Новае

Фэйкі тыдня: аб чым маўчыць тэлекампанія «Мір», як беларуская армія выратавала Казахстан і чаму ва ўсім вінаватыя амерыканцы?

Пратэсты ў Казахстане пачаліся 2 студзеня. Але тэлеканал «Мір», створаны менавіта для асвятлення навін краін СНД, у першыя дні масавых хваляванняў упарта гэтых хваляванняў не заўважаў.

Паводле інфармацыі з сайта тэлекампаніі, у Казахстане ў тэлеканалу «Мір» ёсць 2 філіялы: у сталіцы Нур-Султан (або былой Астане) і ў Алматы – найбуйнейшым горадзе краіны, дзе актыўна развіваўся пратэставы рух. Пры гэтым, 4 студзеня – у трэці дзень пратэстаў у Казахстане, калі пратэстоўцы ўжо хадзілі маршамі па цэнтры Алматы – пра Казахстан на тэлеканале «Мір» выходзіць толькі адна кароткая нататка пра тое, як у краіне ўвялі новыя абмежаванні, звязаныя з COVID-19.

«У Казахстане ўводзяць новыя абмежаванні з-за хуткага распаўсюджвання штаму «Амікрон». Не вакцынаваных грамадзян перастануць пускаць у месцы масавага збору: банкі, паштовыя аддзяленні, фітнес-цэнтры», – сказаў у эфіры навін карэспандэнт Кірыл Харламаў.

Гэты выпуск навінаў на тэлеканале «Мір» выйшаў 4 студзеня а 19:00. А вось, што яшчэ адбывалася ў гэты дзень у Алматы, адкуль і вяшчае аўтар гэтай нататкі, а таксама ў іншых гарадах Казахстану.

Тым не менш, журналісты вырашылі пра гэта сваім гледачам не гаварыць. Затое, распавялі, як козы ў Германіі выстраіліся ў форме велізарнага шпрыца, каб перамагчы пандэмію каронавірусу.

«Каб сабраць узор, 700 жывёл некалькі дзён навучалі роўна стаяць у страі. Дапамаглі паніровачныя сухары, якія рассыпалі па контуры малюнка», – гучыць у галоўным сюжэце выпуску навін.

Загаварылі пра пратэсты ў Казахстане на тэлеканале толькі на 4-ы дзень – 5 студзеня, калі офіс тэлерадыёкампаніі «Мір» у Алматы захапілі пратэстоўцы.

«У Алматы разгромлены офіс тэлеканалу «Мір». Знішчана ўсё абсталяванне, але, дзякуючы своечасовым дзеянням акімату, удалося эвакуяваць супрацоўнікаў. Гэты матэрыял удалося перадаць Кірылу Харламаву за некалькі хвілін да таго, як у офіс уварваліся ўдзельнікі беспарадкаў» – паведаміў вядоўца навінаў.

Беларускі праўладны філосаф і сацыёлаг Мікалай Шчокін распавёў пра мабільную беларускую армію, якая дзякуючы яе галоўнакамандуючаму Аляксандру Лукашэнку хутка дабралася ў Казахстан.

«Я хачу падкрэсліць яшчэ вельмі важную рэч. Многія крытыкавалі Аляксандра Лукашэнку за тое, што ён шмат фінансуе нашае войска. А хто-небудзь з вас цяпер задумаўся, што на працягу 5 гадзін былі падрыхтаваныя спецпадраздзяленні ў колькасці 500 чалавек, 5 Іл-76. А гэта ж рыштунак, гэта ж абмундзіраванне, гэта ж цалкам уся інфраструктура. Пагрузілі – і праз 4-5 гадзін былі ўжо ў Казахстане. Скажыце, хоць адна армія ў Еўропе можа дазволіць сабе так мабільна, выразна выканаць указанні галоўнакамандуючага?», – заявіў Шчокін.

Пералёт з Менску ў Алматы, сапраўды, займае каля 5 гадзін. Але даставілі ваенных туды 5 ваенна-транспартных самалётаў ІЛ-76 ВКС Расейскай Федэрацыі, а не Беларусі. Тое, што расейскія самалёты, не хавае нават міністр абароны Віктар Хрэнін.

«Сёння ноччу дадзенае падраздзяленне здзейсніла марш у раён аэрадрому Мачулішчы, дзе ажыццёўлена пагрузка на самалёты Расейскай Федэрацыі. У дадзены момант ідзе вылучэнне да месца выканання задач», – словы Хрэніна.

Шчокін жа ўсе заслугі мабільнасці войска прыпісаў Беларусі, забыўшыся згадаць, што дастаўлялі яе туды расейскія самалёты, а не Беларускія.

Праўладны палітолаг Пётр Пятроўскі распавёў, што рэформы ў Казахстане прывялі да «сацыяльнай неабароненасці людзей». У прыклад ён прыводзіць дрэннае працоўнае заканадаўства: маўляў, працоўныя там зусім не абароненыя, у адрозненне ад беларусаў. Вось аргументы Пятроўскага:

«Як мы абароненыя, што ў нас 3 гады дэкрэтны адпачынак, калі цябе забралі ў войска, то не маюць права звальняць. Усяго гэтага няма ў Казахстане».

Гэта няпраўда. Мы зазірнулі ў Працоўны кодэкс Казахстану, дзе сказана адваротнае.

100 Працоўнага кодэксу Казахстану, працадаўца абавязаны прадаставіць адпачынак без захавання заработнай платы работніку па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім узросту трох гадоў. На час водпуску за работнікам захоўваецца месца працы. Адзінае адрозненне ад Беларусі – дапамога на дзіця выплачваецца на працягу толькі 1-га года, а не 3 – х, як у нас.

Таксама Пятроўскі рэзюмаваў, што Казахстан уваходзіць у ТОП-10 краін, дзе горш за ўсё з правамі работнікаў.

Два гады таму, згодна з міжнароднай канфедэрацыяй прафсаюзаў, гэта сапраўды было так. Але ў 2021 годзе, у рэйтынгу гэтай жа арганізацыі, у ТОП-10 найгоршых краін для працоўных Казахстану не аказалася. А вось Беларусь там была.

Супрацоўнік АНТ Ігар Тур у пратэстах у Казахстане выявіў заходні след.

Аднак павышэння коштаў на газ у Казахстане патрабаваў Еўразійскі эканамічны саюз.

У 2016 годзе Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан і Расея дамовіліся аб фарміраванні агульнага рынку газу, нафты і нафтапрадуктаў краін Еўразійскага эканамічнага саюзу. Тэрмін – да 2025-га года. Да гэтага часу ўсе краіны-чальцы ЕўрАзЭС павінны перайсці да роўнадаходных цэн на газ і сфармаваць біржавую прастору. 

Пра тое, што паводле гэтай дамовы, цэны на газ будуць падымацца, казала і ўрад Казахстану. Вось цытата міністра энергетыкі, датаваная яшчэ 2019-м годам:

«Мы раней падпісалі пагадненне аб уваходжанні ў Адзіны рынак. На гэты рынак зойдуць такія краіны, як Расея, Кыргызстан, Арменія, Беларусь. Але гэта будзе ў 2025 годзе... Таму пытанне раўнавання коштаў трэба правільна разумець, гэта будзе рабіцца паступова. Важна разумець, што гэта пытанне не аднаго дня, не аднаго месяца і нават не аднаго года».

У рашэнні «Аб фарміраванні агульнага рынку газу Еўразійскага эканамічнага саюзу» сказана, што да 1-га студзеня 2022 – га на тэрыторыі Саюзу павінны быць створаны таварныя біржы для гандлю газам.

У Казахстане менавіта гэта і адбылося: з 1-га студзеня там цалкам перайшлі на таргі праз таварныя біржы. Па словах міністра энергетыкі, поўны пераход на продаж газу з электронных таргоў і прывёў да павелічэння яго кошту з 60 да 120 тэнге. А таксама – да пратэстаў. Але пра Еўразійскі след казахстанскіх пратэстаў Ігар Тур чамусьці змаўчаў.

Рыгор Азаронак у сваіх «таемных спружынах палітыкі» пасаромеўся цалкам перавесці з казахскага крычалку казахстанскіх пратэстоўцаў у адрас Назарбаева.

«Шал, кет – па-нашаму, сыходзь. Ва ўсіх пратэстных чатах», – заявіў Азаронак.

Слова «шал», пераклад якога не агучыў Рыгор Азаронак, гучыць з казахскага як стары або старац. Яна адносіцца да Нурсултана Назарбаева, якому споўніўся 81 год.

У ТГ-канале «Жоўтыя слівы» выклалі відэа, у якім блогер на вуліцах расейскага гораду цікавіцца ў расейцаў, як яны ставяцца да ўводу расейскіх войскаў у Казахстан.

Гэта сапраўдны фэйк. Мы знайшлі арыгінал гэтага відэа на youtube-канале «Рэальныя будні». Аказалася, што «Жоўтыя слівы» нарэзалі з яго выгадныя адказы. Поўнае відэа доўжыцца 12,5 хвілін, а «Жоўтыя слівы» змаглі выбраць з яго толькі 1 хвіліну і 40 секунд з адказамі тых, хто выказаўся за ўвод войскаў. І выкінулі ўсіх, хто супраць. З поўнай версіяй можна азнаёміцца тут.