Антыфэйк / фактчэк 28 красавіка 2025

Азаронак, расказваючы пра разруху ў краінах Балтыі, «зачыніў» беларускі санаторый у Друскінінкаі. Мы амаль забраніравалі там нумар

Журналістка WTF патэлефанавала ў санаторый «Беларусь» пад выглядам кліенткі.

Літва зачыніла беларускі санаторый у Друскінінкаі, заявіў Рыгор Азаронак у эфіры праграмы «Лятучка» на СБ ТБ. Каманда Weekly Top Fake патэлефанавала ў «Беларусь», каб высветліць, ці так гэта.

Эстонія забараніла сваёй моладзі да 21 года браць удзел у імпрэзах на тэрыторыі Беларусі і Расеі, ці гэта будзе конкурс, ці адпачынак у лагеры. Прычынай назвалі ідэалагічную зараджанасць такіх падзей. На самай жа справе Таллін асцерагаецца параўнання жыцця «у нармальных краінах» з Эстоніяй – не на карысць апошняй, заявіў палітаглядальнік БТ Яўген Горын. Гэту навіну ён абмеркаваў 17 красавіка 2025 года ў праграме «Лятучка» на «СБ ТБ» з карэспандэнткай газеты «СБ. Беларусь сёння» Людмілай Гладкай і Рыгорам Азаронкам. Азаронак у падтрымку словаў Горына прывёў у прыклад Літву, «у якой загнулася ўжо ўся інфраструктура»:

«Не забудзься, што яны нядаўна зачынілі дзіцячы санаторый, беларускі дзіцячы санаторый у Друскінінкаі, у Літве. То бок яны робяць усе для таго, каб зусім не засталося ніякага насельніцтва. Вось там тры з паловай бабулі ўжо жывуць у Латвіі гэтай няшчаснай і ў Літве».

Гаворка ідзе пра санаторый «Беларусь». І ён працягвае працаваць. У публічным рэестры літоўскіх прадпрыемстваў зафіксавана, што арганізацыя заплаціла падаткі за першыя два месяцы 2025 года. Апроч таго, ёсць дадзеныя пра памер сярэдняй зарплаты супрацоўнікаў за люты – каля €1,5 тыс. На момант публікацыі матэрыялу ў санаторыі працавала крыху больш за 180 чалавек.

На сайце «Беларусі» паказаныя цэны на сезон 2025 года. Журналістка каманды WTF патэлефанавала ў санаторый пад выглядам кліенткі і спытала, ці можна забраніраваць нумар на дваіх на шэсць начэй у траўні.

«Ёсць адзін пакой з 25 траўня. … Суткі каштуюць €190», – адказала супрацоўніца.

Санаторый знаходзіцца ва ўласнасці Беларусі і прыпыняў працу на паўгода ў 2020–2021 гадах. Тады з-за санкцый ЕЗ арганізацыі заблакавалі рахункі. На той момант «Беларусь» належала Кіраванню справамі прэзідэнта. Пазней яе перадалі Беларускаму рэспубліканскаму цэнтру грамадскага здароўя і санаторна-курортавага лячэння.

Літва з 2023 года не выдае візы грамадзянам Беларусі, таму трапіць у санаторый у Друскінінкаі стала складаней. Паводле дадзеных рэестра прадпрыемстваў, у 2020–2021 году яго выручка значна скарацілася, але ў апошнія гады нават перасягнула паказнікі 2019-га.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
«Урзуля фон дэр Ляен напэўна прысела». На тэлеканале «Брэст» выдалі старое інтэрв’ю Петэра Мадзяра за новую палітычную сенсацыю
Антыфэйк / фактчэк «Урзуля фон дэр Ляен напэўна прысела». На тэлеканале «Брэст» выдалі старое інтэрв’ю Петэра Мадзяра за новую палітычную сенсацыю
Вядоўца Ала Грыгарчук заявіла, што новы прэм’ер Вугоршчыны нядаўна прапанаваў Віктару Орбану ўзначаліць Еўракамісію.
11 мая 2026 Чытаць
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць