У эфіры перадачы «Скажы не маўчы» на «Беларусь 1» 8 лютага спявачкі сёстры Груздзевы распавялі, што Святлана Ціханоўская абяцала легалізаваць наркотыкі ў выпадку прыходу да ўлады.
«Калі мы даведаліся пра тое, што Святлана Ціханоўская — яна былая наркаманка, яна ў гэтым прызнавалася. І вы ведаеце, што яна ў перадвыбарнай сваёй кампаніі казала пра тое, што калі яна прыйдзе да ўлады, яна легалізуе марыхуану, наркотыкі», — заявіла Аляксандра.
Яе сястра-блізнюк Валянціна дадала:
«І яна будзе тлумачыць людзям, як можна правільна ў гэта ўваходзіць. Яна будзе рабіць дэгустацыю. Вы кажаце, заклікі да добрага і светлага. Вось што прапануе Святлана Ціханоўская».
Паведамленні, што лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў плануе дэкрыміналізаваць у Беларусі ўжыванне марыхуаны, сталі з'яўляцца ў канцы 2020 году. Журналісты БРЦ знайшлі першакрыніцу гэтай інфармацыі. Ёй аказалася інфармацыйнае агенцтва «Панарама».
«"У той жа час моладзь любіць папаліць і расслабіцца, а ў выніку ёй дастаецца ад міліцыі. За марыхуану. У дваццаць першым стагоддзі. Неймаверна. Калі казаць пра старое пакаленне, то будзем праводзіць агітацыю, распавядаць пра карысць лёгкіх наркотыкаў, дамо магчымасць бясплатнай дэгустацыі", — заявіла Ціханоўская ў інтэрв'ю для De Telegraaf», — пісала яно.
«Панарама» — сатырычнае выданне. На яго сайце размешчана папярэджанне: «Усе тэксты на гэтым сайце ўяўляюць сабой гратэскныя пародыі на рэчаіснасць і не з'яўляюцца рэальнымі навінамі». Што гэта сатыра, гаворыцца і ў подпісе пад лагатыпам.
Нідэрландскі De Telegraaf ніколі не браў інтэрв'ю ў Святланы Ціханоўскай.