Антыфэйк / фактчэк

22 красавіка

СТБ расказала пра прызыў ва ўкраінскае войска беларусаў і расейцаў. Мы высветлілі, што не так з гэтым паведамленнем

У пацвярджэнне гэтых слоў СТБ не паказала ніводнага доказу.

Дата з'яўлення фэйка: 18.04.2024
Уладзімір Зяленскі падпісаў новы закон аб мабілізацыі, які будзе дзейнічаць з 18 траўня. Дакумент прадугледжвае ўзмацненне жорсткасці правілаў вайсковага ўліку для ўкраінскіх прызыўнікоў і санкцый для ўхілістаў. Беларускі дзяржтэлеканал знайшоў яшчэ адно новаўвядзенне — пад прызыў трапяць беларусы і расейцы, якія пражываюць на тэрыторыі Украіны. Каманда Weekly Top Fake праверыла гэтую інфармацыю. 

Навіну пра нібыта прызыў беларускіх і расейскіх палітычных уцекачоў у войска Украіны паказалі 18 красавіка 2024 года ў эфіры СТБ. 

«Чарговая адчайная спроба кіеўскага рэжыму ўзмацніць свае войскі, верагодна, абернецца правалам. Аднак ад безвыходнасці ўлады гатовыя пайсці на такі крок. Мяркуецца, што з былых жыхароў Саюзнай дзяржавы будуць фармаваць спецпадраздзяленні для замежнікаў і ім давядзецца аддаваць доўг чужой радзіме. Ініцыятарам законапраекту выступіў галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі», — распавяла вядоўца.

У пацвярджэнне гэтых слоў СТБ не паказала ніводнага доказу. Дакумент, у якім гаворыцца пра прызыў беларусаў і расейцаў, апублікаваў 16 красавіка тэлеграм-канал «Невальфовіч».

«Да нас трапіў у рукі дакумент, які сведчыць пра тое, што ўкраінскае камандаванне ініцыявала прызыў замежнікаў з ліку расейцаў і беларусаў, якія маюць статус палітычных уцекачоў, на службу ў спецыялізаваныя падраздзяленні, сфармаваныя з замежнікаў», — гаворыцца ў посце.

На сайце «Украінскай праўды» 9 красавіка змясцілі падобны дакумент. Два першыя яго абзацы супадаюць з тэкстам, які апублікаваў беларускі тэлеграм-канал. У дакуменце кіраўнік УСУ Аляксандр Сырскі просіць міністра абароны Украіны Рустэма Умерава разгледзець пытанні дэмабілізацыі і ратацыі вайскоўцаў не ў законе аб мабілізацыі, а асобна. Гэты пункт з праекту закона аб мабілізацыі сапраўды прыбралі.

Змест наступных двух абзацаў адрозніваецца. У дакуменце з сайту «Украінскай праўды» гаворка ідзе пра дэпутацкія праўкі і падставы звальнення са службы. У варыянце тэлеграм-каналу «Невальфовіч» — пра беларусаў і расейцаў.

Апошні абзац тэксту па змесце ідэнтычны, адрозніваецца толькі напісанне слова «законапраект» і колькасць прабелаў у яго нумары. Подпіс галоўнакамандуючага УСУ ў абодвух варыянтах дакументу аднолькавы. Нумар дакументу на фота каналу «Невальфовіч» размыты, таму параўнаць яго з арыгіналам складана.

Мы звярнуліся па каментар ва ўпраўленне па сувязях з грамадскасцю Узброеных сіл Украіны. У УСУ пацвердзілі, што інфармацыя пра прызыў беларусаў і расейцаў не адпавядае рэчаіснасці. 

Іншыя Антыфэйкі / фактчэкі