Навіны

24 красавіка 2023

«Мы завяршылі фазу падзення і, пакуль што, застаемся на дне». Што адбываецца з беларускай эканомікай?

Краіна паспела за год адаптавацца да санкцый і выбудаваць новыя лагістычныя ланцужкі.

МАЗ канвеер
Крыніца: БелТА
Спад беларускай эканомікі запавольваецца, а стрымлівае рост слабая дынаміка ў будаўніцтве, транспарце і IT-сектары. Пра гэта гаворыцца ў макрааглядзе эканомікі Беларусі за тыдзень, апублікаваным групай галоўнага эканаміста Еўразійскага банку развіцця (ЕАБР) Яўгена Вінакурава. Чаму менавіта гэтыя сферы «трапілі пад раздачу», мы спыталі ў старэйшага навуковага супрацоўніка BEROC Льва Львоўскага.

Згодна з дадзенымі ЕАБР, ВУП Беларусі ў I квартале 2023 года знізіўся на 2,1% (г/г) пасля скарачэння на 3,6% (г/г) за студзень – люты. Запаволенне спаду абумоўлена аднаўленнем абʼёмаў прамысловай вытворчасці, дзе рост у I квартале склаў 1,8 працэнта пасля спаду ў студзені – лютым 2023 года на 1,8 працэнта (г/г), і павелічэннем вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі на 3 працэнты. Па словах Львоўскага, гэта абʼектыўныя лічбы.

«Усё так і ёсць. Мы завяршылі фазу падзення і, пакуль што, застаемся на дне. У 2022 годзе адбыліся негатыўныя падзеі для эканомікі: розныя санкцыі, разрыў лагістычных ланцужкоў, адток людзей і страта рынкаў. Да ўсіх гэтых рэчаў эканоміка адаптавалася, прыстасавалася. Гэта значыць, мы ўпалі на 4, 7% у 2022 годзе. Падзенне з-за ўсіх гэтых негатыўных падзей было б больш глыбокім, але за кошт, напрыклад, перапраўкі нейкіх тавараў у Расею, удалося гэтае падзенне ўтрымаць. Гэта значыць больш нічога негатыўнага не адбываецца, усё дрэннае ўжо здарылася і, пакуль што, новых негатыўных шокаў няма», – растлумачыў эксперт.

Эксперт падкрэслівае, што калі супраць Беларусі будуць уведзены новыя санкцыі, эканамічныя паказнікі зноў пачнуць падаць. Аднак пакуль, калі параўноўваць з тым жа перыядам 2022 года, эканоміка застаецца ў плюсе, бо краіна паспела за год адаптавацца да санкцый і выбудаваць новыя лагічныя ланцужкі.

«Да гэтага дадаецца тое, што ўрад запусціў даволі моцныя фіскальныя і манетарныя стымулы. Гэта значыць, адбываецца звышмяккая манетарная палітыка. Нацбанк запускае кучу грошай у банкаўскую сістэму, імкнецца трымаць рэальную стаўку ў адмоўным дыяпазоне, прадпрыемствы працуюць на склад. Не ўсе, але ў нас складскія запасы за апошнія некалькі месяцаў зноў дасягнулі лакальных рэкордаў. Гэта значыць, што зробленае запісваецца ў ВУП, хаця яно не прадаецца нікуды. Ну, і плюс да гэтага звышмяккая манетарная палітыка падтрымлівае нейкі попыт, нешта дае гандлю. Хоць гандаль у нас усё яшчэ адзін з антылідараў», – лічыць эканаміст.

Сфера ІТ трапіла ў спіс самых слабых галін беларускай эканомікі, хаця санкцыі на яе не накладваліся, таму што яна сурʼёзна завязана на супрацы з іншымі краінамі, а цяпер з-за таксічнасці Беларусі як суагрэсара супраца прыкметна пагоршылася.

«Некаторыя IT-кампаніі зʼязджаюць, таму што жадаюць прыцягнуць інвестыцыі, а гэта складана зрабіць будучы ў Беларусі. Некаторыя зʼязджаюць, бо ім трэба карыстацца нейкімі сэрвісамі, якія перастаюць працаваць у Беларусі. У некаторых замоўцы адмаўляюцца, у некаторых проста адмыслоўцы баяцца патэнцыйнай мабілізацыі і кажуць «вывозьце нас». Для галіны гэта самы вялікі адток людзей за год. У мінулым годзе больш за 30% людзей, які працавалі на сярэдніх і буйных прадпрыемствах IT-галіны, сышлі. Мы мяркуем, што яны, хутчэй за ўсё, зʼехалі з краіны», – распавёў эксперт.

Прыкметна пацярпела і транспартная галіна. Як адзначае Львоўскі, геаграфічнае становішча для Беларусі такі ж магутны рэсурс, як для Расеі нафта, бо праз краіну праходзяць шляхі з Еўропы ў Кітай і Расею.

«Але гэтую перавагу мы таксама страцілі, таму што мы проста перасталі быць стабільным транзітным партнёрам. І таму больш і больш грузаў вязецца не праз Беларусь. Мы раней былі ўдзельнікам праграмы «Адзін пояс – адзін шлях». Гэта такая вялікая кітайская мегапраграма па будаўніцтве транзітнай інфраструктуры па ўсім свеце. Але вось зараз мы з яе выпалі і «Адзін пояс – адзін шлях» збіраецца ісці ў абыход Беларусі», – растлумачыў Львоўскі.

Што да сферы будаўніцтва, то яна, як тлумачыць эксперт, проста рэагуе на ўнутраны попыт, які большую частку 2022 года быў у мінусе.

«Цяпер будоўля выбралася з мінусу. Гэта значыць там, адносна 2022 году, справы ідуць не так дрэнна, як былі», – дадае эксперт.

Іншыя Навіны