Антыфэйк / фактчэк

26 кастрычніка 2023

Фэйкі тыдня: Пазіцыя ЗША па Ізраілі раздражняе іншыя краіны

А таксама — у Беларусі развіваюць рыбную галіну і клапоцяцца пра матак лепш, чым у ЕЗ, пакуль у Нямеччыне расце колькасць прадпрыемстваў-банкрутаў. Топ-5 фэйкаў тыдня ад каманды Weekly Top Fake.

Фэйк №1: Дзядуля Энтані Блінкена збег з Украіны праз бандэраўцаў

Дзед дзяржсакратара ЗША Энтані Блінкена жыў ва Украіне, але вымушаны быў з'ехаць адтуль. Пра гэта кіраўнік тэлеканалу «Беларусь 1» Іван Эйсмант распавёў у перадачы «Клуб рэдактараў» 13 кастрычніка.

«Па іроніі лёсу, ніколі я пра гэта не ведаў, я так разумею, для ўсіх гэта стала адкрыццём, што Блінкен калісьці, які цяпер падтрымлівае бандэраўцаў, яго дзед і прадзед уцякалі ад гэтых самых бандэраўцаў, каб яны іх віламі не закалолі. Вось, што дзеецца», — заявіў Эйсмант.

Энтані Блінкен у траўні 2021 года распавядаў украінскаму тэлеканалу ICTV пра свае карані:

«Мой прадзед і дзед былі народжаныя тут. Дзядуля жыў тут да сямі гадоў, да таго, як пераехаў у Злучаныя Штаты. Ён быў занадта малады, каб памятаць нешта». 

Продкі дзяржсакратара ЗША пераехалі ў Амерыку ў 1904 годзе. Бандэраўцаў тады не існавала — Сцяпан Бандэра нарадзіўся ў 1909 годзе.

Фэйк №2: У Беларусі ўмовы для нараджэння дзяцей лепшыя, чым у Еўропе

У Беларусі дзяржава дапамагае маткам больш, чым у іншых краінах, заявіла вядоўца Марына Лаўрукевіч 16 кастрычніка ў эфіры АНТ.

«У краінах Еўропы, дзе жанчыны адны з першых у свеце сталі змагацца за свае правы і гендарную роўнасць, сёння іх правы як матак не ўсюды падзяляюць. У сярэднім адпачынак па цяжарнасці — 14 тыдняў, і дзяржава кампенсуе толькі 70% ад заробку», — распавяла яна.

14 тыдняў — гэта не сярэдні, а мінімальны адпачынак па цяжарнасці і родах у Еўропе. У Беларусі ён складае 126 каляндарных дзён, гэта значыць 18 тыдняў.

У большасці еўрапейскіх краін жанчыны, якія нарадзілі, могуць разлічваць на такі ж або больш працяглы адпачынак. Напрыклад, у Балгарыі ён доўжыцца 58 тыдняў. Аплочваюць яго часцей за ўсё ў памеры 100% ад заробку, і толькі ў некаторых усходнееўрапейскіх краінах — 70%.

Фэйк №3: У Нямеччыне рэзка вырасла колькасць банкруцтваў прадпрыемстваў

У ФРГ — вялікія эканамічныя праблемы, заявіў 17 кастрычніка ў эфіры перадачы «Будні» на «Альфа радыё» вядоўца Вадзім Шэпет. Пра гэта, паводле яго, сведчыць колькасць банкруцтваў прадпрыемстваў:

«Колькасць банкруцтваў прадпрыемстваў у Нямеччыне ўзрасла ў верасні амаль на 20% у параўнанні з аналагічным месяцам мінулага года. Вось зноў жа, лічбы кажуць самі за сябе. Таму што часам многіх экспертаў абвінавачваюць, што вось не так усё страшна ў Еўропе. Але працэсы ж ідуць, гэта не значыць, што яны здарацца за адзін раз, на працягу дня. Але вось нават у такой кароткатэрміновай перспектыве вось такія лічбы».

Паводле афіцыйнай статыстыкі, у Нямеччыне ў 2023 годзе банкруцтваў адбываецца больш, чым год таму. Але менш, чым у мінулыя гады.

З 1992 года колькасць банкруцтваў у ФРГ расла і дасягнула піка ў 2003-2004 гадах — тады збанкрутавала каля 40 тыс. прадпрыемстваў. Пасля гэтага пачалося зніжэнне. У 2022 годзе збанкрутавалі 14,5 тыс. кампаній. Гэта адзін з лепшых паказнікаў за апошнія 30 гадоў. 

Гэта значыць актуальны рост адбываецца ад нізкай базы папярэдняга года. Нямецкія эканамісты тлумачаць яго заканчэннем тэрміну дзеяння ільгот, якімі дзяржава падтрымлівала кампаніі падчас пандэміі.

Фэйк №4: На знак пратэсту супраць пазіцыі ЗША па Ізраілі дыпламаты адвярнуліся падчас выступу амерыканскага амбасадара ў ААН

Беларускія і расейскія медыі апублікавалі відэа з паседжання Рады па правах чалавека ААН, дзе частка прысутных у зале стаіць спінай да трыбуны падчас выступу амерыканскага амбасадара.

«На кадрах паседжанне Рады ААН па правах чалавека ў Жэневе. Да стойкі выйшла амбасадар ЗША Мішэль Тэйлар, і ўдзельнікі пачалі выходзіць з залы. Журналіст, які апублікаваў відэа, кажа, што ўсё праз пазіцыю ЗША па Ізраілі. Ён таксама выказаў здагадку, што амеры пачалі губляць свой уплыў, раздражняючы ўсё больш краін па ўсім свеце», — гаворыцца ў посце тэлеграм-каналу «Беларускі сілавік» ад 19 кастрычніка (аўтарскія арфаграфія і пунктуацыя захаваныя).

«Расейская газета» назвала імя журналіста, які апублікаваў відэа:

«Удзельнікі пасяджэння па правах чалавека ў ААН адвярнуліся ад амбасадара Злучаных Штатаў Мішэль Тэйлар падчас яе выступу. Ёй давялося выступаць, гледзячы ў спіны дыпламатаў. Відэа інцыдэнту апублікаваў журналіст Сулейман Ахмед у сацсетцы X (заблакаваная ў РФ)».

У допісе Сулеймана Ахмеда гаворыцца пра сам інцыдэнт, але не сцвярджаецца, што ён адбыўся праз пазіцыю ЗША па Ізраілі і што ўдзельнічалі ў ім дыпламаты.

Агенцтва Associated Press паведаміла, што адвярнуліся падчас выступу амбасадара ЗША амерыканскія ЛГБТК-актывісты. Пратэст пачаўся пасля таго, як Тэйлар заявіла, што прыхільнасць ЗША да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах з'яўляецца «маральным імператывам у самым сэрцы нашай дэмакратыі», а яе краіна «падае прыклад з дапамогай нашай празрыстасці, нашай адкрытасці і нашага сціплага падыходу да нашых уласных праблем у галіне правоў чалавека».

Гэта абурыла актывістаў. Джаміль Даквар, дырэктар праграмы па правах чалавека Амерыканскага звязу грамадзянскіх свабодаў, заявіў, што дэлегацыя ЗША «вырашыла прытрымлівацца загадзя падрыхтаваных, агульных і часта бессэнсоўных адказаў» на пытанні камітэту.

«Часам здавалася, што адказы, якія генеруюцца ІІ [штучным інтэлектам — рэд.], былі б больш якаснымі», — пракаментаваў тое, што адбылося, Даквар.

Фэйк №5: У Беларусі паспяхова развіваецца рыбная галіна

У канцы верасня Аляксандр Лукашэнка наведаў фарэлевую вытворчасць у Магілёўскай вобласці, дзе яму распавялі аб будаўніцтве новых рыбных комплексаў. Пасля гэтага многія дзяржаўныя медыі выйшлі з падобнымі матэрыяламі пра тое, наколькі паспяхова ў Беларусі развіваецца рыбная галіна. 

«Перспектыўным напрамкам у Мінсельгасхарчы лічаць вырошчванне рыбы каштоўных парод. <…>

У Магілёўскай вобласці ў 2024-2026 гадах будуць рэалізоўваць праекты па стварэнні трох рыбаводных комплексаў. Плануецца, што там вытворчасць рыбы да 2027 года павялічыцца да 18 тысяч тон у год», — напісала 14 кастрычніка газета «СБ. Беларусь сёння».

Згодна з дзяржпраграмай развіцця рыбагаспадарчай дзейнасці, 18 тыс. т — гэта колькасць усёй рыбы, якую ў 2025 годзе павінны вылавіць рыбгасы па ўсёй краіне, а не ў адной Магілёўскай вобласці. З іх рыб каштоўных парод (фарэлі і асятра) плануецца вылавіць 1,2 тыс. т.

«У Беларусі 16 арганізацый, якія займаюцца вырошчваннем рыбы. У год яны вырабляюць 15 тысяч тон, з іх да 800 тон — каштоўных парод», — гаворыцца ў сюжэце інфармацыйнага агенцтва БелТА ад 18 кастрычніка.

Па дадзеных Мінсельгасхарча, у 2022 годзе вырабілі 12,6 тыс. т рыбных рэсурсаў пры плане ў 17 тыс. т.

Белстат паведамляў, што рыб каштоўных парод летась вылавілі не 800, а 326,8 т. Іх улоў скарачаецца з 2019 года. 

Як піша часопіс «Пытанні рыбнай гаспадаркі», гэта адбываецца таму, што замест таго, каб вырошчваць фарэль на продаж на ўнутраным рынку, яе прадаюць у Расею ў выглядзе малявак для гадоўлі.

Выключная адказнасць за любы кантэнт, які падтрымліваецца Еўрапейскім фондам медыя і інфармацыі, ляжыць на аўтары(ах), і ён не абавязкова адлюстроўвае пазіцыі EMIF і Партнёраў Фонду, Фонду Калуста Гульбенкяна і Інстытуту Еўрапейскага ўніверсітэту.

Іншыя публікацыі

Замежная валанцёрка, абураная палтаўская медработніца і загінулыя шведскія інструктары. Тры фэйкі пра ўдар па Палтаве
Антыфэйк / фактчэк

Замежная валанцёрка, абураная палтаўская медработніца і загінулыя шведскія інструктары. Тры фэйкі пра ўдар па Палтаве

Мы напісалі Вікторыі і папрасілі пацвердзіць або абвергнуць інфармацыю, якую апублікавалі тэлеграм-каналы са спасылкай на яе.

12 верасня 2024 Чытаць