Ініцыятыва былых супрацоўнікаў прадпрыемстваў Беларусі «Рабочы Рух» перадала БРЦ кантракт, згодна з якім Беларускае дзяржаўнае прадпрыемства «Грыком» прадае айчынны карбамід узбекскай фірме Wakler Exim. У выніку ўгнаенне трапляе ў Еўропу. «Грыком» — гэта адна з фірмаў-пракладак, з дапамогай якіх «Гродна Азот» абыходзіць еўрапейскія санкцыі. Пра яе мы пісалі ў лютаўскім расследаванні «Забаронены азот. Як беларускія ўгнаенні ідуць у Еўропу праз фірмы-пракладкі».
У дадатку да гэтай дамовы напісана, што канчатковы атрымальнік беларускага карбаміду з «Гродна Азоту» — сербская фірма Wakler DOO. Хоць Сербія, як краіна-кандыдат на ўступленне ў Еўразвяз, далучылася да санкцый Бруселю супраць беларускага прадпрыемства.
Узбекскую кампанію Dunger (так перайменавалі Wakler Exim, верагодна, каб заблытаць сляды), як і сербскую Wakler DOO зарэгістравалі вясной 2022 года. Бенефіцыяр першай — украінскі бізнесмен Аляксандр Караніцын. Яму ж належыць 45% Wakler DOO. І кампаніяй, і доляй у другой ён валодае праз эмірацкі Wakler FZE.
Дырэктарам узбекскага Dunger быў Алімжон Саідаў. На момант публікацыі ён узначальвае фірму Dunger Navoiy. Яна таксама фігуруе ў дакументах як атрымальнік адгрузак ад «Грыкома». Кампанія рэгістравала пастаўкі гідраксіламінсульфату (ГАС) — запатрабаванага ў хімпраме рэактыву.
Каля чвэрці Dunger Navoiy належыць заводу Navoiyazot. Ён уваходзіць у структуру дзяржаўнага холдынгу хімічнай прамысловасці Узбекістана «Узкімёсанаат». Трыма чвэрцямі Dunger Navoiy валодае кампанія «СБПМ». Яе след праз некалькі ўкраінскіх фірмаў і эмірацкую Mainstay Capital FZС вядзе да ўжо згаданага ўкраінскага бізеэсмена Аляксандра Караніцына і яго партнёра Яўгена Вараб'ёва.
Пры гэтым санкцыі супраць «Гродна Азоту» ў кастрычніку 2022 увяла і Украіна. Гэта значыць украінскія трэйдары абыходзяць абмежаванні, уведзеныя іх краінай, Еўразвязам і Сербіяй.
Шлях беларускага карбаміду, па схеме, якую раскрылі расследавальнікі БРЦ, выглядае так: «Грыком» загружае карбамід у вагоны на чыгуначнай станцыі «Аульс» побач з «Гродна Азотам» і вязе яго адразу канчатковаму атрымальніку — сербскай фірме Wakler DOO.
Падрабязней пра гэтую схему, а таксама пра тое, хто яшчэ дапамагае «Гродна Азоту» знаходзіць абыходныя шляхі і як праблему прапануюць вырашыць беларускія дэмсілы, чытайце ў расследаванні «Акно ў Еўропу для "Гродна Азоту". Як Узбекістан дапамагае Беларусі абысці забароны і прадаваць у ЕЗ угнаенні падсанкцыйнага прадпрыемства».