Пры гэтым эксперт зазначыў, што прадаваць гатовае смяротнае ўзбраенне Расеі праз Беларусь Кітай наўрад ці будзе.
«Па-першае, вельмі невыгодная лагістыка. Па-другое, каб наладзіць у нас вытворчасць кітайскіх узбраенняў неабходныя адпаведныя заводы, якіх у нас няма», – растлумачыў Алесін.
Эксперт дадаў, што Ёсць прыклад выкарыстання кітайскіх камплектуючых у вытворчасці ўзбраенняў у Беларусі – размова ідзе аб сістэмах залпавага агню «Паланэз». Праўда з агаворкай.
«Што да «Паланэза», то яго пастаўкі ў Расею могуць пачацца хутка. Але ракеты там ужо не кітайскія, іх вытворчасць лакалізавана ў Дзяржынску на заводзе Дакладнага электрамашынабудавання», падзяліўся Алексін.
Раней расейскія медыі, у прыватнасці выданне «Газета», пісалі, што Расея была б зацікаўлена ў пастаўках гэтай сістэмы. СЗА «Паланэз», зʼяўляецца копіяй кітайскай сістэмы NORINCO ARS, прызначанай для продажу на экспарт, якая, па некаторых ацэнках, можа паражаць абʼекты на адлегласці да 300 км.
«Для Расеі гэтая зброя была б вельмі запатрабаванай, але я думаю, што з-за пазіцыі Кітая, Беларусь нічога падобнага не пастаўляе, таму Расея і шукае ў Іране» – такі каментар даў нам кіраўнік украінскага Цэнтру ваенна-прававых даследаванняў Аляксандр Мусіенка ў кастрычніку 2022 года.
Акрамя капіявання кітайскіх тэхналогіяў, у Беларусі выкарыстоўваюць і расейскія. Так, летась Лукашэнка заявіў, што Менск плануе з дапамогай Масквы распрацаваць ракеты ўласнай вытворчасці на базе комплексу «Іскандэр». А ўжо сёлета паведаміў аб тым, што распрацоўка беларускага зенітна-ракетнага комплексу знаходзіцца на завяршальным этапе.
«Спадзяюся, што ў гэтым годзе прэмʼер-міністр і кіраўнік ВПК нас парадуюць у гэтым плане», – сказаў Лукашэнка.
Аляксандр Алексін ацаніў перспектывы вытворчасці такіх ракет як цалкам рэальныя: «Лакалізацыя ў нас, а кампаненты будуць расейскія і нашыя. Наша частка – электроніка і оптаэлектроніка для сістэм навядзення».
Пры гэтым яшчэ ў кастрычніку 2022 года спецыялісты ацэньвалі гэтыя планы даволі скептычна.
«У гэта верыцца з цяжкасцю, таму, каб стварыць аператыўна-тактычны ракетны комплекс, патрэбна канструктарская школа, якая распрацуе гэты комплекс ці трэба купляць у кагосьці гатовы, але я не ўпэўнены, што Пуцін сёння гатовы так узбройваць Лукашэнку і перадаць яму тэхналогію тых ж Іскандэраў», – паведаміў нам тады ўкраінскі ваенны эксперт Алег Жданаў, палкоўнік запасу ЗСУ.
Беларусь актыўна ўдзельнічае ў пастаўках у Расею неабходнай для вайны амуніцыі і расходных матэрыялаў. Так, у пачатку студзеня 2023 года, Беларусь перадала расейскім вайскоўцам буйную партыю індывідуальных аптэчак. Пра гэта журналістам БелТА расказаў дзяржаўны сакратар Савету бяспекі Аляксандр Вольфавіч.
А 1 лютага ТАСС распаўсюдзіў відэа, на якім кіраўнік Паўночнай Асеціі Сяргей Мяняйла перадаў расейскім байцам тэхнічную дапамогу, у тым ліку цеплавізары і прыборы начнога бачання. Вытворцу прыбораў апазналі па фота, на гэта звярнулі ўвагу журналісты «Закало», дадзеныя прыборы былі зроблены пад брэндам Pulsar кампаніяй Yukon Advanced Optics Worldwide, якая зарэгістраваная ў Літве. У Беларусі ў Yukon Advanced Optics Worldwide захаваўся буйны завод «Белтэкс Оптык» у Лідзе, а ў Расеі – вытворчае прадпрыемства «Мезон-А» у Смаленску. Пры гэтым літоўская кампанія асудзіла расейскае ўварванне ва Украіну і выказала адназначную падтрымку ўкраінскаму народу.
Акрамя таго, беларускія прадпрыемствы яшчэ да пачатку вайны займаліся рамонтам і абслугоўваннем расейскай вайсковай тэхнікі так, напрыклад, менскае прадпрыемства «Мінатор сэрвіс», рамантавала БТРы і танкі, а 558 авіяцыйны рамонтны завод у Баранавічах рамантаваў расейскія верталёты і самалёты.
Іншыя пастаўшчыкі ваеннай прадукцыі для Расеі
Паўночная Карэя
Згодна з публікацыяй New York Times са спасылкай на рассакрэчаныя дадзеныя амерыканскай разведкі, Расея закупіла ў КНДР мільёны артылерыйскіх снарадаў і ракеты блізкага радыусу дзеяння. У сваю чаргу, Паўночная Карэя адмаўляе тое, што займаецца пастаўкай узбраення для расейскага войска, паведамляе ВВС.
Паводле выдання Radio Free Asia, найменей 3 швейныя фабрыкі КНДР займаюцца вытворчасцю формы для расейскага войска.
Іран
Іран доўга адмаўляў свой удзел у пастаўках беспілотнікаў і іншага ўзбраення для расейскага войска. Але ў лістападзе 2022 года, кіраўнік МЗС Ірану Хасейн Амір Абдаллахіян заявіў, што Тэгеран яшчэ да вайны падаў Маскве абмежаваную колькасць дронаў.
Выведка ЗША паведамляла, што для Расеі ў Іране ўжо рыхтуецца першая партыя ракет малой далёкасці Fateh-110 і Zolfaghar, здольных паражаць цэлі на адлегласці 300 і 700 км адпаведна, піша The Washington Post.
Кітай
У студзені 2023 года ЗША прадставілі ўладам КНР доказы таго, што некаторыя кітайскія дзяржаўныя кампаніі могуць пастаўляць несмяротныя тэхналогіі Расеі. Па словах суразмоўцаў агенцтва Bloomberg, Вашынгтон лічыць, што Пекін хоча дапамагчы Расеі.
«Мы назіраем за гэтым вельмі ўважліва. Пакуль мы бачылі кітайскія кампаніі, – а ў Кітаі, вядома, няма рэальнага адрознення паміж прыватнымі кампаніямі і дзяржаўнымі, – і вось гэтыя кампаніі, як мы бачым, пастаўляюць Расеі несмяротнае ўзбраенне для выкарыстання ва Украіне», – цытуе дзяржсакратара ЗША Энтані Блінкена BBC са спасылкай на тэлекампанію CBS.