Кантэкст: У афіцыйным акаўнце старшынства Кіпра ў Радзе Еўразвязу 3 чэрвеня 2026 года з’явілася інфармацыя пра тое, што ЕЗ гатовы распачаць абмеркаванне канкрэтных умоў уступлення Малдовы ў Еўразвяз. За тыдзень да гэтага, 26 траўня, экс-прэзідэнт Малдовы і кіраўнік Партыі сацыялістаў Ігар Дадон прыехаў у Менск для ўдзелу ў канферэнцыі і сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам. Паводле слоў Дадона, большасць грамадзян Малдовы хацелі б, каб краіна праводзіла такую ж палітыку, як Беларусь.
У інтэрв’ю праграме «Галоўны эфір» на Першым інфармацыйным тэлеканале, якое выйшла 31 траўня 2026 года, малдаўскі палітык Ігар Дадон, які выступае за ўмацаванне стратэгічнага партнёрства з Расеяй, заявіў, што большасць грамадзян Малдовы давяраюць Аляксандру Лукашэнку.
«Невыпадкова большасць грамадзян Малдовы ў апошнім апытанні — месяц таму — заявілі, што з усіх замежных палітыкаў давяраюць... Нумар адзін — гэта Лукашэнка».
Апытанне кампаніі IMAS прайшло не месяцам раней, а ў лютым. Пра высокі ўзровень даверу грамадзян Малдовы да Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі пісала і расейскае агенцтва ТАСС. Яно назвала канкрэтныя лічбы: 53% — у Лукашэнкі і 52% — у Пуціна. Гэтую інфармацыю падхапілі і некаторыя беларускія медыя. Аднак справаздача пра даследаванне паказвае, што лічбы ТАСС і заява Дадона не адпавядаюць вынікам апытання.
Рэспандэнтаў спыталі: «Наколькі вы давяраеце наступным лідарам?» Варыянты адказаў на румынскай мове можна перакласці як «вельмі моцна», «моцна», «мала» і «зусім не давяраю». Першыя два варыянты адназначна азначаюць давер. Іх выбралі 30% апытаных у дачыненні да Пуціна і 34% — у дачыненні да Лукашэнкі. Гэта ніяк не больш за 50%, як сцвярджала ТАСС.
Атрымаць вынік вышэй за 50% можна толькі ў тым выпадку, калі дадаць да станоўчых адказаў варыянт «мала давяраю». Па-румынску ён гучыць як puțină. Верагодна, ТАСС палічыла, што слабы давер лепшы за яго поўную адсутнасць, і ўключыла гэты адказ у станоўчы рэйтынг. Але ў сацыялогіі адказ «мала давяраю» адносіцца да адмоўных. Гэта відаць і па іншым апытанні, праведзеным у Малдове ў 2024 годзе, вынікі якога таксама публікавалі беларускія медыя. У ім адказы размеркавалі па шкале даверу і недаверу, і варыянт puțină знаходзіўся ў адмоўнай частцы.
Кіраўнік кампаніі IMAS Дору Петруцы на прэзентацыі вынікаў таксама назваў іншыя паказнікі, чым ТАСС:
«У рэйтынгу даверу да міжнародных лідараў з вялікім адрывам лідаруюць Лукашэнка і прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін — з паказнікамі даверу 34% і 30% адпаведна».
Такім чынам, 34% — гэта першае месца сярод замежных палітыкаў, але не давер большасці грамадзян Малдовы. Ігар Дадон, Першы інфармацыйны тэлеканал і агенцтва ТАСС перабольшылі папулярнасць Лукашэнкі і Пуціна, уключыўшы ў лік іх прыхільнікаў нават тых, хто адказаў, што мала ім давярае.