Антыфэйк / фактчэк

13 мая

«ЖС-прэміум»: Украінскія банкі ўвялі ліміт на зняцце наяўных для мужчын прызыўнога ўзросту. Мы праверылі гэта

Ва Украіне мужчыны прызыўнога ўзросту цяпер могуць зняць з карткі толькі 100 грыўняў у суткі?

18 траўня ва Украіне набудзе моц закон аб мабілізацыі. Асобныя яго часткі працуюць з 4 траўня. Каментуючы новаўвядзенні, тэлеграм-канал «ЖС-прэміум» напісаў, што ўкраінскія банкі ўвялі абмежаванні на зняцце наяўных для мужчын прызыўнога ўзросту. Каманда Weekly Top Fake праверыла гэтую інфармацыю. 

Пост пра тое, што ўкраінскія мужчыны прызыўнога ўзросту цяпер могуць зняць з карткі толькі 100 грыўняў у суткі, «ЖС-прэміум» апублікаваў 5 траўня 2024 года. 

«Закон аб мабілізацыі ў сілу яшчэ нават у сілу не ўступіў, а "ухілянтаў" абклалі па поўнай. Банкі ўжо абмежавалі выдачу наяўных людзям, якія не абнавілі свае дадзеныя ў ваенкамаце.

Устанавілі ліміт у 100 грыўняў у суткі — гэта прыкладна 2,54 долара. Самае пацешнае, што гэта прыкладна на паўдолара вышэй за тую адзнаку, якую ў ААН называюць "парогам выжывальнасці"», — напісалі аўтары поста і прымацавалі ў пацвярджэнне сваіх слоў фота экрану банкамату (аўтарскія арфаграфія і пунктуацыя захаваныя). 

Ва ўкраінскім законе аб мабілізацыі мы не знайшлі падобных абмежаванняў для ваеннаабавязаных. Не пісалі пра гэта і мясцовыя медыі. 

Праз гугл-пошук мы выйшлі на арыгінал фотаздымку з банкаматам. Надпіс на яго экране пра сто грыўняў, падобна, зрабілі ў фотарэдактары. Блікі і сілуэт на экране ідэнтычныя.

Здымак апублікавалі на сайце з водгукамі яшчэ ў 2021 годзе. Размясціў яго карыстальнік пад нікам Сяргей. Ён пакінуў скаргу на непрацуючы тэрмінал «Прыватбанку» у горадзе Першамайск Мікалаеўскай вобласці. 

Таксама каманда Weekly Top Fake звярнулася з просьбай пракаментаваць паведамленне «ЖС-прэміум» у прэс-службу «Прыватбанку». Там адказалі:

«Гэта абсалютна фэйкавая выява. Фэйкавае паведамленне нават устаўлена фоташопам на экран тэрміналу самаабслугоўвання банку, а не банкамату. З тэрміналу самаабслугоўвання нельга зняць наяўныя. Аўтары фэйка, падобна, ніколі не былі ва Украіне і не карысталіся паслугамі нашага банку. Вядома, у банку няма такіх лімітаў на зняцце наяўных, адзінымі лімітамі для банкаў з'яўляюцца правілы і абмежаванні, устаноўленыя на тэрмін ваеннага часу НБУ».

У прэс-службе банку ўдакладнілі, што згодна з пастановай Нацбанку Украіны ад 21 сакавіка 2022 года, максімальная сума зняцця наяўных у дзень складае 100 тысяч грыўняў (каля $2,5 тыс.). 

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі