Антыфэйк / фактчэк

05 сакавіка

Беларуская эканоміка дэманструе пазітыўную дынаміку? Расказваем, пра што змаўчаў аналітык Аўдонін

Тэмпы росту беларускай эканомікі замарудзіліся.

Па словах эканамічнага аналітыка Аляксея Аўдоніна, Беларусь перад выбарамі дэманструе добрыя сацыяльна-эканамічныя паказнікі. Журналісты Weekly Top Fake праверылі, ці гэта так.

Аляксандр Лукашэнка 25 лютага заявіў, што будзе ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах, якія павінны прайсці ў наступным годзе. Праз два дні эксперт Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў Аляксей Аўдонін у эфіры тэлеканалу «Беларусь 1» распавёў пра эканамічныя дасягненні Беларусі:

«Варта прызнаць, што дзякуючы палітычнай волі кіраўніцтва нашай краіны мы ўваходзім у выбарчыя цыклы з добрымі сацыяльна-эканамічнымі паказнікамі. Так, за студзень бягучага году эканоміка краіны вырасла на амаль 3%. Рэнтабельнасць продажаў у 2023 годзе была на ўзроўні 7%, рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі, тавараў, работ і паслуг — 8,5%. Як бачым, скімпфляцыя нам дакладна не страшная. Стабільнасць росту нашай эканомікі забяспечваецца добрай дынамікай росту ключавых паказнікаў», — сказаў ён.

У студзені 2024 ВУП Беларусі павялічыўся на 2,8% у параўнанні са студзенем мінулага года. Але ў снежні гадавы рост быў 3,9%. Гэта значыць, што тэмпы росту беларускай эканомікі замарудзіліся.

Рэнтабельнасць продажаў у 2023 годзе сапраўды склала 7%, але ў 2022 годзе яна была вышэй — 8,5%. Рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі за год таксама знізілася з 10,5% да 8,5%.

Акрамя таго, амаль на 8% зменшыўся прыбытак беларускіх прадпрыемстваў.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі