае ўмовы для карупцыі». Адказ пракуратуры датуецца ліпенем 2016 года. Праз некалькі месяцаў, 31 кастрычніка 2016 года, пра гэтую гісторыю напісала выданне bg.media. «За працы, выкананыя па завышаным тарыфе ў лістападзе 2015 года, вагонным участкам было выплачана каля 11 млн рублёў, тады як, паводле першапачатковых умоваў дамовы, іх кошт складаў крыху больш за 1,6 млн», — гаворыцца ў артыкуле. Розніца акурат складае тыя самыя 9,4 млн рублёў.

Крыніца: Youtube-канал «Народны рэпарцёр» / Адказ Берасцейскай транспартнай пракуратуры

Паколькі адказ пракуратуры і артыкул выйшлі ўжо пасля правядзення дэнамінацыі (з 1 ліпеня 2016 года), мы сыходзілі з таго, што сумы там пазначаныя з улікам дэнамінацыі. Калі перавесці 9,4 млн рублёў у долары па тагачасным курсе, атрымаецца каля 5 млн долараў. Гэта сума, на якую завышаная першапачатковая дамова.

Мы не выключаем, што маглі памыліцца ў падліках, і сумы пазначаны ў недэнамінаваных рублях. Але гэта не адмяняе факт, што расцэнкі на паслугі былі завышаныя. І па гэтых завышаных расцэнках «Чысты свет плюс» паспеў выканаць некаторы аб'ём прац, пакуль не пачаліся праверкі.

Тэндары прэзідэнцкага медцэнтру 

У нашым артыкуле гаворыцца пра імітацыю канкурэнцыі на некаторых тэндарах з удзелам кампаній Апсіта і прыводзіцца адзін з такіх тэндараў. Давайце звернемся да яго. 28 верасня 2016 года «Рэспубліканскі клінічны медычны цэнтр» пад Упраўленнем справамі прэзідэнта (прэзідэнцкі медцэнтр) абвесціў тэндар на працы па комплексным абслугоўванні памяшканняў на наступны год. Дакументацыю па гэтым тэндары можна паглядзець тут. Так, мы не пазначылі ў расследаванні, што на конкурс падаліся некалькі ўдзельнікаў, але не ўсе яны дайшлі на таргоў 8 снежня 2016 года. 

Першапачатковы кошт электроннага аўкцыёну — 715 936,65 рублёў. У пратаколе таргоў тры ўдзельнікі: «БЕЛЭЗ», «Чысты свет плюс» і «Кіруючая кампанія “Фасіліком”». «БЕЛЭЗ» уваходзіць у структуру Упраўлення справамі прэзідэнта, як, дарэчы, і медцэнтр, які абвесціў тэндар. «Чысты свет плюс» і «Кіруючая кампанія “Фасіліком”» падкантрольныя сям’і Апсіт. З пратакола правядзення таргоў вынікае, што стаўка «БЕЛЭЗ» складае 622 434,38 рублёў з 15% прэферэнцыяй, стаўка «Кіруючай кампаніі “Фасіліком”» — 620 787,72 рублёў, стаўка «Чысты свет плюс» — 619 964,39 рублёў. Стаўка «Чысты свет плюс» апынулася самай нізкай. І яна, сапраўды, на 13,4% ніжэй за першапачатковы кошт электроннага аўкцыёну — але толькі на 0,1% меньш, чым стаўка афіляванай кампаніі «Кіруючая кампанія “Фасіліком”». 

Нюанс у тым, што кампаніі павінны пацвердзіць свае стаўкі электронным лічбавым подпісам (ЭЛП), што з’яўляецца абавязковай умовай для ўдзелу ў гандляваннях. «Чысты свет плюс» і «Кіруючая кампанія “Фасіліком”» пацвердзілі свае стаўкі ЭЛП, а «БЕЛЭЗ» не. Чамусьці ў артыкуле НН пра гэта не згадваецца. У выніковым пратаколе ад 16 снежня 2016 года пазначаныя толькі дзве кампаніі — «Чысты свет плюс» і «Кіруючая кампанія “Фасіліком”». То бок, камісія абірала пераможцу паміж імі. 

Падобныя сітуацыі з лічбавым подпісам склаліся і на іншых тэндарах прэзідэнцкага медцэнтру з удзелам кампаній Апсітаў. Іх можна пабачыць па спасылках.

https://zakupki.butb.by/auctions/viewinvitation.html?auction=AU20151217049691

https://zakupki.butb.by/auctions/viewinvitation.html?auction=AU20181127158855

https://zakupki.butb.by/auctions/viewinvitation.html?auction=AU20181130159069

Апрача таго, мы знайшлі тэндары дзяржаўных арганізацый, дзе не было іншых удзельнікаў апрача кампаній Апсітаў.

https://icetrade.by/tenders/all/viewResult/345496

https://icetrade.by/tenders/all/viewResult/378883

0 / 2

Крыніца: Інтэрнэт-версія інфармацыйнай сістэмы «Тэндары» www.icetrade.by

Удзел афіляваных кампаній у таргах не забаронены беларускім заканадаўствам, але такая практыка крытыкуецца. Гэта, па сутнасці, як конкурс паміж левай і правай кішэняй адных портак. Да прыкладу, ва Украіне кампаніі, звязаныя з Апсітам, пакаралі штрафам за імітацыю канкурэнцыі на таргах Львоўскай чыгункі. Падрабязна пра гэты кейс можна прачытаць тут

Крымінальная справа ў Беларусі

Расследаванне пра бізнес Апсіта ў Беларусі тычыцца не толькі тэндараў. У матэрыяле БРЦ згадваецца крымінальная справа, заведзеная на дырэктара «Чысты свет плюс» Валерыя Гатоўчыка. Упершыню пра яе стала вядома ў сакавіку 2019 года. Следчы камітэт паведаміў пра затрыманне дырэктара «Чысты свет плюс» па абвінавачванні ў дачы хабару. 

З дапамогай «Кіберпартызан» мы даведаліся акалічнасці гэтай справы. Там мінімум тры эпізоды. Паводле фабулы справы Гатоўчыка, менавіта ён даваў хабар чыноўнікам з рознымі мэтамі. Як мінімум 2500 долараў, каб перамагчы на тэндары Банку ВТБ; 500 долараў, каб алкагольны холдынг «Менск Крышталь» разлічыўся за раней выкананыя працы; 500 долараў, каб прэзідэнцкая клініка лаяльна паставілася да працы, якую выконвае «Чысты свет плюс». Прычым хабар галоўны інжынер прэзідэнцкай клінікі Людміла Любчук атрымала ў лютым 2019 года, а ў ліпені таго ж года прэзідэнцкая клініка заключыла з «Чысты свет плюс» новы кантракт. 

Крыніца: «Кіберпартызаны»
Крыніца: «Кіберпартызаны»

Агулам, па нашых падліках, пасля ўзбуджэння крымінальнай справы «Чысты свет плюс» падпісаў дамовы з рознымі дзяржаўнымі ўстановамі на суму больш за мільён рублёў. Пакуль «Чысты свет плюс» удзельнічаў у тэндарах, расследванне крымінальнай справы супраць Гатоўчыка працягвалася.

У пазнейшых дакументах прадстаўнікоў Банку ВТБ і «Менск Крышталь» выкарыстоўваецца іншая фармулёўка — нібыта яны завалодалі грашыма Гатоўчыка шляхам падману. У фабуле справы Любчук такой фармулёўкі няма. У дакументах напісана, што ёй перадалі хабар ад «Чысты свет плюс» за лаяльнае стаўленне пры прыёмцы прац, якія клінеры выконваюць па раней заключаных дамовах. 

З артыкула НН вынікае, што Гатоўчыку далі два з паловай гады за дачу хабару з прыпіскай «замах на злачынства», а вось прадстаўнік алкагольнага холдынгу пазбег пакарання. Дзіўна, што яго не пасадзілі, калі паводле НН ён вымагаў хабар ад «Чысты свет плюс».

Бізнес у Расеі

Далей пяройдзем да таго, як Апсіты вядуць бізнес у Расеі. Эдуарду і Алене Апсіт належыць маскоўская кампанія «Фасіліком». Яна з’яўляецца праваўладальнікам некалькіх гандлёвых знакаў, сярод якіх — «Чысты свет» і «Чысты свет. Мы робім свет чысцей». Ліцэнзіятамі гэтых гандлёвых знакаў з’яўляюцца дзясяткі кампаній, і ўжо яны ўдзельнічаюць у тэндарах. Паводле расейскіх законаў, праваўладальнік гандлёвага знака і ліцэнзіят нясуць салідарную адказнасць, калі да працы ліцэнзіята ўзнікаюць пытанні

У пісьмовым тлумачэнні для латвійскіх следчых юрысты кампаніі распавялі, што ў 1998 годзе сямейны бізнес Апсітаў з Беларусі пашырыўся на Расею. У 2006-2007 гадах бізнес у Расеі быў рэструктураваны. Апсіты перайшлі ад наўпроставага аказання клінінгавах паслуг кліентам да перадачы гэтых функцый субпадрадчыкам. Менавіта яны ўжо выконвалі замовы кліентаў. Далей сказана, што клінінгавы бізнес Апсітаў займае лідзіруючыя пазіцыі на расейскім рынку і вядомы пад гандлёвым знакам «Чысты свет». 

Латвійскія следчыя таксама атрымалі тлумачэнні ад банку ABLV, дзе афшорныя кампаніі Апсітаў мелі рахункі. З тлумачэнняў банку вынікае, што Апсіты зараблялі грошы ў тым ліку на клінінгу ў Беларусі, Украіне і Расеі. Сярод эксклюзіўных кліентаў называюцца Крэмль, Вярхоўны суд і Цэнтральны банк Расеі. 

З іншай крыніцы нам вядома, што Апсіты абралі стратэгію працы на расейскім рынку праз субпадрадчыкаў, каб у тым ліку засцерагчы свой бізнес ад магчымых праблем з праваахоўнікамі. То бок, з сярэдзіны 2000-х Апсіты зараблялі грошы ў Расеі не наўпрост, а праз кампаніі, якім выдавалі ліцэнзіі на карыстанне гандлёвымі знакамі «Фасіліком». Паводле расейскіх законаў, ліцэнзіяр выдае ліцэнзіяту права толькі на карыстанне гандлёвы знакам, тым часам як па франшызе можна карыстацца не толькі гандлёвым знакам, але і сакрэтамі вытворчасці, камерцыйным досведам, дзелавой рэпутацыяй.

Казармы ў акупаваным Крыме

Цяпер пяройдзем да канкрэтных падрадаў. У 2015-2016 гадах кампанія «Флагман Клін» выйграла сем тэндараў Міністэрства абароны на прыборку казармаў у акупаваным Крыме. На гэтых падрадах кампанія атрымала з бюджэту каля 30 млн еўра. «Флагман Клін» была ліцэнзіятам гандлёвых знакаў «Чысты свет» і «Чысты свет. Мы робім свет чысцей». Кіраўніцай «Флагман Клін» у 2016 годзе была Галіна Сірацініна. Да гэтага яна працавала ў кампаніі «Чысты свет сэрвіс», якой валодалі Эдуард і Алена Апсіт. Пра гэтую акалічнасць НН у сваім артыкуле не згадвае. Пры гэтым адначасова з працай у акупаваным Крыме звязаныя з Апсітам кампаніі вялі бізнес ва Украіне, дзе падкантрольныя яму і ягоным менеджарам фірмы злавілі на маніпуляцыях на тэндарах і пакаралі штрафам.

Картэльная змова на таргах Мінабароны

У 2016 годзе Федэральная антыманапольная служба (ФАС) РФ выявіла картэльную змову на аўкцыёнах па комплексным абслугоўванні ваенных гарадкоў і іншых аб'ектаў. У таргах удзельнічалі дзевяць кампаній, якія меркавана адмаўляліся ад паўнавартаснага суперніцтва, з-за чаго ўсе дзяржкантракты заключылі з нязначным зніжэннем пачатковай максімальнай цаны — не больш за 1,5%. У ходзе разбору антыманапольнай службе ўдалося даказаць змову паміж 8 кампаніямі. На агульную суму пачатковага максімальнага кошту кантрактаў у 28 млн еўра. З матэрыяламі справы можна азнаёміцца па спасылцы

ФАС згадвала дзве групы кампаній-змоўніц. Першая — гэта кампаніі «Кампанент», «Экабалт», «РусКомплекс», «Спецрэсурс», «Мегалайн». Расейскі Фонд барацьбы з карупцыяй высветліў, што яны звязаныя з Яўгенам Прыгожыным. 

Другая ўмоўная група ўключала фірмы «Белы мядзведзь», «Коралклін» і «Міленіум клін». Кампаніі з’явіліся ў 2014 годзе і былі ліквідаваныя ў 2022-м. Ланцужок ад іх вядзе да Апсітаў. Кіраўнікі і ўладальнікі ўсіх трох кампаній у свой час працавалі на фірмы, якім Апсіты выдалі ліцэнзію на карыстанне гандлёвымі знакамі, якія належаць «Фасіліком». І сярод такіх людзей не толькі Люміла Чакорая. Разам з ёй такіх пяць чалавек, але НН у сваім артыкуле ўзгадвае чамусьці толькі Людмілу Чакорую. Проста яна — адзіная асоба, да якой мы змаглі датэлефанавацца. Яна пацвердзіла, што працавала на Апсітаў, у тым ліку ў кампаніі «Коралклін». Жанчына сказала, што нічога не памятае пра ўдзел «Коралклін» у змове на тэндарах Мінабароны, бо мела іншыя абавязкі — адказвала ў групе кампаній «Фасіліком» за якасць працы. 

Вернемся да справы аб картэльнай змове, бо ў ёй ёсць цікавыя высновы. З матэрыялаў ФАС вынікае, што «Белы мядзведзь», «Коралклін» і «Міленіум клін» карысталіся адным IP-адрасам і МАС-адрасамі пры падачы заявак на таргі. На думку спецыялістаў ФАС Расеі, гэта сведчыць аб «працяглых і ўстойлівых сувязях» паміж кампаніямі. Акрамя таго, у матэрыялах ФАС пазначана, што заяўкі на конкурс падаваліся аднымі і тымі ж карыстальнікамі. Прычым адзін і той жа карыстальнік падаваў заяўкі на аўкцыён ад імя фірмаў з розных груп. Да прыкладу, Канцемір Емішаў падаваў заяўкі як ад імя «Кампанент», «РусКомплекс», «Мегалайн», так і ад імя «Коралклін». 

Некаторыя файлы, якія змяшчаюцца ў заяўках, створаныя пад адным уліковым запісам, адначасова і ідэнтычныя па памеры і змесце. ФАС прыйшла да высновы, што дакументы на конкурсы рыхтаваліся сумесна. Прасцей кажучы, людзі, звязаныя з Апсітам, дамовіліся з людзьмі, звязанымі з Прыгожыным. Раней выданне РБК высветліла, што рынак ваеннага клінінга Прыгожын дзяліў з кампаніямі, якія могуць быць звязаны з групай «Фасіліком».

Крымінальная справа ў Расеі

Бізнес Апсітаў засвяціўся ў крымінальнай справе не толькі ў Беларусі, але і ў Расеі. Яна была заведзеная ў 2014 годзе за тое, што клінеры выкарыстоўвалі нелегальную працу мігрантаў. Маскоўская паліцыя не паведаміла назву кампаніі, але ад абазнанай крыніцы мы ведаем, што гаворка ідзе пра «Фасіліком». НН піша, што мігрантам не патрэбная віза для ўезда ў Расею. Але з прэс-рэлізаў паліцыі вынікае, што іх прымалі на працу без неабходных дакументаў і, пры неабходнасці, рабілі ліпавыя міграцыйныя карты і дазволы на працу. Пры гэтым мігранты скардзіліся на рабскія ўмовы працы. Да таго ж яны атрымлівалі заробак меншы за сярэднерынкавы, што, паводле паліцэйскіх рэлізаў, «дазваляла ўдзельнікам незаконнага бізнесу атрымліваць дадатковую матэрыяльную выгаду». Апсіт у адным з інтэрв’ю тлумачыў найм мігрантаў на працу наступным чынам: «Наогул, гэта пытанне цаны за білет. Мігранты абыходзяцца кліенту танней».

Бізнес у розных краінах і адмыванне грошай

Мы не абвінавачваем Апсіта ў злачынствах. У расследаваннях мы паказваем, як ён вядзе бізнес у розны краінах. І гэты бізнес суправаджаецца судовымі справамі — у Латвіі яго бізнес падазраюць у адмыве грошай, а ў Беларусі топ-менеджар яго кампаніі асуджаны за хабарніцтва. 

Апрача таго мы паказваем, што ў розных краінах гэты бізнес вядзецца па-рознаму. У Беларусі Апсіты працуюць наўпрост праз падкантрольныя фірмы і атрымліваюць дзяржаўныя замовы ад такіх устаноў як шпіталі, універсітэты, чыгунка, Нацыянальная бібліятэка, Нацыянальная тэлерадыёкампанія, Парк высокіх тэхналогіяў і іншыя. Агульны кошт кантрактаў за дзесяць гадоў — каля 40 млн еўра па курсе на дзень публікацыі. 

Ва Украіне Апсіт валодаў бізнесам наўпрост разам са сваімі менеджарамі, але пасля акупацыі Крыму і вайны на Данбасе ён выйшаў са складу ўдзельнікаў усіх вядомых нам кампаній. Украінская група кампаній «Чыста», сувязь з якой мае Апсіт, прыбірае важныя стратэгічныя аб’екты, тым часам як Апсіт мае расейскае грамадзянства. Але фармальна яго няма сярод уладальнікаў украінскіх кампаній. 

Тым часам як Апсіт вядзе бізнес ва Украіне, звязаныя з ім фірмы атрымліваюць замовы ад расейскага Міністэрства абароны. Але, каб схаваць такую сувязь, у Расеі Апсіты працуюць не наўпрост, а праз субпадрадчыкаў, якія карыстаюцца ліцэнзіямі «Чысты свет» і «Чысты свет. Мы робім свет чысцей». То бок, Апсіт выглядае бізнесоўцам, які спрабуе ўседзець адразу на некалькіх крэслах. 

Заробленыя ў Беларусі, Украіне і Расеі сродкі выводзіліся на рахункі афшорных кампаній у латвійскім банку ABLV праз фіктыўныя крэдытныя і іншыя дамовы, падазраюць латвійскія следчыя. Яны адзначаюць, што, паводле гэтых дамоваў, мільёны еўра пераводзіліся на рахункі афшорных кампаній Апсіта «без эканамічнай логікі» з мэтай схаваць паходжанне сродкаў. Праваахоўнікі прыйшлі да высновы, што пад Апсіта ў банку ABLV была створана адмысловая «пральня». Дарэчы, бізнесовец быў таемным акцыянерам банку праз дзве кіпрскія кампаніі. Як высветлілі ў OCCRP, ён валодаў адным адсоткам акцый ABLV і 21% — звязанай з банкам інвестыцыйнай кампаніі AmberStone Group. 

Мы размаўлялі з Апсітам каля трох гадзін, прапаноўвалі яму даць нам разгорнуты каментар на камеру, але ён адмовіўся. У нашым расследаванні мы пераказалі ягоную пазіцыю, падрыхтаваную адвакатамі. Яна заключаецца ў адмаўленні ўсяго таго, пра што мы пісалі вышэй.

Данаты на палітвязняў і ВНЖ у Літве

Што да дапамогі Апсіту і ягоным сямейнікам з боку дэмакратычных сілаў з легалізацыяй у Літве, то асоба бізнесоўца бачыцца нам спрэчнай для такой падтрымкі, нягледзячы на ягоныя данаты. Яны выглядаюць той жа спробай усядзець адразу не некалькіх крэслах. 

Як мы распавядалі ў адным з нашых расследаванняў, Апсіт заданаціў фонду BySol больш за 90 тысяч еўра. Мы апублікавалі адпаведны ліст, які пацвярджае гэтую інфармацыю. І гэтыя данаты дэмакратычныя сілы выкарыстоўвалі як абгрунтаванне, чаму трэба выдаць ВНЖ сямейнікам Апсіта, калі звярталіся да літоўскіх праваабаронцаў, якія дапамагаюць з легалізацыяй беларусаў у Літве. У выніку гуманітарныя ВНЖ у Літве атрымалі маці, цешча і цесць Апсіта. 

Хацелі б звярнуць увагу на прадпрымальніцу, якая прывяла Апсіта ў BySol. Яна нам бачыцца ключавой асобай ва ўсёй гэтай гісторыі. Жанчына ведае бізнесоўца асабіста. Прадпрымальніца распавяла нам, што Апсіт пакрываў значную частку збораў на палітвязняў акурат у той час, калі фонд шукаў грошы. Прадпрымальніца абараняла Апсіта ў размове з намі — маўляў, адна справа, як ты вядзеш бізнес, іншая справа — твая палітычная пазіцыя. Прасцей кажучы, грошы не пахнуць. Дарэчы, BySol — не адзіная арганізацыя, якая, па словах той жа прадпрымальніцы, атрымлівала грошы ад Апсіта.

Іншыя Навіны