Дзякуючы БелАЭС зарадзіць электрамабіль можна за пару рублёў. Гэта і паспрыяла з'яўленню электрычных машын у краіне, распавёў 23 сакавіка 2024 года галоўны рэдактар выдавецкага дому «Беларусь сёння» Дзмітрый Жук у перадачы «Клуб рэдактараў» на тэлеканале «Беларусь 1».
— Які ціск быў на Беларусь — краіну, якая пабудавала першую атамную станцыю, — узгадаў Іван Эйсмант.
— А электрамабілі-та з'явіліся чаму? Таму што станцыю пабудавалі. Зарадзіць можна, — сказаў Дзмітрый Жук.
— Зарадзіць можна за пару рублёў, — працягнуў думку Эйсмант.
— І гэта выгадна стала, — падсумаваў Жук.
Электрамабілі ў Беларусі з'явіліся не праз будаўніцтва АЭС, а з-за скасавання падаткаў і мытаў на іх увоз.
Паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэту, у 2020 годзе ў краіне ў асабістым карыстанні грамадзян было 750 электрамабіляў. У гэтым жа 2020 годзе выйшаў указ, які вызваліў пакупнікоў электракараў ад выплаты ПДВ пры ўвозе іх на тэрыторыю Беларусі. А ў сярэдзіне 2022-га адмянілі яшчэ і мытныя працэдуры. У выніку за два гады колькасць электрамабіляў вырасла ў 4,5 разу.
За мінулы год іх колькасць таксама практычна падвоілася: было 3,5 тыс., а стала — 6,5 тыс. Але адмена мытных пошлін — гэта часовая мера, толькі да канца 2025 года.
Што тычыцца АЭС, то да яе з'яўлення грамадскія зарадкі для электрамабіляў былі бясплатныя. Праўда, і электрамабіляў тады было мала.
Плату ўвялі з пачатку 2021 года і ў параўнанні з іншымі краінамі, яна невысокая. З 1 красавіка 2024-га яе павысілі. 1 кВт.ч павольнай зарадкі цяпер каштуе 43 капейкі — гэта 13 цэнтаў.