Эканоміка з Чалым 10 красавіка

Як будуць рэгуляваць цэны ў Беларусі і чым ЗША пагражае падвышэнне тарыфаў

Сяргей Чалы і Вольга Лойка абмеркавалі няшчаснае цэнаўтварэнне і залежнасць беларускай эканомікі ад Расеі.

Змест
01:00 Амерыканскія навіны
03:40 Як панізіць долар
07:06 Тарыфы Трампа
11:00 Крах рынку
15:30 Узмацненне выканаўчай дысцыпліны

Тры ўзлёты тарыфаў

«Было ў рэчаіснасці тры ў гісторыі Амерыкі прыклады, калі ўводзілі гэткія высокія тарыфы на сусветны гандаль. Усе яны ідуць з розніцай прыкладна ў 100 гадоў. То бок 1800-я, якія-небудзь 20-я гады. Потым гэты сумна знакаміты, які ўвайшоў ва ўсе падручнікі, Smoot–Hawley (Smoot–Hawley Tariff Act — амерыканскі закон, падпісаны ў 1930 годзе, па якім паднялі стаўкі мытаў больш чым на 20 тыс. імпартаваных тавараў — рэд.). Тарыфы, якія не выклікалі, але моцна пагоршылі сусветную дэпрэсію.

Ужо падлічылі, што сярэднеўзважаны ўзровень тарыфаў па краінах і па аб'ёме гандлю цяпер ужо вышэйшы, чым быў у часы гэтага Smoot–Hawley Act. … Я ўжо шматкроць казаў, Трамп больш выглядае як мафіёзі, які займаецца рэкетам, чым як чалавек, які ў эканоміцы нешта разумее. То бок гэта з серыі: “давайце мы спачатку супраць вас увядзём санкцыі ў выглядзе тарыфаў, а потым, можа, вы з намі дамовіцеся, што мне добрае зробіце, які афіцыйна-неафіцыйны хабар ці нешта яшчэ”». 

Не вонкавыя, а ўнутраныя

«Спроба прыпісаць нейкі розум да гэтага ідыятызму грунтуецца на … артадаксальнай думцы. Можна яе прасачыць аўтарства — гэта прыкладна канец 1960-х гадоў. Думка, якая палягае ў тым, што, калі ты хочаш быць пастаўшчыком рэзервовай валюты для ўсяго свету, ты няўхільна будзеш мець вялікі гандлёвы дэфіцыт. Чаму? Таму што ў цябе павінен быць прафіцыт па фінансавым рахунку. Ты выпускаеш долары ў выглядзе аблігацый дзяржаўных, скарбніцкіх, яшчэ чагосьці. Увесь свет іх купляе, падае на цябе попыт. Адпаведна, раз у цябе долар вышэй, чым гэта павінна было быць у выпадку, калі рынкавым чынам балансуецца розніца канкурэнтаздольнасці ЗША і ўсяго іншага свету, пакутуе айчынная амерыканская вытворчасць. 

Адпаведна, ідэя якая? Трэба нейкім чынам панізіць долар. Як гэта зрабіць з тым, каб не страціць статусу асноўнай валюты свету? Ён (Доналд Трамп — рэд.) не так даўно, калі быў саміт БРЫКС, абяцаў санкцыі, яны ж тарыфы для краін, якія хочуць адмовіцца ад долара. <...>

Першае, гэта няправільна матэматычна, гэта няправільна фактычна. Рэч у тым, што гісторыя дэфіцыту бягучага рахунку ЗША, яна карацей, чым гісторыя долара як рэзервовай валюты. Да 80-х гадоў Амерыка мела нават невялікі прафіцыт. І гэта наводзіць нас на думку, што справа не ў вонкавым попыце на актывы, які прыводзіць да штучнага падвышэння, як яны лічаць, і страце канкурэнтаздольнасці айчыннай вытворчасці. А ў тым, што гэта ўнутраныя праблемы». 

Пра канчатковае вырашэнне нафтавага пытання

«Гаворка ішла пра тое, каб, маўляў, адрэгулявалі цану па даставах Расеі. З яго (Аляксандра Лукашэнкі — рэд.) словаў, [Уладзімір Пуцін] ужо даў адпаведнае даручэнне кіраўніку кампаніі “Роснефть” Ігару Сечыну. 

Адпаведнае чаму? Калі выказаць здагадку, што Пуцін, як кажа Лукашэнка, даў даручэнне Сечыну адрэгуляваць цану на нафту, то тады незразумелае наступнае даручэнне [прэм'ер-міністру Беларусі Аляксандру] Турчыну: “У часе візіту, — кажа ён Турчыну, — трэба папрасіць ва ўраду Расеі, каб гэтыя пытанні былі вырашаныя канчаткова”. То бок, я ўсё зрабіў, але лепш вам вырашыць на ўзроўні ўрадаў.

Шмат гаварылася пра залежнасць … беларускай эканомікі ад расейскай. На якую ступень яна трапіла. Гэта ж ужо проста далей няма куды. Адна справа, калі ў цябе застаўся адзін рынак, ты просіш зняць бар'еры, купіце наша, уключыце нас у дзяржзакупы, уключыце нас у закупы карпарацый, там яшчэ нешта. Але калі ты кажаш: “А зрабіце так, каб у нас была рэнтабельнасць 7-8%. А давайце адразу вы будзеце нам датацыі даваць?”... Гэта ж логіка гучыць і не толькі пра нафту». 

Цэнавае рэгуляванне 6.0

«І вось, нарэшце, шостая версія змен у гэта самае няшчаснае цэнаўтварэнне. Урад скарэктаваў сістэму цэнавага рэгулявання. 

У чым быў сэнс гэтай нарады? Ён (Аляксандр Лукашэнка — рэд.) казаў Турчыну: што вы мне бздуру нейкую прынеслі, я на такое пайсці не магу, што значыць вы пакінеце толькі сацыяльна значныя тавары, вы можаце вызначыць сацыяльна значныя? Не праходзіць і тыдня, і роўна тое, што крытыкаваў Лукашэнка, роўна гэта і кладзецца ў аснову пастановы версіі 6.0.

Яшчэ [першы намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Мікалай] Снапкоў на яшчэ больш папярэдняй непатрэбнай нарадзе пра гэта ж з Лукашэнкам размаўляў. У нас ёсць дзве прапановы: адна кароткатэрміновая, заснаваная на прапанове бізнесу, палягае ў тым, каб менавіта скараціць радыкальна гэты спіс (сацыяльна значных тавараў — рэд.). Ну, атрымалася з 330 да 211. Нават не радыкальна. Увогуле, улічылі крытыку Лукашэнку і зрабілі мінімальныя змены».