Дзяржаўныя СМІ і прапагандысцкія паблікі праігнаравалі новыя звесткі.

У 2022 годзе Беларусь наведалі толькі 6187 турыстаў з краін, якія не ўваходзяць у СНД, вынікае з даных Белстату. Беларускі расследавальніцкі цэнтр вывучыў статыстыку за мінулыя гады і высветліў, што гэта рэкордна нізкі паказнік за ўсю гісторыю назіранняў – з 2000 года.

Мінулы мінімум быў зафіксаваны ў 2021 годзе. Тады краіну наведалі каля 17,5 тысячы турыстаў не з СНД. Да гэтага – пачынаючы з 2017 года – паказнікі знаходзіліся на піку. У 2017 у Беларусь прыехалі больш за 80 тысяч турыстаў з гэтых краін, у 2018 – 152 тысячы, а ў 2019 годзе – рэкордныя 182 тысячы чалавек. Да 2017 года гэты паказнік не перавышаў 70 тысяч чалавек за год.

Дзяржаўныя СМІ і прапагандысцкія паблікі праігнаравалі новыя звесткі. Затое распаўсюдзілі словы прадстаўніка міністэрства спорту і турызму аб тым, што ў 2022 годзе Беларусь наведалі 1,4 млн замежных турыстаў. Пры гэтым у дадзеных Белстату пазначана, што ў сапраўднасці летась краіну наведалі ў 10 разоў менш чалавек – усяго 143 тысячы турыстаў.

Аб праблемах з турпатокам ускосна гаворыць рашэнне ўладаў Беларусі адмяніць візы для грамадзянаў Літвы, Латвіі і Польшчы. Згодна з данымі дзяржаўнага пагранічнага камітэту, жыхары гэтых краін могуць прыехаць у краіну без афармлення візы да 31 снежня 2023 года. Грамадзянам Літвы і Латвіі наведванне Беларусі адкрыта з 15 красавіка 2022 года, а грамадзянам Польшчы – з 1 ліпеня 2022 года.

15 красавіка 2022 года бязвізавы рэжым для грамадзян Літвы і Латвіі быў уведзены ўсяго на месяц, аднак 15 мая Менск працягнуў гэтую меру да канца 2022 года. Потым 1 ліпеня такі рэжым да канца 2022 года быў уведзены і для грамадзян Польшчы.

Пазней, у канцы 2022 года, Аляксандр Лукашэнка падтрымаў прапанову Саўміну і МЗС аб прадаўжэнні бязвізавага рэжыму для жыхароў Літвы, Латвіі і Польшчы да канца 2023 года. Такое рашэнне патлумачылі «добрасуседствам і ўмацаваннем міжнацыянальных сувязяў».

«Мы атрымліваем рэгулярна, ледзь не штодня, словы падзякі – як пісьмовыя, так і вусныя – за гэтае пачынанне, за ўвядзенне бязвізавага парадку ўезду. Беларусь – краіна гасцінная. Спадзяюся, пасля сённяшняга дня для многіх літоўцаў, латвійцаў і палякаў пытанне, дзе сустрэць Новы 2023 год, вырашанае», – заявіў тады начальнік галоўнага консульскага ўпраўлення МЗС Рэспублікі Беларусь Андрэй Кажан.

Іншыя Навіны