Расказваем пра афіцыйны і неафіцыйны адказ польскага боку журналістам.

Акруговая пракуратура Варшавы адмовілася распачынаць крымінальную справу ў сувязі са знікненнем Анатоля Котава. Рашэнне прынялі 31 ліпеня 2026 года. Ведамства разгледзела заяву, пададзеную ў пракуратуру пасля выхаду расследавання БРЦ аб акалічнасцях знікнення беларускага апазіцыянера. 

Навіна падрыхтаваная ў супрацы з польскім выданнем Rzeczpospolita.

Прэсавы сакратар Акруговай пракуратуры Варшавы Пётр А. Скіба патлумачыў выданню Rzeczpospolita, што польскія органы не маюць юрысдыкцыі ў гэтай справе:

«Асоба, якой датычыла паведамленне, не з'яўляецца грамадзянінам Польшчы, дзеянні супраць яе не адбыліся на тэрыторыі Рэспублікі Польшча і няма падставаў сцвярджаць, што да магчымага здзяйснення злачынства маглі быць датычныя грамадзяне Польшчы».

Як паведаміў прэс-сакратар, сваякі могуць абскардзіць адмову. Аднак, паводле інфармацыі БРЦ, жонка Котава не атрымала рашэння пракуратуры па гэтай справе. Да ўступлення рашэння ў сілу пракуратура не раскрывае дадатковай інфармацыі.

Неафіцыйная версія 

Як паведамляе польскае выданне Rzeczpospolita са спасылкай на свае крыніцы, турэцкія ўлады перадалі польскім следчым матэрыялы ў межах міжнароднай прававой дапамогі. У прыватнасці, памежныя дадзеныя, якія пацвярджаюць, што Котаў прыляцеў у Стамбул. Як паведаміла крыніца Rzeczpospolita, нягледзячы на наяўнасць польскага «жэнеўскага пашпарту», які выдаецца людзям са статусам уцекача, на турэцкай мяжы апазіцыянер прад'явіў беларускі пашпарт. Па меркаванні прадстаўніка польскіх службаў, з якім размаўляла Rzeczpospolita, гэта сведчыць пра жаданне Котава застацца ананімным і не вылучацца з агульнай турыстычнай плыні. У той жа час, Котаў мог так зрабіць, каб пазбегнуць бюракратычных цяжкасцяў. З беларускім пашпартам можна ўехаць у Турцыю без візы, а з жэнеўскім — не.

Паводле крыніцы Rzeczpospolita, якую выданне называе блізкай да следства, ключавой версіяй ягонага знікнення лічыцца агентурная дзейнасць. Суразмоўца сцвярджае, што Котаў супрацоўнічаў з выведкай з задачай атрымаць доступ да Паўла Латушкі. Крыніца дапускае, што пазней яго вывелі з аперацыі, каб перадухіліць раскрыццё. Да гэтага сцверджання трэба ставіцца крытычна, бо паўнавартаснага расследавання польская пракуратура не праводзіла. Супраць такой версіі таксама сведчаць неапублікаваныя дадзеныя, якімі валодае Беларускі расследавальніцкі цэнтр. Меркавана, знікненне Котава не было яго добраахвотным рашэннем. З гэтым згодны сам Павел Латушка.

«Усе гэтыя гады ён спрабаваў наладзіць сувязь з прадстаўнікамі эліты ў Менску, спрабуючы праз іх вырашыць беларускую праблему. <…> некалькі разоў дзякуючы яму я размаўляў з былымі прэм'ер-міністрамі Беларусі. Думаю, яму ўдалося паглыбіцца ў справу і ён трапіў у пастку спецслужбаў», — распавёў палітык выданню Rzeczpospolita.

Як знік Котаў

21 жніўня 2025 года Анатоль Котаў прыбыў з Варшавы, дзе жыў на той момант з сям’ёй, у турэцкі Трабзон. Увечары, у кампаніі грамадзянкі Іярданіі Кахіры Эйналавай ён падняўся на борт яхты Shells, дзе знаходзіліся экіпаж і двое грамадзянаў Расеі — Юрый Галаванаў і Пётр Грыб. Пасля гэтага па просьбе расейцаў экіпаж накіраваў яхту ў бок непрызнанай Рэспублікі Абхазіі. 22 жніўня да яхты падышоў расейскі памежны карабель, на борт падняліся супрацоўнікі ФСБ і вывелі Котава з судна. БРЦ выявіў сувязі яхты і людзей, якія арганізоўвалі гэтую паездку, з групай былых беларускіх сілавікоў і сеткай кампаній, звязаных з гандлем зброяй. 

Іншыя Навіны
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць