Антыфэйк / фактчэк

25 верасня

3% падтрымкі Лукашэнкі, або Як словы польскага аналітыка разышліся з вынікамі апытання

Каманда Weekly Top Fake праверыла інфармацыю і ўзгадала мем пра «Сашу 3%».

Палякі не толькі падтрымліваюць Аляксандра Лукашэнку, але і зайздросцяць беларусам, заявіў польскі аналітык і пісьменнік Томаш Грыгуч у эфіры ТРК «Магілёў». Таксама, паводле яго, суседзі лічаць, што Беларусь не ўяўляе пагрозы для іх. Каманда Weekly Top Fake праверыла інфармацыю і ўзгадала мем пра «Сашу 3%».

Каму беларусам трэба дзякаваць за незалежную краіну і пра зайздрасць палякаў аналітык і пісьменнік Томаш Грыгуч распавёў 12 верасня 2024 года ў ток-шоу «На поўны голас» на тэлеканале «"Беларусь 4" Магілёў».

«Не было б вольнай Беларусі, незалежнай Беларусі без дзяржаўнага дзеяча, беларускага патрыёта і выбітнага палітыка Аляксандра Лукашэнкі. Мы — палякі — зайздросцім вам, што ў вас такі прэзідэнт. Беражыце яго», — сказаў Грыгуч.

Пра высокае падтрыманне палітыкі афіцыйнага Менску сярод палякаў 12 верасня на сустрэчы з прадстаўнікамі розных нацыяў, якія пражываюць у Беларусі, заявіў і сам Аляксандр Лукашэнка:

«Не буду казаць пра нашыя стасункі з кіраўніцтвам Польшчы. Я не хачу сказаць, што з усімі палякамі ў Польшчы ў нас бліскучыя адносіны, але 99% палякаў разумеюць нашую палітыку і, упэўнены, падтрымліваюць яе».

У 2023 годзе Цэнтр дыялогу ім. Юльюша Мерашэўскага ў Польшчы (былы Цэнтр польска-расейскага дыялогу і згоды) правёў апытанне «Палякі пра беларусаў і Беларусь». Большасць апытаных сказалі, што ведаюць, хто такі Аляксандр Лукашэнка, 88% з іх адзначылі, што ставяцца да яго негатыўна. 3% прызналіся ў пазітыўным і вельмі пазітыўным стаўленні да беларускага палітыка.

У эфіры беларускага дзяржтэлеканалу Грыгуч таксама сказаў, што палякі не бачаць ніякай пагрозы з боку Беларусі:

«Мы — палякі, польскі народ — у пераважнай большасці лічым беларусаў прыязнымі суседзямі, якія не нясуць для нас пагрозы».

Апытанне Цэнтру дыялогу ім. Юльюша Мерашэўскага паказаў, што больш за 80% палякаў лічаць, што ўлады Беларусі ставяцца да Польшчы непрыязна. У 2020 годзе такіх было каля траціны.

Што тычыцца стаўлення саміх беларусаў да Польшчы: палова апытаных палякаў лічыць, што яно непрыязнае. На пытанне, з якімі словамі асацыюецца ў іх Беларусь, большасць назвалі «таталітарызм», «Лукашэнка» і «залежнасць ад Расеі».

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі

Чыноўніца пахвалілася, як дзяржава клапоціцца пра людзей з інваліднасцю, але не сказала пра памеры іх пенсій
Антыфэйк / фактчэк

Чыноўніца пахвалілася, як дзяржава клапоціцца пра людзей з інваліднасцю, але не сказала пра памеры іх пенсій

Пенсіі па інваліднасці за гэты час выраслі амаль у два разы. Але Марына Арцёменка не сказала, што гэтыя выплаты застаюцца аднымі з самых нізкіх у Еўропе.

13 снежня 2024 Чытаць