Антыфэйк / фактчэк Сёння

Падвойная інфляцыя Пятроўскага: як праўладны эксперт мінусаваў еўрапейскія эканомікі

Палітолаг ператварыў сімвалічны ўзрост ВУП Нямеччыны ў глыбокую рэцэсію і ў 15-20 раз завысіў маштаб праблем.

Палітолаг Пётр Пятроўскі ў эфіры «Міжнароднага радыё Беларусь» абвясціў узрост еўрапейскіх эканомік вынікам працы друкаванага станка. Каманда Weekly Top Fake высветліла, што эксперт заблытаўся ў базавай статыстыцы: ён прапанаваў паўторна адымаць інфляцыю з лічбаў, якія міжнародныя ўстановы ўжо ачысцілі ад узросту цэн.

Кантэкст: У 2025 годзе эканомікі Польшчы і Літвы раслі ў два з паловай разу хутчэй за беларускую. Польскі ВУП дадаў 3,6%, літоўскі — 2,9%, у той час як беларускі вырас на 1,3%.

Палітолаг Пётр Пятроўскі 3 сакавіка 2026 года ў эфіры Międzynarodowe Radio Białoruś («Міжнароднае радыё Беларусь» — дзяржаўная беларуская міжнародная радыётрансляцыя і медыя‑платформа, належыць Белтэлерадыёкампаніі) заявіў, што афіцыйным эканамічным паказнікам еўрапейскіх краін нельга верыць, а статыстыка камуфлюе сурʼёзныя праблемы:

«Гэта азначае, што гэта тэхнічнае павелічэнне ВУП, што гэта інфляцыя. Яны надрукавалі яшчэ больш грошай, правялі эмісію грошай і праз гэту эмісію грошай павялічылі фармальна эканоміку. <...> Прыкладам, у той самай Нямеччыны — мінус 0,1% ВУП, плюс інфляцыя 3-4%. Гэта азначае, што сапраўдны мінус ВУП — гэта 3-4%, калі казаць пра рэальны ВУП».

Іншымі словамі, эксперт сцвярджаў: узрост еўрапейскіх эканомік — гэта толькі вынік друку грошай, а калі адняць інфляцыю з паказнікаў ВУП, замест узросту атрымаецца мінус.

Гэта не так. І Еўрастат, і нацыянальныя ўстановы публікуюць дадзеныя, ужо ачышчаныя ад інфляцыі. У 2025 годзе ВУП Нямеччыны ў бягучых цэнах вырас больш чым на 3%. Аднак Федэральная статыстычная ўстанова краіны (Statistisches Bundesamt) паказала рэальны, скарэктаваны паказнік — 0,2%. Менавіта гэтую лічбу выкарыстоўваюць у афіцыйных справаздачах. Пятроўскі ж прапануе адымаць інфляцыю паўторна з тых дадзеных, дзе яе і так няма.

Еўрапейскія адмыслоўцы выкарыстоўваюць метад «ланцуговых абʼёмаў». Яны бяруць колькасць вырабленых за год тавараў у штуках ці тонах і памнажаюць на цэны мінулага году. Беларускі Белстат робіць тое ж самае, называючы гэта разлікам у супастаўных цэнах. Праўладны эксперт спрабаваў выставіць стандартную сусветную практыку як махінацыю, хоць па тых жа правілах лічыць і афіцыйны Менск.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць