БРЦ атрымаў доступ да выцеку дадзеных аб нерухомасці ў Дубаі як удзельнік праекту Dubai Unlocked.

Менск. Спіралепадобныя вежы са шкла і бетону атачаюць 35-павярховы хмарачос. Па штучных каналах плаваюць гандолы. Так у 2008 годзе апісвалі архітэктурную канцэпцыю жылога комплексу «Маяк Менску». Але пабудаваны аб'ект не мае з ёй нічога агульнага. У 2020 годзе яго здала кампанія сербскіх бізнесоўцаў Карычаў, якая ўваходзіць у будаўнічую групу Dana Holdings. Апісанае больш нагадвае пейзаж за вокнамі апартаментаў саміх Карычаў і чальцоў іх сямʼі ў ААЭ. Гэтую нерухомасць яны купілі ў тым ліку на прыбытак ад супрацоўніцтва з беларускімі ўладамі. БРЦ знайшоў шэсць кватэраў на выспе Палм-Джумэйра ў Дубаі, звязаных з гэтым кланам.

Матэрыял з'яўляецца часткай міжнароднага праекту Dubai Unlocked, падрыхтаваны ў партнёрстве з OCCRP, пры падтрымцы «Кіберпартызанаў».

Браты Карычы — Багалюб і Драгамір — вядомыя ў Беларусі маштабнымі будоўлямі ў Менску і сувязямі з сям'ёй Аляксандра Лукашэнкі. Як мінімум з 2011 года яны рэгулярна лёталі з ягонай афіцыйнай жонкай Галінай, старэйшым сынам Віктарам і ягонай жонкай Ліліяй у Турцыю і Грэцыю — падобна, на адпачынак. Але з галоўным палітыкам Беларусі сербскіх бізнесоўцаў звязваюць перш за ўсё дзелавыя пытанні.

Яшчэ ў 2011 годзе большую частку праектаў жыллёвага будаўніцтва ў сталіцы кантралявалі дзяржпрадпрыемствы. А ў 2020-м — ужо 90% новых дамоў у горадзе ўзводзілі прыватныя кампаніі. Аднымі з найбуйнейшых забудоўнікаў сталі фірмы групы Dana Holdings — ЗТАА «Зомэкс Інвестмент» (у лютым 2020 года змяніла назву на ТАА «Эмірэйтс Блю Скай»), ЗТАА «Дана Астра» і СТАА «Белінтэ-Роба», звязаныя з сям'ёй Карычаў.

Багалюб Карыч, Драгамір Карыч, Нябойша Карыч
Крыніца: БРЦ / Багалюб Карыч, Драгамір Карыч, Нябойша Карыч

Асабістыя сувязі з уладамі Беларусі дазвалялі кампаніям сербскіх бізнесоўцаў атрымліваць прэферэнцыі ад дзяржавы ў выглядзе падатковых ільготаў і бясплатнай зямлі пад будаўніцтва — пра гэта нам стала вядома яшчэ ў 2019 годзе. А ў 2021 годзе БРЦ сумесна з OCCRP выпусціў расследаванне аб тым, як Карычы бясплатна атрымалі зямлю коштам парадку мільярда долараў.

У 2022 годзе БРЦ раскрыў схему вываду з Беларусі вызваленага ад падаткаў прыбытку кампаній на карысць Карычаў. Далейшае вывучэнне бізнесу Карычаў вывела нас на элітныя кватэры, якія, як мяркуецца, былі набытыя на заробленыя ў Беларусі грошы.

Нашае расследаванне — частка міжнароднага праекту Dubai Unlocked, рэалізацыя якога стала магчымая дзякуючы выцеку дадзеных аб нерухомасці ў Дубаі за 2020 і 2022 гады.

Дадзеныя атрымаў цэнтр перспектыўных абаронных даследаванняў (C4ADS) — некамерцыйная арганізацыя, якая базуецца ў Вашынгтоне і даследуе міжнародную злачыннасць і канфлікты. Затым інфармацыю перадалі нарвежскаму фінансаваму агенцтву E24 і Цэнтру па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці (OCCRP), які каардынаваў праект расследавання з дзясяткамі СМІ з усяго свету, у тым ліку з БРЦ.

Сямейнае гняздо на Пальме

Мінімум шэсць кватэраў у ААЭ набылі бізнесмены Карычы і чальцы іх сям'і, як мы высветлілі ў выніку выцеку дадзеных аб нерухомасці ў Дубаі. Жыллё знаходзіцца на выспе Палм-Джумэйра — архіпелагу, які насыпаны ў форме пальмы. Тут самыя дарагія кватэры ў Дубаі: кожны са шматлікіх жылых комплексаў мае від на мора.

Кватэру плошчай 222 квадратныя метры за блізу $900 000 набыў Нябойша Карыч, сын Багалюба, у 2019 годзе. Яна размешчана на 11 паверсе дому Emerald рэзідэнцыі Tiara.

Кватэра ў доме Emerald рэзідэнцыі Tiara на Палм-Джумэйра з такой жа плошчай і колькасцю спальняў, як у Нябойшы Карыча
Крыніца: propsearch.ae / Кватэра ў доме Emerald рэзідэнцыі Tiara на Палм-Джумэйра з такой жа плошчай і колькасцю спальняў, як у Нябойшы Карыча

Жонцы Багалюба Міланцы належала яшчэ адна кватэра ў тым жа комплексе. Пры куплі ў 2011 годзе яна каштавала каля $600 000. У 2023 годзе сям'я Карычаў прадала кватэру на $150 000 даражэй.

З 2021 па 2023 гады Карычы валодалі апартаментамі плошчай 160 метраў на 13 паверсе комплексу Oceana Southern. Пакупніцай нерухомасці коштам больш за $700 000 была жонка Нябойшы Карыча Ксенія Лухнова-Карыч — беларуска, якая працавала ў Dana Holdings. [*] [*] [*] Дубайская кватэра стала ўласнасцю Ксеніі ў красавіку 2021 года. Год таму яе прадалі за амаль удвая большую суму.

Кватэра ў доме Oceana Southern на Палм-Джумэйра з такой жа плошчай і колькасцю спальняў, як і ў Ксеніі Лухновай-Карыч
Крыніца: propsearch.ae / Кватэра ў доме Oceana Southern на Палм-Джумэйра з такой жа плошчай і колькасцю спальняў, як і ў Ксеніі Лухновай-Карыч

Адначасова з Ксеніяй кватэрай у ААЭ абзавялася Маша Ніколіч-Карыч, жонка стрыечнага брата Нябойшы, Бояна. Гэта 210-метровыя апартаменты на 8 паверсе дому ў комплексе Aquamarine, у рэзідэнцыі Tiara. З панарамных вокнаў адкрываецца від на Персідскі заліў, любавацца якім можна таксама з велізарнай тэрасы.

3D-візуалізацыя кватэры ў комплексе Aquamarine у рэзідэнцыі Tiara на Палм-Джумэйра з такой жа плошчай і колькасцю спальняў, як у Машы Ніколіч-Карыч
Крыніца: Bayut Area Guides / 3D-візуалізацыя кватэры ў комплексе Aquamarine у рэзідэнцыі Tiara на Палм-Джумэйра з такой жа плошчай і колькасцю спальняў, як у Машы Ніколіч-Карыч

Да Машы Ніколіч-Карыч кватэрай валодаў сын украінскага бізнесоўцы Вячаслава Багуслаева Аляксандр. 

Пяць гадоў таму беларускія ўлады нацыяналізавалі Аршанскі авіярамонтны завод. Адным з яго заснавальнікаў была кампанія «Мотор Січ», якую ўзначальваў Багуслаеў-старэйшы. Цяпер бізнесовец знаходзіцца ў СІЗА ва Украіне. Яму інкрымінуюць пастаўкі ў Расею рухавікоў для баявых верталётаў, падазраюць у калабарацыянізме. Больш пра Багуслаева і ягоную нерухомасць у Дубаі чытайце ў расследаванні праграмы «Схемы» (украінская рэдакцыя «Радыё Свабода»).

БРЦ высветліў, што кватэра Машы Ніколіч-Карыч знаходзіцца ў закладзе, што можа казаць аб куплі ў крэдыт. На дадзены момант яе здымае грамадзянін Сербіі па дамове арэнды на 4 гады, з аплатай па $40 тыс. у год.

Багалюб Карыч і ягоная дачка Даніца таксама былі ўладальнікамі кватэраў плошчай у 200 квадратаў на Палм-Джумэйра. Даніца прадала сваю кватэру ўплывоваму эмірацкаму бізнесоўцу султану Амрану Алхаламі (Omron Alhallami). Кватэра была аформленая і на яе маленькага сына Пэтэра.

Крыніца: БРЦ
Крыніца: OCCRP
Крыніца: OCCRP

Памылковыя санкцыі?

Нашыя партнёры па праекце Dubai Unlocked, журналісты OCCRP звярнуліся па каментар да Багалюба Карыча, але адказаў ягоны адвакат Уільям Жулі (William Julié). Той запэўніў, што Багалюб Карыч — законапаслухмяны грамадзянін і «прыхільнік каштоўнасцяў лібералізму». Таму ён спачатку развіваў бізнес у камуністычнай Югаславіі, а потым, па запрашэнні Гарбачова, прыехаў дзяліцца досведам у СССР. Са словаў адваката, з Аляксандрам Лукашэнкам Багалюб сустракаўся ўсяго адзін раз — у 2015 годзе. Цяпер бізнесовец на пенсіі, справамі больш не займаецца, як і ягоныя сваякі. Пад санкцыі ЕЗ Багалюб трапіў памылкова, сцвярджае Уільям Жулі, таму цяпер судзіцца за іх адмену.

Санкцыі на Багалюба Карыча ў чэрвені 2022 года наклаў ЕЗ за падтрымку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і атрымання праз гэтага выгодаў. Раней, у снежні 2020 года Dana Holdings і «Дана Астра» трапілі пад санкцыі ЕЗ і Вялікай Брытаніі. У жніўні 2021 года абмежаванні на бізнес сербаў наклалі ЗША, назваўшы Карычаў «будаўнічымі гаманцамі» Лукашэнкі. Санкцыі закранулі Нябойшу Карыча, сына Багалюба, кампаніі Dana Holdings, «Дана Астра», «Эмірэйтс Блю Скай» і ТАА «Дубай Вотэр Фронт».

Вось што юрыст распавёў аб нерухомасці, якой валодае сям’я:

«Містэр Багалюб Карыч пражывае ў ААЭ амаль восем гадоў. Амаль тры гады таму ён набыў кватэру ў Дубаі, дзе кошты на арэнду вышэйшыя, чым у іншых краінах. Таму яны ўяўляюць сабой высокапрыбытковую інвестыцыю для ўладальнікаў нерухомасці.

Калі спадар Карыч не застаецца ў Дубаі, ён здае кватэру, як і любы іншы ўладальнік нерухомасці і інвестар. Купля была зробленая з захаваннем усіх дзеючых законаў, з дапамогай банкаўскай аперацыі (не наяўнымі). На момант куплі ён быў падатковым рэзідэнтам Дубая».

Як паказала расследаванне БРЦ, Карычы ўкладаюцца ў нерухомасць не толькі ў ААЭ. У кастрычніку 2022-га мы знайшлі сем кватэраў у Лондане агульным коштам каля €14 млн.

Афіцыйным уладальнікам нерухомасці з'яўляецца Дзеян Лазарэвіч, муж другой дачкі Багалюба — Надзеі. Дзеян і Надзея былі саўладальнікамі кампаніі «Дана Астра» ў Беларусі.

Падчас працы над гэтым расследаваннем БРЦ выявіў яшчэ адну кватэру ў сталіцы Вялікай Брытаніі, аформленую праз Booklane International Limited на Дзеяна ў 2009 годзе. [*] Яна месціцца недалёка ад цэнтру ў шматкватэрным доме Abbey Lodge на Park Road. Пры куплі яе кошт склаў амаль 1,5 млн фунтаў стэрлінгаў, або каля двух мільёнаў долараў.

Дзве з васьмі лонданскіх кватэраў Дзеяна Лазарэвіча арандуе Міланка Карыч.

Крыніца: OCCRP
Крыніца: OCCRP
Крыніца: OCCRP
Крыніца: OCCRP
Крыніца: Кватэра ў Hanover House на St Johns Wood High Street з падобнай планіроўкай, як у Міланкі Карыч
Крыніца: Кватэра ў Hanover House на St Johns Wood High Street з падобнай планіроўкай, як у Міланкі Карыч
Крыніца: Кватэра ў Hanover House на St Johns Wood High Street з падобнай планіроўкай, як у Міланкі Карыч
0 / 3
На фота кватэра ў Hanover House на St Johns Wood High Street з падобнай планіроўкай, як у Міланкі Карыч. Крыніца: Rightmove, OCCRP 

Падарунак на мільярд

Чым больш актыўна развіваўся бізнес Карычаў у Беларусі, тым больш відавочнымі станавіліся асабістыя сувязі братоў з беларускімі ўладамі. У 2009-м Аляксандр Лукашэнка наведаў сербскі гарналыжны курорт Капаонік па запрашэнні Драгаміра Карыча. Праз пяць гадоў, у 2014-м, кампанія Карычаў «Дана Астра» ўзялася за рэалізацыю буйнога будаўнічага праекту ў сталіцы, які першапачаткова называўся «Менск-Сіці», а з прыходам сербскіх бізнесоўцаў быў перайменаваны ў «Менск-Мір».

Пад забудову бізнес-кварталу «Менск-Мір» фірмы бізнесоўцаў бясплатна атрымалі ад дзяржавы зямлю. Указ аб гэтым падпісаў Аляксандр Лукашэнка. Яе агульны рынкавы кошт OCCRP ацаніў у $800 млн. Карычы за права на будаўніцтва праекту не даплацілі ў бюджэт каля $400 млн. Такая сума атрымліваецца, калі арыентавацца на кошт участку ў $1,3 млн за гектар — менавіта столькі ў 2017 годзе за права на праектаванне і будаўніцтва ў цэнтры Менску заплаціла кампанія ТАА «Астодэвелапмент».

Апроч таго, інфраструктуру для жылых комплексаў Карычаў — ключавы выдатак пры будаўніцтве — улады Менску праклалі за свой кошт. Дзякуючы ў тым ліку гэтаму частка фірмаў сербскіх бізнесоўцаў атрымала дзясяткі мільёнаў долараў гадавога даходу, які перавышаў сабекошт у два-тры разы. Стандартная рэнтабельнасць у жыллёвым будаўніцтве Менску ў той час вагалася ў раёне 15%.

Сыходзячы ад санкцыяў

Дзякуючы ўказам Лукашэнкі звышпрыбыткі Карычаў вызвалілі ад падатку на прыбытак. За 10 гадоў — з 2011 па 2020 гады — іх беларускія кампаніі пералічылі сваім матчыным структурам на Кіпры €170 млн дывідэндаў. З іх €120 млн атрымала галаўная кампанія Dana Holdings.

У снежні 2020 года Dana Holdings прадала свае кіпрскія фірмы, якія валодаюць у Беларусі бізнесам, кампаніі Enterprise Developments Holding Ltd. Яна зарэгістраваная ў Арабскіх Эміратах, а яе фармальны ўладальнік — наёмны работнік Карычаў Мустафа Аль Табгі, які быў дырэктарам Dana Holdings. Гэта значыць Dana Holdings прадала актывы фірме свайго былога дырэктара. Магчыма, гэта зрабілі, каб пад выглядам дывідэндаў спустошыць рахункі Dana Holdings да таго, як іх замарозяць санкцыямі за падтрымку Лукашэнкі.

Затым Карычы паспрабавалі вывесці грошы з рахункаў кіпрскай Dana Holdings. Верагодна, асцерагаліся, што рух сродкаў па іх таксама будзе абмежаваны санкцыямі. І ў іх атрымалася.

У фінансавых дакументах зафіксаваны кошт продажу беларускага бізнесу эмірацкай кампаніі — €700 млн. Аднак у бухгалтарскім уліку гэтыя актывы ацэненыя ў €21 тыс. Гэта значыць, што Dana Holdings фармальна атрымала блізу €700 млн прыбытку. Але грошы ад продажу на рахунак фірмы да канца 2020 года так і не паступілі: лічацца як дэбіторская запазычанасць.

Гэтая схема дала магчымасць уладальнікам Dana Holdings зняць з рахункаў буйную суму.

«Паўночны бераг»

У 2021 годзе Аляксандр Лукашэнка без правядзення аўкцыёну, бясплатна аддаў пад будаўніцтва яшчэ адзін участак у Менску. Плануецца, што забудова будзе праходзіць ад Цнянскага да вадасховішча Дразды, што па суседстве з адной з прэзідэнцкіх рэзідэнцыяў. Праект называецца «Паўночны бераг». Адведзеная пад яго плошча больш, чым усе папярэднія ўчасткі Карычаў. Ён займае 15 квадратных кіламетраў, што больш тэрыторыі, да прыкладу, Мар'інай Горкі.

Права рэалізаваць праект «Паўночны бераг» атрымала эмірацкая кампанія Riverside Development Holdings Limited. За будаўніцтва ўзялася яе беларуская даччыная фірма з падобнай назвай.

Кампаніяй Riverside Development Holdings Limited валодаюць дзве фірмы. Адна — эмірацкая Svislach Holdings Limited. Афіцыйных звестак пра яе ўладальнікаў мы не знайшлі. Другая — Symphony Global Holdings Limited — звязаная з вядомым эмірацкім забудоўшчыкам Махамедам Аль Алаббарам. [*] У 2022 годзе ён заявіў, што будаўніцтва «Паўночнага берагу» ідзе па плане, але ўжо ў 2024-м паведаміў, што прадае сваю долю і выходзіць з праекту. Прычына, па версіі СМІ, — праца над новым будаўнічым праектам у Сербіі.

Можа падавацца, што Dana Holdings не ўдзельнічае ў праекце. Аль Алаббар заявіў пра гэта ў лютым 2021 года, пасля ўвядзення санкцыяў супраць Карычаў. Аднак і кампаніі бізнесоўцаў, і людзі, якія працавалі ў іх фірмах, згадваюцца ў кантэксце «Паўночнага берагу».

На памятным камяні, які на месцы забудовы заклалі прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка і Аль Алаббар, апошні прадстаўлены як старшыня праўлення кампаніі «Эмірэйтс Блю Скай». Гэта новая назва «Зомэкс Інвестмент», якая ўваходзіла ў Dana Holdings.

Багалюб Карыч
Крыніца: БРЦ / Багалюб Карыч

Махамед Аль Алаббар звязаны з Карычамі яшчэ праз адну эмірацкую фірму — Bluesky Holdings Limited. Яе стварылі ў кастрычніку 2019 года, за месяц да першага візіту Аль Алаббара ў Менск і сустрэчы з Лукашэнкам. Першапачаткова дырэктарамі кампаніі былі Багалюб Карыч і Махамед Аль Алаббар. А ў лістападзе 2020 года месца Карыча заняў Мустафа Аль Табгі — былы кіруючы дырэктар Dana Holdings, на якога цяпер запісаны беларускі бізнес. [*]

Памочнік генеральнага менеджара «Паўночнага берагу» Кірыл Гарусаў у сваім рэзюмэ напісаў, што вядзе гэты праект з самага пачатку. Указ Лукашэнкі аб будаўніцтве апублікавалі 13 траўня 2021 года. Праз месяц Гарусаў — супрацоўнік Riverside Development Holdings Limited. Да гэтага ён сем гадоў працаваў у Dana Holdings.

Кіраўнік продажаў «Паўночнага берагу» Надзея Вінаградава таксама прыйшла ў праект пасля васьмі гадоў працы ў Dana Holdings. Прадукт-менеджар «Паўночнага берагу» Надзея Томаш піша ў LinkedIn, што адначасова працуе і ў Riverside Development Holdings Limited, і ў Dana Holdings.

Візуалізацыю праекту рабіў дызайнер Павел Забіран. Яна ёсць у ягоным партфоліа. Дызайнер зазначыў, што апошнія 11 гадоў працуе толькі ў Dana Holdings.

Вецер дзьме з «Усходу»

Дзякуючы асабістым сувязям з Лукашэнкам сям'я Карычаў зэканоміла каля мільярда долараў і толькі дывідэндамі вывела з Беларусі амаль $170 млн. Аперуючы такімі сумамі, яны набываюць кватэры і ў Дубаі, і ў Лондане.

Пры гэтым нерухомасць Карычаў далёка не самая дарагая на Палм-Джумэйра. Адна з кватэраў наогул знаходзіцца ў закладзе і, верагодна, узятая ў крэдыт. Набыццё жылля і яго продаж з прыбыткам нават у некалькі сотняў тысяч долараў — разумная інвестыцыя. Але навошта гэтым займаюцца людзі, якія маюць бізнес з прыбытковасцю ў дзясяткі мільёнаў долараў у год? І калі перапродаж нерухомасці — гэта ўсё ж такі бізнес, то чаму яны афармляюць угоды на сябе?

Аляксандр Лукашэнка
Крыніца: БРЦ / Аляксандр Лукашэнка

Тлумачэнне мы знайшлі, калі пайшлі па тым жа следзе, што і аб'яднанне былых беларускіх сілавікоў BELPOL. У расследаванні «Гісторыя найвялікшага хабару Лукашэнкі» аб рэзідэнцыі «Усход» экс-сілавікі раскрылі падазроныя схемы. Кампаніі Dana Holdings, верагодна, плацяць комплексу «Усход» дзясяткі тысячаў долараў у год за паслугі, якія не аказваюць. BELPOL лічыць, што такім чынам падтрымліваецца функцыянаванне рэзідэнцыі.

Гаворка вядзецца пра рэзідэнцыю Лукашэнкі — комплекс на беразе Менскага мора, які складаецца з некалькіх вялікіх дамоў, лазневага і фізкультурна-аздараўленчага блокаў, цяпліцы і іншых пабудоў. У дакументах КДБ яна праходзіць пад назвай «Усход».

На тое, што гэта рэзідэнцыя Лукашэнкі, паказваюць некалькі фактаў: аб'ект знаходзіцца пад кантролем ягонай службы бяспекі і там запаркаваныя некалькі аўтамабіляў з ягонага аўтапарку. Акрамя таго, комплекс падлучаны да ўрадавай сувязі.

На думку экс-сілавікоў, Карычы атрымалі ад Лукашэнкі блізу мільярда долараў прэферэнцыяў за тое, што дабудавалі «Усход».

Рэзідэнцыяй валодае кампанія ТАА «Усход Пропертыз Менеджмент». З сярэдзіны лістапада 2007 па сярэдзіну лютага 2014 гадоў яна называлася «УсходБуд». У склад заснавальнікаў кампаніі ўваходзіла фірма ЗТАА «Ітэра-Бел» — дачка расейскай ТАА «Ітэра», якая належыць Роснафце. [*] [*] Яна і ўзвяла жылы комплекс «Усход» амаль цалкам.

У 2014 годзе на месца «Ітэры-Бел» у склад заснавальнікаў «Усход Пропертыз Менеджмент» прыйшла афшорная кіпрская кампанія «Вінсаймер Холдынгс Лімітэд». Яна атрымала долю 0,01%. [*] [*] [*] Тады ж кампанія Карычаў «Дана Астра» не толькі ўзялася завяршыць праект «Усход», але і атрымала права на забудову комплексу «Менск-Мір» замест «Ітэры-Бел».

З 2009 года па 16 кастрычніка 2023-га ва ўласніках ТАА «Усход Пропертыз Менеджмент» значыўся яшчэ адзін кіпрскі афшор «Дэмілюкс ЛТД». Кампанія валодала асноўным пакетам акцыяў. Потым іх змяніў Нафтабітумны завод, за якім стаіць адзін з «гаманцоў» Лукашэнкі Мікалай Варабей. Але ў складзе ўласнікаў актыў Вараб'я прабыў усяго два месяцы.

Каму цяпер належыць «Усход Пропертыз Менеджмент», нам сказаць цяжка. Нягледзячы на адкрытую форму ўласнасці, што прадугледжвае празрыстасць дадзеных аб уладальніках, гэтыя звесткі схаваныя з АДР. [*]

Памер «падзякі» Карычаў Аляксандру Лукашэнку — завяршэнне рэзідэнцыі пасля «Ітэры-Бел» — нам падаўся несуразмерным атрыманым перавагам. Увесь іх бізнес заснаваны на ільготах і прэферэнцыях ад беларускіх уладаў.

Дзякуючы эксклюзіўнаму доступу да дакументаў, прадстаўленых Беларускім народным трыбуналам, БРЦ высветліў дэталі гісторыі рэзідэнцыі «Усход». Віктар Шэйман, будучы кіраўніком Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі, даручыў упраўленню па абслугоўванні дыпламатычнага корпусу «Дыпсервіс», якое ўваходзіць у Кіраўніцтва справамі, распрацаваць механізм спонсарскай дапамогі комплексу. [*] [*] 

Планавалася, што дапамога будзе паступаць на працягу 10 гадоў у памеры 25 мільярдаў недэнамінаваных рублёў у год (больш за мільён долараў па курсе 2016 года). Калі гэтую суму памножыць на 10 гадоў, атрымаецца каля $13 млн.

Пацверджанняў, што выплаты па гэтай схеме праводзіліся, у нас няма. Але ўсё гэта можа казаць пра тое, што Віктар Шэйман як мінімум збіраўся пераводзіць на рахунак рэзідэнцыі больш за мільён долараў у год са сродкаў «Дыпсервісу». Другі магчымы варыянт — грошы дзяржструктураў пад выглядам выдаткаў на рэзідэнцыю на самой справе сыходзілі ў афшоры, якім яна належала да 16 кастрычніка 2023 года.

За «Усходам» стаялі дзве афшорныя фірмы — «Вінсаймер Холдынгс Лімітэд» і «Дэмілюкс ЛТД». Абедзве фігуруюць у фінансавых справаздачах Dana Holdings у раздзеле «дэбіторская запазычанасць ад звязаных бакоў». [*] [*]

Кампанія «Дана Астра», якая ўваходзіць у Dana Holdings, пералічвае грошы ТАА «Усход Пропертыз Менеджмент». Як нам удалося высветліць, раней афшорныя кампаніі «Вінсаймер Холдынгс Лімітэд» і «Дэмілюкс ЛТД» самі павінныя былі пералічваць грошы Dana Holdings. Сумы невялікія — € 1314 у першым выпадку і € 300 у другім. Аднак гэта не ўсе пераводы за год, а толькі частка, якая засталася нявыплачанай на канец года. Праўда, транзакцыі, якія мы знайшлі, адносяцца да розных перыядаў: першая за 2021 год, а другая — за 2019-ы. І афшорныя ўладальнікі рэзідэнцыі маглі быць даўжнікамі Dana Holdings па ўгодах, не звязаных з рэзідэнцыяй.

Кампаніі-ўладальніцы рэзідэнцыі ў справаздачы лічацца звязанымі бакамі. Паводле сайта Investopedia, гэта можа азначаць, што ў бакоў ёсць нейкі агульны інтарэс: да прыкладу, у Dana Holdings ёсць у гэтых кампаніях мінарытарная доля ці раней яны займаліся бізнесам разам.

«Кампаніі “Вінсаймер Холдынгс Лімітэд” і “Дэмілюкс” знаходзяцца ў раздзеле 28.2 справаздачы Dana Holdings “Receivables from related parties” — гэта значыць узаемаадносіны з узаемазалежнымі кампаніямі. Ну, і па вызначэнні ў гэты раздзел трапляюць кампаніі, якія падпадаюць пад катэгорыю „ўзаемазалежныя”», — патлумачыў БРЦ юрыст Народнага Антыкрызіснага Упраўлення Міхаіл Кірылюк.

Юрыст удакладніў, што гэта могуць быць фірмы, у якіх супадаюць склады акцыянераў, савету дырэктараў, кіраўніцтва, даччыныя кампаніі або матчыны кампаніі: «У самым агульным вызначэнні — гэта тыя кампаніі, якія неяк ... больш шчыльна звязаныя з уладальнікам справаздачы, чым звычайныя канкурэнты, якія не маюць дачынення да гэтага бізнесу».

Другі эксперт — незалежны эканаміст Сяргей Чалы — таксама лічыць, што кампаніі «Вінсаймер Холдынгс Лімітэд» і «Дэмілюкс ЛТД» могуць быць звязаныя з Dana Holdings:

«Яны пазначаныя ў фінансавай справаздачнасці як “Related parties”. З самога вызначэння вынікае, што ... на дзейнасць гэтых кампаніяў мае магчымасць уплываць Dana Holdings або праз удзел у іх капітале, або праз менеджмент, які з Dana Holdings можа быць звязаны».

Сяргей Чалы выказаў здагадку, што кампаніі «Вінсаймер Холдынгс Лімітэд» і «Дэмілюкс ЛТД» ствараліся не з мэтай заробку:

«Цалкам магчыма, што яны нават маглі б быць і стратнымі, калі б мэта не была паказаць, што яны існуюць усё ж такі нейкім нармальным чынам. То бок іх галоўная задача — гэта намінальны трымальнік вось гэтага комплексу (рэзідэнцыі “Усход” — рэд.), якім яны кіруюць. І раз мэты здабывання прыбытку там няма, і, хутчэй за ўсё, сама мэта ўдзелу Dana Holdings у гэтым бізнесе — не зараблянне, таму справаздачнасць такая».

Іншымі словамі, афшоры, на якія была аформлена рэзідэнцыя «Усход», звязаныя з кампаніяй Карычаў Dana Holdings. Прынамсі, пра гэта кажуць узаемаразлікі і фінансавыя справаздачы за 2019 і 2020 гады. Мы не ведаем, хто яшчэ можа стаяць за гэтымі афшорамі. 

Таксама нам не вядомы цяперашні ўладальнік рэзідэнцыі «Усход» — яго засакрэцілі, але мы можам выказаць здагадку, што Dana Holdings усё яшчэ мае да яе дачыненне. 

Іншыя Расследаванні

Фальшыўка, зробленая ў Беларусі. Як еўрапейскія памежнікі прапускаюць санкцыйны лес
Расследаванні

Фальшыўка, зробленая ў Беларусі. Як еўрапейскія памежнікі прапускаюць санкцыйны лес

Крыніцы на рынку лесапрадукцыі перадалі БРЦ меркавана падробленыя дакументы. З іх вынікае, што драўніна нібыта з Казахстану і Кыргызстану перасякала мяжу...

26 сакавіка 2024 Чытаць