Навіны

23 сакавіка 2023

«Літва адчувае сябе ўразлівай». Чаму Літва вырашыла не выдаваць беларусам візы і ВНЖ і што з гэтым рабіць?

Офіс Святланы Ціханоўскай лічыць, што падобныя абмежаванні неабходна ўводзіць не па прыкмеце пашпарта, а па прыкмеце супрацы з рэжымам Лукашэнкі.

Насамрэч абмежаваць выдачу візаў для беларусаў і расейцаў Літва вырашыла яшчэ летась. Тады Сойм увёў у краіне надзвычайнае становішча. На гэты час быў прыпынены прыёму заявак на атрыманне віз грамадзянамі Расеі і Беларусі. З таго часу атрымаць візу беларусам можна толькі на «гуманітарных падставах». Цяпер да гэтых складанасцяў дадаецца і немагчымасць атрымаць ВНЖ у суседняй краіне.

Паводле аналітыка і былога прадстаўніка пасольства Беларусі ў Літве Паўла Слюнькіна, прычынай, па якой Літва прыняла такі закон, можа быць уразлівасць. Грамадзяне, якія прыбываюць з Беларусі і Расеі ў Літву, нават на гуманітарных падставах, могуць успрымацца як патэнцыйная пагроза, калі такіх людзей стане вельмі шмат.

Што да прычын, то ў дадзеным выпадку ўсё проста. Літва адчувае сябе ўразлівай, знаходзячыся паблізу варожых Расеі і цяперашніх уладаў Беларусі. Гістарычная памяць указвае на неабходнасць прымаць меры, якія дапамогуць знізіць рызыкі для сваёй краіны. Цяперашні ваенны кантэкст ставіць перад літоўскімі ўладамі няпросты выбар паміж адкрытай палітыкай для беларусаў: грамадзянскай супольнасці, рэлакантаў, уцекачоў і клопатам аб уласнай бяспецы. І асцярогі аб бяспецы ўзнікаюць не на пустым месцы. Літва цягам доўгіх гадоў сутыкаецца з расейскай і беларускай варожай актыўнасцю на яе тэрыторыі. Гэтыя краіны спрабуюць уплываць на ўнутрыпалітычныя працэсы ў Літве праз расейскія і польскамоўныя меншасці, вербаваць інфарматараў, выкарыстоўваць мясцовае насельніцтва, іх сацыяльную незадаволенасць у сваіх інтарэсах (тое, чаго Літва спрабуе пазбегнуць, добра відаць зараз у Малдове). Пры гэтым Расея і Беларусь дамінуюць над Літвой па колькасці насельніцтва. Патокі грамадзян, якія прыбываюць адтуль, нават на гуманітарных падставах, могуць успрымацца як патэнцыйная пагроза, калі колькасць такіх людзей стане вельмі вялікай, – лічыць Слюнькін.

Аналітык таксама адзначае, што шанцы на хуткія перамены ў Беларусі пакуль не праглядаюцца, уплыў дэмсіл у выгнанні на беларускае грамадства змяншаецца, а рэжым Лукашэнкі ўсё больш умацоўвае свой кантроль над асабістым жыццём беларусаў, шантажуе іх.

І ў такім ракурсе інвестыцыі ў палітыку адкрытасці выглядаюць для Літвы надзвычай рызыкоўнымі, таму яна становіцца ў абаронную пазіцыю, хаця і ўсведамляе, што такім чынам адразае шлях для многіх беларусаў на выратаванне ад пераследу. Але ў ваенныя часы пераважае логіка бяспекі, а не мяккай сілы ці гуманітарных меркаванняў, – кажа Павел Слюнькін.
Што да пытання выдачы беларусам віз, то падыходы, паводле слоў эксперта, застануцца ранейшымі. Дзейны парадак прадугледжвае выдачу віз грамадзянам Беларусі на гуманітарных падставах, і ён жа перанесены ў дакумент. Гэта значыць, мяняецца толькі юрыдычная аснова, пры гэтым пакуль плануецца захаваць часовы характар такіх падыходаў.

Усё, што не падпадае пад «гуманітарныя падставы», хутчэй за ўсё, стане яшчэ больш праблематычным. Зʼяўляюцца новыя абмежаванні для атрымання літоўскага ВНЖ, будзе абмежавана або і зусім закрыта магчымасць атрымання літоўскага грамадзянства. Важна таксама ўлічваць, што праект пакуль быў прыняты ў першым чытанні. У тэорыі, у яго могуць яшчэ ўнесці некаторыя змены. Аднак пакуль невядома, як закон будзе працаваць на практыцы. У тэорыі патрабаванні для пацверджання гуманітарнага характару звароту па візу могуць стаць больш жорсткімі, – тлумачыць Слюнькін.

У Офісе Святланы Ціханоўскай заявілі, што Абʼяднаны пераходны кабінет і Офіс працуюць з заканадаўчай і выканаўчай уладай Літвы, каб забяспечыць законныя правы беларусаў пры прыняцці законапраекта Соймам Літвы.

Святлана Ціханоўская і Крысціна Рыхтэр
Крыніца: Офіс Святланы Ціханоўскай / Святлана Ціханоўская і Крысціна Рыхтэр

Гэты закон не мяняе візавых абмежаванняў, якія ўжо існуюць для беларусаў. Гэтыя абмежаванні былі ўведзены ў сувязі з абвешчаным Надзвычайным палажэннем. Гуманітарныя візы выдаваліся з падтрымкай МЗС Літвы, і для людзей, якія пацярпелі ад палітычных рэпрэсій рэжыму, працэс атрымання віз застанецца нязменным, – кажа прадстаўніца Офісу Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр. – Грамадзяне Беларусі, якія ўжо маюць часовыя віды на жыхарства, або нацыянальныя літоўскія візы, або шэнгенскія візы, выдадзеныя Літвой, змогуць прадоўжыць падавацца на атрыманне часовага віду на жыхарства.

Па словах прадстаўніцы Ціханоўскай, дадзены закон таксама абмяжоўвае атрыманне электронных рэзідэнцтва і пакуль не да канца зразумела, ці будзе магчымасць у тых, хто ўжо меў рэзідэнцтва абнавіць яго, калі скончыцца тэрмін дзеяння. Тым не менш, нельга казаць пра тое, што гэтыя абмежаванні не адпавядаюць міжнародным стандартам правоў чалавека.

Закон абараняе інтарэсы Літвы ў галіне нацыянальнай бяспекі, і мы разумеем занепакоенасць краіны. На наш погляд, закон павінен быць накіраваны на тых людзей, хто прыехаўшы ў Літву, працягвае супрацоўнічаць з рэжымам Лукашэнкі фінансава ці шляхам перадачы інфармацыі сілавым структурам. І ў гэтай частцы асцярогі літоўскага ўрада зразумелыя. Беларускія дэмакратычныя сілы ў гэтай частцы толькі вітаюць намаганні Літвы, разумеючы небяспеку прысутнасці такіх людзей на яе тэрыторыі. Аднак у Літоўскай Рэспубліцы нямала людзей, якія вымушана пераехалі ў краіну з-за палітычна матываванага пераследу і працягваюць супраціў рэжыму, які ўсталяваўся ў Беларусі, – тлумачыць Рыхтэр.

Прадстаўніца Ціханоўскай адзначае, што гэты закон таксама бʼе па тых, хто пражыў у Літве больш за 10 гадоў, бо законам прыпыняецца разгляд заяў аб прыёме ў грамадзянства Літвы. Гэта палажэнне тычыцца тых, хто яшчэ да падзей 2020 года і нават да анексіі Крыму апынуўся тут, пабудаваў сваё жыццё тут – вывучыў мову, уладкаваўся на працу або адкрыў сваю справу і робіць істотны ўклад у эканоміку Літвы. Па словах Крысціны Рыхтэр: такія кампаніі, як FLO, Wargaming і EPAM ужо традыцыйна ўваходзяць у топ IT-бізнэсаў па выплачаных падатках, а большасць іх супрацоўнікаў – грамадзяне Беларусі. Больш за тое, пры прыёме ў грамадзянства Літоўскай Рэспублікі прэтэндэнты праходзяць строгі кантроль, у тым ліку з боку службаў бяспекі Літвы.

Для таго, каб пазбегнуць непаразуменняў з літоўскім бокам, мы гатовы актыўна працаваць з дзяржавай, каб абмежаванні не закраналі тых, хто выразна і адназначна выказаўся супраць расейскай агрэсіі ва Украіне і супрацьстаіць чалавеканенавісніцкай палітыцы рэжыму Лукашэнкі. Мы можам прапанаваць Літве распрацоўку механізмаў па верыфікацыі і іншай неабходнай падтрымцы, каб прадстаўнікі беларускай дыяспары не сутыкаліся з неапраўданымі абмежаваннямі на свой адрас, а таксама не адчувалі сябе ў сітуацыі нявызначанасці. Законапраект у прапанаваным выглядзе стварае значныя цяжкасці для законапаслухмяных і лаяльных Літве грамадзян Беларусі, у тым ліку тых, хто доўгі час пражывае ў Літоўскай Рэспубліцы. Мы адсочваем рэакцыю нашай дыяспары на дадзены законапраект і ведаем пра ўсе тыя праблемы, якія абмяркоўваюць у чатах беларусаў у Літве, – кажа Рыхтэр.

Офіс Святланы Ціханоўскай лічыць, што падобныя абмежаванні неабходна ўводзіць не па прыкмеце пашпарта, а па прыкмеце супрацы з рэжымам Лукашэнкі, выключаючы з іх людзей, якія супраціўляюцца рэжыму і вайне ва Украіне.

Іншыя Навіны