Кантэкст: З 12 чэрвеня ЕЗ змяняе міграцыйную палітыку. Новыя правілы прадугледжваюць скрынінг просьбітаў прытулку ўжо на мяжы, у аэрапортах, яшчэ да таго, як людзі трапілі на тэрыторыю ЕЗ. Такая працэдура разгляду дазволіць паскорыць выдачу адмоў у прытулку, узмацніць кантроль над вяртаннем людзей і іх перамяшчэннямі ўнутры Еўразвязу.
У перадачы «Зразумелая палітыка» на Першым інфармацыйным тэлеканале* 25 траўня 2026 года Сяргей Гусачэнка распавёў, што Еўразвяз вымірае, а Польшча пусцее без палякаў.
«Масава пакаваць валізкі працягваюць палякі. Краіна ўвайшла ў ЕЗ у 2004-м. З таго часу краіну пакінула 2 млн чалавек. Асноўная прычына — заработная плата значна ніжэйшая, чым у Заходняй Еўропе», — сказаў вядоўца.
Насамрэч палякі пачалі масава з’язджаць за мяжу яшчэ да ўступлення краіны ў Еўразвяз. Паводле дадзеных перапісу насельніцтва, у 2002 годзе за межамі Польшчы часова жылі каля 800 тыс. жыхароў краіны. Пасля ўступлення ў ЕЗ колькасць польскіх эмігрантаў сапраўды вырасла. У 2004 годзе за мяжой знаходзіўся прыкладна 1 млн чалавек, у 2010-м — ужо каля 2 млн, а да 2019 года — больш за 2,4 млн. У гэты лік уваходзяць усе палякі, якія выехалі на любы тэрмін.
Але з гэтых амаль 2,5 млн толькі 1,6 млн знаходзіліся за межамі Польшчы працяглы час — год і больш. У 2024 годзе такіх было на 100 тыс. менш. Калі параўнаць гэты паказнік з насельніцтвам Польшчы, гэта каля 4%.
Для параўнання: толькі ў краінах Еўразвязу ў 2024 годзе амаль 390 тыс. грамадзян Беларусі мелі дзейны дазвол на пражыванне тэрмінам больш за год. Гэта таксама каля 4% насельніцтва краіны. І гэта без уліку беларусаў, якія працуюць у Расеі. Апошні раз гэтую лічбу публічна агучвалі ў 2022 годзе: дырэктарка Дэпартаменту працоўнай міграцыі і сацыяльнай абароны Еўразійскай эканамічнай камісіі Алтынай Амурбекава гаварыла пра 170 тыс. чалавек.
Іншымі словамі, доля палякаў, якія часова выехалі з Польшчы, ужо супастаўная з доляй беларусаў, якія жывуць і працуюць за межамі Беларусі.
*Першы інфармацыйны тэлеканал — іншая назва News.by, належыць Белтэлерадыёкампаніі.