Антыфэйк / фактчэк 13 чэрвеня

«Проста няхай спыняць баявыя дзеянні». На «Радыё-Менск» сказілі дадзеныя ўкраінскай сацыялогіі

Большасць украінцаў супраць вываду УСУ з Данецкай вобласці ў абмен на гарантыі бяспекі.

Намеснік дырэктара па навуковай працы Інстытуту сацыялогіі НАН Беларусі Аляксандр Пасталоўскі заявіў, што сярод украінцаў з кожным месяцам на 5—6% расце колькасць прыхільнікаў вываду УСУ з Данецкай вобласці дзеля спынення вайны. Але дадзеныя Кіеўскага міжнароднага інстытуту сацыялогіі (КМІС) гэтага не пацвярджаюць: за апошнія месяцы меркаванне ўкраінцаў істотна не змянілася, а большасць лічыць такі варыянт непрымальным.

Кантэкст: Уладзімір Пуцін 29 траўня 2026 года заявіў, што вайна набліжаецца да завяршэння. Паводле яго слоў, расейскія войскі кожны дзень наступаюць на фронце па ўсіх кірунках. Выведка ЗША ў дакладзе за першыя тры месяцы 2026-га пацвердзіла, што расейскія сілы захоўваюць перавагу на полі бою, але адзначыла, што Украіне ўдалося вярнуць назад 400 кв. км. Інстытут вывучэння вайны ў публікацыі ад 2 траўня фіксаваў, што тэмпы расейскага наступу запаволіліся.

У эфіры «Радыё-Менск» 27 траўня 2026 года Аляксандр Пасталоўскі заявіў, што сярод украінцаў расце жаданне скончыць вайну любой цаной:

«Кіеўскі міжнародны інстытут сацыялогіі [паведамляе, што] расце з кожным месяцам на 5%, на 6% [колькасць] прыхільнікаў менавіта вываду УСУ з Данецкай вобласці, каб проста наступіў мір. Тут ужо не пра “незалежність”, ні пра нешта іншае. Проста няхай спыняць баявыя дзеянні».

КМІС са студзеня 2026 года рэгулярна задае ўкраінцам пытанне, ці гатовыя яны да вываду войскаў з Данецкай вобласці ў абмен на гарантыі бяспекі ад ЗША і Еўропы. Апошнія красавіцкія вынікі паказваюць: 36% пагадзіліся б на такі варыянт, 57% лічаць яго абсалютна непрымальным. То бок праціўнікаў вываду УСУ больш, чым прыхільнікаў. Найбольшая колькасць прыхільнікаў вываду войскаў у абмен на гарантыі бяспекі — на поўдні Украіны, найменшая — на захадзе краіны і ў Кіеве.

Вынікі гэтага апытання за апошнія чатыры месяцы таксама не пацвярджаюць словы Пасталоўскага пра штомесячны рост на 5—6%. Меркаванне ўкраінцаў істотна не змянілася. Калі дынаміка і ёсць, то на 3% на карысць тых, хто супраць вываду УСУ з Данбасу.

Крыніца: КМІС

Да гэтага, з траўня 2022 года, КМІС задаваў украінцам падобнае, але менш канкрэтнае пытанне — пра гатовасць адмовіцца ад некаторых тэрыторый у абмен на мір. Гісторыя адказаў паказвае, што колькасць прыхільнікаў такога кампрамісу сапраўды расла ад апытання да апытання з сярэдзіны 2023 года да канца 2024-га: з 10% да 38%. Але з таго часу рост спыніўся, і доля прыхільнікаў такога варыянту істотна не змяняецца.

Так Аляксандр Пасталоўскі на «Радыё-Менск» паспрабаваў стварыць адчуванне непазбежнай капітуляцыі Украіны, заявіўшы, што ўсё больш украінцаў гатовыя аддаць Данбас Расеі. Насамрэч на такі варыянт згодная толькі траціна апытаных, большасць супраць, а доля прыхільнікаў тэрытарыяльных саступак ужо каля паўтара года не расце.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Тыя ж часткі вермахта зноў каля межаў Беларусі? Правяраем гістарычныя паралелі беларускіх дзяржмедыяў з Другой сусветнай вайной
Антыфэйк / фактчэк Тыя ж часткі вермахта зноў каля межаў Беларусі? Правяраем гістарычныя паралелі беларускіх дзяржмедыяў з Другой сусветнай вайной
Дзяржаўныя СМІ ўбачылі каля межаў Беларусі вайсковыя падраздзяленні з нумарамі нямецкіх частак, што ўварваліся ў СССР у 1941 годзе.
06 чэрвеня 2026 Чытаць
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць