Расследаванні

11 кастрычніка 2022

Колькі «будаўнічыя кашалькі» Лукашэнкі вывелі з Беларусі і як маглі «адмываць» грошы праз ААЭ і Кіпр

Беларускія бізнес-структуры, звязаныя з сямʼёй Карычаў, вывелі на Кіпр больш як 170 мільёнаў еўра ў якасці дывідэндаў

  • Незадоўга да заходніх санкцый сербскія бізнесоўцы Карычы прадалі свой беларускі бізнес у Аб'яднаныя Арабскія Эміраты. Але аказалася, што ўладальнікі кампаній – гэта менеджары іншых фірмаў Карычаў.
  • Угода носіць прыкметы маніпуляцый, пры дапамозе якіх Карычы, магчыма, «адмылі» 700 мільёнаў еўраў.
  • Заходнія санкцыі не перашкаджаюць сербам валодаць нерухомасцю ў Дубай. Раней адзін з членаў сямейства купіў сем кватэр у цэнтры Лондану. Яны запісаныя на зяця Багалюба Карыча. Агульны кошт маёмасці – больш за 14 мільёнаў еўраў.
  • Карычы за 10 гадоў сталі найбуйнейшымі забудоўшчыкамі Менску і вывелі з Беларусі больш за 170 мільёнаў еўраў. Гэтаму спрыялі добрыя адносіны паміж сербскімі бізнесменамі і сямʼёй Лукашэнкі. Як высветлілася, нявестка беларускага аўтарытарнага лідара не толькі працавала на Карычаў, але і лётала з імі на курорты.

Злева направа: Багалюб Карыч, Драгамір Карыч, Аляксандр Лукашэнка. President.gov.by

Беларускія бізнес-структуры, звязаныя з сямʼёй Карычаў, вывелі на Кіпр больш як 170 мільёнаў еўра ў якасці дывідэндаў. Менавіта такую лічбу атрымалі журналісты Беларускага расследавальніцкага цэнта і OCCRP, вывучыўшы фінансавую дакументацыю кампаній, звязаных з сямʼёй Карыч, з 2008 па 2020 гады.
 

Беларускі расследавальніцкі цэнтр вывучыў фінансавыя справаздачы бізнесаў Карычаў і заўважыў вялізныя трансакцыі па вывадзе грошай за мяжу. Паміж 2008 і 2020, Карычы вывелі болей за €170 млн толькі ў выглядзе дывідэндаў.

Грошы былі выведзеныя на пяць кіпрскіх фірмаў: Triworst, Rodrick, Elaiva Trading, Ozalco Holding, і Russelville што з’яўляліся выгадаатрымальнікамі будаўнічых праектаў у Менску. З 2011 сродкі выводзіліся паступова, але ў 2017-2020 гг. справа набрала шалёныя абароты. З усіх выведзеных грошай кіпрская фірма Dana Holdings, якая з’яўляецца галоўнай юрыдычнай асобай бізнесу, атрымала €120 млн.

Імперыя Карычаў: дасанкцыйны перыяд

Кампаніі братоў Карычаў, якіх да пераезду ў Беларусь СМІ называлі спонсарамі рэжыму Слабадана Мілошавіча, пабудавалі ў Менску шэраг буйных жылых кварталаў. Дзякуючы адмысловым указам Аляксандра Лукашэнкі, якія забяспечылі перадачу зямлі забудоўшчыкам, звязаным з Карычамі, без правядзення аўкцыёнаў, бюджэт мог недаатрымаць каля мільярда долараў, падлічыў БРЦ сумесна з OCCRP. Да таго ж, насуперак звычайнай практыцы, адміністрацыя Менску правяла да будынкаў інфраструктуру (водаправод, электрычнасць, дарогі) за кошт беларускіх падаткаплатнікаў. Але, як правіла, гэты абавязак кладзецца на забудоўшчыка. Усе гэтыя льготы забяспечылі бізнесу Карычаў у Беларусі звышпрыбыткі, якія Аляксандр Лукашэнка вызваліў ад шэрагу падаткаў.

Жыллёвуая забудова «Менск-Свет». Bir.by

Па паперах вынікае, што Алівера Недзяльковіч, сястра Багалюба Карыча, разам з пяццю кіпрскімі кампаніямі (Triworst, Rodrick, Elaiva Trading, Ozalco Holding і Russelville), кантралявала кампаніі Dana Astra, Emirates Blue Sky і Dubai Water Front. Да 4 снежная 2020 на чале пяці кампаніяў стаяла кіпрская Dana Holdings.

0 / 11

Абыходзячы санкцыі

У снежні 2020, Еўразвяз і Вялікая Брытанія ўвялі доўгачаканыя санкцыі супраць кіпрскай Dana Holdings і беларускай Dana Astra. У жніўні 2021 да сваіх еўрапейскіх партнёраў далучыліся і ЗША, якія назвалі Карычаў «будаўнічымі гаманцамі Лукашэнкі». Пад санкцыі трапіў сын Багалюба Карыча Нябойша, кампаніі Dana Holdings, Dana Astra, Emirates Blue Sky, і Dubai Water Front. Час Багалюба Карыча наступіў амаль праз год, у чэрвені 2022, калі Еўразвяз наклаў на яго санкцыі за падтрымку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і атрыманне выгад ад гэтых сувязяў для свайго бізнесу.

Злева направа: Драгамір Карыч, Аляксандр Лукашэнка, Таміслаў Ніколіч. President.gov.by

Каб схаваць актывы, Карычы прызначылі новага кіраўніка Dana Holdings – ім стаў сябар сям’і Нагіп Бехлулі, пра якога Багалюб Карыч напісаў наступны водгук у сацсетках: «Мы гадаваліся на адной вуліцы ды елі з адной талеркі». 

Злева направа: Уладан Левціч, Нагіп Бехлулі, Багалюб Карыч. Крыніца: Facebook.com

Акрамя галаўной кампаніі Карычаў, Бехлулі ачольвае і Emirates Blue Sky. Але перасоўванне актываў тым не скончылася.

За два тыдні да 17 снежня 2020 (даты ўвядзення санкцыяў Еўразвязам) Dana Holdings прадае пяць кіпрскіх фірмаў эмірацкай кампаніі Enterprise Developments Holding.

0 / 5

Што тычыцца эмірацкай Enterprise Developments Holding, то і яна кантралюецца Карычамі – праз 41-гадовага сябра сям’і Мустафу Алб-Табгі. 

Бізнесовец у свой час быў партнёрам кансалцінгавай Montague Ventures, якой валодала дачка Багалюба Карыча Алена. Мустафа Аль-Табгі, праўда, перадаў сваю долю ў фірме другой дачцэ Багалюба, Даніцы.

Старыя маркетынгавыя матэрыялы Dana Holdings таксама сведчаць пра тое, што Мустафа Аль-Табгі ў свой час кіраваў групай кампаніяў Dana Holdings, дзе ён згадваецца як выканаўчы дырэктар. На фотаздымках у сацсетках Аль-Табгі бачны ў кампаніі Карычаў:

Злева-направа: Мустафа Аль-Табгі, Боян Карыч (пляменнік Багалюба і Драгаміра Карычаў), Горан Лазарэвіч (Багалюбаў цесць, муж Алены Лазарэвіч), Алена Лазарэвіч (дачка Багалюба Карыча).

Акрамя таго, Аль-Табгі атрымаў адмысловы дазвол на працу ў Беларусі, а таксама прапіску ў адной з дарагіх жыллёвых забудоваў Dana Astra.

Сачыце за рукамі

Як мы распавядалі вышэй, Dana Holdings прадала свае кіпрскія фірмы Enterprise Developments Holding (што знаходзіцца ў Эміратах) за €700 млн – цана якая адпавядае нашым ацэнкам сапраўднай вартасці актываў Карычаў у Беларусі. Аднак бухгалтарская вартасць гэтых пяці кампаній складае ўсяго толькі €21,550 – што ў 30 тысяч(!) разоў меней за сапраўдную вартасць бізнесу.

Такім чынам, Dana Holdings атрымала прыбытак на €700 млн ад продажу актываў. Аднак да канца 2020 кампанія грошы не атрымала. Замест таго, прыход быў класіфікаваны як «іншая дэбіторская запазычанасць», што дало Dana Holdings магчымасць легальна вывесці буйную суму грошай са сваіх рахункаў.

«Ідэя ў тым, каб стварыць дакументальны след, які б дазволіў ім легальна мець доступ да гэтых 700 мільёнаў еўраў. Гэта важна, бо банкі хочуць ведаць, адкуль паходзяць грошы, і тут можна растлумачыць, што грошы з'явіліся ў выніку гэтай здзелкі. <…&gt; Урэшце яны атрымліваюць доступ да гэтых 700 мільёнаў у нейкай краіне, дзе на іх не распаўсюджваюцца санкцыі, і атрымліваюць дывідэнды ад схаваных актываў», – каментуе здзелку бухгалтар Абдулвахед Алабалі.

Схаваная нерухомасць

Беларускі расследавальніцкі цэнтр таксама высветліў, што сям’і Карычаў давялося ўберагчы ад санкцыяў сваю нерухомасць у Заходняй Еўропе і на Бліжнім Усходзе. Разам з OCCRP мы знайшлі маёмасць Багалюба Карыча і ягоных дзяцей Нябойшы і Даніцы ў Дубаях.

А Transparency International UK дапамагла знайсці лонданскую ўласнасць, запісаную на Дэяна Лазаравіча – зяця Багалюба Карыча. У цэнтры Лондана ёсць сем кватэр, канчатковым уладальнікам якіх значыўся Лазаравіч.

0 / 10
0 / 6

Агульны кошт маёмасці – больш за 14 мільёнаў еўра. Дзве з гэтых сямі кватэр арандуе Міланка Карыч, жонка Багалюба Карыча.

Акрамя лонданскіх кватэр, Дэян Лазарэвіч і ягоная жонка Надзея мелі інтарэс і ў беларускай нерухомасці, бо з’яўляліся саўладальнікамі Dana Astra што пад санкцыямі дабудоўвае «Менск-Свет».

Нам у рукі патрапілі ўнутраныя дакументы афшорных фірмаў, якія Дэян Лазаравіч выкарыстоўвае для ўладання сямейнымі кватэрамі. Тыя дакументы сведчаць, што спадар Лазарэвіч з’яўляецца палітычна ўплывовай асобай, што паводле міжнародных стандартаў патэнцыйна можа быць карупцыянерам у сілу свайго становішча і ўплыву.

Блізкія сувязі з сямʼёй Лукашэнкі

Відавочна, што разгарнуць буйны бізнес у сталіцы Беларусі, заснаваны на вызваленні ад выплат у бюджэт, нельга было без ведама Аляксандра Лукашэнкі. Пасля таго як Багалюб Карыч падаўся на ўцёкі з Сербіі з-за пераследу ўладаў паводле абвінавачванняў ва ўхіленні ад падаткаў ды адмывання грошай, ён атрымаў беларускі пашпарт у 2010. Багалюб Карыч змог вярнуцца на радзіму толькі тады калі мясцовыя ўлады спынілі пераслед і закрылі справу.

Драгамір Карыч ужо даўно з’яўляецца ганаровым консулам Беларусі ў Бялградзе, старшыня групы дружбы з Беларуссю ў парламенце Сербіі. У 2009 ён прымаў Лукашэнку на папулярным сербскім гарналыжным курорце Капаонік. Ён часцей за іншых Карычаў сустракаўся на публіцы з Лукашэнкам. Апошні раз – у снежні 2021 года. Тады Драгамір Карыч назваў Лукашэнку сваім прэзідэнтам і падкрэсліў, што працаваць у Беларусі нармальна, нягледзячы на санкцыі. «Многія заходнія кампаніі не наўпрост, праз розныя краіны, але працуюць. Таму што бізнес як вада: ніколі не спыніш, і яна знойдзе свой шлях», – сказаў ён.

Стасункі з Карычамі таксама маюць і менш уплывовыя члены сям’і кіраўніка Беларусі. 

Жонка Віктара Лукашэнкі, старэйшага сына Аляксандра Лукашэнкі, Лілія з 2014 па 2016 год працавала ў кампаніі Карычаў Dana Astra, а потым узначаліла мастацкую галерэю-салон «Арт Хаос».

Яна афіляваная з Dana Holdings і размяшчаецца ў гандлёвым цэнтры Dana Mall. Dana Holdings зʼяўляецца спонсарам Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі, прэзідэнтам якога зʼяўляецца Віктар Лукашэнка.

Лілія Лукашэнка. Belta.by 

З дапамогай «Кіберпартызан» Беларускі расследавальніцкі цэнтр налічыў 13 сумесных пералётаў жонкі Багалюба Карыча Міланкі Карыч з Ліліяй і Віктарам Лукашэнкамі. Як правіла, з 2011 па 2016 год яны лёталі разам з Беларусі ў Турцыю ці Грэцыю і назад у кампаніі дзяцей. Часта бралі з сабой Галіну Лукашэнка – маці старэйшых сыноў Лукашэнкі.

Беларускі расследавальніцкі цэнтр накіраваў запыт Багалюбу і Драгаміру Карычам, дзе падрабязна выкладзеная інфармацыя пра сумнеўнае пагадненне, вывад грошай з Беларусі за мяжу, пералёты з сямʼёй Лукашэнкі, нерухомасць у Дубаі і Лондане. У адказ на гэта адвакат сербскіх бізнесменаў заявіў аб «неабгрунтаваных абвінавачаннях». Ён папрасіў адкласці публікацыю на тры тыдні, каб за гэты час падрыхтаваць каментары. Мы адзначылі, што сем дзён, якія былі ў юрыстаў для адказу, – дастатковы тэрмін, таму каментары Карычаў будзем публікаваць асобна, як толькі яго атрымаем.

Гэты матэрыял падрыхтаваны ў партнёрстве з Цэнтрам па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці OCCRP і пры падтрымцы «Кіберпартызан»

Іншыя Расследаванні