Антыфэйк / фактчэк

30 снежня 2024

Прыдыбайла: Праз літоўска-беларускую мяжу ездзяць амаль адны літоўскія аўтамабілі, беларускіх — адзінкі. Знайшлі памылку ў падліках

Каманда WTF паглядзела, што адбываецца на літоўска-беларускай мяжы.

Дзякуючы бязвізаваму рэжыму для еўрапейскіх краін на літоўска-беларускай мяжы дамінуюць аўтамабілі з літоўскай рэгістрацыяй, а беларускіх машын там амаль няма, заявіў журналіст расейскага тэлеканалу RT Канстанцін Прыдыбайла. Каманда Weekly Top Fake знайшла памылкі ў яго падліках. 

Цікавасць грамадзян Літвы да паездак у Беларусь журналіст RT Канстанцін Прыдыбайла і Рыгор Азаронак абмеркавалі 6 снежня 2024 года ў эфіры стрыму «Азаронак. Наўпрост». 

«Прыязджаюць на тэрыторыю Беларусі без візы, запраўляюць поўны бак, яшчэ нейкія каністры, затарваюцца, выязджаюць і дзесьці за адзін рэйс 50–80 еўра вымаюць. Яны проста потым гэты бензін зліваюць сваім жа таварышам, сваім жа суграмадзянам. <...> Вось такі бізнес цяпер. Вось літаральна сітуацыя. Таварыш ехаў — 40 машын на мяжы Літва-Беларусь. Дзве-тры машыны, ну пяць максімум — з Беларусі. Астатнія — усе літоўцы», — прывёў прыклад расейскі журналіст.

Каманда WTF паглядзела, што адбываецца на літоўска-беларускай мяжы. У пункце пропуску «Мядзінінкай» – «Каменны Лог» журналісты былі ў сераду раніцай, 18 снежня. На ўезд у Беларусь сабралася невялікая чарга. Па падліках, 27 аўтамабіляў з рэгістрацыйнымі нумарнымі знакамі з ЕС, большасць з якіх — літоўскія. Яшчэ 23 аўтамабілі — на беларускіх нумарах. 

Паводле афіцыйнай статыстыкі Дзяржпамежкамітэту, грамадзяне Літвы ў Беларусь ездзяць усё радзей. За ўвесь час дзеяння бязвізавага рэжыму — з красавіка 2022 года — у Беларусь прыбыло каля 583 тысяч грамадзян Літвы. 249 165 чалавек у 2022 годзе, 245 524 — у 2023 годзе, а ў 2024 годзе (па стане на сярэдзіну снежня) — менш за 90 тысяч грамадзян Літвы. 

На скарачэнне плыні магло паўплываць закрыццё чатырох з шасці памежных пераходаў паміж краінамі і рэкамендацыі ўладаў Літвы сваім грамадзянам не ездзіць у Беларусь у мэтах бяспекі. 

Паводле звестак памежнай службы літоўскага боку, беларусы ездзяць у Літву часцей, чым літоўцы ў Беларусь: 66% перасячэнняў мяжы ў 2023 годзе здзейснілі грамадзяне Беларусі.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі

Вядоўца Лебедзева заявіла, што навукоўцы з нацысцкай Нямеччыны працавалі на NATO. Высветлілі, на каго яшчэ
Антыфэйк / фактчэк

Вядоўца Лебедзева заявіла, што навукоўцы з нацысцкай Нямеччыны працавалі на NATO. Высветлілі, на каго яшчэ

Вернер фон Браўн сапраўды працаваў на Трэці Рэйх, ён распрацаваў ракету V-2 — папярэдніцу амерыканскіх і савецкіх міжкантынентальных балістычных ракет.

20 снежня 2024 Чытаць