Антыфэйк / фактчэк

08 красавіка 2023

Польскую паліцыю вучаць змагацца з уцекачамі, а ў Беларусі няма палітвязняў. Выкрыццё фэйкаў ад «Лукавых навін»

Партнёрскі матэрыял БРЦ і праекту «Лукавыя навіны» тэлеканалу «Белсат».

Фэйк 1: Польскіх сілавікоў вучаць змагацца з уцекачамі

Партнёрскі матэрыял
«Паліцыянтаў у Польшчы навучаюць змагацца з уцекачамі». Навіна з такім загалоўкам 30 сакавіка 2023 года з'явілася на сайце тэлеканалу АНТ. Пост на тую ж тэму напісаў і тэлеграм-канал «Невальфовіч». 

«Польская паліцыя і вайскоўцы адпрацавалі на вучэннях супрацьстаянне мігрантам.

На відэа ўсё ў духу “дэмакратычнай Еўропы" — акружылі, павязалі, павезлі.

Заключную частку — забойства і выкіданне на тэрыторыю Беларусі вырашылі не паказваць», — напісалі аўтары посту і ў якасці доказу прымацавалі відэа. 

Праваабаронцы сапраўды фіксавалі жорсткае абыходжанне з мігрантамі з боку польскіх і беларускіх сілавікоў. Аднак відэа, паказанае тэлеграм-каналам «Невальфовіч», не мае да гэтага ніякага дачынення.

Журналісты «Лукавых навін» звярнуліся ў паліцыю Паморскай вобласці ў Польшчы: там сказалі, што паліцыя такую трэніроўку не праводзіла.

Затым журналісты звязаліся з 16-й Паморскай механізаванай дывізіяй, каб высветліць, што менавіта адбываецца на апублікаваным у тэлеграм-канале відэа. Аказалася, што гэтая трэніроўка была часткай тактычных вучэнняў з войскамі пад назвай «Zalew-23». Практыкаванне на відэа было адным з тактычных эпізодаў, адпрацаваных падчас трэніроўкі з OPP (Польскі аналаг АМАПу). 

«Мэтай навучання была падрыхтоўка салдат да прэвентыўных дзеянняў па барацьбе з натоўпам і рэагаванні ў выпадку такіх падзей. Гэта адбылося 29 сакавіка недалёка ад Балтыйскай касы ў Паморскай вобласці», — адказалі ў дывізіі.

Камандзе «Лукавых навін» таксама ўдалося атрымаць каментар Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы. Там заявілі: «Гэта чарговы абсурдны матэрыял, які ўпісваецца ў агрэсіўную дэзынфармацыйную дзейнасць Расеі і Беларусі ў інфармацыйным асяроддзі, асабліва ў сацыяльных сетках.

Асноўнымі элементамі вучэнняў былі правядзенне аперацый на выпадак тэракту (выратаванне закладнікаў), вядзенне выведкі ВМФ у напрамку Гданьскага заліву і Віслінскага заліву, правядзенне паказальных дзеянняў у кірунку Гданьскага заліву і дзеянні ў выпадку забруджвання».

Фэйк 2: У Беларусі няма ніводнага палітвязня

Партнёрскі матэрыял
Кіраўнік БТ Іван Эйсмант паведаміў, што ў Беларусі няма ніводнага палітвязня. Пра гэта ён выказаўся 1 красавіка 2023 года ў эфіры «Клуба рэдактараў» на «Беларусь 1», абмяркоўваючы гандаль палітвязнямі, які прапанаваў Аляксандр Лукашэнка падчас Паслання беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу. 

— Хочаце Пачобута? Ды не пытанне. На мяжу не мяняем. А вось на кіраўніцтва НАУ — калі ласка, — сказаў старшыня праўлення тэлеканалу АНТ Марат Маркаў. 

— Ён сказаў, што гатовы з усімі мужчынамі ў абмен на ўсіх палітвязняў. Толькі ў нас у краіне... Я ведаю, чаму ён так сказаў, у нас у краіне няма ніводнага палітвязня, — заявіў Эйсмант. 

З Іванам Эйсмантам не згодны нават Аляксандр Лукашэнка. Ён выкарыстоўвае гэты тэрмін у зносінах з журналістамі, кажучы, напрыклад, пра адносіны з краінамі Захаду. 

«Любога “палітвязня" называйце. Мы будзем тлумачыць, што ён здзейсніў, чаму ён там знаходзіцца. <...> Умова з майго боку адна: не лезьце ў наш агарод. Мы як-небудзь тут самі будзем разбірацца. Вы нам дапамагайце. Тады і "палітвязняў" не будзе, і іншых праблем у нас не будзе. Вы іх ствараеце», — сказаў Лукашэнка 16 лютага 2023 года на сустрэчы з прадстаўнікамі замежных і беларускіх медыяў.

Нагадаем, паводле звестак праваабарончага цэнтру «Вясна», у Беларусі цяпер блізу паўтары тысячы палітвязняў. Толькі за сакавік 2023 года ў краіне асудзілі 62 чалавекі па «пратэставых» крымінальных справах. 

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі