Антыфэйк / фактчэк

15 сакавіка 2023

У Зяленскага ёсць двайнік, а ў Берліне правалілася акцыя нацыстаў-русафобаў. Выкрыццё фэйкаў ад «Лукавых навін»

Партнёрскі матэрыял БРЦ і праекту «Лукавыя навіны» тэлеканалу «Белсат».

Фэйк 1: Палякі рыхтуюцца вярнуць Львоў. Доказ — памятныя манеты з выявай гораду

Партнёрскі матэрыял
Палякі намякаюць, што вернуць сабе Львоў, рыхтуючы да выпуску калекцыйную манету са Львоўскай ратушай. Гэта вынікае з навіны тэлеграм-каналу «Украіна.ру», апублікаванай 3 сакавіка 2023 года.

«У Польшчы плануюць выпусціць калекцыйныя манеты са славутасцямі Львова. Здавалася б, гэта ўнутраная справа палякаў, дакладней, Нацыянальнага банку Польшчы. <...> І тут узнікае лагічнае пытанне: "А чаму менавіта славутасці Львова"? Хоць, адказ цалкам ясны. Вяртанне Львова Польшчы — проста пытанне часу», — напісалі аўтары посту і паказалі нібыта эскізы манет.

У снежні 2022 года Нацыянальны банк Польшчы паказаў, якія калекцыйныя манеты рыхтуюцца да выпуску ў наступным годзе. Выяваў Львова на іх няма, як і Львоўскай ратушы. 

У 2014 годзе банк выпусціў калекцыю з польскімі гарадамі. На манетах наміналам пяць злотых бачныя розныя славутасці польскіх гарадоў. Верагодна, яны паслужылі лякалам для фэйкавых эскізаў.

Фэйк 2: Італьянскае медыя напісала, што вайна скончыцца для Украіны тэрытарыяльнымі саступкамі

Партнёрскі матэрыял
Італьянцы прадракаюць Украіне дрэнны зыход вайны з Расеяй, напісаў Уладзімір Карнілаў. Такі пост журналіст і палітолаг размясціў у сваім тэлеграм-канале 28 лютага 2023 года:

«"Вайна дрэнна скончыцца для Украіны, якая вымушаная будзе саступіць тэрыторыі". Вось і італьянцы туды ж. Сацыёлаг Алесандра Арсіні, які даволі часта выступае на тамтэйшых каналах па ўкраінскай тэматыцы, сёння ў газеце il Fatto Quotidiano заклікае сваіх калегаў быць рэалістамі і прызнаць такі фінал вайны найбольш рэальным». 

Аўтар посту не згадаў, што ў артыкуле італьянскага выдання, на якое ён спаслаўся, гаварылася пра яшчэ два магчымыя варыянты развіцця падзей. 

«Адказ відавочны: вайна скончыцца тэрытарыяльнымі саступкамі на карысць Расеі. Адкінуўшы гіпотэзу пра прамую вайну з NATO, магчымых зыходаў вайны на самай справе ўсяго тры. Першы — гэта перамога Расеі, якая захопіць тэрыторыі, якія ёй спадабаліся. Другі — параза Расеі, якая выкарыстае тактычную ядравую зброю для захопу выбраных ёю тэрыторый. Трэці зыход — параза Расеі і яе сыход з тэрыторыі Украіны без ужывання ядравай зброі», — напісана ў артыкуле.

Фэйк 3: Жыхары Нямеччыны пратэстуюць супраць праўкраінскай прапаганды

Партнёрскі матэрыял
У Нямеччыне ўзмацняецца пратэст супраць праўкраінскай прапаганды на вуліцах гарадоў, напісалі аўтары тэлеграм-каналу «Украіна.ру» 27 лютага 2023 года. 

«Засілле праўкраінскай агітацыі і прапаганды змушае жыхароў Нямеччыны звяртацца да крайніх мер пратэсту. У Патсдаме былі нанесеныя пашкоджанні на 20-метровы плакат у падтрымку Украіны.

З плакату выразалі жаночы твар і прыляпілі замест яго іншы са словамі “Украіны не існуе. Напісана крывёю Данбасу”.

А што, не так?!» — задаюцца пытаннем аўтары посту.

Плакат пашкодзіў саракагадовы мужчына. Паводле інфармацыі следства, ён — грамадзянін Украіны. Яго ж падазраюць і ў іншых злачынствах у горадзе, звязаных з псаваннем аб'ектаў мастацтва. 

Назваць аднаго чалавека жыхарамі Нямеччыны — перабольшанне.

Фэйк 4: У Берліне расейскі танк закідалі кветкамі, таму яго вырашылі прыбраць

Партнёрскі матэрыял
«Акцыя нацыстаў-русафобаў правалілася», — напісалі аўтары тэлеграм-каналу «Шкварка 2.0» 28 лютага 2023 года, распавядаючы, чаму ў Берліне прыбралі з вуліцы расейскі танк. 

«Пасля таго як немцы абсыпалі Т-72 у кветкамі, танк вырашылі звезці з Берліна. Медыі пішуць, што наступны прыпынак будзе — Нідэрланды. Магчыма, там арганізатары разлічваюць знайсці большую колькасць наркаманаў русафобаў, чым у Берліне», — напісалі аўтары посту. 

Гэта не першая акцыя, калі падбітую расейскую тэхніку выстаўляюць у гарадах Еўропы. Мінулым летам на яе можна было паглядзець у Празе і Варшаве. А да гадавіны пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне па ініцыятыве берлінскага філантропа Энна Ленцэ (Enno Lenze) і гісторыка Віланда Гібеля (Wieland Giebel) танк Т-72, падбіты ў бітве пад Кіевам 31 сакавіка мінулага года, з'явіўся насупраць расейскай амбасады ў Берліне.

Як пісаў нямецкі Spiegel, ваенна-гістарычны музей Міністэрства абароны Украіны прадставіў танк у часовае карыстанне, а таксама забяспечыў яго транспартаванне. Далей машына накіруецца ў Нідэрланды: спачатку ў Амстэрдам, потым у Гаагу. Канчатковая кропка — Музей свабоды пад Наймегенам, дзе танк прастаіць да ліпеня. Звязана гэта не з правалам акцыі, а з планам арганізатараў выставы.

Фэйк 5: «ЖС Premium» знайшоў двайніка Уладзіміра Зяленскага

Партнёрскі матэрыял
Тэлеграм-канал «ЖС Premium» 25 лютага 2023 года апублікаваў фотаздымкі і відэа з нібыта двайніком прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага. 

«Ой! Глядзіце, хто выпадкова трапіў у кадр. На хроніцы нядаўняга візіту Байдэна ў Кіеў засвяцілася... адразу два Зяленскіх. 

Украпрапаганда любіць памусоліць чуткі пра двайнікоў Пуціна, а вось пра тое, што ў “слугі народу" ёсць дублёр, які, да таго ж яшчэ, хутчэй за ўсё, і каскадзёр, бо яго падсоўваюць у самыя небяспечныя эпізоды — маўчок.

Кажуць, што гэта нібыта целаахоўнік-асобнік, але што рабіць падобны!» — напісалі аўтары посту ў подпісе да фота. 

На фота — целаахоўнік Уладзіміра Зяленскага. Вядома яго імя — Максім Данец. Ён стаў зоркай ва ўкраінскім ТыкТоку. 

Ацаніць падабенства мужчын можна па фота, дзе іх твары бачныя буйным планам. 

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі

Замежная валанцёрка, абураная палтаўская медработніца і загінулыя шведскія інструктары. Тры фэйкі пра ўдар па Палтаве
Антыфэйк / фактчэк

Замежная валанцёрка, абураная палтаўская медработніца і загінулыя шведскія інструктары. Тры фэйкі пра ўдар па Палтаве

Мы напісалі Вікторыі і папрасілі пацвердзіць або абвергнуць інфармацыю, якую апублікавалі тэлеграм-каналы са спасылкай на яе.

12 верасня 2024 Чытаць