Фэйк №1: У Беларусі бясплатна ставяць зубныя імпланты
Рыгор Азаронак у эфіры перадачы «Азаронак. Наўпрост» 16 лістапада заявіў, што зубное пратэзаванне ў Беларусі бясплатнае.
— У Нямеччыне ўставіць два імпланты, зубы, 1500 еўра. Хочаш — стаў, хочаш — так жуй, — зачытаў ён каментар аднаго з гледачоў.
— Прыязджайце ў Беларусь, у нас танней імпланты, — прапанавала госця праграмы, вядоўца тэлеканалу «Беларусь 1» Ксенія Лебедзева.
— Беларусь — так. Дык калі ў дзяржаўнай клініцы — бясплатна можна, — заявіў Азаронак.
Права на бясплатныя зубныя пратэзы ў Беларусі мае вузкае кола ільготнікаў. Ад аплаты вызваляюцца ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, інваліды I і II групаў, дзеці-інваліды і яшчэ некалькі катэгорый грамадзян. Пры гэтым імплантацыя (ужыўленне ў дзясну штучнага аналага кораня зуба) робіцца толькі на платнай аснове. Яе кошт у Беларусі складае ад €550 да €800 за зуб.