40% насельніцтва Латвіі – рускія. Як расейская прапаганда прыраўноўвае веданне рускай мовы да вызначэння сябе «рускім».

У Латвіі 40% насельніцтва – рускія. Такая заява прагучала ад вядучай «Добры дзень, таварышы» Вольгі Бяловай на тэлеканале «Звязда».

«Пасля таго, як з Масквы прагучала прапанова «добра, ок, забярэм мы наш помнік сабе, толькі пакіньце яго ў спакоі», міністр абароны Латвіі прапанаваў забраць помнік разам з прыхільнікамі Пуціна. То бок, забірайце помнік і вось гэтыя 40% расейскага насельніцтва Латвіі», – заявіла Бялова.

Паводле афіцыйнай статыстыкі Латвіі, доля расейцаў сярод насельніцтва складае толькі 24%. А вось рускамоўнага насельніцтва – 36%. Не выключана, што Вольга Бялова ўсіх рускамоўных аўтаматычна прылічае да рускіх. Але калі быць дакладнымі, міністр абароны Латвіі казаў не пра рускіх, а пра прыхільнікаў Пуціна. Магчыма, на думку Вольгі Бяловай, усё рускамоўнае насельніцтва Латвіі апрыёры падтрымлівае Пуціна.

Але вось агрэсію Расеі супраць Украіны падтрымліваюць у Латвіі далёка не ўсе. Пасля пачатку вайны там правялі апытанне грамадскай думкі, і аказалася, што сярод рускамоўнага насельніцтва Латвіі яе падтрымлівае толькі 21%. А калі казаць аб насельніцтве Латвіі ў цэлым – менш за 8%. Пры гэтым, 22% рускамоўных латышоў, наадварот, падтрымліваюць Украіну, а 46% – ні адну з бакоў.

ЗША прызналі «Азоў» тэрарыстычнай арганізацыяй

Батальён «Азоў» прызнаны ў ЗША тэрарыстычнай арганізацыяй. Аб гэтым заявіла вядучая праграмы «Час пакажа» Алеся Лосева:

«Кангрэсвумен Вікторыя Спаркс, яна прыязджала ў Амерыку яшчэ ў красавіку, прычым мы ведаем, не проста Злучаныя Штаты падтрымліваюць Украіну ў цяперашнім канфлікце. Падтрымліваюць яны і сам украінскі нацызм, нягледзячы на тое, што батальён Азову ўсё ж такі прызнаны ў іх тэрарыстычнай арганізацыяй».

У спісе замежных арганізацый, прызнаных у ЗША тэрарыстычнымі, батальёна Азоў няма і ніколі не было. У розны час Кангрэс ЗША толькі забараняў ваеннае фінансаванне для навучання ці ўзбраення батальёна «Азоў», але потым гэтую забарону адмяніў. Затым была забарона пастаўляць Азову амерыканскую зброю.

Скажам больш, нават у самой Расіі батальён «Азоў», пра які так шмат гаварылася, афіцыйна, да гэтага часу не лічыўся тэрарыстычным – толькі забароненай арганізацыяй. Пра гэта ўзгадалі толькі зараз, прызначыўшы суд па гэтым пытанні на 26 траўня.

Беларусы панеслі самыя вялікія ахвяры ў Другой сусветнай вайне

Ніхто так не пацярпеў у гады Другой сусьветнай вайны, як беларусы. Гэта сказаў беларускі гісторык Ігар Марзалюк у эфіры тэлеканала АНТ:

«Самыя вялікія ахвяры мірнага насельніцтва, самыя вялікія страты, ніхто так не пацярпеў, гэта прызнаецца ў гістарыяграфіі ўсімі, хто ведае гэтую праблему, больш чым беларускі народ, чым беларуская нацыя».

«СБ. Беларусь сегодня» у 2012 годзе пісала, што сярод мірнага насельніцтва загінула 1.077.124 чалавекі. А разам з франтавымі стратамі - больш за 3 млн. чалавек.

Украінцы гавораць, што ў іх з 40 млн. загінула каля 5 млн. мірнага насельніцтва. Гэта тыя ж 11-12 працэнтаў насельніцтва, як і ў Беларусі. Але гэта ўсё роўна менш за 6 млн. габрэяў, знішчаных да канца Другой сусветнай вайны - гэта дзве траціны якія пражывалі ў Еўропе да вайны габрэяў.

9 мая для Украіны - не свята

9 мая ва Ўкраіне даўно не лічыцца афіцыйным святам - аб гэтым заявілі на тэлеканале ОНТ:

«Міністр абароны Вялікабрытаніі заявіў, што менавіта Масква сёння - гэта адлюстраванне фашызму. Самыя гучныя апладысменты такім заявам, вядома, з Кіева. Там 9 мая афіцыйна ўжо даўно не свята».

9 траўня ва Ўкраіне не толькі лічыцца афіцыйным святочным днём, але яшчэ і непрацоўным. У арт. 73 украінскага Кодэкса законаў аб працы запісана, што 9 траўня - гэта Дзень перамогі над нацызмам у Другой сусветнай вайне. А 8 траўня там святкуюць Дзень памяці і прымірэнні.

Зяленскі летась на 9 траўня ўскладаў кветкі да Вечнага агню. У гэтым годзе ва Украіне ўведзена ваеннае становішча, а гэта значыць, што масавыя мерапрыемствы ў краіне забароненыя. Таму афіцыйных імпрэз не праводзілася. Але нікому не забаранялася прыйсці да вечнага агню з кветкамі.

Праўда, пасля пачатку вайны ва Украіне сур'ёзна абмяркоўваюць магчымасць пераносу Дня Перамогі з 9 траўня на 8-е. А 9 траўня плануюць адзначаць Дзень Еўропы.

А далей супрацоўнікі АНТ вырашылі растлумачыць, чаму Украіна няправільна святкуе 9 траўня:

«Так атрымалася гістарычна, што сёння ва Ўкраіне жывуць нашчадкі ўсіх. Жывуць нашчадкі пераможцаў. На секундачку, Украіна на фронце страціла каля 1,5 млн. байцоў, кожны шосты салдат Чырвонай Арміі быў народжаным украінцам. Але таксама там жывуць і нашчадкі тых, з кім мы ваявалі. І вось гэты падзел ён, відаць, нікуды не падзеўся».

Гаворка ідзе аб так званых калабарантах. Вось толькі нашчадкі тых, з кім ваявала Чырвоная Армія, верагодна, жывуць і ў Расіі. Пра гэта ў расейскіх СМІ звычайна не згадваюць. Дакладных звестак аб колькасці тых, хто супрацоўнічаў з нацысцкай Германіяй няма, але паводле ацэнак гісторыкаў, на яе баку і яе саюзнікаў маглі ваяваць каля мільёна савецкіх грамадзян. З іх - прыкладна 250 тыс. украінец і каля 300-400 тыс. рускіх.

У Расеі інфляцыя, як у Вялікай Брытаніі

Інфляцыя ў Расеі не моцна адрозніваецца ад Вялікай Брытаніі. Пра гэта заявіла Маргарыта Сімоньян у эфіры «Вечар з Уладзімірам Салаўёвым», калі разважала, што санкцыі больш ударылі па эканоміцы Захаду, чым Расеі.

«У нас таксама сур'ёзная інфляцыя, але не такая жахлівая, як павінна была быць. І што самае смешнае, нашая інфляцыя не шмат у чым адрозніваецца ад інфляцыі ў Вялікай Брытаніі», - заявіла Сімоньян.

Не многім адрозніваецца - гэта калі ў Расеі індэкс спажывецкіх цэн за год вырас на 18%, а ў Вялікабрытаніі на 9% - у два разы менш, чым у РФ.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі