Прэзідэнт ЗША 22 лютага на закрытай сустрэчы са спонсарамі ў Сан-Францыска выказаўся пра расейскага калегу:
«У нас ёсць звар’яцелы сукін сын, гэты хлопец, Пуцін і іншыя. І мы заўсёды павінны турбавацца пра ядравы канфлікт, але экзістэнцыяльная пагроза для чалавецтва — гэта клімат», — цытуе Байдэна CNN.
У той жа дзень вядоўца і палітолаг Вадзім Ялфімаў у эфіры «Радыё-Менск» заявіў, што падобныя выразы можна апраўдаць толькі псіхіятрычным разладам.
«Абрынуўся зноў на Уладзіміра Уладзіміравіча Пуціна проста з вулічнай лаянкай. Гэта нейкі, ведаеш, хуліган, рамолік (расслаблены, нямоглы, чалавек, які запаў у прыдуркаватасць — рэд.). Вось калі псіхіятрычнае захворванне, сіндром Турэта — гэта хоць нейкае тлумачэнне. Я хачу сказаць, спадары, грамадзяне ЗША, вам не сорамна, што ў вас такі прэзідэнт? Гэта ж проста ганьба», — сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка таксама не саромеецца ў выразах, але папрокаў за гэта з боку палітолага Ялфімава ён ніколі не атрымліваў. Напрыклад, летась Лукашэнка абразіў кіраўніка МЗС Еўрапейскага Звязу Жузэпа Бурэля: «Гэта чалавек дурны проста».
Не саромеўся Лукашэнка ў выразах на адрас прэзідэнта Украіны: «Прэзідэнт Зяленскі — проста гніда. Проста гніда», — заявіў Лукашэнка ў сакавіку 2023 года.
Выказваўся ён і пра былога ўкраінскага прэзідэнта Віктара Януковіча: «На жаль, вашывасці хапае ў цяперашняга кіраўніцтва Украіны».
Былога кіраўніка Еўракамісіі Жузэ Мануэла Барозу Лукашэнка ўвогуле назваў казлом.
Народзец, пацукі, авечкі, наркаманы, прастытуткі, дэбілы і поскудзі, пузатыя буржуі, беспрацоўныя злачынцы, абкураныя, п'яныя, шалудзівыя — гэта толькі няпоўны спіс абразлівых выразаў Аляксандра Лукашэнкі ў дачыненні да людзей, нязгодных з яго палітыкай.