Навіны

Сёння

«Выглядае як дымавая завеса». Дэталі і імаверныя прычыны візіту лівійскага генерала ў Беларусь

Лівійская дэлегацыя ў Менск і назад ляцела асабістым лятаком Лукашэнкі.

Афіцыйны візіт вярхоўнага галоўнакамандуючага лівійскай нацыянальнай арміяй Халіфы Хафтара ў Менск скончыўся 19 лютага. Беларускія медыі не пісалі ні пра яго завяршэнне, ні пра ад’езд фельдмаршала і лівійскай дэлегацыі. Але па адной дэталі мы вызначылі, колькі дзён Хафтар правёў у Беларусі. А таксама ўзгадалі гісторыю стасункаў двух бакоў, якая можа праліць святло на прычыны сёлетняй сустрэчы. 

Прывілей урадавага борту

Лівійскую дэлегацыю ў Менск даставіў урадавы Boeing 737, на якім лётае Аляксандр Лукашэнка. Журналіст БРЦ адсачыў палёты гэтага борту і высветліў, што гэтым жа самалётам 19 лютага яна паляцела назад у Бэнгазі, горад на паўночным усходзе Лівіі, які кантралююць сілы Халіфы Хафтара. Лятак мае рэгістрацыйны нумар EW-001PA і ўжо два гады знаходзіцца пад амерыканскімі санкцыямі. Абмежаванні на яго наклалі з фармулёўкай: «самалёт, да якога Аляксандр Лукашэнка мае эксклюзіўны доступ … і які выкарыстоўвае для персанальных падарожжаў».

Базы «Кіберпартызанаў» утрымліваюць дадзеныя пра падарожжы і пасажыраў самалёту з нумарам EW-001PA ад моманту пакупкі ў 2004 годзе да кастрычніка 2020-га. За гэты перыяд у іх няма ніводнага прыкладу, калі Boeing давалі камусьці ў карыстанне, або перавозілі ім кагосьці, акрамя самога Лукашэнкі і асобаў, якія суправаджаюць яго ў падарожжах.

Беларускія дзяржаўныя медыі не афішавалі факт, што лівійскі фельдмаршал прыбыў у Менск на беларускім урадавым самалёце. На афіцыйных фота і відэа прылёт Хафтара ў аэрапорт «Менск-2» або не паказалі, або абралі такія ракурсы, каб самалёт не трапляў у кадр. Затое яго добра бачна на фота і відэа, якія апублікаваў лівійскі бок. 

Гэта не першы выпадак, калі Лукашэнка высылае ўрадавы самалёт па замежных гасцей. Так было падчас візіту патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла ў 2018 годзе. Але яго забраў іншы, больш сціплы ўрадавы борт з рэгістрацыйным нумарам EW-301PJ. Гэты ж самалёт у сваіх прыватных падарожжах, напрыклад падчас адпачынку ў Турцыі, выкарыстоўвала сям’я Аляксандра Лукашэнкі.

Сувязі з лівійскім фельдмаршалам

З 2011 года ў Лівіі пануе палітычны крызіс (мы распавядалі пра гэта ў аналітычным матэрыяле пра перамогі і паразы ПВК «Вагнэр» у Афрыцы). Захад краіны кантралюе ўрад нацыянальнай згоды, прызнаны Арганізацыяй Аб’яднаных Нацыяў. Усход і цэнтральную частку Лівіі, у тым ліку багатыя нафтавыя радовішчы, — Лівійская нацыянальная армія, на чале якой і стаіць 81-гадовы госць Аляксандра Лукашэнкі. 

Афіцыйная мэта візіту лівійскай дэлегацыі — узаемадзеянне ў сацыяльнай і гуманітарнай сферах, паведаміла агенцтва БелТА. Але склад удзельнікаў першай сустрэчы наводзіць на думку, што гаворка вялася і пра вайсковую супрацу, сказаў у каментары БРЦ экс-чыноўнік, а зараз намеснік кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Арцём Брухан: 

«Гэтая сустрэча была прысвечана зусім не сацыяльным пытанням і зусім не гуманітарным. Гэта ўсё выглядае хутчэй як дымавая завеса. Бо калі б там, сапраўды, абмяркоўваліся гэтыя пытанні, то прысутнічаў бы ці то віцэ-прэм'ер, напрыклад, па сацыяльнай палітыцы, ці намеснік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі, які звязаны з сацыяльнай сферай. Але гэтага не было». 

На сустрэчы ў Палацы Незалежнасці акрамя самога Лукашэнкі з беларускага боку былі толькі дзве асобы, два генералы: кіраўнік КДБ Іван Церцель і міністр абароны Віктар Хрэнін. У дэлегацыі Халіфы Хафтара таксама пераважна былі людзі з пагонамі. Падчас афіцыйнай сустрэчы па левым баку ад яго сядзелі сыны — Халед і Садам. Абодва ў рангу двухзоркавых генералаў. Але ў прысутнасці медыяў пра вайсковую супрацу беларускі і лівійскі бакі не размаўлялі. 

Гаворка пра гэта, імаверна, ішла ў больш як двухгадзіннай частцы перамоваў за зачыненымі дзвярыма, пасля таго, як прадстаўнікі медыяў пакінулі залю. Італ’янскае выданне Agenzia Nova ужо пасля завяршэння візіту са спасылкай на ўласныя крыніцы паведаміла, што там гаворка ішла пра абслугоўванне вайсковых самалётаў МіГ-29 расейскай вытворчасці і развіццё ваенна-марскіх базаў на поўначы Лівіі. Размовы пра рамонт самалётаў МіГ-29 маюць пад сабой падставы. Баранавіцкі «558 Авіярамонтны завод» спецыялізуецца на абслугоўванні гэтага тыпу машынаў.

Забаронены гандаль

Беларусь і Лівія маюць гісторыю ваеннага экспарту. ААН яшчэ ў 2011 годзе забараніла пастаўкі зброі ў Лівію, а ў 2016-м дадаткова ўзмацніла гэтую забарону. Тым не менш, афіцыйны Менск неаднаразова даваў нагоды падазраваць Беларусь у абыходзе гэтых санкцыяў.

У 2011 годзе Стакгольмскі міжнародны інстытут даследавання праблемаў міру (Stockholm International Peace Research Institute, SIPRI) паведаміў аб рэйсе цяжкага транспартавага самалёта Іл-76 з авіябазы ў Баранавічах на лівійскую авіябазу Сабга з грузам вайсковага абсталявання. Беларускае МЗС назвала гэтую інфармацыю паклёпам. 

У 2015 годзе да журналістаў агенцыі Reuters патрапіў сакрэтны даклад ААН з інфармацыяй пра тое, што Беларусь у 2014 годзе, імаверна, пастаўляла зброю лівійскім узброеным фармаванням, вядомым як зінтанскія брыгады. Беларускае Міністэрства замежных справаў заявіла, што з чэрвеня 2014 года не пастаўляе зброю ў Лівію. 

У 2017 годзе следчыя ААН апублікавалі іншы рапарт, у якім прадставілі факты паставак арміі Хафтара баявых верталётаў Мі-24. Дакумент утрымліваў доказы, што як мінімум адзін з гэтых верталётаў паходзіў з Беларусі. 

Падзяка за запрашэнне

Адзін з апошніх прыкладаў верагоднай вайсковай супрацы датычыць лістапада 2024 году. Тады Іл-62 кампаніі Rada Airlines, зарэгістраванай у Беларусі, здзейсніў шэраг рэйсаў паміж былым вайсковым аэрадромам «Ворша» і лівійскім горадам Бэнгазі, падкантрольным Халіфе Хафтару. Пра гэта паведаміла бразільскае выданне Aeroin. 

Журналісты правялі аналіз палётных планаў і прыйшлі да высновы, што на борце магла знаходзіцца зброя. Пры палёце з Беларусі ў Лівію лятак абмінаў Турцыю, якая падтрымлівае ўрад нацыянальнай згоды ў Трыпалі, а не войскі Хафтара. Але на зваротным шляху Іл-62 вяртаўся ў Беларусь наўпрост — праз турэцкую паветраную прастору. Аўтар артыкулу прыйшоў да высновы, што такія паводзіны могуць сведчыць пра жаданне перавозніка не паведамляць турэцкаму боку пра груз, які быў на борце пры палётах з Беларусі ў Лівію. А на зваротным шляху гэта ўжо не мела значэння. Першы палёт Іл-62 з Воршы ў Бэнгазі адбыўся праз месяц пасля таго, як у Менск з візітам завітаў сын Халіфы Хафтара Садам, у кампаніі генерала лівійскіх ваенна-паветраных сілаў.

Адметнасцю сёлетняга візіту можа быць тое, што адбыўся ён на запрашэнне Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта ўскосна сведчаць словы перакладчыка фельдмаршала Хафтара. Ён падзякаваў за «тое запрашэнне, што вы даслалі нам».

Іншыя Навіны