Антыфэйк / фактчэк

31 жніўня 2023

Фэйкі тыдня: ва Украіне загінулі 10 тысяч палякаў, у Канадзе немаўлятам мяняюць пол

А таксама — відэа Парашэнкі з аўтаматам у акопах пад Бахмутам, пашпарт расейца з фразай «Слава Украіне» і адмова амерыканскага лекара лячыць хлопчыка-ката. Топ-5 фэйкаў тыдня ад каманды Weekly Top Fake.

Фэйк №1: Украінскія памежнікі сапсавалі пашпарт расейцу

Дата фэйка: 16.08.2023

Грамадзянін Расеі, які пражывае ва Украіне, спрабаваў выехаць з краіны, але ўкраінскія памежнікі сапсавалі яму пашпарт, напісаўшы ў ім «Слава Украіне». Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал «ЖС прэміум», прымацаваўшы фота дакументу ў якасці доказу.

«Украінскія памежнікі радасна сапсавалі замежны пашпарт грамадзяніну Расеі і, гагочучы, размясцілі справаздачу пра гэта ў сваіх сацсетках.

Яны і раней гэтым вылучаліся. У сэнсе, псавалі пашпарты расейцам і беларусам, але вось неяк выкладваць вынікі сваіх рук да гэтага дня саромеліся», — гаворыцца ў посце ад 16 жніўня.

Такое фота раніцай таго ж дня сапраўды выклалі ў тэлеграм-канале ўкраінскіх памежнікаў. Аднак пра тое, як з'явіўся гэты надпіс у пашпарце расейца, паведамілі інакш. У публікацыі памежнікі патлумачылі, што затрымалі грамадзяніна РФ, які заехаў ва Украіну да вайны і на момант перасячэння мяжы перавысіў тэрмін легальнага знаходжання ў краіне. Вяртацца на радзіму мужчына не хоча і, каб яго не дэпартавалі, сам сапсаваў дакументы, распісаўшы свае ўнутраны і замежны пашпарты фразай «Слава Украіне».

На фота відаць, што почырк на абодвух дакументах аднолькавы, а лозунг напісаны спачатку звычайнай ручкай, а потым акуратна абведзены фламастарам.

Нельга быць цалкам упэўненым, што ўсё было так, як паведаміла памежная служба Украіны, але сцвярджэнне, што ўкраінскія памежнікі сапсавалі дакументы, а потым выхваляліся гэтым у сацсетках — заведамая хлусня.

Фэйк №2: Амерыканка абурылася адмовай ветэрынара лячыць яе сына, які лічыць сябе коткай

Дата фэйка: 10.08.2023

Вядоўца СТБ Рыгор Азаронак абвінаваціў заходняе грамадства ў ненармальнасці. У пацверджанне ён выклаў у сваім тэлеграм-канале відэаманалог амерыканкі, сын якой нібыта адчувае сябе коткай.

«Прасунутая заходняя мама перажывае - сын ідэнтыфікуе сябе коткай, ну я гэтага прытрымліваюся, адвяла да ветэрынара як прыхварэў, а той кажа - гэта не кот, а бздура нейкая, я катоў бачыў, забірайце вашага хлопчыка да іншага лекара, а то ў мяне ліцэнзію адбяруць, калі я замест ветэрынарыі хер зразумей чым тут займацца пачну.

Сэнс перажыванняў мамы ў тым, што сыну не аказваюць медычную дапамогу. І што трэба наогул ураду заняцца гэтай сітуацыяй. Хворыя ўблюдкі», — напісаў Азаронак 10 жніўня (арфаграфія і пунктуацыя аўтара захаваныя).

Пост падобнага зместу таксама апублікаваў днём раней праўладны тэлеграм-канал BEREZINA. 

БРЦ знайшоў першакрыніцу відэа — гэта Цік-Ток амерыканкі Кас Теас. У шапцы профілю вялікімі літарамі напісана «сатырычны акаўнт». 

Фэйк №3: Пятро Парашэнка апублікаваў відэа сябе ў акопах пад Бахмутам

Дата фэйка: 17.08.2023 

Тэлеграм-канал «СБ. Беларусь сёння» 17 жніўня выклаў відэа з Пятром Парашэнкам у акопе і з аўтаматам у руках. Яно падобна да мантажу, аднак аўтары поста сцвярджаюць, што ролік апублікавалі ў сацсетках экс-прэзідэнта Украіны.

БРЦ знайшоў відэа, якое Парашэнка сапраўды выклаў у сваім ютуб-канале. Яно апублікавана 11 ліпеня 2022 года — у ім экс-прэзідэнт Украіны ў такой жа вопратцы і касцы кажа тыя ж словы, што і ў роліку «СБ. Беларусь сёння», але ў яго руках няма аўтамата і выгляд за спінай іншы. 

«СБ. Беларусь сёння» выклала дыпфэйк (малюнак, створаны з дапамогай штучнага інтэлекту), апублікаваны і, падобна, створаны прарасейскім каналам «ТэлеДно». 

Фэйк №4: У Канадзе нованароджаным робяць аперацыі па змене полу 

Дата фэйка: 22.08.2023

Расяянка Аліна Ліп, якая нарадзілася ў Нямеччыне, апублікавала ў нямецкамоўным тэлеграм-канале «Навіны з Расеі» пост пра тое, што ў Таронта аперацыі па змене полу робяць нават нованароджаным.

«“Thrive kids Clinic — гэта прагрэсіўная педыятрычная клініка, арыентаваная на пацыента. Наш галоўны прыярытэт — здароўе і дабрабыт вашых дзяцей”. ЯКАЯ БЕССАРОМНАЯ ХЛУСНЯ!!!

“Прымаем новых пацыентаў (толькі па накірунку) або нованароджаных (да 2 месяцаў, накірунак не патрабуецца)”.

Дзякуй нашаму ўраду, што абараняе нас ад гэтага лайна», — напісала яна 22 жніўня, падмацаваўшы свае словы відэа са скрыншотамі, як сцвярджаецца, зробленымі на сайце клінікі (арфаграфія і пунктуацыя аўтара захаваныя).

Паведамленне падобнага зместу апублікавалі і на сайце тэлеканалу «Царград». 

Каманда Weekly Top Fake праверыла гэтую інфармацыю. Такая клініка ў Таронта сапраўды існуе, аднак звесткі, што там робяць аперацыі па змене полу нованароджаным, установа адмаўляе.

«Гэта няпраўда, бо ў дзяцей гендарныя схільнасці з'яўляюцца толькі ў больш познім узросце. І мы аказваем такую дапамогу толькі тым, у каго ёсць медычнае накіраванне і каму ўжо споўнілася 14 гадоў», — заявілі ў клініцы журналісту БРЦ.

Фэйк №5: Ва Украіне загінулі больш за дзесяць тысяч польскіх добраахвотнікаў 

Дата фэйка: 20.08.2023

Расейскія і беларускія праўладныя медыі і тэлеграм-каналы цвердзяць, што ва Украіне з пачатку вайны загінулі больш за дзесяць тысяч палякаў. Інфармацыю пра гэта, як сцвярджаецца, апублікавала газета Mysl Polska.

«Польскае выданне Mysl Polska агучыла страты польскіх “добраахвотнікаў" і яны, шчыра кажучы, палохаюць. Краіна не далічылася ўжо больш за 10 тысяч “кіроўцаў", “санітараў" і "кухараў". Проста як не паслухаеш чарговую скаргу аб загінулым пане, так абавязкова ён быў валанцёрам. У рэальнасці ж — паляўнічым, якія прыехалі забіваць рускіх», — напісалі 20 жніўня ў тэлеграм-канале «ЖС Прэміум» (арфаграфія і пунктуацыя аўтара захаваныя).

Гэтыя ж лічбы апублікавала «Расейская газета» — размясціўшы спасылку, але не на артыкул у Mysl Polska, дзе гэтую інфармацыю можна пацвердзіць, а на галоўную старонку сайта выдання.

Mysl Polska — прарасейскае выданне, якое публікавала раней фэйкі. Аднак інфармацыю аб дзесяці тысячах загінулых польскіх добраахвотніках у ім не размяшчалі. Пра гэта паведаміў на наступны дзень рэдактар гэтай польскай газеты Матэвуш Піскорскі ў сваім тэлеграм-канале.

«Як сябра рэдкалегіі штотыднёвіка Myśl Polska, я тлумачу сваім расейскім калегам: матэрыялу, які нібыта цытуецца, не існуе. Мы не маем інфармацыі пра колькасць загінулых польскіх наймітаў», — напісаў Піскорскі.

 

Міністэрства абароны Польшчы на запыт БРЦ адказала, што не валодае такой інфармацыяй. Пры гэтым адзначыўшы, што толькі 18 грамадзян Польшчы афіцыйна атрымалі дазвол служыць у шэрагах УСУ.

Выключная адказнасць за любы кантэнт, які падтрымліваецца Еўрапейскім фондам медыя і інфармацыі, ляжыць на аўтары(ах), і ён не абавязкова адлюстроўвае пазіцыі EMIF і Партнёраў Фонду, Фонду Калуста Гульбенкяна і Інстытуту Еўрапейскага ўніверсітэту.

Іншыя Антыфэйкі / фактчэкі