Антыфэйк / фактчэк

22 сакавіка

Лукашэнка заявіў, што дзякуючы праграме «Сямейны капітал» у Беларусі падвоілася колькасць шматдзетных сем'яў. Правяраем, ці так гэта

Гэтую інфармацыю праз два дні паўтарыла ў эфіры «СБ ТБ» вядоўца Паліна Канога.

Дата з'яўлення фэйка: 05.03.2024
За час дзеяння праграмы «Сямейны капітал» колькасць шматдзетных сем'яў павялічылася ўдвая, сцвярджае Аляксандр Лукашэнка. Журналісты Weekly Top Fake праверылі яго словы.

Аляксандр Лукашэнка 5 сакавіка заявіў, што ў Беларусі падоўжаць праграму «Сямейны капітал», тэрмін якой заканчваецца сёлета. Прычына — яна даказала сваю эфектыўнасць. 

«Калі мы ўводзілі гэтую практыку сямейнага капіталу, у нас было 63 тысячы шматдзетных сем'яў. Цяпер 123. Судзіце самі. Мы вырашаем найважнейшае пытанне», — распавёў ён.

Гэтую інфармацыю праз два дні паўтарыла ў эфіры «СБ ТБ» вядоўца Паліна Канога:

«Яна з'явілася ў вельмі патрэбны час. І мы бачым, што за час дзеяння гэтай праграмы колькасць шматдзетных сем'яў павялічылася ў два разы ў краіне».

«Сямейны капітал» — гэта праграма, па якой пры нараджэнні трэцяга дзіцяці сям'і налічваюць на рахунак 31,5 тыс. рублёў (каля $10 тыс.). Скарыстацца імі можна пасля паўналецця дзіцяці. Праграма стартавала ў Беларусі ў 2015 годзе.

У сакавіку 2016-га віцэ-прэм'ер Наталля Качанава заявіла, што годам раней, гэта значыць у 2015-м у Беларусі было 80 тыс. шматдзетных сем'яў. З яе слоў вынікае, што за гады дзеяння праграмы рост склаў 55% — гэта значыць шматдзетных сем'яў стала прыблізна ў паўтара разу больш.

«Сямейны капітал» уводзіўся, каб падняць нараджальнасць. На старце праграмы, у 2015 годзе каэфіцыент нараджальнасці (колькасць дзяцей на адну жанчыну) складаў 1,7, праз 4 гады — знізіўся да 1,39. 

З 2020 года Белстат перастаў публікаваць дадзеныя па нараджальнасці, але намеснік дырэктара РНПЦ «Маці і дзіця» па акушэрстве і гінекалогіі Алена Гашкевіч распавяла ў кастрычніку мінулага года, што тэндэнцыя не змянілася.

«Калі казаць пра сухую статыстыку, то мы маем кожны год падзенне нараджальнасці прыблізна на 10%. І ў 2019-м, і ў 2020-м, і ў 2021-м, і ў 2022-м, і ў 2023-м мы чакаем тыя ж мінус 10%», — заявіла яна ў эфіры тэлеканала СТБ.

БРЦ распавядаў пра прычыны дэмаграфічнага крызісу ў аналітычным матэрыяле «Tinder і дэмаграфія. Чаму беларусы радзей заводзяць сям'ю і дзяцей».

Абярыце тэгі

Абярыце даты выкрыцця фэйкаў
Тып
Тэрыторыя
Крыніца
Асобы
Тэмы

Іншыя Антыфэйкі / фактчэкі