«Інфармацыя непацверджаная, мы лятаем у ранейшым рэжыме, нічога не змянілася», – заявіла аператарка «Белавія».
Пры гэтым супрацоўніца кол-цэнтру падкрэсліла, што ў кампаніі «на сённяшні дзень, няма складанасцяў наогул».
На сайце самой авіякампаніі аб якіх-небудзь зменах у графіку палётаў з Беларусі ў Турцыю таксама не паведамляецца.
Пра тое, што Міністэрства мытні і гандлю Турцыі вынесла рашэнне спыніць абслугоўванне самалётаў з Беларусі і Расеі, паведаміў партал AirportHaber. Паводле звестак выдання, з 14 сакавіка спынена аказанне паслуг самалётам, якія зробленыя ў ЗША і знаходзяцца пад кантролем Расеі і Беларусі. Такое рашэнне было прынята турэцкім ведамствам пасля атрымання апавяшчэння ад Упраўлення прамысловасці і бяспекі аб экспартнай практыцы Міністэрства гандлю ЗША.
У пераліку авіякампаніяў, па дадзеных турэцкага СМІ, якія падпадаюць пад забарону, была ўказаная «Белавія», у авіяпарку якой знаходзіцца сем амерыканскіх самалётаў.
Турэцкая забарона на абслугоўванне таксама нібыта закранула расейскія авіякампаніі «Расея», «Аэрафлот», S7 Airlaines, «Ямал», Utair, Azur Air і Pegas Fly. Але па дадзеных расейскага дзяржагенцтва «Інтэрфакс», у міністэрстве транспарту РФ таксама зняпраўдзілі паведамленне аб праблемах з абслугоўваннем самалётаў у Турцыі. А ў авіякампаніі «Аэрафлот» і S7 Airlaines заявілі журналістам РБК, што выконваюць рэйсы ў Турцыю ў штатным рэжыме.