Эканоміка з Чалым 17 красавіка

Якім досведам гатова падзяляцца Беларусь і навошта нам 150 тысяч пакістанцаў

Сяргей Чалы і Вольга Лойка абмеркавалі сакавіцкую інфляцыю, візіт дэлегацыі з Пакістану і дзіўныя паводзіны Расеі.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь гатова прыняць 150 тысяч пакістанцаў, а Нацбанк схаваў частку статыстыкі ў квартальнай справаздачы. Што гэта значыць і як адабʼецца на нашым дабрабыце, эканамічны эксперт Сяргей Чалы і журналістка Вольга Лойка абмеркавалі ў шоу «Чалы: Эканоміка». Публікуем урыўкі гутаркі.
Змест
01:03 Як абмежаванні Трампа паўплываюць на Беларусь
05:00 «Астатняе ў Кітаі купім»
06:20 Пакістанцы замест беларусаў
14:00 Вярнуць вытворчасці ў Амерыку
15:30 Расейская эканоміка рыхтавалася да вайны
18:00 Падзенне газавых і нафтавых даходаў

Нацбанк схаваў дадзеныя

«0,8% — месячны ўзрост [інфляцыі ў Беларусі], сакавік у параўнанні з лютым. Гэта, быццам, менш, чым было ў лютым да студзеня. Але насамрэч глядзець трэба не на асноўную інфляцыю цяпер.

Калі пабудаваць базавы індэкс спажывецкіх цэн — гэта той, які не залежыць ад рэгулявання, які не залежыць ад валатыльных цэн, — прыкладна з кастрычніка 2023 года гэта проста раўнюсенькая лінія, якая ўзнімаецца, без найменшых перагінаў. І, увогуле, нават, я б сказаў, якая паскараецца апошнім часам.

Але самыя цікавыя пра інфляцыю зусім не сакавіцкія дадзеныя. Гэта зноў мый любы выпадак: сабака, які не брахаў. … Нацбанк заўсёды па выніках квартала рабіў квартальны агляд інфляцыі, які быў не вельмі важны, таму што ён абагульняў усё іншае. Але там была схавана важная штука, за якой мы сачылі, а менавіта разлікі аналітычных падраздзяленняў Нацбанку — разрыву выпуску ВУП Беларусі. І няма гэтага дакументу [ў справаздачы за першы квартал]».

Ёсць зерне і мяса, іншае купім у кітайцаў

«Што ў нас ёсць? Апрануць, накарміць, ну, абараніць сябе. “Ну, абараніць” — таксама на аўтсорсінг, увогуле, аддадзена. Перасоўвацца, будаваць, прыбіраць вуліцы — гэта ўсё ёсць. … То бок мы ўмеем самае базавае, а ўсё іншае колькі-небудзь складанае купім у кітайцаў. …

Самае першае — гэта накарміць і апрануць. У нас жа, кажа [Аляксандр Лукашэнка], досвед будавання харчовай бяспекі ёсць. А пад харчам мы што разумеем? Зерне, мяса, хлеб і гэтак далей. Збожжа і збожжа, у рэчаіснасці, адно і тое ж. Таму — зерне і мяса. Вось гэта ёсць, а іншае ў Кітаі купім.

І гэта, строга кажучы, зараз усё, што ён спрабуе прадаваць на вонкавы рынак. То бок, з якой бы мы краінай кантакт ні ўсталёўвалі, там заўсёды мы гатовы вам дапамагчы ў забеспячэнні харчовай бяспекі. Для гэтага нам трэба знайсці краіну, у якой горш, чым у нас справы ідуць. Як, прыкладам, у Зімбабвэ. І навучыць іх гадаваць хлеб».

Пра высокі ўзровень развіцця беларускай эканомікі

«Мы плаўна пераходзім да візіту [прэмʼер-міністра Пакістана] Шахбаза Шарыфа. Зваротнаму візіту. Даставы сельгастэхнікі, арганізацыя мясцовых вытворчасцяў трактароў, прычапной тэхнікі, задавальненне попыту на якаснае дзіцячае сілкаванне, сухое малако. Ну, вось, уласна. А мы ж з ім будзем гандляваць і купляць, што, прыкладам? Рыс і мандарыны, фармацэўтычная… Здавалася б, у нас свайго гэтага дабра [хапае]. Тэкстыльная прадукцыя, спартовыя тавары, адзенне і абутак. Ну, то бок лёгкая прамысловасць.

Тут таксама мемарандум, але хаця б пра нешта. Па даставах катанізаванага льновалакна ў 2025 годзе паміж Аршанскім ільнокамбінатам і пакістанскай кампаніяй Mercury. То бок, гэта дамова пра што? Пра тое, што мы будзем сыравіну дастаўляць у Пакістан, а Пакістан потам нам будзе слаць сваё ўжо з гэтага зробленае адзенне.

То бок мы ператвараемся паступова ў, не хочацца сказаць, сыравінны прыдатак. Пакістанская лёгкая прамысловасць — самы нізкі дададзены кошт! … Таму, мабыць, адтуль і нарадзілася вось гэта ідэя: … вы нам, адпаведна, дасылайце адмыслоўцаў тэкстыльнай прамысловасці, скіраваўшы іх для працы, у тым ліку і ў Баранавічы. Гэта вось баваўняна-папяровае вытворчае зʼяднанне. Беларусь гатова прыняць на працу 100-150 тысяч высокакваліфікаваных працаўнікоў з Пакістана. <...>

Краіны з аграрных, што праходзяць першую індустрыялізацыю, пачыналі з тэкстыльнай прамысловасці і лёгкай. І старанна ішлі потым ад яе далей. Беларусь дасягнула такога высокага роўню эканамічнага развіцця, калі ў нас ёсць усе тэхналогіі, але мы клічам высокакваліфікаванымі працаўнікамі з Пакістана працаўнікоў тэкстыльнай прамысловасці».

Свядомая эканомія і падрыхтоўка да вайны

«Расейская эканоміка цягам працяглага часу існавала ў некалькіх фазах. Прыкладна да 2009 года, да сусветнага эканамічнага крызісу, Расея расла вельмі добрымі тэмпамі. Парадку 6%, па-мойму. А вось пасля 2009 году да прыкладна 2021-га тэмпы рэзка зваліліся і стаў 1-1,5%. Пры тым, што цэны на нафту працягвалі быць вельмі высокімі. Гэта даволі дзіўная гісторыя.

Чаму так адбывалася? Тлумачэнне гэтаму ў тым ліку… Памятаеш, некалі мы з табой (з Вольгай Лойка ў праграме “Эканоміка на пальцах” — рэд.) яшчэ на TUT.BY казалі пра тое, што неяк вельмі дзіўна паводзіць сябе расейская эканоміка. У тым сэнсе, што яны не выдаюць вось гэтых нафтагазавых прыбыткаў. Не ў інвестыцыі іх не пускаюць, што, у прынцыпе, магло б павялічыць тэмпы патэнцыйнага выпуску ў будучыні. Ні ў інфраструктурныя нават. То бок не павялічваюць, груба кажучы, якасць і ўзровень жыцця, а проста тупа назапашваюць. Прытым, назапашвалі дзе? Доля золата расла ў золатавалютных рэзервах.

І ўжо тады я, хто за язык цягнуў, выказаў такую здагадку, што гэта … так паводзяць сябе краіны, якія рыхтуюцца да вайны. Гэта быў 2015 год. І Расея сапраўды, здаецца, рыхтавалася да вайны. То бок гэта была свядомая эканомія на інвестыцыях, на ўнутраным спажыванні».

Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць