Іван Эйсмант паабяцаў звольніцца або застрэліцца, калі беларускія дзяржаўныя СМІ зловяць на хлусні

Новае

Фэйкі тыдня: Іван Эйсмант паабяцаў звольніцца або застрэліцца, калі беларускія дзяржаўныя СМІ зловяць на хлусні

Кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант у эфіры праграмы «Клуб рэдактараў» заявіў, што беларускія дзяржаўныя СМІ самыя сумленныя ў свеце.

«Калі б нас так, як CNN за апошнія нават паўтара года, столькі разоў злавілі на адкрытай хлусні, напэўна, трэба было пайсці ў лепшым выпадку напісаць заяву, а ў былыя часы застрэліцца», – заявіў Эйсмант.

Каманда праграмы «Лукавыя навіны» адмаўляецца несці адказнасць за магчымы суіцыд кіраўніка Белтэлерадыёкампаніі. Тым не менш, мы на працягу ўжо некалькіх гадоў кожны тыдзень выкрываем фэйкі беларускай прапаганды. І вось чарговы свежы фэйк ад самога Івана Эйсманта. Ён у эфіры тэлеканалу «Беларусь-1», якім кіруе, «выкрыў» брытанскія спецслужбы.

«Нядаўна высветлілася, што брытанскія інструктары навучалі ўкраінскіх ваенных ужыванню зброі ў 2018 годзе. Задоўга да паставак Украіне процітанкавых гранатамётаў. Аб гэтым сведчаць дакументы, знойдзеныя «РІА Навіны» у тайніку ў Валнавахе Данецкай вобласці. Трэнінг праходзіў з 17 кастрычніка па 2 лістапада 2018 года і гэтак далей, і гэтак далей. Прапаганда і хлусня, скажуць украінскія сродкі масавай інфармацыі», – заявіў Эйсмант.

Праўда, пра тое, што брытанскія інструктары навучалі ўкраінскіх салдат, ведае нават Вікіпедыя. Гэта не таямніца. Пра гэта доўгія гады адкрыта расказвалі як украінскія, так і расейскія СМІ. Вось толькі пару прыкладаў.

2016-ы год. Брытанія працягнула праграму падрыхтоўкі ўкраінскіх вайскоўцаў праз «правакацыйныя дзеянні РФ».

2018-ы год. Расейскае інфармацыйнае агенцтва Інтэрфакс паведамляе, што брытанскія інструктары будуць трэніраваць украінскіх марскіх пяхотнікаў, лётчыкаў і маракоў.

2019-ы год. Рэпартаж «Радыё свабода» аб тым, як брытанскія інструктары трэніруюць украінскіх ваенных па стандартах НАТА.

2020-ы год. Брытанскія інструктары за пяць гадоў падрыхтавалі больш за 18 тысяч украінскіх вайскоўцаў.