Антыфэйк / фактчэк

20 лістапада

Лукашэнка абвінаваціў «англасаксаў» у найбольшым забруджванні атмасферы. Праверылі яго заяву

ЗША і краіны ЕЗ імкнуцца знізіць выкіды ў атмасферу. Кітай, Індыя і Расея — павялічваюць.

У нарастанні кліматычных праблем вінаватыя так званыя англасаксы, заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас Канферэнцыі ААН па пытаннях змены клімату, якая праходзіць 11-22 лістапада ў Баку. Каманда Weekly Top Fake праверыла, хто спрыяе глабальнаму пацяпленню больш за ўсіх. 

Самым цёплым за ўсю гісторыю метэаназіранняў стаў 2023 год, паведаміла Сусветная метэаралагічная арганізацыя. Сярэдняя глабальная тэмпература павысілася на 1,5 градуса ў параўнанні з даіндустрыяльным перыядам. З гэтым навукоўцы звязваюць павелічэнне колькасці прыродных катаклізмаў. Аляксандр Лукашэнка 12 лістапада 2024 года заявіў, што ў пагаршэнні сітуацыі вінаватыя «англасаксы». 

«Я назваў тры вайны, якія забруджваюць атмасферу: хусітаў там ціснуць, вядома за што, на Блізкім Усходзе вайна — перспектывы вялікія ўцягвання яшчэ іншых краін, і ва Украіне вайна. Гэта толькі буйныя. А іх больш за 50, гэтых канфліктаў. Гэта забруджвае перш за ўсё атмасферу. Я казаў пра гэта ў Дубаі. І вытворцы. Хто больш за ўсё вырабляе? Англасаксы. Дзе яны? Іх няма», — сказаў Лукашэнка. 

Пра адсутнасць прадстаўнікоў заходніх краін на канферэнцыі згадаў 14 лістапада і навуковы супрацоўнік Інстытуту сацыялогіі НАН Беларусі Канстанцін Снісарэнка ў эфіры праграмы «Меркаванні» тэлерадыёкампаніі «Гомель»:

«Тое, што, як правіла, лідары заходніх дзяржаў вырашылі праігнараваць дадзены саміт, кажа аб некаторай недальнабачнасці некаторых палітыкаў».

Па колькасці выкідаў вуглякіслага газу ў атмасферу, паводле дадзеных ААН і Еўрапейскай камісіі, у 2023 годзе лідараваў Кітай. На яго прыпадае траціна ўсіх выкідаў у свеце. За ім з велізарным адрывам у пяцёрку найбольшых забруджвальнікаў планеты ўваходзяць ЗША, Індыя, ЕЗ і Расея. 

ЗША і краіны ЕЗ імкнуцца знізіць выкіды ў атмасферу. Кітай, Індыя і Расея — павялічваюць.

Прэзідэнты ЗША, Францыі, кароль Вялікай Брытаніі і кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен сапраўды не прыехалі на саміт. Апошняя, напрыклад, спаслалася на тое, што ёй трэба засяродзіцца на сваіх непасрэдных абавязках перад пачаткам другога тэрміну паўнамоцтваў на гэтай пасадзе. У прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона нацягнутыя адносіны з Азербайджанам, таму што ён асудзіў вайну ў Нагорным Карабаху. Аднак на саміт не прыехалі і лідары Кітая, Індыі, Расеі і Бразіліі.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі