Антыфэйк / фактчэк

08 сакавіка

Прыдыбайла пахваліў Парламенцкі сход Саюзнай дзяржавы за неперайманне Еўрапарламенту. Што не так з гэтым сцвярджэннем

Спецыяльны карэспандэнт RT распавёў, чым, на яго думку, адрозніваецца Еўрапарламент ад парламенту Саюзнай дзяржавы.

Дата з'яўлення фэйка: 28.02.2024
Карэспандэнт RT Канстанцін Прыдыбайла заявіў, што ў Еўрапарламент выбіраюць «левых людзей з вуліцы». Саюзная дзяржава Расеі і Беларусі, па яго словах, па гэтым шляху не пайшла. Журналісты Weekly Top Fake праверылі, ці так гэта. 

Спецыяльны карэспандэнт RT Канстанцін Прыдыбайла ў эфіры «Радыё-Менск» 28 лютага распавёў, чым, на яго думку, адрозніваецца Еўрапарламент ад парламенту Саюзнай дзяржавы.

«У чым, напрыклад, адрозненне Саюзнай дзяржавы. У нас ёсць Парламенцкі сход і там уваходзяць людзі з парламенту Расеі, з парламенту Беларусі, якія, дарэчы, новыя асобы там зараз з'явяцца. І Саюзная дзяржава, вось вялікі парламент, які займаецца стратэгічнымі рэчамі, — гэта выбраныя людзі. Па ідэі, калі б узялі мадэль Еўразвязу, ёсць парламент Расеі, парламент Беларусі, і тут выбралі наогул нейкіх левых людзей. Не ведаю, каго-небудзь з вуліцы. Бо дэпутат Еўрапарламенту — гэта смешна», — сказаў ён.

У дзейнай Дамове аб стварэнні Саюзнай дзяржавы напісана, што выбары ў саюзны парламент павінны быць усеагульнымі, гэта значыць менавіта такімі, як у ЕЗ:

«Парламент складаецца з дзвюх палат — Палаты Саюзу і Палаты прадстаўнікоў.

Палата прадстаўнікоў складаецца з 75 дэпутатаў ад Расейскай Федэрацыі і 28 дэпутатаў ад Рэспублікі Беларусь, якія выбіраюцца на аснове ўсеагульнага выбарчага права пры таемным галасаванні».

Стварэнне саюзнага парламента было адкладзена на нявызначаны тэрмін, да прыняцця Канстытуцыйнага акту Саюзнай дзяржавы, хоць адпаведную дамову падпісалі яшчэ ў 1999 годзе. У яе праекце таксама запісана, што «грамадзяне Саюзнай дзяржавы маюць права абіраць і быць абранымі ў парламент Саюзнай дзяржавы». Як і ў ЕЗ.

За больш чым 20 гадоў гэты акт так і не быў прыняты, таму функцыі Саюзнага парламенту часова выконвае Парламенцкі сход, які складаецца з дэпутатаў расейскага і беларускага парламентаў. 

Іншыя Антыфэйкі / фактчэкі