Расследуем карупцыю, выкрываем фэйкі, аналізуем навінавую павестку. БРЦ — чалец глабальнай сеткі журналістаў-расследавальнікаў.
Журналісты БРЦ – лаўрэаты нацыянальнай прэміі «Вольнае слова» Беларускай асацыяцыі журналістаў за расследаванні ў 2018, 2019, 2020, 2021 і 2022 гадах. На «Вольным слове» у 2021 годзе каманда БРЦ атрымала першае месца ў катэгорыі «Аналітыка».
БРЦ з'яўляецца чальцом OCCRP (Цэнтр па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці)
Таксама мы чальцы GIJN (Глабальная сетка журналістаў расследавальнікаў)
Дэкан журфаку БДУ пераблытаў прычыны ўвядзення санкцый і закрыцця мяжы з Польшчай
Першыя памежныя пераходы паміж Беларуссю і Польшчай часова зачынілі ў сакавіку 2020 года праз эпідэмію каронавіруса, то бок да прэзідэнцкіх выбараў.
Польшча ў 2020 годзе пачала закрываць памежныя пераходы праз недэмакратычныя выбары ў Беларусі, заявіў дэкан факультэту журналістыкі БДУ Аляксей Бяляеў. Каманда Weekly Top Fake нагадала сапраўдныя прычыны такіх захадаў з боку Варшавы.
Прычыны закрыцця большай часткі кантрольна-прапускных пунктаў на польска-беларускай мяжы дэкан факультэту журналістыкі БДУ Аляксей Бяляеў згадаў у гутарцы з Палінай Каногай у эфіры «Альфа Радыё» і «СБ ТБ» 14 студзеня 2025 года.
«Вельмі такія дзіўныя заявы. <...> Яны пачалі закрываць, апелюючы да таго, што ў нас тут выбары недэмакратычныя, санкцыі яны супраць нас уводзяць. Цяпер, чамусьці, усё адкрыццё памежных пераходаў звялося да таго, што Польшча нібыта патрабуе вызваліць аднаго крымінальніка, які сядзіць у нас у турме, які тут прапагандаваў каштоўнасці абсалютна чужыя беларусам», — распавёў Бяляеў.
Першыя памежныя пераходы паміж Беларуссю і Польшчай часова зачынілі ў сакавіку 2020 года праз эпідэмію каронавіруса, то бок да прэзідэнцкіх выбараў.
9 лістапада 2021 года Польшча закрыла пункт пропуску «Кузніца». Прычына — абвастрэнне сітуацыі з мігрантамі на польска-беларускай мяжы. Улетку таго года пачаўся міграцыйны крызіс. Тысячы людзей, пераважна з краін Блізкага Усходу, спрабавалі нелегальна перасекчы мяжу, накіроўваючыся ў краіны Еўразвязу.
10 лютага 2023 года перастаў працаваць памежны пераход «Баброўнікі — Бераставіца». Гэта адбылося пасля абвяшчэння прысуду — 8 гадоў пазбаўлення волі — журналісту і актывісту польскай меншасці ў Беларусі, якога прызналі палітвязнем, Анджэю Пачобуту.
Пакеты санкцый, уведзеныя за рэпрэсіі супраць апанентаў Аляксандра Лукашэнкі і дапамогу ў нападзе Расеі на Украіну, не ўключалі закрыццё памежных пунктаў або запаволенне іх прапускной здольнасці.